Сарока на шыбеніцы
Шрифт:
Такім чынам, росьпіс быў пастаўлены – паглядзім, ці здолеем мы разабраць почырк. Не, пакуль ня здолеем, графоляг возьмецца за працу пазьней, пакуль ён заняты іншымі, тымі, хто мог таксама стаць нашай Веранікай, але ня стаў, і таму ўсё яшчэ сядзіць у калідорах або пытаецца ў хваста чаргі: “хто апошні?”. Ну, у кабінэце ўсё ж ёсьць нешта, што не падлягае сумневу – завялікі, як сказаў бы мой сябра-прадавец на рэчавым рынку, чалавек у куце, які выстаўляе перад сабой растапыраныя пальцы, чалавек-гара, які запоўніў сабой усё памяшканьне ды воблакам выходзіць праз шчыліну ў вакне вонкі, ён засланіў сабой сьвет, зь вялікай і маленькай літараў.
Асноўным, вызначальным фактарам у генэзе нядаўняй падзеі зьяўляецца сьцісканьне сонных артэрыяў, верхнегартаннага ды блукаючага нэрваў. Некаторыя з агульных прыкметаў ужо можна назіраць, астатнія выявяцца крыху пазьней, а далей па калідоры ёсьць дзьверы, за якімі ўжо выкрасьлілі імя Веранікі з тэлефонных даведнікаў, а яшчэ далей ёсьць кабінэт, у якім яе хатні тэлефон так і не змаглі запомніць. Там, дзе калісьці ляжалі яе валасы, куды яны спадалі, на
***
Яе першая інспэкцыя прыпала на вогкі, дажджлівы ды ветраны дзень, у такія дні прастуда асабліва ахвотна прапануе свае паслугі, а калі яе й не падчэпіш, усё адно пачуваешся так, нібы ў цябе ў носе завёўся сантэхнічны грыбок. А дзявятай пятнаццаць белы службовы аўтобус ужо чакаў іх каля адміністрацыі, але яны – Вераніка, Ларыса, Ён, яшчэ парачка людзей зь іншых аддзелаў ды вусаты журналіст – былі вымушаныя стаяць, накінуўшы капюшоны, ды чакаць Чэслава Карлавіча, той прыехаў на таксі і нават не папрасіў у іх прабачэньня, хаця мог бы, дарма што начальнік.
Вераніка слаба ўяўляла сабе, колькі гэта – семдзесят кілямэтраў у часавым вымярэньні, ёй чамусьці здавалася, што дарога зойме хвілінаў дваццаць, ня больш. Аднак мінула амаль паўтары гадзіны, пакуль яны дабраліся, Вераніка ледзь не заснула, і толькі Ягоная мілая патыліца – Ён сядзеў побач з Карлавічам – надавала ёй моцы. Лягер звонку нагадваў зачынены на рамонт санаторый, прыемна было выйсьці на сьвежае паветра пасьля млоснае аўтобуснае цеплыні, а потым выпіць гарачае гарбаты ў сталовай камэндатуры. Ісьці нікуды не хацелася, яны сядзелі цесным колам за столікам, на якім пяшчотна апускаў вочкі букет палявых кветак, і слухалі нязмушаную гамонку Чэслава Карлавіча ды камэнданта. У куце сьнедаў малады стрыжаны ахоўнік ды чырванеў ад добразычлівых позіркаў Веранікі, яна замінала яму сваёй увагай, і гэта таксама было прыемна. За вокнамі паціху распагодзілася, і пакрытая гусінай скурай раніца ўспрымалася ўжо зусім як перадсьвітанкавы кашмар. “Ну, міласьці прашу,” – падняўся нарэшце камэндант зь месца ў адказ на запытальны погляд Карлавіча, і яны прайшлі праз ярка асьветленую чараду строгіх зялёных памяшканьняў, закратаваныя дзьверы рыпнулі ды адчыніліся; у Веранікі пацелі далоні, і яна заклала рукі за сьпіну.
Яны апынуліся на шырокім двары, завярнулі за рог, і Вераніка пабачыла доўгі шэраг белых аднапавярховых будынкаў. Вартавыя на вышках адразу заўважылі іхную маўклівую кампанію, павыкідалі недапалкі, выпрасталіся, камэндант весела пагразіў ім пальцам. Вераніка імкнулася не адставаць ад Яго, яна адчувала недзе ўнізе жывата, што толькі Ён, і ніхто іншы, здолее абараніць яе, калі што, у гэтым небясьпечным месцы. Ён ішоў, неяк зусім па-новаму, па-чужому сьцяўшы вусны, у яго была хада моцнага чалавека, паходка сапраўднага мужчыны, і Вераніка адчайна імкнулася не любавацца ім адкрыта. Воддаль, праўда, усьлед за імі, рухаліся ахоўнікі, але ж занадта далёка, як падавалася Вераніцы; здарыцца нешта – яны ж не пасьпеюць, дый зброя ў іх – толькі дубінкі, што выглядалі надзвычай непераканаўча. Інспэкцыя між тым збочыла ды яны ўвайшлі ў адзін з будынкаў. Унутры ён нагадваў казарму, Вераніка ведала, як выглядаюць казармы, езьдзіла неяк да брата, калі той служыў, і ім паказвалі, было якраз нейкае сьвята... Чыста засьцеленыя ложкі, тумбачкі, плякаты... Наступны пакой быў не такі, тут на сьценах віселі пажоўклыя фатаграфіі, быў беспарадак, сохлі нечыя нагавіцы на вяроўках, стаяў пад ложкам дзіцячы гаршчок, на паліцы сярод кніг задраў уверх вочы тоўсты кітайскі бажок. Фотаапарат журналіста ажыў, зачырыкаў цікаўнай птушкай... “Выйшлі прагуляцца”, – патлумачыў камэндант, махнуўшы рукой на вокны, праз мутныя разводы на якіх прабівалася сонца. Яны зайшлі ў яшчэ адзін пакой, на канапе ляжаў стары фашыст ды чытаў з атрутнай усьмешкай газэту, ён скасавурыўся на візытантаў, але зрабіў выгляд, што яго гэта не датычыцца, толькі памяняў месцамі закінутыя адна на адну ногі ў цёплых шкарпэтках. Камэндант з гаркотай уздыхнуў ды разьвёў рукамі перад тварам Чэслава Карлавіча. Вераніка з абурэньнем пазірала на фашыста, гэта ж трэба, хамства якое, ёй хацелася хаця б што-небудзь сказаць, ці заахвоціць да дзеяньняў ахоўнікаў, якія замерлі ў дзьвярных проймах.
“А я вось цябе адразу пазнаў, Панасенка,” – прамовіў раптам Чэслаў Карлавіч. “І не ўдаю, што мы незнаёмыя...”. Панасенка кінуў на іхную кампанію паўзьверх газэты ўважлівы погляд ды нехаця сеў, пачасаўшы калена. “Як маешся, Панасенка? Хаця што гэта я: маешся, адно слова...” Чэслаў Карлавіч задуменна зірнуў на сьцяну з фатаграфіямі. Панасенка дрыготкімі рукамі надзеў акуляры ды ўтаропіўся на інспэктараў, аднак позірк ягоны нічога асаблівага не выяўляў. “Скаргі ёсьць? Можа, пажаданьні?” – Чэслаў Карлавіч зрабіў знак Вераніцы, і яна пасьпешліва дастала блякнот, забыла загадзя дастаць, вось разява. “Можа, доктара выпісаць больш дасьведчанага, а то гэты ваш... Ён жа толькі нядаўна з мэдінстытуту...”. Фашыст паматляў паволі
галавой. “Панасенка...” – працягнуў Чэслаў Карлавіч няўхвальна. “А мог жа жыць як чалавек... Стары хворы дурань, а туды ж, у фашысты...”. Камэндант стаяў побач з такім выглядам, быццам заляпіў бы зараз Панасенку аплявуху, лёгка так, добразычліва, ад перажываньняў за лёс гэтага дурня... Міжволі ўтварыўшы ў дзьвярох кароткачасовы натоўп, яны выйшлі.На двары было гэтак жа пагодна, пахла глінай, у падсохлых лужынах вэндзіліся бледна-ружовыя чарвякі. Адзін будынак, другі, трэці. Маладыя фашысткі, адна цяжарная, пабачыўшы Вераніку ды яе спадарожнікаў, перайшлі на другі бок вуліцы – але гэта ж сапраўды была вуліца, пераконвала сябе Вераніка: вышак з вартавымі не было відаць, калі не падымаць вачэй угару, за драцяной сеткай маладыя фашысты ціха гулялі ў футбол, на дзіцячай пляцоўцы корпаліся ў пяску дзеці, раздражнёна спрачаліся пра нешта каржакаватыя мужыкі ля ганку, ну, дрэваў тут не было, але іх і ў сталіцы не перад кожным домам знойдзеш... За што ім такое, вырадкам фашысцкім, ды яны ж, напэўна, самі сюды стараюцца трапіць, на ўсё гатовае, сапраўдны санаторый-прафілякторый, – у Веранікі ажно горкі камяк засеў у горле. Школьнае, нават падлеткавае пачуцьцё справядлівасьці прымусіла яе сьціснуць кулакі – тысячы падманутых, скарыстаных, зьнявечаных гэтымі нелюдзямі гукалі Вераніку, цягнулі да яе пальцы, патрабуючы справядлівасьці, мацяркі пакалечаных салдатаў ды найлепшыя людзі краіны, вучоныя ды паэты, а зь імі Магда й Віктар Вецер прасілі Вераніку адпомсьціць за іх, спыніць заразу... Яна насамрэч дагэтуль уяўляла лягерныя парадкі стражэйшымі. “Неяк многа ў вас народу на вуліцах”, – нахмурыўся Чэслаў Карлавіч. “Працоўны дзень, а яны тут лайдачаць... Ты пачатак васьмідзесятых памятаеш, камэндант?”. “Ніхто без даведкі ў бараках не сядзіць”, – запярэчыў камэндант, – “У нас з гэтым строга”. Чэслаў Карлавіч усьміхнуўся. “А як наконт сальда сёлета?”. Камэндант пакрыўдзіўся: “Магу паказаць...” Вераніка йшла за іхнымі сьпінамі ды думала пра тое, што на месцы камэнданта мусіць быць Ён, і на месцы Чэслава Карлавіча таксама, і на іншых месцах, у тым ліку ў яе ложку, над яе валасамі, штоночы, штораніцы, увесь, увесь, цалкам, дарэшты, дашчэнту, вось тады можна будзе гаварыць пра справядлівасьць. “А вось тут у нас могілкі, будзеце глядзець?” – камэндант запаволіў хаду. – “Ну што вы на мяне так пазіраеце, куды ж нам іх дзяваць... Крэматорыя ня маем“. Вераніка падняла на Яго вочы, Ён засьмяяўся, ацаніўшы жарт. За чыгуннай агароджай між шэрых помнікаў хадзіў пахілы чалавек ды стрыг траву.
***
Я жыву ў гэтым партовым горадзе ня так ужо й доўга, але ж, як нехта слушна заўважыў, час, праведзены ў замежжы, мае зусім іншую вагу. За месяц пражываеш год. Адпаведна, хутчэй старэеш. А яшчэ, выпушчаны на волю з каляндарнае турмы, я часта блытаюся тут у датах і, бывае, прачынаюся то шасьцідзесяці-, то шаснаццацігадовым...
Тут да мяне прыходзяць лісты й паштальёны. Гэта вельмі прыемна, даставаць з паштовай скрыні капэрту. У гэтым горадзе я нарэшце сфармуляваў для сябе, чым электронная пошта адрозьніваецца ад, так бы мовіць, жывой. Атрымаць жывы ліст – гэта тое самае, што праехаць па горадзе ў запрэжанай тройкай белых каней карэце, замест таго каб прамчацца па ім на мэтро. Вось, дарэчы, адзін з адказаў на пытаньне, чым я тут займаюся. Я фармулюю. Не адны вочы за тысячу кілямэтраў адсюль успыхнуць пры гэтым ад абурэньня. Пакуль мы тут... ён там...! Трэба, дарэчы, напісаць што-небудзь на радзіму.
Пасьля гадзіннага блуканьня па кватэры я ўрэшце знаходжу чысты аркуш паперы. Пісаць мне няма чаго, і таму я пачынаю з “Прэдупрэждзенія”. Пісаць “Прэдупрэждзеніе” ня менш прыемна, чым вымаць з паштовай скрыні лісты. “Прэдупрэждзеніе” – выводжу я вялікімі літарамі й пішу далей у тлустай чорнай рамцы: “Уважаемыя це, хто ўскроет этат канверт да таго, как он пападзёт к адрасату. Нямедленна запячатайце яго і адпраўце па указаннаму адрасу, а то атравіцесь гнілым буржуазным духам”. У любой іншай краіне такія пасланьні даўно страцілі актуальнасьць, але толькі не ў маёй. “Прэдупрэждзеніе” выглядае надзвычай эфэктна, і пісаць нешта яшчэ ўжо ня так цікава.
Героі гэтай гісторыі збольшага ня бачаць сноў. Адкуль мне ведаць, што ім сьніцца? Любы сон амаль заўсёды – скажоная цытата з жыцьця таго, хто яго бачыць, любы аповед пра сон – амаль заўсёды экранізацыя якога-небудзь танна выдадзенага соньніка. Так што ніякіх прывітаньняў з таго сьвету, засохлых маргарытак, іржавых цьвікоў і іншых прадметаў культу. “Сьніць іржавыя цьвікі – да разьвітаньня”... Я спрабую ўявіць сабе, што гэта такое: сьніць іржавыя цьвікі. Чалавек адзявае піжаму, кладзецца ў ложак і восем гадзінаў запар бачыць іржавыя цьвікі. Завіслыя ў пустэчы, трэба думаць. Такі чалавек, відаць, занадта захапляўся падчаc вучобы ў школе зборам мэталалому. Яго трэба лячыць, доўга і ўпарта, аж пакуль яму не пачнуць сьніцца засохлыя маргарыткі.
Гіпнас, ён жа Сомнус – надта таямнічая асоба, усе атрымліваюць ад яго лісты, але ніхто яго самога яшчэ ня бачыў. Таму сноў тут амаль ня будзе. Замест іх будзе мастацтва, якое таксама ёсьць цытатай – але ж узятай з таго, іншага, адваротнага боку чалавека. Дый наогул – цяжка нешта прысьніць грамадзяніну краіны, якая жыве, бы сьпіць у закапанай труне. Дарэчы, калі ўжо тут зьявіўся цень Эдгара По...
Мяне заўсёды цікавіла гэтае месца ў ягонай навэле “Бэрэніка” – тое, дзе гераіня раптам уваходзіць да Эгея ў бібліятэку й спыняецца на парозе, пакуль ён прагна й з жахам узіраецца ў яе цела, адзначаючы, між іншым, дзіўны колер валасоў. Я чытаў навэлу другі раз; прызнаюся, на радзіме яна не зрабіла на мяне ўражаньня. Але тут, на экране кампутара, набраная бледным, амаль блакітным, зь мярцьвяным адценьнем шрыфтам, яна шакавала мяне, нібы ў тую ноч Бэрэніка Эгея.