Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

– А, Веранічка! – сказаў Чэслаў перабольшана зьдзіўлена, быццам нікуды яе зайсьці й ня клікаў. – Праходзь, дарагая, сядай, унучка.

Яна села. Паабапал Чэслава Карлавіча за ягоным шырачэзным, пуставатым сталом са сьцяжком пасярэдзіне сядзелі, усьміхаючыся, Ларыса і Ён. Зразумела, што Ён тут рабіў, але пры чым тут Ларыса. І нешта нядобрае зьявілася ў паветры вакол Веранікі, такое шчымліва-вусьцішнае, – яно ажно чхнула.

– Будзь здаровая, расьці вялікая, – усьміхнуўся Чэслаў Карлавіч і потым назваў яе па бацьку: Вераніка ўжо й ня памятала, калі такое здаралася й ці здаралася калі-небудзь наогул. Ён сядзеў побач, стараючыся не глядзець на Вераніку, рукі на стале, то адна на другой, то наадварот. Ларыса ж усё аблізвалася, у вачох яе ільсьніўся не зусім зразумелы апэтыт.

Чэслаў сядзеў акурат наўпрост, і хаця Вераніка мела трохі ўласнай прасторы, усё ж здолеў дацягнуцца да яе рукой з растапыранымі пальцамі ды пагладзіць па валасох: праўда, Вераніка ўсё ж сядзела далекавата, і таму двум пальцам Чэслава толькі й засталося, што сьлізгануць задуменна па яе вуху...

– Веранічка... – прамовіў Чэслаў, нібыта ня ведаў, што ёй

сказаць. А яна зь цяжкасьцю змагалася са спакусаю пакласьці нагу на нагу. Яна падавіла ў сабе раптоўны прыступ млосьці і аглядзела гэтых траіх, што цяпер ня зводзілі прагных позіркаў ад яе твару, ад яе рук, ад яе аголенай шыі. Нечакана яны нагадалі ёй жывёлаў: трох жывёлаў, заўсёднікаў казак. Толькі вось што гэта была за казка. Вусны Веранікі здрыгануліся, яна ня вытрымала і апусьціла вочы: сутарга ўсьмешкі. Пастарэлая, пацяганая Ліса, якая ўтаропілася ў Вераніку як у кураня; тоўсты, нізенькі, з шчэцьцю на баках Вяпрук, нос якога ўпарта шукаў водар Веранікі; разбэшчаны, фанабэрысты, вытанчаны, як дымок чароўнага зельля, хударлявы, гнуткі, прыгожы да агіднага Кот.

– Я вырашыў з кожным пагаварыць асабіста, – сказаў Вяпрук. – Справа ня церпіць ніякае базарнасьці, ніякае пасьпешлівасьці. Усё вельмі сур’ёзна. Да таго ж інфармацыя не павінна трапіць у староньнія рукі. Вы, Вераніка Бацькаўна, я спадзяюся, добра гэта разумееце. Як супрацоўнік перадавога атраду адміністрацыі.

Вераніка нічога не адказвала, і толькі калі ўцяміла, што трэба адказаць, таропка кіўнула:

– Так, так, я разумею.

– Да нас даведзена, што дзяржава трохі пераглядае сваю палітыку ў дачыненьні да ізаляцыйна-выхаваўчай сыстэмы. Вы й самі, Вераніка Бацькаўна, відавочна, неаднаразова задумваліся над тым, што дзяржава нясе вялікія выдаткі па ўтрыманьні лягераў, дзе знаходзяцца злачынцы ня самага нізкага палёту... Дык вось: прыйшоў загад расфармаваць іх і падрыхтаваць плян ліквідацыі. У сувязі з гэтым...

Чэслаў Карлавіч ня вельмі добра валодаў мовай. Таму, варта яму было прадрацца скрозь вырашчаныя ім самім джунглі складаных сынтаксычных канструкцыяў, як ён з радасным рохканьнем кідаўся далей, але па ягоных сьлядох рухацца было амаль немагчыма. Зь вялікімі намаганьнямі Вераніка ўсё ж зразумела, пра што гаворка. Лягераў больш ня будзе. За свае злачынствы перад народам фашысты мусілі атрымаць новае, больш суворае пакараньне. Адпаведнае! – пакачаў аблыселым пальцам Чэслаў. Гэта значыла, што тыя санаторыі, дзе дагэтуль праядалі народныя грошы фашысты і іхныя выблядкі, мусілі адысьці ў нябыт. Перапоўненыя лягеры станавіліся ўчорашнім днём. Вось і ўсё, і ці варта было так доўга пра гэта казаць, падумала Вераніка раздражнёна. Цяпер трэба будзе пераафармляць дасье на ўсіх, вызначаць, якімі будуць колькасна ды якасна партыі, прызначаныя да ліквідацыі, разьбірацца ў новых законах, працаваць зь юрыстамі, прадумваць новыя нарматывы, кансультавацца ў ідэалягічным... Так, сапраўды пачыналася новая эпоха, цяпер Вераніка ўспомніла Ягоныя словы. І наўрад ці яна атрымае адпачынак у бліжэйшыя тры месяцы.

– Шаноўная Ліса прысутнічае тут як старшыня прафкаму нашага адзьдзелу, – махнуў рукой Вяпрук. – У хуткім часе мы вынесем на разгляд нашага непасрэднага начальства ў міністэрстве пытаньне аб прэміях і павышэньні заработнай платы.

Вераніку гэта хвалявала мала. Зь цікавасьцю яна назірала, як разглядвае свае рукі Ён, як кідае сарамлівыя позіркі ў акно. Неўзабаве надыйдзе момант, і яны сутыкнуцца. Толькі зараз Вераніка зьвярнула ўвагу на тое, якія тонкія ў яго вусны. Пакрыўджаны хлопчык. Сапсавалі яму, бачыце, такую прыгожую ляльку. “Я скажу яму, я скажу ўсё”, – журботна, зь нейкім болем у жываце думала Вераніка. “Я ж ня супраць лялек. Але чаму б не пагуляць разам. Але ж бедны, бедны хлопчык... Відаць, ніхто яшчэ ў ягоным жыцьці так яго не расчароўваў”. І яна ўжо бяз страху, але ў роспачы, бяздоннай, спусташальнай роспачы глядзела на Ягоны чужы, адслонены, сьмешнаваты цяпер твар, і, падпарадкоўваючыся ўсё той жа, колішняй патрэбе, шукала ў ім пацьверджаньне, абгрунтаваньне сваёй жарсьці. Яна чакала ад Яго радасьці першаадкрывальніцтва, яна прагнула адгадваць Ягоныя загадкі, Яна прагнула трапіць на ягоныя нажы. А высьветлілася, што яны ўжо пражылі разам цэлае жыцьцё, у душнай кватэры, дзелячы Нішто як шлюбны ложак. Вераніка шукала, і не знаходзіла, і давала Яму яшчэ адзін шанец, а Ён – Ён імкліва каціўся ўніз з высокай гары пад назвай Пік Веранікі, і з кожным абаротам губляў вагу, з кожным падскокам на горных карчох станавіўся ўсё больш пляскатым. Ягоны твар, раней такі непаўторны, такі дыямэнтавы, унікальны, запамінальны нават лёгкім прымружваньнем, сьцепаўся ды ссохся, на ім шматкамі матлялася былая, нядаўняя веліч. Чэслаў Карлавіч усё нешта казаў, пагрукваючы бяззубым алоўкам па стале, а Вераніка падалася наперад, упілася вачыма ў Ягоны твар – празь ягоную дагледжаную, выпешчаную скуру праступіў твар Лёнькі, Эдзіка, і таго вычварэнца, а потым брата, Марата, і нейкіх незнаёмых, зусім чужых, якія тым ня менш рашуча заяўлялі свае правы на існаваньне ў яе прасторы, потым зноў Кот, зь якога сарвалі толькі што пагоны д’ябла, і потым, яшчэ больш імкліва: Цьвях, і зноў Веранічыны мужчыны, ах, донна Флёр, паглядзі: гэта зноў Лёнька, вушасты ідыёт зь пярхоцьцем на плячох. Чым, зрэшты, Ён адрозьніваўся ад яго? Чым двое мужчын адрозьніваюцца адзін ад аднаго? Анічым апроч імёнаў, сказала Вераніка аднымі вуснамі, і Чэслаў, нахмурыўшыся, паўтарыў наноў нейкі абзац з падрыхтаванага й вельмі сур’ёзнага – хахаха – сказу.

Вераніка ўскрыкнула й, прытрымліваючы крысо пінжака, узьнялася над сталом. У кутах кабінэту, там, куды прыбіральшчыцы бязь лесьвіцы не дацягваліся, калыхаліся знаёмыя постаці. Вераніка зірнула ўніз і закрычала яшчэ пранізьлівей. Адтуль на яе глядзелі згаладнелыя турысты, цярпліва чакаючы, пакуль яе тушка плясьнецца на стол, на іх ужо крапаў тлушч, яны ўжо адчувалі пах. То ў адзін, то ў другі кут кідалася бездапаможная

Вераніка, і цягнулася туды, падмануўшыся так добра вымаляваным тварам, але марна: яны адторгвалі рукі, і гідліва выціралі, і ўхіляліся, і вуліца станавілася ўсё вузейшая.

– Ці ёсьць у вас, Вераніка Бацькаўна, Пытаньні? – сказаў Чэслаў Карлавіч у трэці раз, і Вераніка зноўку сядзела перад гэтай тройцай, і абмацвала сваё цела ў пошуках пытаньняў.

– Не, – выдыхнула яна з палёгкай. – Не...

Яна выйшла й забылася зачыніць за сабой дзьверы, і тады Ён, паслухаўшы трошкі, як аддаляюцца яе крокі, з маладым крэканьнем падняўся й зачыніў.

– Не выцягвае, – крыху смурна прамовіў Чэслаў Карлавіч, узмахнуў нажніцамі ды летуценна ўзяў на іх пару акордаў. – Не выцягвае Веранічка. Не хапае навыкаў. Ды й лянуецца апошнім часам. Неяк мне здавалася, яна будзе больш ініцыятыўнай. Возьмем на яе месца нашую практыкантачку. Волечку. Яна хаця й маладзейшая, але... Але вось зь яе толк будзе. Нутром адчуваю. Займіцеся, Ларыса.

***

У той краіне, адкуль я прыехаў, мужчыны такога веку йдуць у вахторы або гардэробшчыкі. Добры дадатак да пэнсіі – кажуць там, яшчэ і ўнукам на марозіва застанецца. Тут да старасьці ставяцца весялей. Надзеўшы капітанскія фуражкі, яны становяцца зазываламі ў начных клюбах. Можна падумаць, яны гаспадары: кожны прагульваецца ўздоўж вітрынаў, дзе выстаўленае сьвежае, араматызаванае жаночае мяса, і весела прапануе табе завітаць на агеньчык. Ён жа ведае, гэты пажылы дзядзька, над чым ты ня маеш улады, якім бы свабодным ты сябе ні лічыў: над сваім целам. Чарга да цябе дойдзе яшчэ ня хутка, а ён ужо расплаціўся, і, трохі расчаравана выціраючы пот, разгружае свой кош. Усё ж гэта была неблагая крама, думае ён зь лёгкай тугою. Вялікі выбар якасных тавараў. Шкада, што я так хутка выйшаў зь мяснога аддзелу. Паквапіўся на тыя ружовыя каўбаскі. Але ж не вяртацца мне цяпер назад. Увечары перад выходнымі тут такія чэргі.

Калі ты пакінуў чаргу, то ўжо нікому не дакажаш, што ў ёй толькі што стаяў. Таму бяры тое, што пасьпеў запхаць у вазок, і шыбуй дахаты. Скарыстайся хаця б тым, на што ў цябе хапіла грошай.

“Заходзь, хлопец!” – кажа ён мне й робіць такі жэст, нібы хоча схапіць цябе за рукаў. Скажы яму “дзякуй” і ідзі далей, ён не пакрыўдзіцца. Бо за табой ідуць тысячы такіх, як ты, з такой самай анатоміяй. І ім ёсьць з чаго выбіраць. І я ня буду сьпяшацца.

На маёй галаве навушнікі, і песьні радзімы б’юцца ў маёй чарапной каробцы. Гэтым гнеўным песьням ня трэба шмат прасторы, нечая асобна ўзятая чарапная каробка для іх самы ўтульны клюб. Я гляджу ў твары сустрэчных, і мяне чамусьці вельмі раздражняе, што яны ня ведаюць, якія хвалі пеняцца ў маёй галаве. Напэўна, яны думаюць, што я слухаю нешта іхнае, карыстаюся іхнымі радасьцямі. Дурні, няўжо яны думаюць, што мне трэба так мала. Аднак жа трэба сьпяшацца. Заўтра я еду дамоў, і трэба пасьпець узяць ад гэтага гораду ўсё, што трэба. І таму я паскараю хаду, і зазывалы больш не зьвяртаюць на мяне ўвагу. Я амаль бягу па гэтай грэшнай вуліцы, быццам шукаю нешта канкрэтнае, быццам ведаю пункт прызначэньня. І ніхто не здагадваецца, што я ўжо даўно там, куды хацеў прыйсьці. Мімаходзь я пазіраю на вітрыны сэкс-шопаў: так, мой твар праносіцца па фанабэрыстых тварах паўголых манэкенаў, мой цень пралятае па прадаўгаватых прадметах ля іхных ног – нібы манэкены расстаўляюць кеглі; мой твар – на ім занадта дзіўная мэтанакіраванасьць. Дома я такой ніколі не выяўляў. Дома мяне лічылі вечна разгубленым, няўважлівым, сарамлівым. Глядзіце: вось я бягу па вуліцы Грэшнікаў, з вуліцы Садовай на вуліцу Садому – някепскае падарожжа.

Я, я, я... Нас было насамрэч двое ў гэтым ненадзейным целе. Мы вельмі востра адчувалі прысутнасьць адно аднога, але ж абалонка ў нас была адно на дваіх. Мы йшлі па гэтай вар’яцкай вуліцы, саступаючы адзін адному стырно, два жраца помсты розных культаў. “Аддам жыцьцё за Радзіму!” – казаў ён мне з выклікам, “Аддам радзіму за жыцьцё,” – адказваў я, і мы на нейкі час замаўкалі, чакаючы, хто адгукнецца на гэтыя рэклямныя абвесткі.

Час ішоў, а я ўсё так і бадзяўся тут, нешта не давала мне спыніцца, агледзецца як сьлед, пакаштаваць вуліцу на смак. Вочы засьціла яркае, навязьлівае сьвятло. Урэшце я прыстроіўся за нейкай дзяўчынай, ісьці за яе нагамі на высокіх абцасах было чамусьці прыемна й спакойна. Мяне нехта вёў за сабой, і мне падабалася гэта ўсьведамляць. Я паставіў дыск спачатку. Мне вельмі хацелася сустрэць каго-небудзь з суайчыньнікаў і пракрычаць яму ў твар: “Гэта маё! Едзь дамоў! Не чапай чужога!”. На рагу вуліцы я дастаў біклажку, глынуў вайнбранду ды кінуўся даганяць свае ногі, што хацелі ўжо ўратавацца з дапамогаю сьветлафора. Аглушальная музыка біла з усіх шчылінаў, але я адчуваў яе толькі па вібрацыях, якія праціналі мяне раз-пораз навылёт. Ногі наперадзе павярнулі, і я міжволі ўвайшоў за імі ў адну з крамаў.

Дзяўчына хутка прайшла ў службовае памяшканьне за прылаўкам, а я спыніўся перад доўгім стэляжом з разабраным на часткі чалавечым целам. Гэта была крама ня толькі для тых, хто хоча разнастаіць сваё начное потнае жыцьцё, гэта была таксама крама для верных мужоў і жонак. Хто стане раўнаваць да гумы. І навошта табе купляць цэлага чалавека, з усімі ягонымі капрызамі й прусакамі, з усімі ягонымі выдзяленьнямі й памылкамі. Купі сабе толькі патрэбную частку. Напрыклад, адтуліну азадка. І атрымай бясплатна файны крэм. Купі грудзі, калі табе так ужо хочацца нешта пасмактаць. Такія смочкі ніколі не разгладзяцца. Купіце гэтую штуку, цётачка, яна заўжды будзе напагатове. Прадавец, на галаве якога не было ніводнага валаска, затое шмат усялякага жалезьзя, мірна вязаў нешта з шарсьцяных каляровых нітак. Я наўздагад узяў у рукі нейкую скрыначку, з павагай зірнуў на кошт. На скрынцы была выяўленая яшчэ адна Вераніка. Ну-ну, яна глядзела на мяне зусім як тады. Я паказытаў выяву, і тая ветліва пасьміхнулася. Прадавец зірнуў на мяне, але тут жа далікатна апусьціў вочы. “Магу я паглядзець у поўны рост?” – я памахаў яму скрынкай і выключыў музыку ў сваім чэрапе. Ён кінуў вязаньне й падыйшоў.

Поделиться с друзьями: