Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

Пляменьнік быў тоўсты, чатырохгадовы, справядлівы, як удзельнік продразьвёрсткі, і па-каралеўску дабрадушны. “Гэта загоіцца”, – запэўніў ён Вераніку, тыцнуўшы пальцам ёй у смочку, якая цёмнай кропкай прабівалася скрозь станік і белую тонкую майку, а калі яны ўсе разам селі нарэшце піць гарбату, пляменьнік заўважыў, што на мамінай цукерцы няма крэмавага ўзору, а на Веранічынай ёсьць: скалупнуў дзелавіта палову ды прынес маме – вось цяпер усё як мае быць. Яшчэ калі імбрык толькі закіпаў, Вераніка зайшла баязьліва ў ягоны пакой, спынілася на парозе, няўпэўнена працягнула малому падарунак – гоначную машыну, той уздыхнуў расчаравана, паглядзеў на Вераніку са шкадаваньнем, але правілы гульні прыняў, сеў на падлогу, прасуючы нехаця машынай квяцісты дыван: туды-сюды, туды-сюды, гоначных машынаў у яго была процьма, цэлы аўтапарк... Прадэманстраваў з гордасьцю гульнявую прыстаўку, але джойсьцік у рукі ня даў: не дарасла ты яшчэ да таго, каб страляць, цётка Вераніка.

Гарбата была амаль дапітая; пляменьнік раптам залез Вераніцы на калені. “Ну, як вучоба, Веранічка?” – ухмыляўся Віктар (не пасавала яму гэтае імя), а яна ня слухала; новыя, незвычайныя адчуваньні паколвалі знутры, яшчэ ж нядаўна сама сядзела на каленях у старэйшых, а цяпер вось – дарослая, ды якое там – старая цётка, васямнаццаць споўнілася, дзяцей на каленях трымае. Яна ўжо неяк трымала на каленях маленькую дзяўчынку, суседзкую ўнучку, хлопчыкі ўспрымаюцца неяк па-іншаму, нешта цёплае йдзе ад таго месца, дзе сканчаюцца іхныя пульхныя лыткі, дадатковая такая цеплыня, ненармальная, і дзіўны яе дотык... Пляменьнік доўга сьвідраваў лыжкай цукерку, а потым абмяк, наваліўшыся на жывот Веранікі, задрамаў; Вераніка падумала пра свой жывот – вось жа, калі-небудзь

у ім пачнецца нечае жыцьцё, а яе жыцьцё пачне зваротны адлік, і як бы ты ні старалася, нічога з гэтым ня зробіш, не прыдумана лекаў, яна нечакана адчула свой жывот як нешта асобнае ад сябе, нібыта яна яго праглынула, праглынула ўласнае чэрава, якое напоўніцца калі-небудзь зьмесьцівам. Там, дзе нешта прыбывае, мусіць нешта зьнікаць, гэта закон фізыкі. Як гэта будзе? – задумалася Вераніка. Нараджаць страшна. Гэта балюча. Крычаць, курчацца, клічуць маму. Аднак потым... Напэўна, шчасьце. Вось тады яна й даведаецца, што гэта такое. Пэўны час чалавек замест вопраткі носіць уласную маці, сказаў той філёзаф, які, на жаль, апынуўся фашыстам, пра гэта па тэлевізары паказвалі. А вось прыехаць заўтра да Эдзіка ды скарыстацца ім, а потым глядзець, як напінаецца жывот, слухаць торканьне ўнутры, ганарыцца, галінка з пупышкай. Гэта так лёгка, аказваецца. Трыюмфальнае вяртаньне яе дзіцячых лялек. Пляменьнік прытуліўся да яе, сястра не заўважала нічога, балбатала з маці. “Ня сьпі, зьмерзьнеш!” – бадзёра выгукаў Віктар у іх бок, пасьля доўгіх роздумаў прынесшы яшчэ гарэлкі. Дзядзькі ды іхныя жонкі ўздыхнулі ды загаварылі яшчэ гучней, усе адначасова. Бацька сядзеў пахмурным арлом, не адрываючыся ад “Дыскавэры”. Потым жанчыны раптам сьціхлі, нібы па камандзе ўтаропіўшыся ў свае талеркі, і раптам зацягнулі надрыўным хорам дзяржаўны гімн:

Вось хто-та з горачкі спусьціўся,

Наверна мілы мой ідзёт,

На ім зашчытна гімнасьцёрка,

Ана с ума міня сьвідзёт.

На каленях Веранікі, зьвесіўшы рукі паміж ног ды дакранаючыся мокрай маленькай далоняй да яе лыткі, сядзеў чалавек, якога нядаўна яшчэ не было. Не існавала. Абсалютна. Ні ў якім выглядзе. Наогул. Зямля й без гэтага чалавека жыла няблага. Прынамсі, патрэбы ў ім ня мела. Вось якія складаныя думкі наведваюць тваю сьветлавалосую галаву, Вераніка. Але ён усё адно зьявіўся ды прагне свайго месца на зямлі, свайго кавалка мяса, сваёй долі сонечнага сьвятла, ён займае месца ў прасторы, у рэшце рэшт. Чвэрць ягонага жыцьця складае адзін год. Год таму Вераніка вучылася ва ўнівэрсытэце, а ён ужо пражыў чвэрць жыцьця. Неверагодная матэматыка. Калі-небудзь Веранікі ня будзе. Абсалютна. Ні ў якім выглядзе. Наогул. Пэўны час яна яшчэ будзе займаць месца, замінаць іншым, пасіўна ўплываць на тое, што пакінула, а потым і гэта скончыцца. Не ўкладваецца ў галаве. Як гэта: скончыцца. Як гэта: паміраць? Паміраць страшна. Гэта балюча. Крычаць, курчацца, клічуць маму. Клічуць бога. Аднак потым... Напэўна, шчасьце. Вось тады яна й даведаецца, што гэта такое. Але не цяпер, не цяпер, чуеце? Думаць пра такое – нібыта адплюшчыць вочы перад яркай лямпай ды асьлепнуць, бо зрок не вытрымлівае такога. Дайце мне яшчэ пажыць з заплюшчанымі вачыма, пад накрыўкамі павекаў, пад іх звычнай, надзейнай абаронай. Нараджаць, паміраць. Гэта толькі словы, словы-дзеясловы. Не, я не хачу ў гэтую чаргу, я лепей зайду сюды раніцай, калі ўсе на працы. Дзеці – гэта так здорава, спахапілася Вераніка, у мяне будуць двое. Пляменьнік прачнуўся, і вочы Веранікі засьлязіліся раптам ад замілаваньня, бо гэты таўстун азіраўся навокал так няўцямна, ды круціў чамусьці цёмныя ўскудлачаныя валасы над вільготным ілбом, нібы дастаючы зь іх заселыя аскепачкі сну. Якія яны безабаронныя, жахнулася Вераніка, такая непрыемна вялікая пад гэтым непаваротлівым сонным целам, якое пачало ціха румзаць, бо на яго не зьвярталі ўвагі. Газавыя пліты, нізкія падваконьні, шалёныя сабакі, п’яныя за стырном, маньякі, выбоіны ў асфальце, запалкі, цьвікі, брудныя кніжонкі, цёмныя пад’езды, прадаўцы чалавечых органаў, мацяркі-забойцы, няздарныя ўрачы, настаўнікі-пэдафілы, цэгла з даху, вірусы, ды яшчэ фашысты, фашысты, фашысты, на іх ніколі нельга забывацца, яна чула, яны сталі ўсё часьцей пралазіць у школы, кідаюць дзяцей, як кажуць у народзе, на амон, прыкрываюцца як жывым шчытом, дарослыя злачынцы... Як можа той, каго нарадзіла жанчына, быць здольным на такое: хавацца за сьпінамі дзяцей, убіваючы ім у неразбэшчаныя галовы ўсялякую заразу, замбіруючы тых, хто гуляе з гоначнымі машынамі. Нелюдзі, яны сапраўды нелюдзі, адкуль толькі яны маглі ўзяцца. Выйшлі з чэрава гэтай зямлі й хочуць зганіць яе, зьнявечыць, зьнішчыць. Гэта як забіць уласную маці. Тыя, сюжэт пра каго яна бачыла ў “Крымінальнай хроніцы”, такія й былі – нават зьнешне, нахабныя, з ачмурэлымі ад наркотыкаў вачыма, сытыя, добра апранутыя, здаровыя, сын і дачка, якія забілі маці-пэнсіянэрку недзе на ўскраіне гораду...

Крычыце сабе на плошчах, але – ня пэцкайце дзяцей ідэалёгіяй, ідэалёгіяй, добрае слова, яна запомніла яго зь першага курсу й вымаўляла ладна, хутка, кругла. Дзецям наканавана быць шчасьлівымі, не забірайце ў іх гэтага кону. Яна ўявіла сабе бамбардзіроўкі, гарады ў руінах, і дзіця зь вялікай галавой, якое плача й кліча маму – уявіла так ясна, нібы перад ёй запрацаваў тэлевізар. Вось чаго яны хочуць, фашысты. Каб скончылася роўнае, мірнае жыцьцё, каб галодныя беспрацоўныя бацькі пілі па кутох, каб маці прадавала сярод руінаў заручальныя пярсьцёнкі. Каб нахабныя чужаземныя жаўнеры ўваходзілі ў іхныя дамы ды гвалцілі дзяўчат, каб любоў прадавалася, каб усе навокал гаварылі па-фашысцку, каб маладыя зайздросьцілі старым. Каб жабракі пасьміхаліся бяззубымі ратамі. Каб над краінай усчалася вечная ноч, каб мы ўсе сталі рабамі, каб прыніжэньне стала нормаю. Каб вакол былі межы, каб кожны кожнаму быў чужак.

На ім пагоны залатыя,

І яркі ордзен на грудзі,

Зачэм, зачэм я паўстрэчалась

Іму на жызьненнам пуці.

Вераніка, Вераніка, што з табой? мы ж не на сходзе, дзіця спалохаеш – іхныя языкі запляталіся, і зь перапоўненага кубачка пад сьмешным пыхлівым самаварам цёк на абрус кіпень, а ў вачох блішчэла кроў, таго ж разьліву, што й кроў Веранікі.

***

“Я пагляджу, можна?” – сказаў ён жаласьліва й не чакаючы адказу схіліўся, яна бачыла, закусіўшы вусны ад болю, ягоную макаўку, на якой закручваліся ў сьпіраль нядаўна пастрыжаныя валасы. З доўгімі Лёньку было лепш, ён раней быў хаця б на чалавека падобны, а цяпер малпа малпай. Нагу ажно выварочвала ад болю, было вельмі крыўдна ад уласнага бясьсільля, ужо, мусіць, прайшло некалькі хвілінаў, а боль не зьнікаў. Даўно яна не адчувала такога ўсеўладнага, такога вострага болю. “Трэба памасажаваць,” – прамармытаў Лёнька ды ўзьняў на яе вочы, просячы дазволу... Яна нецярпліва кіўнула галавой, хто б ні прапанаваў ёй цяпер дапамогу, яна б пагадзілася, хай нават сьмярдзючы дзядзька Валодзя зь яе пасёлку, істота, ад якой засталося паўчалавека ды пара-тройка прымітыўных патрэбаў. Толькі б гэта хутчэй скончылася. Аднекуль усплыло простае, нібы яно цяпер паціскала плячыма ад сваёй прастаты, тлумачэньне, хісткае татарскае слова: сутарга, гэта ўсяго толькі сутарга. Вераніка ведала, што такое сутарга: зялёная вада вадасховішча, пяткі на ледзяной сьпіне падводнага цячэньня, або яшчэ лішняе кола на школьным стадыёне, ды голас фізрука: “Казаў табе – разьмінайся!”. Але яна ня плавала й ня бегала, яна толькі паднялася з-за стала ў ружовай Лёнькавай кватэры, бацькі якога меліся неўзабаве прыйсьці з працы (яна спадзявалася ўсё ж пазьбегнуць знаёмства)... Лёнька ўчапіўся ў яе нагу, ні пра які масаж размова не ішла, ён папросту ня ўмеў гэтага рабіць, і Вераніку раптам разабраў сьмех, дзякуючы якому боль адступіў, растварыўся недзе над костачкамі, на разьвітаньне ўкалоўшы яе нямоцна ў галёнку... А Лёнькавы разгубленыя пальцы падымаліся ўсё вышэй, пагладжваючы яе скуру зь недарэчнай павагай, а потым таропка кінуўшыся пад спадніцу, абнюхваючы кожны куточак, так відавочна баючыся не пасьпець, казычачы Вераніку, прымушаючы яе зрэдку фыркаць, крывіць вусны, пальцы варушыліся, тоўстыя цьвёрдыя падушачкі на іх шмыгалі то ў вадзін бок, то ў другі, то вярталіся ўніз, нібы нешта забыўшы, Лёнька раптам заскуголіў, як шчаня, ды палез, заплюшчыўшы вочы, проста на яе калені, апусьціўшы падбародзьдзе, Вераніка

міжволі расставіла ногі, і галава Лёнькі вылезла ззаду, бадаючы пустэчу, натыкаючыся на крэсла, а рукі не спыняліся, яны адшукалі край майтак, набраліся рашучасьці ды сьлізнулі туды, і самі спалохаліся сваёй знаходкі, і пачалі перабіраць валаскі, а Вераніка стаяла, зьдзіўленая, ды бачыла нямытую Лёнькаву шыю, ёй было вельмі цікава, што ж з гэтага ўсяго атрымаецца, – дзіва, але ёй не было непрыемна, хутчэй нават было прыемна, яна й не задумвалася, што ў нізкарослага Лёнькі такія доўгія рукі, якія, здаецца, толькі расьлі з кожным імгненьнем, лоб ягоны глуха стукаўся аб крэсла, аб ножку стала, гарачыя пальцы нарэшце перасталі зважаць на апёкі ды сталі больш мэтанакіраванымі, Вераніка не замінала, яна падумала, што можа быць лепей заплюшчыць вочы, але ня стала гэтага рабіць, грукат станавіўся ўсё гучней, пакуль не перайшоў у доўгі бязглузды званок...

***

Маці пакінула яе каля жалезнае агароджы, уручыўшы халодную, месцамі іржавую трубу, ды, азіраючыся, пайшла да цёткі Розы. Труба была тоўстая й цікавая. Вераніка таксама была тоўстая і цікавая – у ружовым з блакітным камбінэзоне ды вязанай шапачцы зь белым, як шавялюра дзьмухаўца, пампонам. Цётка Роза гаварыла ды плявалася, а маці ківала галавой, усё намагаючыся сказаць цётцы Розе нешта важнае, а цётка Роза ўсё трэсла кучаравай галавой ды не давала маці ўставіць ані слова, хапаючы яе за руку. Вераніка стаяла да іх сьпінай, але недалёка ад яе было Вялікае Магазіннае Акно, і ў ім таксама стаялі цётка Роза ды мама, так што Вераніцы трэба было добра падумаць, у які бок плакаць, калі што-небудзь здарыцца. Але тут з-за Вялікага Магазіннага Акна выйшаў, аблізваючыся, сапраўдны Коць, жывы, з узьнятым хвастом, ды паглядзеў падазрона на Вераніку, а потым заўважыў пампон ды зацікавіўся, падыйшоў бліжэй, сеў, задраўшы галаву з рэдкімі вусамі. Труба не хацела адпускаць Вераніку, а Коць дробна трэсься, гледзячы, як гайдаецца пампон. Вераніка бачыла, як з-за сьпінаў мамы ды цёткі Розы выйшаў нехта ў шапцы з вушамі – вось ён і напалохаў Коця: Коць падабраў лапы ды скокнуў у кустоўе, прытармазіўшы там, каб праверыць, ці няма небясьпекі. “Не сыходзь, Коць,” – сказала Вераніка, і ніхто яе не пачуў, а Коць вось усё зразумеў, без праблемаў. “У цябе труба ёсьць”, – прамовіў Коць са смуткам. “Яна халодная і цікавая”, – горда заявіла Вераніка. “Ну і стой са сваёй трубой”, – сказаў няветліва Коць ды пачаў мыць сабе вуха. “Я з табой хачу,” – сказала Вераніка. “Калі хочаш, дык кідай сваю трубу”, – запярэчыў Коць. “Ідзі да мяне ў кустоўе, а то там каля дарогі... швэндаюцца ўсякія ў чорных шапках, невядома чаго”. “Але...” – Вераніка ледзь не расплакалася. “Там мая мама...”. “Мама, мама...” – працягнуў, дражнячыся, Коць. “А там што, ня мама?” І ён паказаў на Вялікае Магазіннае Акно. “Мама,” – узрадавалася Вераніка. “Пачакай, я ўжо іду”. І, як маленькі паравоз, яна пайшла. З Коцем яны пастаялі нядоўга. “А-а-а!” – пачуўся лямант з таго боку. “Дзіцёнка скралі!”. “Гэта цыганы!” – крычала цётка Роза, старанна пераймаючы маму. “Я ўчастковаму даўно казала!”. Мама хутка знайшла яе. “Наша Веранічка ўмее хадзіць!” – мама цалавала Вераніку ў чырвоныя яблыкі шчок ды, Вераніка ня верыла сваім вачам, нават плакала ў той момант. “Наша Вераніка ўмее хадзіць”. І чаму яны ўсе казалі гэта тады трошкі са смуткам?..

***

Тое лета было гарачае, нібы перад канцом сьвету. Мы засыналі непрыкметна, на паўслове, ноч, здавалася, так і не надыйшла, так было сьветла ды шумна на вуліцы, горад дробна трэсла ад перагрэву, адчыненыя вокны не ратавалі ад задухі, у палёх гінулі ўраджаі, крамы ламіліся ад мяса ды пральнага парашку; сонечныя ўдары, сонечныя спляценьні, тэленавіны, поўныя мёртвых турыстаў на далёкіх, няісных пляжах, поўныя загарэлых нябожчыкаў, якіх ніхто не прыбіраў, дрымота прыроды. Мы засыналі аголеныя, мы пахлі адно адным, побач на падлозе штучным пратэрмінаваным сьнегам бялела цёплая прасьціна, толькі на сьвітанку, вельмі ўмоўным, мы не расплюшчваючы вачэй намацвалі яе, стогнучы ад раздражненьня, ды прыкрываліся, успацелыя, прыкрываліся, выключна па звычцы жыхароў некалі зімнага краю. Апошні раз такая тэмпэратура была зафіксаваная... Ніколі такога яшчэ не было тут, ад таго дня, калі на зямлю праліўся першы дождж.

Мяне разбудзіў яе тэлефон, я адплюшчыў вочы, на мяне глядзелі яе пальцы, пальцы ног. Напэўна, ноччу яна зноў варочалася ў маім ложку, як дзіця, так і ёсьць, яна ляжала галавой да акна, а я – да дзьвярэй... Пальцы ў яе на нагах, мезенец зусім маленькі, я ўпершыню зьвярнуў увагу, які ж ён малы, нават не падобны да пальца, хутчэй, да мочкі вуха зь сярэбранай кропляй на ёй, да часьцінкі яе цела, якая выправілася ў далёкае падарожжа ды дайшла нарэшце да таго месца, дзе сьвет сканчаецца прорвай. Пальцы, так шчыльна прыціснутыя адзін да аднаго, што магло падацца, яна нешта там хавае. Па краёх пазногця лак дзе-нідзе сьцёрся, яна шмат ходзіць, Вераніка, яе гадзіньнік усё яшчэ супадае з унівэрсытэцкім. Калі добра прыгледзецца, можна заўважыць, што ступакі трохі дэфармаваныя, па форме туфляў, костачкі пляскатыя, амаль зусім не выдаюцца, на пад’ёме нагі тонкія палоскі, бы на бяросьце. Я пацалаваў яе мезенец, мае вусны былі занадта вялікія, каб трапіць куды хацелі, ды захапілі ягоных гладкіх, жаўтаватых суседзяў. Мікраскапічны лябірынт пяткі заварожваў, я стаў шукаць выхад зь яго ды хутка згубіўся. Яе мезенец зноў апынуўся ў маім роце, я пасмоктваў яго ды заадно яшчэ некалькі, жаночая скура на смак салёная, але не занадта, яна як вада ў тым месцы, дзе дасягае мора шырокая стомленая рака, дзе музэй з іржавымі параходамі, рэстарацыя на баржы, зрэшты, зачыненая, ды пакорлівая рыба зь белым мясам. Вераніка, гарачая страла, якая працяла мой бок. Я адкрыў шырэй рот, поўны ранішняй няпэўнасьці, ды ўзяў ім яе пальцы ўсе разам, прахалодныя, поўныя бясконцага смаку. Бачыў сябе ў люстэрку – сфатаграфаваны буйным плянам ядок-гурман, які да таго ж яшчэ й пазіруе. Яна страпянулася, заварушыла пальцамі ў маім роце, я скасавурыў вочы, другая нага ляжала нерухома, быццам копія ў цені захваленага арыгіналу. Вераніка сказала нешта выразна ды зьдзіўлена на ранішняй мове, і прасьціна папаўзла ўверх.

***

Яна стаяла каля вакна й зь нянавісьцю, глыбока ўдыхаючы, глядзела на плошчу. Раніцай, калі фашысты раптам высыпалі сюды з мэтро, нібы прусакі, на хаду разгортваючы свае змрочныя палотнішчы, прыйшло ўказаньне ня ўмешвацца ды як мага больш арганізавана эвакуаваць людзей. Будаўнікі неахвотна падпарадкаваліся загаду ды прыпынілі працу, Вераніка сама размаўляла з гэтымі шчырымі сымпатычнымі рабацягамі – як гэта было для іх цяжка, пакінуць звычныя працоўныя месцы, ды яшчэ ў той час, калі царква стала ўжо вымалёўвацца, калі ўжо нават дзеці бачылі ў яе каркасе прывід будучае сьвятыні... Цяпер пад самымі рыштаваньнямі стаяла некалькі сотняў цалкам пазбаўленых чалавечага аблічча стварэньняў, якія выкрыквалі свае антычалавечыя лёзунгі ды трэсьлі бясьсільна ды аднастайна кулакамі. Гэта падчас свайго раптоўнага калектыўнага выхаду зь ні ў чым не вінаватага сталічнага мэтро яны здаваліся пагрозьлівым натоўпам, – варта было гэтай купцы недабіткаў пасунуцца ў цэнтар, як плошча сама сарвала зь іх маскі: яны растварыліся ў гэтай прасторы, іх, здавалася, удвая паменшала. Вераніка думала пра тое, што адчыні яна зараз акно ды крыкні што-небудзь у іх бок, народнае такое, даступнае – і натоўп рассмокчацца сам сабой, самаліквідуецца. Але пакуль ніхто не тэлефанаваў, толькі зусім юныя, сарамлівыя міліцыянты пад камандаваньнем маёра Жычкі, які часта па справах бываў у аддзеле, сядзелі ў аўтобусах за ўстрывожаным помнікам ды гадалі, ці будзе ў іх сёньня баявое хрышчэньне.

Час ад часу натоўп падбадзёрваў сам сябе, раптам выгукваючы даволі ладна што-небудзь пазбаўленае ўсякага сэнсу, і Вераніка нават разьбірала словы. Але яна й так ведала, яшчэ з унівэрсытэцкіх лекцыяў, чаго яны хочуць, і кожны гэта ведаў, нават самы неадукаваны будаўнік. Перасаджаць у турмы ўсіх, хто супраць іх (а значыць, увесь народ, – ператварыць краіну ў адзін вялізны канцлягер), параздаваць усё, створанае гэтым народам, сваім хросным бацькам з-за мяжы (у якіх рукі даўно па локаць у крыві), забараніць усю вольную прэсу (заткнуць рот усім нязгодным), зрабіць зь дзяцей наркаманаў і прастытутак, выгнаць усіх, хто некарэннай нацыянальнасьці (як быццам яны самі былі адсюль, не ж – усе спрэс бастарды, паводле паходжаньня), павесіць над адміністрацыяй сваю фашысцкую анучу ды хадзіць з павязкамі на рукавох па гарадох ды вёсках, вешаючы на слупах тых, хто наважыцца пратэставаць. І чамусьці ім здаецца, што гэта мусіць кагосьці прывабіць. Народ глядзеў на іх, глядзеў, з усьмешкай, як на дурных дзяцей, у якіх гармоны граюць, а потым плюнуў ды запатрабаваў ад улады ўмяшацца. Якім бы ты ні быў цярплівым, ня зможаш жа ты вечна трываць, калі цябе з гразёй зьмешваюць. Недабудаваная царква горда ўзвышалася сярод гарладзёраў. Вераніка ўздыхнула ды шчыльна зачыніла вакно. Яна ведала – Чэслаў сказаў – што з прыгараду сюды ўжо нясьпешна рухаюцца некалькі машын, будзе сёньня праца ў камэнданта.

Поделиться с друзьями: