Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

***

Чэслаў Карлавіч, начальнік аддзелу, называў яе “ўнучка”. Ён любіў гладзіць яе па валасох, спачатку ён рабіў гэта нібыта мімаходзь, але потым, калі зразумеў, што Вераніка ў адказ толькі нэрвова сьмяецца, стаў прыкладваць далонь шчыльней, і перабіраць пальцамі пасмы. Вераніка ўся напіналася, і тады рука Чэслава Карлавіча паволі спынялася, ён зазіраў ёй у твар й ціха казаў, і ў павуціньні пад ягонымі вачыма хаваліся старэчыя цені: “Думаеш, я яшчэ магу... Ды я дзед сталетні, куды мне, ты ж мне як унучка...”. Яна была пэўная, што ён наважваецца гладзіць яе па валасох, толькі калі яны застаюцца сам-насам, і была вельмі зьбянтэжаная, калі аднойчы ён зрабіў гэта на вачох у ўсіх, пасьля панядзелкавай нарады. Вераніка, на павеках якой ужо дрыжэла туш, падзялілася праблемай з каляжанкай Ларысай. “Ды ты што...” – Ларыса зарагатала ды потым нечакана сама пагладзіла Вераніку па валасох, рыхтык Чэслаў Карлавіч. “Ты б ведала, па чым ён іншых гладзіць, бывае... Так што радуйся! Ён з табой яшчэ па-джэнтльмэнску”. Чэслаў Карлавіч не саромеўся гаварыць, што добра цеміць ў жанчынах, ён быў ахайны ды каржакаваты пажылы чыноўнік, хаця й часам даволі занудлівы. Неяк напярэдадні Новага году яны сабраліся ў начальнікавым кабінэце, Вераніка дапамагала рабіць бутэрброды, і дарэмна – як толькі яна стала рэзаць каўбасу, будаваньне бутэрбродных пірамідаў было цалкам аддадзенае ёй, а астатнія жанчыны пачалі наводзіць марафэт. Яна разумела, што гэта справядліва, і ўпарта мазала, рэзала, чысьціла, і пасадзіла шпротную пляму на белую блузку. Вераніка была новенькая, і трэба было перацярпець, пакуль у адзьдзел ня прыйдзе хто-небудзь маладзейшы ды больш нявопытны. Чэслаў Карлавіч кульнуў чарку, другую,

пятнаццаць хвілінаў адмаўляўся ад трэцяй, а потым выпіў адразу шклянку ды прапанаваў пары. Калі начальнік прапануе табе пары, адмаўляцца не выпадае... Аддзел прайграў начальніку скрыню шампанскага: Чэслаў Карлавіч з завязанымі нечым чорным шалікам вачыма па чарзе абыйшоў падначаленых жаночага полу, спыняўся каля кожнай ды ўдыхаў пах валасоў, каб потым беспамылкова назваць імя іх уладальніцы. Супрацоўніцы енчылі ад захапленьня. Чэслаў Карлавіч зьняў павязку й сьціпла закусіў галяндзкім плаўленым сырком. Аддзел шчыра пляскаў... “Цішэй вы,” – паказаў Чэслаў Карлавіч на дзьверы. – “Праверку нам абяцалі...”. Штучная елка нешта паведамляла азбукай Морзэ. Калі бутэлькі апусьцелі, Чэслаў Карлавіч разгаварыўся й Вераніка са зьдзіўленьнем даведалася, што ў мінулым жыцьці Чэслаў Карлавіч быў жаночым цырульнікам. З таго часу яна глядзела на яго іншымі вачыма й варта яму было падкрасца ззаду, каб пагладзіць яе па валасох, яна адразу намагалася расслабіцца ды казала сабе: гэта цырульнік, цырульнік, цырульнік.

***

Да трох гадоў Вераніку галілі налыса, бабуля казала, што так трэба, і мама пагаджалася. Той час яна трохі памятала, і чым больш гадоў ёй спаўнялася, тым часьцей яе наведвалі туманныя карцінкі: малпа, якая ўмела варочаць вачыма, слон, які выглядаў так, нібы хацеў пукнуць – гэта было прыемна, успомніць таго слана. Калі Вераніка ўжо пайшла працаваць у аддзел, яна раптам прыгадала тое, што мала хто з дарослых здольны прыгадаць, хіба што перад сьмерцю, напэўна. Яна, на самым дне свайго паголенага дзяцінства, на самым дне дзіцячае калыскі, у гронках бразготак, на сінім матрасе, зь непрыемнай анучай паміж крывых, бы рагалікі, ножак... У кватэры мама, ад мамы да Веранікі йдзе тонкая нітка, і як бы мама далёка ні адыходзіла, на якім бы краі сьвету ні стаяла (нават на кухні, страшнай кухні), нітка ня рвецца, пацягні за яе, і пачуецца прыгожы бразгат, і мама прыбяжыць... У кватэры яшчэ тата, у кватэры маленькі й падобны да таты чалавек, які часта падыходзіць да прутоў калыскі ды стаіць, моўчкі зазіраючы ёй у вочы, так што яна пачынае баяцца ды плакаць, у кватэры ёсьць яшчэ Пухнаты ды Цёплы, як мама, хто заўсёды драпаецца недзе ўнізе, ад чаго па калысцы йдзе прыемная вібрацыя... У кватэры ёсьць маленькія ды карычневыя, якія часам дзелавіта крочаць паўз матрас... Зразумела, што гэта былі яе брацец-прыдурак і іхны цяпер ужо безнадзейна безыменны кот, які ўцёк яшчэ да таго, як Вераніка пайшла ў дзіцячы садок, зразумела, што брунатнымі бандытамі былі тараканы... Але ня ўсё так проста тлумачылася. Таму што існаваў нехта яшчэ. Заўсёды маўклівы, з вачыма добрымі, як у мамы, з накрухмаленымі ці то крыламі, ці то складкамі шырокага шаліка на плячох, ён заўсёды стаіць у куце, за фіранкай, і адтуль выглядвае, ён высокі, белы, кашчавы – калі надыходзіць ноч, ён ціхай хадою йдзе праз пакой ды схіляецца над Веранікай, кладзе ёй прахалодную руку на лоб ды ўсьміхаецца заклапочана аднымі вачыма – страхі ўцякаюць, Вераніка засынае ды прачынаецца толькі дзеля каліўца малака. Яна ўспомніла, як аднойчы захварэла, і нехта іншы, таксама ў белым прыйшоў у іхны дом, мама бегала па чыстую лыжку: спачатку яна падумала, што гэта той самы, хто звычайна стаіць за фіранкай, але гэты – проста доктар! – усё нешта крэмзаў на паперчыне... Той, хто стаіць за фіранкай, выйшаў, як заўжды, уначы, ён мог пабудзіць маму, мама якраз спала побач, але мама толькі перавярнулася на іншы бок, а той, хто стаяў за фіранкай, прайшоў па месяцовай дарожцы й паклаў сваю такую знаёмую, спакойную руку на гарачы, у кропельках поту лоб Веранікі, і стаяў так да раніцы. “Куды яна ўсё глядзіць?” – ня вытрымаў бацька. “Ды ўсьміхаецца... Каму?”. “Можа, яна касавокая?” – запыталася з трывогай маці. “Касавокая! Касавокая!” – заіржаў брат ды пабег па кватэры, да прыбіральні й назад, паўтараючы новае слова.

Яна аднойчы раптам згадала гэта. Вераніка ў той час ужо працавала ў аддзеле, і дзіўна было, балюча ды мулка прыгадваць тое няіснае, быццам прыдуманае толькі што маленства. Гулкі зімовы вечар, праз паўгадзіны супрацоўнікі пачнуць паціху зьбірацца дамоў. Кабінэт нечакана падаўся ёй агромністым, яна пацягнулася ды паднялася з крэсла. Няўжо я была такой, няўжо мяне калісьці зусім не існавала, няўжо мяне магло не існаваць? Яна падыйшла да фіранкі ды адсунула яе. Вераніцы стала страшна, яна патэлефанавала Ларысе, выдумаўшы нейкую справу, у іх была такая праца, якая заўсёды прадугледжвала магчымасьць працягу нават ужо зьдзейсьненага, і вось на калідоры пачуліся крокі Ларысы, а Вераніка ніяк не магла зашпіліць туфлі.

***

Брат прыціскаў яе да падлогі ды наступаў нагой на валасы, ён мог стаяць так доўга, ды лушчыць пры гэтым, напрыклад, семкі, і Вераніка спачатку білася, як рыба, на гэтым тоўстым цьвіку ў сіняках ды драпінах, аднак потым разумела марнасьць сваіх намаганьняў ды заціхала, толькі ўсхліпваючы раз-пораз ад бясьсільля. Часьцей за ўсё брат рабіў ёй такія экзэкуцыі за нейкую правіннасьць, напрыклад, калі яна наўмысна разьлівала малако ці змывала ва ўнітаз ягоныя фатаграфіі хакеістаў. І вядома ж, ён рабіў гэта толькі тады, калі бацькоў не было дома – бацькі на такія зьверствы былі няздольныя і адно білі яе часам рэмнем, не балюча, але прыніжальна, а потым на кухні пад яе крыкі апраўдвалі ўголас свае нядаўнія катаваньні. Яна некалькі разоў скардзілася бацькам на брата, аднак потым перастала, бо за кожнай такой скаргай надыходзіла немінучая расплата. Аднак Вераніка ўпарта працягвала барацьбу, і хакеісты танулі, а малако разьлівалася. Нага стаяла на яе валасох цьвёрда, з пачуцьцём адноўленай справядлівасьці, і нішто не магло на брата падзейнічаць – ні сьлёзы, ні ўсхліпы, ні словы жальбы, ні пагрозы. Вырывацца было так балюча, а бясьсільле было такім безнадзейным, што Вераніка перастала на нейкі час чысьціць зубы – так яна была занятая пошукамі найлепшае помсты.

Зрэшты, былі і больш сьветлыя моманты. Менавіта брат навучыў яе, з дапамогай строгіх і бязьлітасных практыкаваньняў, плаваць у вадасховішчы, і яна радавалася, як вар’ятка, калі аднойчы паплыла без усякае дапамогі, адарвалася ад апоры ды паплыла, адчуваючы пад сабой пустэчу, а над сабой неба – гэта было як першы птушыны палёт.

А той выпадак, калі яна вярталася з крамы, з заціснутымі ў кулаку манэтамі ды паўбуханкай хлеба ў торбачцы, і тут выскачылі яны, на пяць гадоў за яе старэйшыя, ды акружылі, ды задзіралі сукенку, ды выкручвалі запясьце, пачаўшы з простай “крапівы” ды потым разгуляўшыся, страціўшы межы, спрабуючы абвязаць руку Веранікі вакол яе шыі; адзін з прыдуркаў, наймалодшы, адначасова разгінаў ёй пальцы, засяроджана, нібы разьбіраў цацачную машыну, а той, які да пары трымаўся воддаль, дастаў з торбы хлеб ды таўхануў яго па-футбольнаму ў хмызьняк, адказаўшы адразу ўсім зьбялелым плякатам у школьнай сталоўцы. Хлопцы сапелі ды пасьмейваліся, ні ў кога не было ў вачох нянавісьці да ахвяры, як, зрэшты, і спачуваньня, ім было цікава, як гэта: зрабіць балюча, яны былі кемлівыя ды цікаўныя хлопчыкі, адзін зь іх нават потым выкладаў прыродазнаўства ды біялёгію ў яе школе... “Я брата паклічу”, – верашчала яна, яны ківалі ды працягвалі яе катаваць. Ды толькі брата клікаць не было патрэбы, ён якраз ішоў насустрач, у сьвеце ня так ужо шмат сьцежак ды дарожак. Злавіць яму ўдалося толькі аднаго, затое самага старэйшага... Гадзіна была апракінутая ніцма. “А цяпер плюнь на яго”, – загадаў брат трохі расчаравана. Яна намагалася зрабіць гэта як мага больш помсьліва, але ў роце перасохла, і Вераніка адно запырскала сабе сукенку. “Гэх ты,” – брат з гаркотай уздыхнуў, ударыў скурчанага ды маўклівага ворага мыском нагі ў сківіцу, узяў сястру за руку, і яны пайшлі дахаты.

Іхны пасёлак Сьвет меў незвычайны статус: нягледзячы на тое, што знаходзіўся за дваццаць кілямэтраў ад сталіцы, адміністрацыйна ён належаў да цэнтральнага яе раёну. Раз на трыццаць хвілінаў адсюль да гораду езьдзіў аўтобус, які таксама меў нібыта нармальныя гарадзкія выгляд ды нумар, але ў адрозьненьне ад іншых ён ведаў, што такое вырвацца на прастор зь цесных вуліц, разагнацца на нядаўна адрамантаванай шашы, калі можна проста потым скінуць хуткасьць і доўга каціцца з горкі міма палеткаў ды драўляных лецішчаў, сыгналіць грыбнікам ды вяскоўцам, якія брыдуць па ўзбочыне, прабірацца па вузкай асфальтавай

паласе паўз сонечны бор, з адчыненымі вокнамі, прытармазіць на высьпе між двух кукурузных мораў, падбіраючы выпадковага пасажыра. Тыя, хто заходзіў у аўтобус у Сьвеце, скідвалі зь сядзеньняў ігліцу, перад тым, як сесьці... На паўдарозе да сталіцы пасажыры заціскалі насы, і хто-небудзь абавязкова прамаўляў: дыхайце глыбей, праяжджаем Сочы. Вераніка шторазу сьмяялася.

Такое становішча Сьвету, зрэшты, утварала для ягоных жыхароў і безьліч праблемаў. Ім, са сталічнай прапіскай, даводзілася езьдзіць у цэнтр гораду ў паліклініку ці ў пашпартны стол, і пакуль яны ня выбралі дэпутатам былога сьвецінца Рызіна, па прадукты ня першае неабходнасьці таксама былі вымушаныя выпраўляцца ў горад. Сьвет быў узьведзены ня вельмі даўно, якіх-небудзь дваццаць пяць гадоў таму, тут хутка набудавалі дзевяціпавярховікаў для тых працаўнікоў чыгункі, якія стаялі ў чарзе на жытло, ды забыліся на іхнае існаваньне. Большасьць колішніх навасёлаў пакрысе знайшлі сабе жытло ў сталіцы, а кватэры здавалі... Аднак некаторыя, у тым ліку бацькі Веранікі, засталіся ды, напэўна, чакалі, пакуль Рызін прыцягне сюды мэтро, за вяроўку, як асла, бо нездарма ж мы за яго галасавалі. “Затое ў нас прырода,” – казалі зазвычай сьвецінцы ды летуценна прымружвалі вочы, калі хто-небудзь не вытрымліваў і мяняў сваю трохпакаёўку ў Сьвеце на пакой ля вакзалу. Дурное было ў іх становішча – яны адчувалі сябе сталічнымі жыхарамі, старанна выхоўвалі ў сабе адпаведны “мэнталітэт”, але кожны разумеў, што насамрэч ён – нехта кшталту эмігранта, і глядзеў на сьветла-зялёны лупавокі 401-ы аўтобус з тугою, як на нейкі сымбаль...

***

Каб пабачыць першы раз у жыцьці сапраўднага фашыста, ёй не давялося далёка адыходзіць ад дому. Яна даведалася ад бацькоў, а бацькі – ад знаёмых, што ў суседнім дзевяціпавярховіку фашысты здымаюць пад офіс двухпакаёвую кватэру, тую, дзе раней жылі сёстры Марковіч, чый бацька калісьці кінуўся пад цягнік. Старэйшыя фашысты прыяжджалі ў Сьвет звычайна на старым “мэрсэдэсе”, маладзейшыя – два хлопцы й дзеўка – на аўтобусе. Як прыкмеціў аднойчы сусед Юрык, гэтыя маладыя заўсёды імкнуліся пакінуць Сьвет да надыходу цемнаты, бо, і Юрка шчыра сьмяяўся, разумелі, што ўжо надвячоркам ім небясьпечна хадзіць тут па вуліцах. Хаця фашысты й так не асабліва разгульвалі па пасёлку, усё больш хаваліся ў сваёй нары, займаліся там сваімі цёмнымі справамі... Натуральна, яны ж не жылі тут, а мелі ў гэтай кватэры штаб. Звонку вокны іхнае маліны нічым асаблівым не вылучаліся, хіба тым, што былі заўсёды завешаныя фіранкамі. “Як жа інакш,” – разважала Вераніка, – “ім ёсьць што хаваць...”. Яна тады сканчала школу, яе мозг катэгарычна адмаўляўся запамінаць нешта з навучальнага матэрыялу, маючы, відаць, зусім іншыя пляны наконт баўленьня часу, і ўвесь час нібыта крыўдуючы на Вераніку; яна хадзіла стрыгчыся ў маленькую цырульню, што месьцілася на першым паверсе ў доме каля аўтобуснага прыпынку, яе наведвалі толькі школьніцы ды мужыкі, сур’ёзныя дамы Сьвету запісваліся да Розы Іванаўны, якая стрыгла дома. “Тат, а чаму нельга распавесьці пра іх, пра гэтых фашыстаў, у міліцыю?” – шчыра запыталася яна неяк, выходзячы ў халаце, з махровай чалмой на галаве, з лазьніцы. “Вырасьцеш – даведаешся”, – адмахнуўся бацька, ён тады ўжо завязаў. – “Калі б усё было так проста...”. Валасы высахлі, і яна пайшла ў цырульню.

Дзень быў сьпякотны ды пыльны, яна йшла ды думала пра тое, што дарэмна мыла валасы, пакуль дойдзеш, зноў будуць брудныя. Здалёк яна пабачыла, як з пад’езду выйшлі двое фашыстаў, хлопец і гэтая дзеўка, ды пакрочылі марудна паўз вуліцу да прыпынку. Яна як у смузе бачыла іхныя сьпіны, вочы балелі ад сонца, на лаўцы спаў, высалапіўшы язык, дзядзька Валодзя, плавіліся нясьцерпна белыя машыны. У Сьвеце была сіеста, лянотная пустэча навалілася на строгія прастакутныя дарожкі, спалі мамашы, спалі малыя ў вазках, працоўны народ яшчэ не вярнуўся з гораду. Вераніка ўжо зьбіралася завярнуць да цырульні, як раптам, сама нібы засынаючы, заўважыла, што парачка прамінула прыпынак і рухаецца да лесу, які пакалыхваўся за крамаю, як міраж. Вераніка цудоўна ведала, як дайсьці туды хутчэй, і, адганяючы рукой ад вачэй сон ды млявасьць, нібы дакучлівых інсэктаў, неўзабаве стаяла ўжо за густым зьдзіўленым кустом, назіраючы, як пара, высока падымаючы ногі, заходзіць крадком у лес. Разгадка была відавочная, але Вераніцы чамусьці ў галаву не прыходзіла. Яна ўсё чакала ад фашыстаў якіх-небудзь дзеяньняў, забароненых ды гнюсных, кшталту наркотыкаў або якога-небудзь сатанісцкага рытуалу, і гэта прыцягвала Вераніку настолькі, што яна сама зьдзівілася, як спрытна атрымліваецца ў яе прабірацца скрозь зарасьнікі, як асьцярожна ды прафесійна яна гэта робіць – ніводнага лішняга гуку, дыханьне схаванае пад сукенку; яна нават мужна вытрывала візыт вялізнага крывасмока, які доўга піў зь Веранікі, і ніяк ня мог наталіцца... Вераніка гатовая была паспачуваць фашыстам, бо злачыннае заўжды прываблівае маладых людзей, – злачыннае, забароненае, таемнае, прыхаванае...

Ускрайчык лесу быў увесь запаскуджаны сьветаўскімі аматарамі ўік-эндаў на прыродзе або іншымі нецьвярозымі натурыстамі ды школьнікамі, паўсюль выскоквалі небясьпечныя прагалы, аксамітнае вугольле блішчэла сярод заседжаных пнёў, ярка паблісквалі ў мёртвай траве пакеты й бутэлькі, сярод гэтай пачварнай прыземістай архітэктуры вар’яцелі дэградуючыя насякомыя... Фашысты памкнулі далей, у гушчар, і Вераніка рушыла за імі, кароткімі перабежкамі, лёгкі цень, павуцінка... Нарэшце яны дасягнулі чыстай ды схаванай ад вачэй паляны, якая спускалася да таго ж з узгорку, так, што на яе можна было толькі натрапіць, але не знайсьці... Фашысты трохі прыцішана пагаварылі, седзячы ў нізкай траве, потым дзяўчына ўпала на сьпіну, хлопец паваліўся на яе – сярод галаваломкі кустоўя дзьвюма налітымі сонцам ягадамі гарэлі вочы Веранікі. Яна бачыла, як дзяўчына прыўзьнялася, каб сьцягнуць зь сябе футболку, а потым ужо нічога не магла разгледзець толкам, толькі белыя ногі, якія даверліва прыціскаліся да азадку хлопца, раз-пораз выпростваліся, чорныя пяткі трохі пабоўтваліся ў паветры й зноў апускаліся, каб праз імгненьне сутаргавым рухам прагнаць ні ў чым не вінаватага авадня... Вераніцы гэта стала надакучваць, але ўнутры ў яе кіпела нешта зусім незнаёмае, яна шкадавала, што ня можа паклікаць зараз кагосьці, бо яна ж ведала, што пакуль дабяжыш да бліжэйшага дому, дзе жылі некалькі аднаклясьніц, фашысты ўжо скончаць свае справы; усё гэта было ня так цікава назіраць, як перажываць унутры, усьведамляць, рыхтаваць аповед на заўтра. Але вачэй Вераніка не адводзіла, ажно пакуль фашысты не заціхлі й не расчапіліся, утаропіўшыся ў неба. Ногі зацяклі, і трэба было вяртацца, аднак усе вайскова-спартовыя навыкі кудысьці зьніклі, і цяпер Вераніка баялася паварушыцца.

Парачка між тым сядзела ды кугікала, зусім не зьбіраючыся вызваляць Вераніку, ім было добра, бачыла Вераніка, добра на яе зямлі. Яна ўсё ж паварушылася, і трэск, які пачуўся пад яе анямелай нагой, трэск на ўвесь лясок, здавалася, выкрые Вераніку, пакажа яе ва ўсёй красе... – але не, фашысты не зьвярнулі на яе ўвагі ды працягвалі перамаўляцца на сваёй сьмешнай мове. Фашыстка нават ня стала нацягваць футболку, сядзела ды зь відавочным задавальненьнем падстаўляла грудзі сонцу. Вераніка раззлавалася, і гэта дапамагло ёй супакоіцца, яна паднялася, стараючыся ўсё ж заставацца ў засені куста, – і тут дзяўчына рассунула ногі, і хлопец апусьціўся туды, у вузкі загон між гэтых белых ног, якія нецярпліва падрыгвалі, і Вераніка не паверыла сваім вачам... Яна павінна была ўспрыняць гэтае шоў як вялікую ўдачу, але глядзець чамусьці не хацелася, яна адчувала, што няздольная, што не вытрымлівае, і з палёгкай адвярнулася, хаваючы вочы ў далонях, а потым пайшла, ня думаючы ўжо пра тое, заўважаць яе ці не, – не, усё ж маючы гэта на ўвазе: таму яна рушыла не назад, а ўбок, упэўненая, што знойдзе дарогу, ёй стала чамусьці холадна, рукі пакрыліся гусінай скурай, і бязьлітасна сьвярбеў укус на назе... Але па родным, знаёмым сьветаўскім лесе йшлі колы ад эпіцэнтру нядаўняй падзеі, трохі блытаючы каардынаты, і Вераніка заблудзілася, некалькі разоў спатыкнулася аб карчы, а потым паляцела галавой уніз зь нейкага схілу, які задаволена ссыпаў ёй усьлед цэлую кучу шэрага пяску – Вераніка прызямлілася на нешта мяккае, падобнае да моху, і не было моцы падняцца, так яна й ляжала колькі хвілінаў, у вузкай, накрытай ценем навіслых дрэваў лагчыне, пасярод якой стаяў забыты экскаватар, – парваная сукенка прысыпаная пяском, вуха ўтульна ўладкаванае на мяккім моху, лыткі павольна астываюць, і да іх дакранаюцца прахалодныя расьліны... Урэшце яна паднялася і, зь цяжкасьцю вырашаючы, як яна будзе ўсё тлумачыць бацькам, азірнулася навокал... Тое, на чым толькі што ляжала яе галава, прыцягнула ўвагу Веранікі – яна нахілілася ды ўзяла зь зямлі кудлаты, крыху вільготны ком, яна панюхала яго й запусьціла не бяз страху ў яго пальцы, а калі дапяла нарэшце, што трымае ў руках ня што іншае, як кучаравы, цёмнавалосы ды поўны заклапочаных малюсенькіх істотаў парык, кінула яго вобзем ды пачала няўмела таптаць.

Поделиться с друзьями: