Сімъ побдиши
Шрифт:
Першымі яго заўважылі рыбакі, якія прывезлі з Салонікаў муку і воск. Яны занеслі старога за манастырскія сцены, паклалі ў цень кіпарыса ды паведамілі ігумену Нілу. Калі той прыйшоў, манах ужо агоўтаўся ды радасна глядзеў на царкоўны крыж.
— Брат Філафей?.. Вітаю цябе, богалюбівы сябар! Пасля нялёгкай дарогі зрабі ласку: будзь госцем у маёй келлі, — ігумен азірнуўся на маладога келейніка, каб той дапамог, але стары манах нечакана ўпаў да іхніх ног.
— Эвлагітэ (Дабраславіце)! — прашаптаў ён традыцыйнае афонскае прывітанне, перахрысціўся і пачаў прасіць даравання, але словы патаналі ў перасмяглай глотцы.
— О Кірыёс (Гасподзь дабраславіць), —
— Паляць цела маё грахі непагасныя, каменнямі іхнімі рукі й ногі абцяжараныя, і няма мне даравання за тое, што выпрасіў я ў Бога скіт высокі — ды пакінуў яго…
Слёзы цяклі па худых шчоках, па старэчых маршчынах, па крывавых драпінах. У сівую бараду ўблыталіся некалькі сухіх лістоў айвы і алівы: пячора Філафея была ў Каруле, найвысокім і найсуровым афонскім месцы…
Ігумен Ніл прысеў да старца і пачаў гладзіць ягоны хітон, правільней — тое, што засталося ад яго пасля доўгага пустэльніцтва. Філафей — ягоны папярэднік на ігуменстве, дванаццаць гадоў таму падаўся ў пустэльніцкі скіт — і з’явіўся нібыта з іншага свету…
Прыбег келейнік. Хоць Філафей і не піў ужо трое сутак, але вадзе не абрадаваўся: зрабіў тры невялікія глыткі ды аддаў карэц. І, укленчыўшы, загаварыў гучней:
— Як вучыў айцец Іаан, Сінайскі ігумен: пакінуўшы людскі свет, больш не дакранайся да яго, бо страсці зручна зноў вяртацца. Маліцеся, браты мае ў Хрысце, каб страсці тыя мной зноў не апанавалі…
Ігумену і келейніку ўдалося ўзняць манаха з каленяў ды адвесці ў трапезную. Але і ад сціплай манастырскай ежы ён адмовіўся:
— Не магу я сыціць цела, не спатоліўшы перш душу малітваю, а вочы — сузіраннем святых іконаў. Пакіньце, браты любыя, мяне ў адзінотнай малітве, а потым я распавяду вам аб прычыне майго прыходу…
Філафей так і не ўвайшоў у царкву: як укленчыў перад каменнымі прыступкамі, так і сам скамянеў на ўвесь астатні дзень. Вусны дрогка шапталі словы да Усявышняга, а вочы — па-ранейшаму глыбокія і маладыя — іскрыліся слёзнай мілатою ды глядзелі некуды наперад праз царкоўныя сцены, праз час і прастору…
Стук драўлянай калатухі абудзіў яго. Была сярэдзіна начы, і манахаў звалі на службу. Афон пачынаў малітву за дабрастаянне свету, і Філафей разам з усімі, але апошнім, увайшоў у храм. Усё ахутваў змрок, толькі мігцелі пад іконамі некалькі цьмяных лампадак. Але ён памятаў тут кожную пядзю…
Прачыталі ўрачыстую паўночніцу, адслужылі ранішнюю з паліелеем, і калі заспявалі Херувімскую — надышоў світанак.
— Кірые элейсон! — прагучала справа ад алтара.
— Госпадзі, памілуй! — паўтарыў-падхапіў нізкі голас…
Анішто не здольна перадаць адчуванне вечнасці і ўзнёсласці так, як грэчаскія царкоўныя песняспевы…
Пасля літургіі манахі перайшлі ў трапезную, дзе з нагоды нядзельнага ранку да гарбаты з хлебам дадалі мёд, халву і тахін. Усе павольна расселіся на лавы, ігумен запрасіў у галаву стала старца Філафея, але той зноў адмовіўся ад ежы і пайшоў да ўзвышэння чытаць: у манастыры падчас трапезы гучалі жыціі святых. А затым, калі ўсе паснедалі і яшчэ раз агульнай малітвай падзякавалі Стваральніку за мілату, Філафей папрасіў слова.
— Браты мае ў Хрысце, — мовіў ён ціха, — хацеў я закончыць шлях свой у пячоры пустэльніка і там перадаць дух свой літасціваму Богу. Ды спадобіў Ён мяне, грэшнага, на іншае: паслаў недастойным вачам маім сон нечаканы. Разбудзіла ў ім мяне Дабраслаўная афонская апякунка і Усяшчодрая роду нашага заступніца Маці Божая ды сказала: «Не спі, чалавеча! Глянь, не світанак на ўсходзе разгараецца, а полымя душагубнае». І паглядзеў я на ўсход,
і сэрца маё анямела. Убачыў я сцены Царгорада ў агні дымным, а над Храмам Саборным — двух галубоў. У дзюбе ў белага — пшанічны колас. Чорны ж б’е яго люта, і з коласа не зярняты выпадаюць, а словы Божыя. І ўпала першая сцяна канстанцінопальская. І зноў стукнуліся галубы, і другая сцяна абвалілася. І трэці раз стукнуліся — і знікла сцяна Верхняга горада. І гром трубны загучаў нада мной. І ўбачыў я, як вадой вуліцы запаўняюцца, як рушыцца купал саборны, а на алтар белы голуб падае. «Ідзі і раскажы», — казала Апякунка Нябесная, і ўбачылася мне, як у полымі словы Божыя гараць — кнігі Святога Пісання… — па трапезнай прабег трывожны ўздых, і старац узвысіў голас: — «Ідзі і раскажы», — паўтарыла Валадарка Цноты, і ўбачыў я, як увайшла Яна ў агонь, і выйшла непашкоджанай, і паклала на ваду кнігу, і сказала: «Вось цела Сына майго». І разгарнула кнігу, і перст свой да радкоў прыклала, і сказала: «А гэта кроў Ягоная»… — старац памаўчаў і закончыў: — Пасля таго сну і спусціўся я са скіту свайго. І не стамлюся прасіць вас, браты любыя, аб малітвах да Бога літасцівага, каб дараваў мне зыход мой…Ён перахрысціўся і памкнуўся было выйсці з трапезнай, але манахі кінуліся, перабіваючы адзін аднаго, распытваць, што абазначаюць тыя нябесныя знакі.
— А тое, што чакаюць народ Хрыстовы новыя выпрабаванні, — Філафей наблізіўся да ігумена, паклаў яму на плячо сваю дрыготкую руку, пранікнёна паглядзеў у вочы ды падрахаваў: — Пройдзе два разы па столькі, як я пакінуў наш манастыр, і Царгорад, Канстанцінопаль, захопяць чужынцы. І ты, добрапрыстойны брат Ніл, мусіш ехаць да патрыярха і папярэдзіць яго аб небяспецы. Не ўваскрэснуць таму, што не памерла. Але цела Божага ад крыві Ягонай адлучаць нельга. У Канстанцінопалі захоўваецца найбагацейшы скрыпторый. Не дай яму знікнуць! Ратуй слова Збаўцы!
— Брат Філафей… — голас ігумена задрыжэў. — Разам і ў малітвах, і ў справах клапаціцца аб тым будзем.
— Не наканавана таму збыцца, — прачула ўсміхнуўся афонскі старац. — Праз сем дзён Усявышні пакліча мяне на суд свой строгі…
Сонца гарэла над святой гарой, і каб не мружыцца, ігумен Ніл насунуў на сівыя бровы востраканечны куколь выцертага схімніцкага хітона. Чорная тканіна, сшытая зверху над галавой, разрэзы на рукавах — усё сведчыла пра строгасць і пакору абранага жыцця, адасобленага ад свету…
Бераг адплываў далей і далей, а Ніл не мог адарваць ад яго свайго блакітнага позірку. Што было ў ягоных вачах, у якіх адбівалася вада і неба, смутак і надзея? Што, акрамя малітвы, было ў ягонай душы?
Калі адышоў да Бога старац Філафей, у манастырскай царкве заплакала ікона Божай Маці «Троеручыца», а нараніцу пасля пахавання старца ў келлю ігумена ўляцеў белы голуб: сеў на падваконне і не варушыўся ўвесь час малітвы…
І тады ігумен вырашыў адправіцца ў Канстанцінопаль да патрыярха — распавесці пра Філафееў сон ды папрасіць святой парады.
Афон з карабля ўжо здаваўся невялікай даланёй — толькі заручальны пярсцёнак хмаркі завісаў над гарой. Там — падумалася ігумену — і злучалася неба з зямлёй.
…Яшчэ ў язычніцкія часы на паўвостраве ўзвышалася пазалочаная статуя Апалона, а на гары быў ягоны храм. І само месца звалася Апаланіядай. Пазней там узвялі храм Зеўса, якога па-грэцку звалі Афос (Афон). Цяпер жа і да заканчэння свету той край з нябесным спалучаны імем Маці Божай. Калі яна плыла да Лазара Чацвёрадзённага на Кіпр, на моры раз’юцілася бура — і карабель прыбіла да скалістага афонскага берага. Гавораць, калі святая Марыя ступіла на яго, статуя Апалона павалілася…