Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

Ён успамінае: “хваля некалі смаляна-чорных валасоў спадала на лоб, запалыя скроні былі схаваныя пад густымі кудзерамі, якія пераходзілі ў агніста-жоўты колер, і гэтая незвычайнасьць афарбоўкі рэзка дысгарманавала са смуткам усяго яе аблічча”. Самое цела Бэрэнікі, у якім не было нічога пачварнага, сваімі кантрастамі выдавала ў ёй расьцьвілую асфадэль.

Яе валасы яшчэ растуць, але ж ёсьць і іншыя рэчы, якія пакуль што замінаюць нам заплакаць. На яе банкаўскі рахунак пераводзяцца грошы, на яе тэлефон паступае сыгнал з бліжэйшае тэлефоннае мачты, і яе чакаюць заўтра ў Палацы моладзі. Рахунак за кватэру, які ляжыць у паштовай скрыні, улічвае наяўнасьць на сьвеце менавіта гэтай Веранікі, а не якой-кольвечы іншай, і пашпартыстка гатовая выдаць ёй даведку пра тое, што яна жывая. На яе імя запісаная мікстура для бацькі, якую трэба забраць сёньня з Цэнтральнае аптэкі.

Яе імя. О, маю Вераніку, дзякуючы яе бацькам, што выбралі яго, можна было так лёгка расьцягнуць па частках, і кожная ўпрыгожыла б асобны літаратурны салён! Валасы Веранікі, зубы Бэрэнікі, царыцы, пэрсанажы, сьвятыя!.. Я нават хацеў стварыць

нешта ў яе гонар, у нашыя найлепшыя зь ёй часіны. Верш або песьню. Інтэрнэт зруйнаваў мае ілюзіі. Незнаёмыя нікому, апрача сваіх friends, аўтары, уладальнікі мёртвых livejournals, ляўрэаты тупых прэміяў і вечна юныя клясыкі онлайну даўно скарысталі яе ймя і ўсё, што яго аздабляла, нашчоўкалі сваіх аднаразовых тэкстаў ды выкінулі іх, бы выдалілі спам.

2.

На дзясятым коле Вераніцы здавалася, што ногі ёй ужо не належаць, – яна пакутліва ляцела над разьбітым асфальтам, пакрытым кветачнымі язвачкамі, а ногі беглі побач, то наганяючы Вераніку, то адстаючы; прыцяжэньне бурай зямлі паабапал дарожкі станавілася ўсё больш навязьлівае. З роспаччу яна намагалася ўспомніць гэтае адчуваньне роднаснасьці з уласнымі нагамі, прымусіць сваё цела зноў кіраваць імі, якія хрыпла брахалі недзе ўнізе, бы дакучлівыя, злыя сабакі. На наступным коле ногі літаральна блыталіся ў нагах – страшнае адчуваньне, бо прабегла яна значна менш, чым думала, потым яна ўжо й ня бачыла ног, перад вачыма толькі трэсьліся грудзі, балючыя, нацертыя нелюбімым шэрым станікам. Да настаўніка, які трымаў перад сабой сэкундамер, было як да месяца, але вось нарэшце і ён: Вераніка ведала, што настаўнік махне рукой перад самымі грудзьмі, сыгналізуючы пра апошняе кола, але самога сыгналу ня бачыла, бо бегла з апушчанай галавой, на дне якой боўталася яе перапуджанае сэрца. Яна б узьняла галаву, яна б нават закусіла вусны ды прышпорыла сябе, калі б там, у канцы кола, стаяў нехта, чакаючы толькі Вераніку ды нікога болей, з кветкамі, з шырокімі абдымкамі, хто-небудзь, на чыіх грудзёх яна б змагла суняць ліхаманкавае дыханьне, але там быў толькі цярплівы фізрук, у чарзе да якога яны бавілі час, на бляск сэкундамера якога яны паслухмяна зьбягаліся. Чаму яна робіць гэта? – таму што так трэба. Ну, не з жаданьня ж стаць здаравейшай, якое там здароўе, галава баліць кожны дзень і ванітуе часта з раніцы, – толькі дзеці могуць верыць, што спорт карысны дзяўчатам, а чаму яна гэта робіць? – таму што так трэба. Тамуштотактрэба, тактрэба, тактрэба... Яе ногі ў кароткіх сініх шортах марудна падалі перад ёй ды падымаліся, і перад вачыма заходзілі адна за адну ненавісныя канструкцыі – лесьвіцы, канаты, бярвеньне, за нэўтральнай паласой дзьмухаўцоў. Недалёка хлопчыкі расьпіналі кагосьці на перакладзіне. Яшчэ адзін год, яшчэ адно кола. Настаўнік асьцярожна ступіў на дарожку, махнуў рукой, ледзь не закрануўшы рэшткі Веранікі, ды адскочыў назад, на дзьмухаўцы.

Яна падае ў прымятую траву, ды на самы копчык, але моцы ўскрыкнуць ужо няма, з ног ідзе доўгі бесьперапынны, пранізьлівы гудок, закладвае вушы, яна адчувае, як пахнуць, астываючы, тоўстыя дзяўчаты, што шумна аддыхваюцца поруч. “У мяне ледзь матка ня вывалілася,” – абвяшчае Таня, якую летась пакінулі на другі год, ды рагоча, фізрук не зважае на гэтую гучную заяву. Вераніка кладзецца на сьпіну, неба ды сэрца паволі вяртаюцца на свае месцы, яна пастаўляе ветру ногі ды думае пра тое, як прыемна было б цяпер зьняць станік, ды шорты, ды майку з мокрым малюнкам, што залез пад пахі... А яшчэ не дае спакою пытаньне, ці не апошняя яна. Вераніка гладзіць свае ногі ды ўзіраецца, мружачыся, у заліты сонцам стадыён: не, не апошняя, яна ў сярэдзіне, вось яшчэ бягуць, і вось тая паўзе, і вось тую калоціць на хаду ад перадапошняга кола. Кагосьці настаўнік стрымана пахваліць, з кімсьці пажартуе, а тым вунь скажа абавязкова нешта прыніжальнае, ён бяз гэтага ня можа, а Вераніцы нічога ня скажа, і дзякуй богу.

***

Дзяцінства неяк усё загарнулася, нібы фотаальбом; маці, якая пэўны час, некалькі гадоў, проста не існавала, толькі голас, нос у дзёньніку ды паліто на вешалцы, – маці раптам зноў стала жывой, адчувальнай, – занадта жывой, адзначыла Вераніка, і неўзабаве яны сядзелі з маці на драўлянай лаўцы ў лазьні, толькі што звараныя жывымі, ды моўчкі глядзелі перад сабой, па чарзе ўздыхаючы, – у кожнай унутры яшчэ клакатаў кіпень. Асякаючыся на кожным слове, звонка пакрыквалі за дзьвярыма тазы; пад самаю столяй, дзе былі вузкія акенцы, поўзалі аранжавыя водсьветы вячэрняга сонца, побач асьцярожна, нібы пабойваючыся пераблытаць пекла з чыстцам, праходзілі жанчыны рознага ўзросту ды пароды, зрэшты – зь нязьменнай асалодай на тварах ад вольнай гадзіны. Дзьве пажылыя цёткі, падобныя да дабрадушных сланіхаў, пілі за сталом піва, потым прайшла незадаволеная чымсьці хударлявая кабета, ведучы за руку пакорлівага хлопчыка, які зацікаўлена круціў вачыма ды наступіў Вераніцы на палец, затым нейкая буйная, з круглай галавой, падыйшла да іх ды пачала распранацца, і Вераніка з жахам глядзела на фіялетавыя плямы, якімі пакрыты быў жывот гэтай жанчыны, – аказалася, Вераніка прыхілілася да вольнае шафы, і давялося шчыльней прысунуцца да маці... Вось тут Вераніка, усе думкі якой, здавалася, былі пакінутыя ў парылцы, і зьвярнула ўвагу на матчыны ногі, дакладней, на тое, як яны, пачынаючы ад костачак, густа зарослыя чорнымі валаскамі, Вераніка ніяк не магла адвесьці ад іх позірк, яна ўпершыню заўважыла гэтае валосьсе, і чым даўжэй яна глядзела на яго, пакуль яно паволі высыхала, тым яно здавалася ёй гусьцейшым, чарнейшым, пачварнейшым. Валаскі былі тугія, жорсткія, ішлі па назе як мноства швоў, іх лініі разыходзіліся пад самымі каленямі, каб зноў сустрэцца ўверсе ды згубіцца нарэшце пад жыватом, Вераніка глядзела: і ня верыла сваім вачам, наогул, ёй здавалася раней, што жанчыны ня могуць мець на нагах расьліннасьці... Яны сядзелі й маўчалі, у іх быў яшчэ час,

бацька з братам любілі пасядзець у лазьні да поўнае зьнямогі, Вераніка марна прымушала сябе не глядзець на гэтыя валасатыя, жахлівыя, блакітнаватыя ногі, валасы паціху сохлі ды кучаравіліся, але меншымі не здаваліся. Маці раптам зірнула на яе, нібы ўсё зразумела, і Вераніка стала вывучаць свае ногі, якія, як высьветлілася – і гэта была катастрофа! – таксама не вылучаліся юнай галізною ды гладкасьцю; Вераніка пабачыла, што і яна мае валаскі па ўсёй назе, рудыя, непаслухмяныя, на лытках сапраўдная барада, унізе трохі радзей, але ўсё адно – лес, пушча, гушчар, ратуйце!

Яна пагаварыла назаўтра з аднаклясьніцай, і калі выходныя нарэшце скончыліся, расправілася з валаскамі, не без праблемаў, але з гордасьцю. Бацькі нічога не заўважылі, а вось брат – той пачаў зь яе насьміхацца. Хаця й дзяўчаты не былі да яе літасьцівыя: “Ты чаго, дурная ці прыкідваешся?” – стукала пальцам па ілбе дасьведчаная Жана, – “У цябе ж і так там нічога не было, а цяпер расьці пачне, ого-го... Мне б твае праблемы! Я вось дакладна пол магла б мяняць, ты мае ногі бачыла?”. Аднак Жана, якой падабаліся каўказцы і якая насіла толькі кароткія спадніцы, не належала да тых, на чые тоўстыя ногі Вераніка зьвяртала ўвагу... Першы раз Вераніка галілася братавым лязом, умудрыўшыся ні разу не парэзацца, потым папрасіла стрыечную сястру купіць ёй адмысловую зброю, маці яна казаць не хацела, гісторыя ў лазьні не выходзіла з галавы. Затое якой дарослай адчувала яна сябе, калі ўпершыню выехала ў горад у кароткай сукенцы, у падораных на дзень нараджэньня завушніцах ды з нагамі, пазбаўленымі пуху дзяцінства.

***

Яна ледзь не пасьлізнулася, калі спускалася па прыступках, добра, вартаўнік падхапіў Вераніку ды паставіў, як ляльку, на ногі. “Небясьпечнае надвор’е”, – сказаў ён, усьміхнуўшыся ў шалік, ды зьбіраўся яшчэ нешта дадаць, яму не хацелася адпускаць Вераніку, бо наперадзе быў вечар, і гарбата ў слоіку з-пад маянэзу, і чорна-белы калабок тэлевізара, і ноч ў вялікім пустым будынку пад ярка асьветленым сьцягам, і хацелася нагаварыцца пра запас. Надвор’е й праўда было небясьпечнае, пад слотай хаваўся лёд, які не пасьпеў растаць, сьвятло ліхтароў не далятала да неразьмінаваных вуліц, распадаючыся на дробныя аскепкі па-над шатамі дрэваў, людзі былі спрэс нэрвовыя, бо кожны сьпяшаўся дамоў, бы матрос пасьля году хісткае палубы. Вераніка азірнулася: цяпер вокны ўсіх кабінэтаў былі цёмныя, толькі на калідорах гарэла сьвятло, ні для кога – для мінакоў, напэўна. Ісьці было цяжка, высокія абцасы пастаянна пагражалі ператварыць спартовую хаду ў фігурнае катаньне, Вераніка нават падвярнула нагу, але, на шчасьце, ня так ужо моцна, – вылаяўшыся, яна пайшла наперад, раз-пораз раздражнёна правяраючы зманлівую роўнядзь, але больш давяраючы інтуіцыі. Так яна дайшла да павароту, сустрэчныя штурхаліся, выкарыстоўваючы Вераніку то як ратавальнае кола, то як борцік басэйну, усё гэта было надакучліва ды весела адначасова – горад, які вучыцца хадзіць... Яна паправіла сумку, падумаўшы, што ў апошнім рызыкоўным выслоўі ўсё ж хапае аптымізму, і тут жа на яе наляцеў нехта ў кепцы, схапіў за рукі й з глухім бурчэньнем прыціснуў да сьцяны газэтнага шапіка.

– Вось дык сустрэча на Эльбе! – прамовіў шчыра ўзрадаваны голас, і Вераніка пазнала ў цёмнай постаці нападніка не каго-небудзь, а Гілюка. – Вераніка Андрэеўна! Уратавалі вы старога, я, бачыце, ледзь ня гэхнуўся тут, даруйце за выражэньне!

– З вамі ўсё ў парадку? – Вераніка вырвалася з рук Гілюка, які ўсё так жа стаяў, прыціснуўшы яе да сьцяны, ды закаціла вочы. Яна рушыла наперад, молячыся, каб Гілюку было ў другі бок, але ён пайшоў побач, паціраючы рукі:

– Цяпер для грамадзянаў майго ўзросту самы небясьпечны пэрыяд, ведаеце, Вераніка Андрэеўна? У маладога ўсё зрасьцецца як мае быць, а нам вывіх ці пералом – усё, разьвітвайся з актыўным жыцьцём да самага канца... Канец жа блізка, колькі там нам засталося... Хацеў вось мерапрыемства правесьці перад сьмерцю. Пакуль магу яшчэ, пакуль сілы ёсьць... Не дзеля сябе ж, вы ж ведаеце, дзеля людзей... Дзеля дзяцей нашых... Вы ж ня замужам яшчэ, Вераніка Андрэеўна? Значыць, памяць яшчэ тая, яшчэ ня выжыў з розуму стары... Асьцярожненька, Вераніка Андрэеўна, трымайцеся за ручку...

Вераніка ўсё імкнулася ісьці самастойна, але вымушаная была прызнаць, што паслужлівая рука Гілюка пару разоў апынулася вельмі дарэчы. Ён сам, здавалася, не зважаў на падступную слоту, балбатаў нешта, шчасьлівы ад такое магчымасьці пагаварыць у нефармальнай абстаноўцы. Дый сама Вераніка адчувала сябе няўтульна: пад абаронай кабінэту, стала ды партрэта над ім яна б ня стала ў чарговы раз слухаць гэтае трызьненьне, але тут, на вуліцы, якая ўсіх двухногіх зводзіла да простага процістаяньня лёду пад нагамі, курчыць зь сябе ўладу не даводзілася. Таму яна проста йшла й маўчала, а Гілюк захоплена мармытаў ёй на вуха:

– Гэта ж унікальнае мерапрыемства атрымалася б, вы сабе ўявіце толькі... Журналістаў назапрашаем, тэлебачаньне... Людзі ў мяне надзейныя, адзін кандыдат навук, кожнаму, як кажуць, ёсьць што сказаць... Мне ж многа ня трэба, я ж пра ўсё ўжо дамовіўся, мне б дапамогу афіцыйную, ды за памяшканьне заплаціць... Такія ж рэчы грашыма не вымяраюцца на самой справе... Торцік нам спонсары дадуць, вам жа лёгка гэта ўсё, адзін званочак на фабрыку... Можа, у вас яшчэ кандыдатура ёсьць, можам, дарэчы, каго-небудзь зь лягернай адміністрацыі запрасіць, з кароткім дакладам... І дзяцей трэба, безь дзяцей ня будзе такога... такога...

Мэтро было ўжо даволі блізка, Вераніка адчула, як пад нагамі нарэшце зьявіўся ачышчаны ад пагрозьлівай лускі лёду асфальт, яна паскорыла хаду ды рашуча сказала:

– Паслухайце, давайце як патрыёт патрыёту. Справа барацьбы з фашыстамі вельмі адказная й патрабуе шмат сілаў, энэргіі. Вы ўжо стары чалавек, вы, я думаю, свой унёсак у нашу агульную барацьбу ўжо зрабілі. Займіцеся ўнукамі, адпачніце, прыходзьце на акцыі, заўсёды будзеце там жаданым госьцем. Не хвалюйцеся, вы добра паваявалі, саступіце нам эстафэту, маладыя ўсё за вас зробяць, можаце быць пэўныя!

Поделиться с друзьями: