Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сімъ побдиши

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

— Ідзі вон, лярва лядашчая! — цар скінуў жанчыну з ложка і пазваў Віскаватага.

— Пашлі ў Кракаў Сукіну яшчэ ад мяне падарункаў. Хай прыспешвае!

Але пакуль выконвалася новае царскае даручэнне, каралеўну Кацярыну сасваталі з братам шведскага караля Эрыка XIV — герцагам Фінляндскім Юханам…

Іван па-ранейшаму піў і патанаў у блудзе з маладой дачкой хана Кабарды чарнявокай княжной Кучаней, якую — каб хоць гэтым супакоіць царскі шал, узяўся ахрысціць сам мітрапаліт Макарый і — ужо як Марыю — абвянчаць з Іванам. І прытухнуць уладныя гульбішчы — пакуль да Масквы не дойдзе навіна аб віленскім

вяселлі Кацярыны і Юхана. Тады Іван і пашле Курбскага паліць памежныя заходнія землі ды пакліча свайго пасланца Фёдара Сукіна. І загадае таму сваімі рукамі збіць аграмадную труну…

— У яе пакладу Кацьчынага брата Жыгімонта — ці сам лягу! — мовіць ён на пачатку студзеня 1562 года — і на чале 60-тысячнага войска рушыць на старадаўнюю цвержу Вялікага Княства Полацк.

Мітрапаліт Макарый паспрабуе атушыць ваярскі жар цара, але не зможа. І прапануе ўзяць з сабой старадаўнюю святыню, якая, як спадзявацьмецца, адвядзе няшчасці ды непатрэбныя смерці.

— Некалі яшчэ бацька твой са Смаленска трафеем прывёз яго — Крыж полацкай ігуменні Еўфрасінні. Вайна яго вывезла — а ты назад вярні. І хай абароніць ён усё войска Хрыстовае.

— У паходы са сваімі крыжамі хадзіць належыць! — неўразумела кінуў Іван старому мітрапаліту. А той глыбока ўздыхнуў, трывожна паглядзеў у прымружаныя царскія вочы — і спакойна ўдакладніў:

— Крыжы, Іване, не бываюць свае ці чужыя. Усе яны — Божыя, усе Хрыстовыя. Бо ён — Ісус — адзіны за нас, грэшных, пакуту прыняў і да гэтага часу прымае.

Іван падазрона зіркнуў на Макарыя:

— Ты што, мітрапаліт, мой паход праведны не дабраслаўляеш?

Макарый напружана памаўчаў і адказаў пытаннем:

— А ты як думаеш, гасудар: хіба багаслаўляе Стваральнік наш забойствы?

— Ясна… — цмыкнуў Іван і накіраваўся да дзвярэй.

— Крыж полацкі ў тваёй казне. Вярні святыню ў родны град, — ужо ў царскую згорбленую спіну мовіў Макарый. Ён перажагнаў раскрытыя дзверы і нечакана згадаў, як Івану ўпершыню ў жыцці ўдалося прачытаць радкі візантыйскага Евангелля ад Яна. І трывожна ўспомніў расповеды Максіма Грэка аб багатай Полацкай бібліятэцы…

Палкі загадана было фармаваць пад Вялікімі Лукамі. Затым штодня, «дабы воинским людем истомы и затору не быть», яны па чарзе разам з фуражнымі абозамі выпраўляліся ў паход.

Як не пільнаваліся, літоўская выведка дазналася пра маскоўскую выправу і далажыла гетману Мікалаю Радзівілу. Той спешна сабраў войска і з Менска рушыў на падмогу Полацку.

Аднак першым да горада дайшоў маскоўскі цар. Ён доўга з поймы Дзвіны азіраў старадаўнія пабудовы, штось нячутна шаптаў сам сабе, а затым схаваўся ў шатры, пазваў да сябе Івана Віскаватага і загадаў таму пісаць ліст Макарыю, у якім запэўніваў мітрапаліта, што вайну пачынае «токмо ради бдения о святыхъ храмехъ да иконахъ священныхъ, иже безбожная Литва поклонение святымъ иконамъ отвергше, пощипаше ихъ да многая ругания учинише, а церкви православные разориша, веру христьянскую оставльше и лютеранство восприаша»…

Царскія вайскаводцы меркавалі пачаць наступ з Задзвіння — па лёдзе, з тога боку, дзе Вакольны горад не меў абарончых сценаў. Там размясціліся Перадавы, Царскі і полк Правай рукі. Аднак лёд на Дзвіне пачаў раставаць і трашчаць, і палкі перайшлі ў міжрэчча да абязлюднелага манастыра святога Георгія. Ад берагоў Палаты маскоўцы мусілі наступаць ужо на полацкія ўмацаванні.

І хрысціянскі горад са старадаўняй Сафіяй над Дзвіной — канстанцінопальскай

сястрой — захлынецца ў агні і дыме. Дзённыя аблогі нападаўцаў будуць змяняцца начнымі вылазамі абаронцаў. Па заснежаных берагах на лёд сцякацьме неўтаймоўная кроў, а па высокім замку амаль бесперастанку будуць гохкаць сценабітныя гарматы.

І выгарыць Астрог з пасадамі, і на крылах сажнага дыму з прысмакам чалавечыны ўварвуцца ў места стральцы, і ўкоцяць гарматы бліжэй да замкавых сценаў — і абваляць іх.

Пасля сёмага прыступу полацкі ваявода з япіскапам выйдуць да царскага войска прасіць літасці.

— Здавайцеся, і дарую вам волю і маёмасць, — абяцаў абяссіленым абаронцам Іван — а калі ўвайшоў у замак, загадаў забіць усіх ваяроў, а гарадчукоў і сялянаў ад Дзісны да Дрысы паланіў і бясконцымі людскімі клінамі загадаў гнаць у Масковію — праз снег і мароз. Туды ж саннымі абозамі павезлі і гарадскі скарб, і маёмасць купцоў ды заможнай шляхты. А іх колішніх уладальнікаў яшчэ некалькі дзён секлі шаблі царскіх татараў, тапілі пад лёдам Дзвіны і Валовага возера.

І не было паратунку ні іудзею, ні каталіку, ні манаху-бернардынцу, і нікому, хто не скараўся ды не прымаў веру і волю маскоўскую.

У першую пераможную раніцу Іван са сваёй світай прысутнічаў на богаслужэнні ў Спасаўскім манастыры. Затым доўга хадзіў па счарнелым ад сажы і дыму снезе, касалапа крывячы ногі, ад чаго насы ботаў — хоць і закручаных уверх — былі сцёртымі і бруднымі. Яго непрапарцыянальнае цела (доўгае, як расцягнутае, тулава — і кароткія ногі) адкрыта калывалася на вогкім ветры і яшчэ, магчыма, у варожых позірках, і таму Мацей гнаў наўкол дзясяткі ахоўнікаў — каб аніводная чужая душа не патрывожыла цара.

Супакоіўшыся праходкай, Іван прызваў да сябе полацкага япіскапа і — як між іншым — спытаў:

— А дзе вашая бібліятэка?

Святар выявіў сподзіў і пачаў няпэўна:

— У гэтым попеле і людзей не расшукаць, не тое, што кнігі…

Але цар перарваў:

— Не хітругань, уладыка. Мне даклалі, што падчас асады ігумен з манахамі іх праз падземны ход да Дзвіны перанеслі, а затым у лодках сплавілі, — уцягнуўшы шыю, ён крыва паглядзеў на схуднела-зморанага япіскапа і палагоднеў: — А я табе падарунак падрыхтаваў… — імпэтна ўзняў руку і кіўнуў пальцам.

Мацей вобцасам кінуўся да цара, схіліў галаву і, разгортваючы з белага аксаміту, працягнуў у сваіх дужых руках крыж.

— Вось, вяртаю на кругі свая старадаўнюю рэліквію, яшчэ бацькам маім Васіліем выратаваную…

— Гасподзь усемагутны! — не ўтрымаўся палачанін і ўпаў на калені. — Святая Еўфрасіння!!! Выратуй і заступіся!

— Ну вось, а вы ад мяне бібліятэку хаваеце, — самазадаволена ўздыхнуў цар і пайшоў да падрыхтаванага яму каня. І ўжо ўскочыў у сядло, але ўбачыў, што япіскап з двума манахамі-служнікамі памкнуліся за ім, — і застыў:

— Што яшчэ?

Япіскап асцярожна перадаў крыж бліжэйшаму манаху, падаўся да цара і ўкленчыў каля пакрытых шэранем конскіх капытоў.

— Уставай, уладыка, не трэба дзякі. Я сёння добры, — мякка прагаварыў зверху Іван, а святар узняў да яго салёныя вочы і вымавіў:

— Вялікі князь, надоечы воі твае нашых пісцоў паланілі. Злітуйся і адпусці іх!

Цар выструніўся, скрыгатнуў зубамі і зірнуў на Мацея. Той аддана пацепнуў плячыма і застыў.

— Значыць, так… Забяры-ка ты і гэтага страснацерпца да тых пісцоў! — цар ткнуў бізуном у япіскапа і балюча стукнуў абцасамі каня…

Поделиться с друзьями: