Сарока на шыбеніцы
Шрифт:
Вецер ударыў Вераніку па галаве, вочы сьлязіліся, валасы цягнулі назад, бы парашут. Яна выходзіла на трыбуну зь ясным разуменьнем, што ня памятае нічога з тэкстоўкі, і калі Вераніка чхнула ў мікрафон пасьля хвіліннай паўзы, баба-рэжысэр у роспачы заплюшчыла вочы, але тут ад парыву ветру грымнуўся на трыбуну вялікі плякат, і перад вачыма Веранікі як у караоке засьвяціліся нецярплівыя словы, яна пасьпешліва пачала вымаўляць іх, баючыся, што будзе позна, і ўрэшце аднекуль усплыў увесь тэкст, і ёй нават самой спадабалася, як зазьвінеў яе голас у другой страфе, ажно вецер сьціх, каб паслухаць, чаго ж тут сабраліся гэтыя маладыя ды старыя, па што, уласна, гэтая чарга, у якой не было нікога сярэдняга веку... ды потым страціў цікавасьць і палез да Веранікі цалавацца. Валасы лезьлі ёй у рот, ёй станавілася млосна ад уласных валасоў, валасы ліплі да краёчку губы, на якім пеніўся вульканчык урачыстасьці, валасы імкнуліся дабрацца да нёба. Пілётка трымала яе рукі, як адмысловыя кайданкі, а валасы, здавалася Вераніцы, хрумсьцелі на зубах, бы пясок, застравалі паміж іх, як зубныя ніткі, як іголкі пад пазногцямі, сьветлыя валасы, гідкія валасы, нібыта й не свае. Да “тарбамі” было яшчэ далёка, а Вераніка ледзь стрымлівалася, каб не званітаваць. Неяк яна дачытала да канца, а потым доўга сядзела пад трыбунай,
Што такое тарбамі, Вераніка так ніколі й не даведалася, і ніхто пра гэта ня ведае. Магчыма, пра гэта напісана ў нейкіх іншых кніжках, у гэтай дакладна не. А ўвогуле, фота атрымаліся файныя, Вераніка на іх нават нагадвала трохі Магду на яе самым вядомым постэры, дзе Магда была зьнятая падчас канцэрту... Валасы з роту яна даставала да самага вечара, і апошні неахвотна вылез зь яе, калі яна адмакала ў ваньне, сьветлы доўгі волас, які, можна было падумаць, рос недзе ўнутры Веранікі, і яна яго выдаліла.
***
Фільм быў францускі, а глядзела яна яго ў Эдзіка. Эдзік быў не зусім францускі, але амаль, у Эдзіка тата быў мастак і часта бываў за мяжой. Вох ужо гэтае замежжа, людзі – такія як вось, як бацькі Веранікі, напрыклад, – па інэрцыі лічаць яго чымсьці недаступна-раскошным, тым, чым яно было больш за дваццаць гадоў таму. Чалавек, які пабываў там, дагэтуль яшчэ выклікае зайздрасьць ды пашану, чалавек, які бывае там рэгулярна або, крый божа, жыве – выклікае нянавісьць. Нібыта ён адкусіў кавалак жалезнае заслоны, каб туды прабрацца, а не аформіў візу ды набыў квіток. Нібыта малочныя рэкі там бяруць пачатак не ад кароваў, а ад каралеўскіх карміліц. Нібыта дагэтуль, каб паглядзець такі францускі фільм, трэба прымаць меры перасьцярогі. Нібыта туды можна ўцячы ад сябе самога.
Бліжэй за ўсіх да замежжа, натуральна, моладзь і людзі гадоў васьмідзесяці. Першыя – бо для чалавека з заплюшчанымі вачыма заўжды адкрытыя ўсе дарогі. Другія – бо для іх існуе бязьвізавы рэжым у адно загадкавае найбліжэйшае замежжа, куды, зрэшты, ніхто надта не сьпяшаецца без патрэбы. Аднак тыя, хто ўсё ж выправіўся, не вяртаюцца. Добра там, відаць. Талерантная, гасьцінная краіна, дзе няважна, чым ты займаўся на радзіме. Туды ўжо паляцеў наш уласны карэспандэнт, будзем чакаць ад яго паведамленьняў.
Фільм называўся “Цырульніца Блянш”. Эдзік глядзеў толькі такія фільмы, дзіўныя, дурнаватыя, страшныя ды почасту занудлівыя. Зазвычай, калі Эдзік прывучаў яе да добрага, як ён казаў, кіно, “кіно не для ўсіх” (не, бля, усіх! – жартаваў тата Веранікі, калі чуў выпадкова назву гэтай рубрыкі з тэлеэкрану), Вераніка адольвала першыя хвілінаў пятнаццаць. Потым яна пачынала сачыць за Эдзікам. Той вачэй ад фільму ня мог адвесьці, сядзеў-пачухваўся, у яго была процьма відэакасэтаў, але ж кіна не для ўсіх было ня так ужо й мала, можа быць, столькі ж, колькі і гэтых усіх, рабіла выснову Вераніка, – калі некаторыя фільмы нават Эдзік быў вымушаны глядзець па тэлевізары. Цырульніца Блянш, немаладая, але дагледжаная ды абаяльная, працуе ў сваёй маленькай цырульні на вузкай брукаванай вулачцы. Натуральна, яна мае шмат пастаянных кліентак...
Варта на нейкі час вярнуцца да тытраў. Стрыжка Веранікі не марудзіла з наступствамі. Яна сядзела ў сквэры побач з кімсьці бронзавым па прозьвішчы Голубеў, а Эдзік недалёка “піў піва зь сябрамі”. Што яна рабіла ў сквэры, цяжка сказаць, яна сама ня ведала, сядзела, закінуўшы нагу на нагу. Напэўна, усё так і было, як патлумачыў ёй потым Эдзік – яна чакала, каб паглядзець на сваю новую стрыжку вачыма незнаёмага мужчыны. Але яна сама ні пра што такое ня думала. Яна наогул часта сядзела ў тую восень вось гэтак адна ў парках і сквэрах, або плакала без прычыны, або не магла спаць уначы, нібыта забыла, як гэта робіцца. Вераніка заўважыла неяк – калі пачаць аналізаваць найпрасьцейшыя чалавечыя дзеяньні, яны становяцца мярзотна-бессэнсоўнымі, і ворганы, якія ў іх удзельнічаюць, пачынаюць здавацца нейкімі прышытымі... Напрыклад, спажываньне ежы. Нельга задумвацца над тым, як яно адбываецца. Якое задавальненьне, сапраўды, можна атрымаць ад усьведамленьня таго, што ў тваім роце заўсёды знаходзіцца пэўны запас сьліны, вадкасьці, быццам бы набрала чагосьці ў рот й ня можаш усё жыцьцё пракаўтнуць... А як гэта жудасна – бачыць людзей і разумець, што гэта ня проста людзі, а жанчына з курынай нагой у жываце, мужчына, у прамую кішку якога якраз у гэты момант, калі ён табе ўсьміхаецца, нешта паступае, – прыслухоўваешся да сябе й задумваешся пра свае зубы, якія адразу адчуваюцца быццам прыклеенымі, пра тое, якія нетрывалыя твае сківіцы, пра тое, што валасы растуць зь цябе, нібыта твая галава – проста лапік зямлі, скрозь які прабіваецца трава, што там, пад ёй? Карэньне, па ўсім бачна, моцнае карэньне пустазельля. Дык вось чаму так ломіць у скронях. Валасы растуць, штосэкунды, як усё жывое, прыслухайся, як зь цябе растуць валасы. Калі ты іх мыеш, ты проста паліваеш газон. З такімі думкамі небясьпечна цяжарыць. Ніколі не задумвайся пра тое, чым падобныя людзі, Вераніка.
Эдзік падыйшоў, нясьмела ўсьміхаючыся, ды нагаварыў ёй усе неабходныя банальнасьці. Ён вырваў ліст зь яе нататніка ды намаляваў Вераніку асадкай, ён маляваў яе доўга, і яна ўжо пашкадавала, што пагадзілася, – але атрымалася прыгожа, толькі з разьлінаванага ліста на яе глядзела зусім чужая дзяўчына. “Адкуль ты ведаеш, як ты выглядаеш насамрэч?” – высакамерна спытаў Эдзік ды засьмяяўся, і ёй гэта спадабалася. Сакурсьнікі, якія якраз сасьпелі, каб у яе закахацца, звычайна нагадвалі проста сабачак, якіх можна падзываць сьвістам. Але сьвістаць Вераніка ня ўмела. Яны шмат гулялі па горадзе ў наступныя дні, а потым яна апынулася ў яго ў гасьцях, і ўсё было так файна, пакуль не прыйшоў дзень, калі ён угаварыў яе пазіраваць для яго аголенай, “Разумееш... Ну... Ну, увогуле... я яшчэ дзяўчынка”, – Вераніка трымала сябе за калені жалезнай хваткай. “Сапраўдны мастак вышэйшы за гэта”, – горда сказаў Эдзік, і гэта яе трохі супакоіла, і станік Вераніка усё ж зьняла, але потым высьветлілася, што ці то Эдзік не сапраўдны мастак, ці то “вышэйшы” трэба было разумець у іншым сэньсе, ці то “гэта” азначала зусім ня тое, што яна падумала, а нешта адваротнае... – але яна ледзь адбілася, і ён неяк панік і купіў сабе піва замест марозіва, калі праводзіў яе на прыпынак, а потым яна даведалася, што яму трыццаць пяць гадоў, а значыць, яе хацеў спакусіць ня хто іншы, як стары пень... Але праз тыдзень ён патэлефанаваў ды даў абяцаньне больш ніколі, і сказаў,
што яны будуць проста сябрамі – і праўда, яны па-прыяцельску глядзелі кіно й нават аднойчы парнушку, якая зьдзівіла Вераніку сваёй тупасьцю ды аднастайнасьцю, нібыта людзі там выконвалі працу, зь якой даўно хацелі б звольніцца, але сям’ю ж карміць трэба і г.д.Аднак пра мадам Блянш. Адзін дзень яе працы, якую нехта называе мастацтвам, а нехта рамесьніцтвам (як і любую, зрэшты, працу). Трошкі фантастыкі: калі мадам Блянш дакранаецца нажніцамі да валасоў кліенткі, яна чытае яе думкі... Але пра гэта, натуральна, ведзьма маўчыць. Вось да цырульніцы прыходзіць непрыгожая брунэтка, якая хоча зрабіць новую прычоску, кардынальна зьмяніць стыль. Бо сёньня яна, якую мужчыны не заўважаюць, а жанчыны не прымаюць у разьлік, запрошаная на party, і небарака хоча з дапамогай цырульніцы-чараўніцы выйсьці зь ценю, вырашыць усе праблемы... Бо, як вядома, непрыгожых жанчын няма, ха-ха-ха, ёсьць дрэнныя цырульнікі й візажысты. “Ніхто не пазнае”, – думае жанчына, – “сёньня ўвечары мяне ніхто не пазнае”. Вось да мадам Блянш прыходзіць другая наведніца, трэцяя, чацьвертая... Вось маладая, але маркотная сьцерва з вачыма ўдавы, а на самой справе – папросту падманутая жонка. Мадам Блянш адчувае, што думае гэтая наведніца, чорныя думкі, чорныя, як кругі пад вачыма, пякучае жаданьне адпомсьціць – але ж сучка-суперніца вызначаная памылкова. І вось надыходзіць вечар, брунэтка з новай стрыжкай, усё такая ж непрыгожая, сьпяшаецца на сваю вечарынку. Аднак па дарозе гіне – трапляе ў настолькі крывавую аварыю, што й насамрэч – ніхто ня можа апазнаць гэты зьнявечаны труп у спадніцы колеру марское хвалі... Мадам Блянш магла б папярэдзіць няшчасную. Але ня робіць гэтага. Чаму? – спыталася Вераніка, якую фільм уразіў, бо быў не такі ўжо й не для ўсіх. “Крытыкі пішуць: бо яе справа – быць цырульніцай, а перад цырульнікамі, як перад сьмерцю, усе роўныя, і не яе справа – вырашаць, хто мае рацыю, хто не...”, – адказаў Эдзік ды паваліўся ніцма на канапу.
Наступным разам яны зноў глядзелі порна, і цяпер ужо Эдзік ня вытрымаў. Самец на экране якраз азіраўся ў пошуках новай самкі, ужо спажытыя таксама з гатоўнасьцю сталі нюхаць паветра. “Скажы мне, Веранічка”, – Эдзік раптам апынуўся блізка-блізка, так блізка, што яна адхіснулася й ледзь ня ўпала з канапы. “Скажы мне, чаму ў цябе такія валасы... такія кароткія...”, – ён цяжка дыхаў і цягнуў да яе растапыраныя пальцы. “У цябе мусяць быць доўгія валасы... чорныя доўгія валасы...”. Вераніка ўскочыла з канапы ды зашпілілася на ўсе гузікі. “Бо я хацеў бы паставіць цябе вось так, як быццам маладую жарабіцу, ды трымаць за валасы, вось так...”. Эдзік наляцеў на яе ды схапіў за валасы, тым самым рухам, як калісьці Жвалевіч, але пальцы ягоныя толькі сьлізганулі па галаве ды правялі адчайна па выгнутай сьпіне Веранікі. Яна ўжо таропка апраналася, калі ён проста паваліўся на падлогу ды ў вачох ягоных зьявіліся сьлёзы. У некаторых фільмах паказваюць, як яны засоўваюць сабе за пояс лёд у такіх выпадках. У вясёлых, вельмі вясёлых фільмах “для ўсіх”. “Чаму я не сустрэў цябе на два гады раней?” – скрыгатаў ён зубамі, і цалаваў яе джынсы. “Ты б ня стаў ад гэтага маладзейшым”, – прамармытала яна ды паехала дамоў.
***
“Ты фашыстка! Я цябе ненавіджу!” – крычала маленькая дзяўчынка ў белай сукенцы ды белых гольфах і тупала па лесьвіцы, дробна-дробна, гучна-гучна, і рагатала гістэрычна, падняўшыся на самы верх, бо насамрэч гэта было сьмешна, калі старая, нямоглая бабуля з расчоскай наперавес намагалася яе дагнаць, трымаючы ў зубах гумкі ды заколкі. На твары бабулі быў такі самы разгублены выраз, як у клоўна ў цырку. Бабуля цяжка падымалася, прыступка за прыступкай, лесьвіца на другі паверх рыпела, калі-небудзь бабулька праглыне незнарок гумкі ды памрэ, і тады можна будзе забыць нарэшце пра гэтыя ненавісныя ранішнія заплятаньні. “Вераніка! Ну трэба ж заплесьціся”, – стагнала бабуля, такая па-дурному добрая нават калі лезла, як набіты лахманамі пакет, па лесьвіцы. Вераніка стаяла, да апошняга чакаючы, пакуль бабуля не апынецца зусім блізка, а потым кідалася ў пакой і застывала там ля дзьвярэй, і бабуля, крэкчучы, падыходзіла. Тады Вераніка зноў адбягала на бясьпечную адлегласьць, шпарка, раз-пораз азіраючыся, са звонкім сьмехам. Мільгалі белыя гольфы, падміргвалі жоўтыя ступакі. Вёска, штодня сьлівы, у якіх замест костачак хаваліся пчолы, загарэлыя ножкі ў камарыных укусах. Дзед мала зьвяртаў на яе ўвагі, сядзеў на двары, на сваім ватным лежаку, які пахнуў мачой, ды дыміў так, што Вераніка аднойчы скрала ў яго запалкі. Не дапамагло... Бывала, дзеду хацелася пагуляць зь ёй, і ён цягнуў да Веранікі страшныя свае рукі – словаў дзеду не хапала, і дзед толькі ласкава прыгаворваў: “Э... Гэ...”. Цукеркі за дзевяноста капеек. Ружовы парсюк, на якога дзед аднойчы раззлаваўся ды адлупіў так, што той ужо не падняўся. Мухі ў малацэ. Сала на астылых блінах. Колкае сена, пасьля якога сьвярбела галава. Вясковыя хлопчыкі, якія так любілі гуляць у лякарню.
Яе называлі Веранічка, як сярнічка, як зьнічка, як пстрычка, у залежнасьці ад абставінаў. Яе кармілі з лыжачкі старажытным спосабам: за маму, за тату, за бабулю. Чамусьці самая смачная лыжка была за тату... Да любімай стрыечнай сястры справа рэдка даходзіла. “Нармальна,”, – казаў бацька, – “цяпер худыя зноў у модзе”. Яна даволі хутка навучылася распазнаваць, як пахне ад мамы, калі яна вып’е, а як ад таты, ад мамы пахла саладзей. Аднак тата ў такія моманты ахвотна гуляў зь ёй, значна больш ахвотна, чым калі быў цьвярозы ды журботны, а мама дык не: яна хутка засынала. Бабуля ведала такія словы, як хлопчыкі на вуліцы, і з татам і мамай так і размаўляла. Тата, калі піў гэтую сваю гарэлку, любіў падкідваць яе ўгару ды лавіць, Веранічцы гэта страшэнна падабалася. Аднаго разу не спаймаў, толькі сам паваліўся ды застаўся сядзець на падлозе, паціраючы попу. Ёй было сьмешна й балюча адначасова, на вочы тым часам лілося нешта чырвонае й цёплае, яна сьмяялася, як у сьне, ды на языку было салёна. А потым закрычала, хутчэй ад пасьпешлівасьці, зь якой тата схапіў яе пад пахі ды панес у лазьніцу, дзе выціраў першым, што трапілася пад руку – сваім трыко, якое ён дастаў з каша, дзе захоўвалася брудная бялізна. Мама спала ў суседнім пакоі, і нічога не магло яе пабудзіць. Увечары дома была жахлівая лаянка, і Веранічка сядзела ў куце ды нечакана пабачыла сябе ў люстэрку, – страшную зачараваную дзяўчынку з вачыма, адплюшчанымі так шырока, што яна зноў спалохалася ды зараўла, так гучна, што з кватэры, дзе цяпер жыве сусед Юрка, загрукалі па-жаночаму ў сьценку. Лялькі ня слухаліся, і яна аднойчы адлупіла адну рэмнем і потым румзала ўвесь дзень, гледзячы, як лялька, адвярнуўшыся ад усяго сьвету, ляжыць у куце. Любіла залазіць у шафу ды ціха сядзець там, пакуль дарослыя ходзяць па кватэры ды крычаць нецярпліва на розныя галасы: “Вераніка! Веранічка! Сярнічка! Доча!”