Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

– Добры дзень, сядайце, – “Што я кажу, “ – падумала яна як у сьне, трэба было сказаць нешта іншае, але што, што кажуць у такіх выпадках, яна забыла. І гэта было як маленькая, але сьмяротная катастрофа. Ён прайшоў у кабінэт і шчыльна зачыніў за сабой дзьверы, выдаліўшы, як у кампутары, разгублены твар таго, хто зьбіраўся ўвайсьці. Сеў на яе стол – у іншы момант гэта зрабіла б яе амаль шчасьлівай, а цяпер яна тупавата пазірала на складку кішэняў на ягоных джынсах і ёй хацелася змахнуць Яго са стала. Падставіць сьметніцу й змахнуць. На яе шляху да дому, да пігулак, пакутлівай ванны й ратавальнага сну, бяз думак і жаданьняў, сеў нехта, перашкода з тонкімі вуснамі падлетка, надзіманы камень. Падзьмі на яго, і ён паляціць

на ўзбочыну.

– Паслухай, Вераніка, – мягка сказаў Ён. – Мне, напэўна, трэба папрасіць у цябе прабачэньня. Часам нашыя ўяўленьні пра людзей аказваюцца памылковымі. І часам наш унутраны сьвет прыадкрываецца супраць нашай волі. Нельга меркаваць па тым, што выпадкова пабачыў у шчыліну...

Яна маўчала, а потым злосна засьмяялася, і тут жа скрывілася: галаву працяў боль. Боль, напэўна, толькі й чакаў, пакуль яна зноў нешта адчуе. Як жа добра было без пачуцьцяў. Спакойна, пуста, чыста.

– У якога пісьменьніка вы гэта вычыталі? – спытала яна, і ён тут жа ўмольна працягнуў да яе рукі:

– Давай жа ўрэшце на ты!

– Добра. У якога пісьменьніка ты гэта вычытаў?

– Ня памятаю, – Ён захацеў пагладзіць яе па галаве, але Вераніка проста ад’ехала на сваім крэсьле да сьцяны. І толькі калі Ён паказаў жэстамі, што больш ня будзе шукаць такіх кантактаў, яна зноў прысунулася да стала. “Пачакайце!” – сказаў Ён, добразычліва пасьміхнуўшыся, галаве, якая прасунулася ў дзьверы, і галава зьнікла.

– Гэта была толькі гульня. Забудзь пра яе. А мне... Мне трэба шмат табе паведаміць.

– Ня сёньня, – Вераніка зь цяжкасьцю падняла рукі. – Толькі ня сёньня. Я не хачу нічога слухаць. Памру зараз. Можа быць, заўтра, – сказала яна нечакана помсьліва, – Але ня сёньня.

– Ня тое каб сказаць... – запярэчыў Ён халодна. – А менавіта паведаміць. Ды што гэта сёньня з табой?

– Неяк мне... Блага... – прызналася Вераніка. – Не, ня трэба.

Яго рукі зноў паабяцалі больш не цягнуцца да яе.

– Мне вельмі хацелася б зрабіць для цябе нешта, – сказаў Ён пяшчотна. – Ці... Карацей, дапамагчы табе. Абараніць.

– Мяне ёсьць каму абараніць, – сказала Вераніка, выцерла лоб і са зьдзіўленьнем адзначыла, што яе пальцы папросту ледзяныя.

– Я не сумняваўся, – Ён нягучна засьмяяўся. – Ён, відаць, файны хлопец.

– Файны, – кінула Вераніка й прымружылася. – Ведаеш, калі я была маленькая, я аднойчы зразумела, адкуль глядзіць на мяне анёл-ахоўнік. З-за фіранкі. Ён сочыць за тым, як я пачуваюся, ці не пагражае мне небясьпека. І калі я, напрыклад, сплю, ён выходзіць адтуль і кладзе мне далонь на лоб. Або іншым чынам умешваецца. Як бачыш, не адзін ты зь дзяцінствам не разьвітаўся.

– Я ж кажу: файны хлопец, проста супэрмэн, – Ён пачухаў галаву. – Вось мы зараз і пазнаёмімся.

Ён саскочыў са стала й, рухаючыся як клоўн, падыйшоў да фіранкі. “Оп!” – фіранка тарганулася, белыя трубкі батарэі па-шпіёнску ўсьміхнуліся ды зьніклі.

– Весела, – сказала Вераніка. – Ты хочаш заняць яго месца?

– Чаму б і не? – Ён аблізнуўся і ўважліва паглядзеў на Вераніку. – Прынамсі, ты гэтага хочаш.

Апошнія словы Ён прамовіў ужо з-за фіранкі. Вераніка неўразумела зірнула туды: быў чалавек, і няма яго. Як проста ўсё. Не складаней, чым зь яе пацыентамі. А галава, гэтым разам ужо зусім іншая, зноў пралезла ў дзьверы, і паколькі яе ніхто ня гнаў, ператварылася ў невысокага чалавека, што адразу, з парога, пачаў нешта канючыць. Дарэшты зьнясіленая Вераніка ледзь змагла зарэгістраваць заяву й прызначыць яму на аўторак. Пакуль наведнік выходзіў і дзьверы адчыніліся наноў, яна павярнулася да фіранкі. Ён падміргнуў ёй і тут жа зноў зьнік.

***

Зразумеўшы, што чалавек перад ёй ня ў стане запомніць нават дзьве трохзначныя лічбы, сакратарка ўздыхнула й драпежным рухам дастала асадку. “А культурны ж, здаецца”, – падумала

яна раздражнёна, і на душы ў яе стала яшчэ больш чорна, калі яна пабачыла стос лістоў, на кожным зь якіх ад рукі была накрэмзаная ўсялякая лухта. Паадсякаць бы гэтыя рукі, ледзь не сказала яна, выводзячы на паперы: 504, 505, 509... Чалавек перад ёй і праўда рабіў уражаньне культурнага: пінжак, чыстая, адпрасаваная кашуля, сумка з натуральнай скуры, у якой зазвычай носяць важныя й ня вельмі, празрыстыя й непразрыстыя, але ўсё-ткі тэчкі – тэчкі з дакумэнтамі. Рахунак-фактура, выпіска, даведка... Ад чалавека пахла добрым тытунём і такой мужчынскай парфумай, якой сакратарка, была б яе воля, прымусіла карыстацца кожнага прадстаўніка супрацьлеглага полу. Але паводзіў сябе гэты маладзён папросту непрыстойна. Занадта нэрвова для прыёмнага пакою начальніка аддзелу. Яму, бачыце, надта карцела трапіць адразу да Чэслава Карлавіча. Быццам бы ён быў важнай шышкай і меў поўнае права ісьці самым кароткім шляхам. Але важныя шышкі звычайна званілі, перад тым як тут зьявіцца, самыя важныя званілі адразу ж Чэславу на мабільны, і наогул – ніякіх доказаў таго, што ўпарты наведнік мае на нешта права, сакратарка пакуль ня ўбачыла. Але нічога, і не з такімі спраўляліся – сказала яна сабе й цярпліва паўтарыла нумары кабінэтаў.

– Але мне трэба да начальніка, – раздражнёна прамовіў чалавек і паглядзеў ёй у вочы. – Толькі да яго. Гэта занадта важна.

– Добра, – сказала сакратарка нарэшце. – Я яму паведамлю, самі паслухаеце, што Чэслаў Карлавіч адкажа.

Яна націснула кнопку. “Да вас наведнік,” – спакойна прамовіла яна. “Запэўнівае, што справа неадкладная. Слухаць нічога ня хоча, Чэслаў Карлавіч,” – раптам дадала яна амаль жаласьліва.

– Не цяпер, – пачуўся незадаволены голас Чэслава. – Я заняты. Раскажыце таварышу пра графік майго прыёму. Хаця... Упусьціце, так і быць...

Наведнік пераможна й пругка падняўся. Празь дзесяць хвілінаў Чэслаў Карлавіч ужо бегаў па кабінэце і амаль крычаў:

– Ну зразумейце, таварыш дарагі, спадар, унучак! Калі кожны будзе вось так заходзіць наўпрост да кіраўнікоў, то нам на кіраўніцтва часу не застанецца! І для чаго, па-вашаму, сядзяць у кабінэтах нашыя супрацоўнікі? Попу праседжваюць, думаеце? Для таго, унучак мой даражэнькі, каб працаваць з вамі, з народам нашым любімым, каб дапамагаць яму будаваць і сеяць спакойна! Ну чаму, чаму да начальніка аддзелу фізычнай культуры ніхто не забягае проста так, сказаць, што ў яго лыжы скралі, а да мяне – як на кубачак гарбаты? Што мне, рабіць тут няма чаго? Я ж вас не выганяю, я ж вас спакойна выслухаў, я ж вас у непрыёмныя гадзіны прыняў, я ж любога з вас з распасьцёртымі абдымкамі, у любы час! Але ж разуменьне трэба мець! У пяцьсот пяты, у пяцьсот дзявяты кабінэт зьвярніцеся! Дзеля ўсяго сьвятога!

Чэслаў Карлавіч схапіў слухаўку й пракрычаў у яе некалькі неразборлівых фразаў. Чалавек з сумкай на каленях выслухаў усё гэта з філязофскім выразам на твары, і калі Чэслаў Карлавіч скончыў, ветліва ўсьміхнуўся й сказаў:

– Але ж гэта быў не звычайны крадзёж. Гэта была фашыстоўская дывэрсія. Зьнікненьне гэтых часопісаў, выпісаных для Дому культуры мной асабіста, нанесла вялікія страты ідэалягічнаму выхаваньню. На цэлы тыдзень нашы чытачы засталіся неабароненымі. Іхныя душы ў ворага як на далоні. І ён шанцу ня ўпусьціць. Вы ж гэта лепш за мяне ведаеце.

Чэслаў Карлавіч застагнаў і пляснуўся ў фатэль.

– І гэта ў той час, калі ў краіне вядзецца барацьба зь бюракратызмам, – расчаравана, але цалкам ураўнаважаным голасам сказаў наведнік. – Я ж ведаю, колькі праляжала б мая заява, зьвярніся я да вашых супрацоўнікаў. Вы б яе, можа, і зусім ня ўбачылі.

– У міліцыю спачатку трэба йсьці, – прахрыпеў Чэслаў Карлавіч, – у міліцыю! І потым ужо да нас.

– У міліцыі я быў, – сказаў наведнік. – Ня столькі важны факт крадзяжу, колькі матывы.

Поделиться с друзьями: