Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

***

Пасьля таго, як Вераніка атрымала нарэшце пахучы чырвоны дыплём, яна год сядзела бяз працы – сапраўды, хіба можна было назваць працаю гэтую пасаду пэдагога-арганізатара ў Цэнтры дзіцячай творчасьці – яна атрымлівала там ненашмат больш за сваю колішнюю стыпэндыю, хаця тырчала ў падобным да зруйнаванага гатэлю будынку па шэсць гадзінаў на дзень, і яшчэ часта даводзілася ехаць туды па суботах, на якія абавязкова прыпадала якое-небудзь сьвята... Калектыў там складаўся пераважна з жанчын, якія, напінаючыся ды пацеючы, набліжаліся да пяцідзесяці, жанчын зь няўдалым шлюбным досьведам ды паталягічным пачуцьцём уласнае нерэалізаванасьці – ня дзіва, што яны зь першых дзён прасякнуліся да Веранікі шчырай нянавісьцю, не давалі ёй праходу, удаючы, што дапамагаюць асвоіцца, ды раўнавалі яе нават да прышчавых падлеткаў-навучэнцаў... Раён быў ускраінны, і школьнікі хадзілі ў Цэнтар адпаведныя, любую яе ідэю яны скажалі да непазнавальнасьці, дзейнічаючы выключна згодна з усталяванай сярод іх гіерархіяй, якая ўтваралася сярод гэтых малпаў імгненна, і навічкі займалі ў ёй свае месцы, не пасьпеўшы нават пазнаёміцца з астатнімі...

Наогул, Цэнтар вельмі нагадваў Вераніцы вялікую сельскагас-падарчую фэрму, тут панавалі жывёльныя пахі, жывёльныя законы, жывёльная барацьба, выкладчыцы мітусіліся, як вампіркі-даяркі, дырэктарка была пітушчая, казацкага такога выгляду, яе за той час, пакуль Вераніка намагалася тут працаваць, двойчы звальнялі й двойчы вярталі на месца... А яшчэ сьвятая простасьць маладосьці: Вераніка выказала неяк на нарадзе, прыгадаўшы сваю вышэйшую адукацыю, думкі пра недахопы ў працы

Цэнтру, не таму, што яе гэта хвалявала, а таму, што кожны мусіў, паводле пляну нарады, што-небудзь сказаць... Што-небудзь... Яе пахвалілі, абяцалі падтрымку, а адначасова з гэтым пачалі выжываць, мэтанакіравана, з усьмешкамі, з кіўкамі, з таго часу пры кожнай нагодзе даючы ёй слова і пасьміхаючыся ў журналы... Між тым, яе заробак заставаўся жабрацкім і яшчэ больш прыніжальным ад таго, што выплочвалі яго са сладастраснай рэгулярнасьцю. А патрэбам Веранікі станавілася цесна ў такіх сьціплых строях... Пасьля таго, як яны з бацькамі сталі жыць утрох, Вераніка займела свой уласны пакой, але радавалася толькі ў першы дзень – насамрэч пакой не ратаваў яе ад бацькоўскай ненавязьлівай прысутнасьці, а пабыць адной так часта хацелася, асабліва пасьля працы. І набываць сабе новыя рэчы, кофтачку там, або футболку, ня кажучы ўжо пра касмэтыку, Вераніка марыла ня раз на паўгода, а хаця б раз на месяц. Гэта нармальна, а тое, як я жыву – ненармальна, абсалютна ненармальна, пераконвала яна сябе й зьдзіўлялася, адкуль у яе такія думкі. Нічога не прыносіла ёй задавальненьня, дый Магда неяк забылася, не да Магды было, і хаця старыя касэты Вераніка пакуль не выкідала (шкада было да сьлёзаў), аднак і кампакт-дыскі не купляла... Ніхто больш, па шчырасьці, ужо й ня слухаў Магды, і Вераніка з амаль сяброўскім спачуваньнем глядзела на афішы, якія абвяшчалі пра канцэрт у сталіцы пастарэлай зоркі, на гэты канцэрт, як распавялі па радыё, не прадалі належнай колькасьці квіткоў, і Магда так і вярнулася да сябе ў Архангельск, дажываць свой век з гарбатным сэрвізам і катом-бас-гітарыстам.

Былыя аднаклясьніцы Веранікі йшлі правераным шляхам ды шукалі сабе забясьпечаных філёзафаў, але выхаваньне Вераніка ўсё-ткі мела крыху іншае, і таму папросту ня ведала, што рабіць, і, бывала, ціха выла ад роспачы раніцай пад бацькаў храп з-за сьцяны. Цікава, як уладкаваліся яе сакурсьніцы, думала яна, адразу ж трапляючы ў абдымкі пякучай зайздрасьці, бо сакурсьніцам, хутчэй за ўсё, пашанцавала болей. Вераніка з жахам разумела, што з таго дня, як яны адзначылі ў рэстарацыі свае чырванаскурыя дыплёмы, нікога з курсу яна ня бачыла, якія ж нетрывалыя гэтыя чэргі, што калісьці здаваліся вечнымі, – чэргі па вышэйшую адукацыю... Выйсьце было ў тым, каб меней думаць і тапіць адчай у працы, але тут якраз жыцьцё адным махам усё вырашыла за яе: у адзін з адсырэлых ад працы ды непагадзі кастрычніцкіх дзён яна стала чорнай, як котка, брунэткай, і назаўтра йшла на працу з хвалюючым усьведамленьнем перамены... І тады кіраўніца цырульніцкага гуртку кінула Вераніцы на калідоры нешта зьедлівае, а Вераніка не стрымалася, адказала, ды так, як умелі адказваць у Сьвеце: набалела, ведаеце... Як ні ўгаворвала яе дырэктарка застацца ды папрасіць прабачэньня, Вераніка праявіла нечаканую для сябе цьвёрдасьць, дый ня цьвёрдасьць гэта на самой справе была: калі б дырэктарка адпускала яе без пытаньняў ды ўгавораў, можа, тады Вераніка і адступіла б. Але яна ціха паўтарала сваё “не”, і дырэктарка, – як заўсёды, з бурачковага колеру тварам, нібы пасьля лазьні, – уздыхнула й падпісала. А потым падзеі сталі разьвівацца так хутка, што ў Веранікі заняло дух. Ужо на наступным тыдні яна выпадкова спаткала былую сакурсьніцу, адну з тых, хто выконваў усе загады цудоўнай Іны ды называў Вераніку Тролем. Яны папілі кавы, замовілі сабе сухога марціні, сакурсьніца выслухала нешматслоўныя, няўпэўненыя скаргі Веранікі, вылаялася матам ды стала доўга распавядаць пра свае прыгоды, якія можна было б назваць сэксуальнымі, калі б не наяўнасьць у іх мутнаватага, прапахлага мясам кубіка ледзянога разьліку... Вераніка ня слухала, глядзела на вуліцу, ківала галавой. Нарэшце ў сакурсьніцы зазваніў тэлефон, яна нібыта ачуняла пасьля гэтага ды параіла Вераніцы: “Ідзі ў адміністрацыю раёну! Там якраз шукаюць маладога спэцыяліста. Выцерпіш год – значыць, будзеш мець да пэнсіі цёплае месца... Да таго ж там магчымасьці...” – і яна адкрыла рот ды рукамі паказала, якія там магчымасьці.

Назва аддзелу палохала Вераніку, да такіх сур’ёзных справаў яна яшчэ не дарасла, што яна будзе рабіць там, а раптам памыліцца (а яна абавязкова спачатку будзе памыляцца!), а праца ж зь людзьмі, з жывымі, яе памылка можа каштаваць ім многага!.. І ці хопіць ёй бесстароннасьці, ці хопіць вытрымкі, гэта ж пекла – працаваць з такім кантынгентам... Таму яна патэлефанавала толькі празь месяц, калі невыносна стала ўжо пад цяжкімі поглядамі бацькоў, і спадзявалася ўпотай, што малады спэцыяліст адміністрацыі ўжо не патрэбны, што ўжо ўзялі кагосьці. Прыемным мужчынскім голасам ёй прызначылі дзень. “І чаму я не бухгальтар?” – думала яна з прыкрасьцю, падымаючыся па лесьвіцы ды заходзячы ў фае. “Запрашалі ж калісьці дзеўкі зь імі на курсы...”. Ліфт падняў Вераніку на пяты паверх, яна знайшла патрэбныя дзьверы й пабачыла Яго.

Не было патрэбы ведаць Яго імя. Ён быў проста Ён, заўсёды зь вялікай літары. Ён быў неапісальна прыгожы, ад яго пахла шчасьцем, ён выпраменьваў пэўнасьць, ён быў вясёлы ды ўсеўладны, хаця пакуль быў толькі намесьнікам. З таго самага моманту Вераніка вырашыла: яна будзе тут працаваць. Чаго б гэта ні каштавала. Яна адчула Яго ўсім сваім няспраўджаным целам маладога спэцыяліста, ажно да самых кончыкаў валасоў. Ён адкінуўся ў крэсьле ды зірнуў на яе насьмешліва-запытальна. Яна, заікаючыся, назвала сваё імя. “А, Вераніка... Вераніка вырашае памерці,” – засьмяяўся ён. – “У інтэлектуальныя гульні гуляеш?” Вось так, на “ты”, а быў жа відавочна ненашмат старэйшы за Вераніку. “Гуляю,” – прамовіла яна дурнаватым голасам. “Бярэм!” – Ён зноў засьмяяўся і павёў яе да Чэслава Карлавіча, які й галавы ня ўзьняў, толькі мэкнуў нешта ўхвальнае, а потым адправіў яе афармляць дакумэнты. І ўжо назаўтра яна сядзела за круглым сталом з таблічкай “Каманда Цэнтральнага раёну”, у чыне малодшага спэцыяліста, і справа сядзела бледнаватая ад перажываньняў Ларыса, зьлева нейкі студэнт, а насупраць Веранікі ўзвышаўся Ён, такі нязмушаны, у футболцы колеру хакі, са сьветлай пасмай на лбе, ды ўсьміхаўся судзьдзям. “Да знаўцаў зьвяртаецца студэнтка палітэхнічнай акадэміі Вераніка Дрозд!” – заверашчаў вядучы, і Вераніка пазнала ў гэтым стручку з маторчыкам адну з узыходзячых маладых тэлезорак. Гульцы напружыліся, толькі Ён працягваў спакойна ўсьміхацца, хіба што пад бялявай пасмаю зьявілася прыгожая маршчынка. “Увага! Пытаньне! Што агульнага, пытаецца пэнсіянэрка Вераніка Іванаўна Дрозд, паміж мной і...” – вядучы зрабіў паўзу, – “Астранамічным атласам!”. “Адказ гатовы!” – кінуў нібы праз плячо непараўнальны Ён, і каманда хорам выдыхнула, з захапленьнем пазіраючы на капітана. “Мы лічым, што існаваньне сузор’я пад назвай Валасы Веранікі... даказанае навукова й не падлягае сумневу”.

***

На чацьвертым курсе Вераніка пазнаёмілася зь Лёнькам. Ніякім ільвом ён ня быў, так, дварняк, зь ветрам у галаве, у вечных пошуках косткі, яна разьвіталася зь ім праз тры месяцы без праблемаў, дарма што Лёнька адыграў дзякуючы супадзеньню невядомых абставінаў вельмі спэцыфічную ролю ў яе жыцьці. Вераніка пагарджала сабою праз наяўнасьць гэтага пэрсанажа ў яе асабістай гісторыі, але рабіць было няма чаго, Лёнька несумненна існаваў, і выкінуць яго ў сьмецьцеправод было немагчыма, а хацелася. Проста гэты ідыёт сапраўды выкінуўся, у вакно, і відавочна празь яе, і яна на нейкі тыдзень праніклася да яго павагай, зьмяшанай са шкадаваньнем. Лякарня, гіпс, нават даводзілася прасіць у бацькоў грошы на перадачы, і калі ён выйшаў, яна саступіла... Ну, можа, яшчэ была цікаўнасьць. Потым Вераніку скаланала, калі яна яго ўзгадвала.

“Ты нічога не заўважаеш?” Лёнька спалохана ўзіраўся ў яе ўжо раззлаваны, але яшчэ гатовы дараваць твар. Ён падсьлепавата вывучаў чамусьці напружаны нос Веранікі й потым матляў галавой: “Не-а”. “Ты што, ідыёт?”. Лёнька пачынаў румзаць і потым няўмела абараняўся басам: “А чаго?... Ну чаго ты, Веранічка?”. “Ну

паглядзі на мяне”. Лёнька глядзеў на яе грудзі, а потым рабы твар наведвала ўсьмешка прасьвятленьня, ён кідаўся да Веранікі й намагаўся яе распрануць, прычым пачынаў са станіка, недаробак: “Угадаў?”. Вераніка ўздыхвала ды засоўвала станік на месца. “Паглядзі на маю галаву!”. “Ды няма там сінякоў”, – запэўніваў яе Лёнька, – “хочаш, я халоднае прыкладу”. “Ды якія сінякі!” – крычала Вераніка, яна ўжо адчувала тады, што ёсьць выпадкі, калі можна крыкнуць. “Ты дэбіл ці прыкідваешся? Ты сам мусіш заўважыць, а ня я табе павінна нагадваць! Ну чаму ты ня можаш сказаць адразу ж, як я да цябе прыходжу, што табе падабаецца мая...”. Лёнька чырванеў ды садзіўся на падлогу, зьбянтэжана пасьміхаючыся: “Ну што ты, натуральна, Веранічка... Твая... твая... Яна такая... Бліна, я нават ня ведаю, як назваць... Пацаны звычайна...”. Вераніка закочвала вочы ды садзілася зь ім побач. “Я пастрыглася, Лёня”, – халодна й бясьсільна гаварыла Вераніка. “І пафарбавалася. І зрабіла сабе нарэшце манікюр. Цікава, калі я раптам памру, ты...”. “А-а-а”, – перабіваў яе радасна Лёнька. “Ясьненька. А я вось сабе гітару думаю купіць...”

***

На сваёй новай працы Вераніка хутка зразумела, што на два дзясяткі наведнікаў за дзень абавязкова знойдзецца адзін вар’ят. Пагатоў яе папярэджвалі, усе, ад Ларысы да Чэслава Карлавіча. Вар’яты зь цяжкасьцю выседжвалі чэргі ды ўваходзілі ў кабінэт з выглядам людзей, якім бюракраты замінаюць уратаваць сьвет. Такім асобінам заўжды хацелася або большага, чым дазвалялі законы, або не таго, чым займаўся аддзел Веранікі. Службовае паветра доўгіх калідораў кепска дзейнічала на іхныя нетрывалыя душы, гэта былі неахайныя людзі з блукаючымі позіркамі, падобныя да рэлігійных фанатыкаў ці да рэўматычных лунатыкаў. Спачатку Вераніка шкадавала іх, шторазу імкнулася абнадзеіць, цярпліва выслухоўвала неверагодныя крывавыя гісторыі, запісвала імёны... Але пасьля ўцяміла, што гэта толькі надае ім сілаў. Ларыса, якой паскардзілася Вераніка, правяла зь ёй кароткі інструктаж, і справы наладзіліся: зразумеўшы, хто перад ёй, Вераніка не давала размове разгарэцца, выправаджвала вар’ята, а калі той пачынаў пагражаць, раіла напісаць скаргу на імя главы адміністрацыі. Дзевяць зь дзесяці ветліва лаяліся й больш не прыходзілі. Некаторым яна адказвала пісьмова: “У адказ на Ваш зварот паведамляем Вам, што, на жаль, у бліжэйшы час...” і далей па тэксьце.

Вар’яты назалялі, але ня надта. Аднак знаходзіліся і ўпартыя. Напрыклад гэты дзядуля, ягонае прозьвішча ведаў увесь аддзел: Гілюк. Ён быў упэўнены, што Вераніка – самае маладое й таму найслабейшае зьвяно ў аддзеле, і таму трэба біць сюды. Даўно й беспасьпяхова Гілюк хацеў арганізаваць за кошт адміністрацыі загадкавую акцыю, нешта кшталту нефармальнай сустрэчы барацьбітоў з фашызмам – ён кожны раз завітваў са стосам зашмальцаваных лістоў, на якіх падрабязна была расьпісаная праграма будучай вечарыны, з выступамі невядомых нікому фальклёрных калектываў, бэнэфісам нейкага дамбрыста-самавука, лекцыяй пра іншаплянэтнікаў, успамінамі вэтэранаў, вершамі маладых паэтаў з суполкі “ПаЛІТрух” пад кіраўніцтвам Любові Сукубовіч і нават торцікам і гарбатаю на заканчэньне. “Нельга забыць!” ці “Нельга стрываць!” – прыкладна пад такім лёзунгам мелася адбыцца мерапрыемства. Вераніка добра ведала, што адміністрацыя не выдзяляе грошы на прыватныя праекты, што ў адміністрацыі наогул небагаты бюджэт, што мэрыя дае раёнам толькі на самае неабходнае... Да таго ж падобныя акцыі й так праводзіліся адпаведнымі ведамствамі ледзь не штотыдзень, і на іх запрашаліся лепшыя людзі краіны, якія выступалі там, дарэчы, без ганарару. Але Гілюк, як зразумела Вераніка, хацеў правесьці сваю, несанкцыянаваную, пэрсанальную імпрэзу, гэта была, так бы мовіць, як вучылі ва ўнівэрсытэце, “ініцыятыва зьнізу”. Гілюк завітваў да Веранікі ўсё часьцей, бывала, яна йшла з абеду, а ён ужо сядзеў у чарзе ды падскокваў, лез цалаваць руку, а потым пераможна пазіраў на суседзяў. “У маёй унучкі прычоска дакладна як у вас, і валасы такія самыя, сьветлыя, вы зь ёй як дзьве кроплі... Славяначкі...” – пускаў сьліну Гілюк у кабінэце, і Вераніка ўяўляла сябе на месцы Гілюковай унучкі або, што страшней, нявесткі... З часам паміж Веранікаю і Гілюком, які не ўспрымаў аніякіх довадаў, а толькі ныў: “дзеля людзей, дзеля нашых дзяцей”, усталявалася нейкае падабенства адносінаў. “Ну добра, а прычым тут іншаплянэтнікі?..” – кісла запыталася неяк Вераніка, і Гілюк, высачэзны стары ў дзіравым пінжаку, ускочыў ды пачаў мераць кабінэт сваімі шырокімі крокамі, лямантуючы пра тое, што айчынныя фашысты знаходзяцца ў змове з самымі пачварнымі формамі іншаплянэтных цывілізацыяў. Часам Вераніцы здавалася, што ён зьдзекуецца, і ёй хацелася холадна кінуць: “Такімі рэчамі не жартуюць“, але стары быў, хутчэй за ўсё, проста бяскрыўдны хворы. “Дык што скажаце, Вераніка Андрэеўна?” – пытаўся Гілюк, трасучы рэкамэндацыямі, даведкамі і ордэнамі. “Фінансуеце? Ці мне ў панядзелак зайсьці...”. Вераніка зморана намацвала нагамі туфлі пад сталом. “Мы ж вам давалі афіцыйны адказ!” Стары пакрыўджана пасьміхаўся ды працягваў заціснутыя ў хударлявых пальцах лісты з гербам гораду... Ён, відавочна, прыходзіў ужо ў шаленства ад непрабівальнасьці Веранікі, але спыніцца ня мог, не прывык здавацца змагар, не прывык капітуляваць перад нейкім дзяўчом... І Вераніка гэта бачыла.

***

“...Я ўблытаны ў нешта; у што менавіта? Я пытаўся пра гэта ў сябе ўголас. І шматгалосае рэха пакоя шэптам адказвала мне: “У што ж?”...”

Я любіў мыць ёй валасы. Яна прыходзіла да мяне ў лёгкай сукенцы, у сваіх амаль нябачных туфлях, і прывозіла каву ў пакеціках, і распавядала пра тое, што ніяк ня можа звыкнуцца з тым, што яна ўжо не студэнтка, пра тое, што кожны дзень адчыняе шуфляду стала й бярэ ў рукі дыплём, што ўчора прыяжджала цётка, і бацька ледзь не сарваўся, давялося на ім віснуць, каб не куляў чаркі, і так год за годам, і што атрымалі ліст ад брата – я сам зьдзіўляўся сваёй цярплівасьці, сваёй цікавасьці да яе аповедаў, я яе ніколі не перапыняў, а потым засьпяваў яе на кухні, калі яна нюхала незадаволена свае падпашкі, і сам нюхаў іх, і мы пасьпешліва йшлі ў залю, узяўшыся за рукі, і кахаліся. А яна не перапыняла сваіх гісторый і спрабавала ўявіць сабе будучую працу ў Цэнтры дзіцячай творчасьці, а я думаў: вось, дажыўся, яна ж заб’е мяне сваёй балбатнёй, але мая ўвага мне не папарадкоўвалася, мы зноў пілі каву, і мая галава балела – і тады я йшоў мыць ёй валасы. Яна распраналася ды залазіла ў ванну, пакорліва схіляла галаву пад струмень, я стаяў напагатове з шампунем у жмені ды пачынаў рытуал – я мог важдацца зь яе валасамі доўга, нібы дзіця ў пясочніцы, будуючы зь пены й валосься ўяўныя зоркі ды сьпіралі... Яна стаяла на каленках, з заплюшчанымі вачыма, у белай кароне, і толькі зрэдку, трымаючыся за край ванны й раз-пораз закранаючы кіпцямі маё сьцягно, выцірала вольнай рукой лоб. Мноства нязначных падрабязнасьцяў праступае на гэтым чыстым аркушы, нібы над ім расьціснулі вішню, і сок маляўніча запырскаў тое, міма чаго заўсёды абыякава прасьлізгваў заклапочаны погляд. Яна ніколі не змывала шампунь пад кранам, не, я браў загадзя падрыхтаваны тазік з вадой патрэбнай тэмпэратуры ды асьцярожна, як старажытны цырульнік, выліваў, нібы храсьціў яе – людзі з мокрымі валасамі выглядаюць больш шчырымі, больш адкрытымі, у іх безабаронныя вочы. Яна абхоплівала сябе рукамі ды дрыжэла. Я ня зводзіў вачэй зь яе сьпіны, якая плаўна сплывала ў цёмны жалабок, з ружовай шыі, дзе толькі што варухнулася радзімка. Мыць жанчыне валасы – ці ня самая інтымная ласка. Паспрабуй пацягніся прагна ніжэй – і чароўнасьць пагасьне, нібы цудоўны таямнічы верш скончыўся раптам грубым палітычным заклікам.

Яна так любіла распавядаць пра сябе. Няхай жа цяпер пра Вераніку распавядае яе цела.

***

Яны былі толькі сьведкамі ў той дзень, валасы Веранікі. Апускаліся б яны ніжэй – магчыма, дасталося б і ім, але яны толькі прыкрывалі вушы, і таму нічога не замінае цяпер пабачыць на голай шыі, што паволі губляе свой густы гішпанскі колер, канчатковы, цьвёрды, з націскам росьпіс: пунсовыя паўмесяцы глыбокіх драпінаў, асабліва бязладных з правага боку, ды некалькі тлустых кропак крывападцёкаў, некаторыя пад самым падбародзьдзем. Яна супраціўлялася, Вераніка, і, відаць, узгадала ў тыя цягучыя, бы патака, сэкунды, як калісьці яе, дзяўчынку ў белай сукенцы ды з манэткамі, заціснутымі ў кулаку, вось так ужо выпрабоўвалі, не ўяўляючы межаў, але гэтым разам учэпістыя пальцы, якія леглі на яе горла, цудоўна ведалі, дзе пралягае мяжа, ды праглі за яе вырвацца...

Поделиться с друзьями: