Сарока на шыбеніцы
Шрифт:
У гэтай чарзе неабавязкова стаяць, у ёй можна ціхамірна ляжаць, адчуваючы, як застойваецца кроў у жылах, як зацякае ўсё, ажно да мазгоў. Гэты вагон мне відавочна замалы, як кажа мой сябра-прадавец на рэчавым рынку. На экране дзьвярэй дрыжаць бледныя літары: пачынаецца панылы дваццацігадзінны фільм, няздарная пародыя на ICE. Галасы ўнізе становяцца ўсё гучнейшыя. Зьяўляецца правадніца, першая памежніца на нашым шляху. “Бялізну будзеце браць?” – пытаецца яна пакрыўджана, нібы калі я вазьму бялізну, ёй давядзецца спаць на падлозе.
Не, бялізны я не вазьму. Я ніколі не бяру бялізны. Я падкладваю пад галаву свой заплечнік і накрываюся курткай. Я не хачу быць тут як дома, бо я ня дома. На маёй былой працы, там, куды я еду, калегі часта зьдзіўляліся, чаму я ніколі не здымаю верхняе вопраткі, нават зімой. “Бо тады я прызнаю, што гэтая праца для мяне нешта
– Прывітаньне, Калян! – пачуецца зьнізу, у той час цягнік уварвецца на доўгі мост. – Як справы, Калян? Ты мне прабач, Калян, але ты ў мяне будзеш сядзець. Вось прыйдуць нашы да ўлады, Калян, і ты будзеш сядзець! Ты будзеш сядзець, памяні мае словы, ты будзеш у мяне сядзець.
Ён будзе паўтараць гэта з асалодай, не зьвяртаючы ўвагі ні на боскі, ні на тэлефонны роўмінг, ён будзе казаць гэта, пакуль цягнік ня спыніцца ў вялікім горадзе і ў вагон ня ўдарыць адначасова з навальніцай нешта вялікае, страшнае, чорнае. І невядомы Калян будзе цярпліва слухаць злавесныя прароцтвы, яму і ў галаву ня прыйдзе ні пакласьці слухаўку, ні скарыстацца чорным сьпісам, ні проста адключыць тэлефон. Ну а мне, мне якая да яго справа? Ці маю я права судзіць іх? Адкуль мне ведаць: можа быць, гэта ня так ужо й кепска – сядзець, для гэтага таямнічага Каляна, можа, ён даўно ўжо прыкаваны да ложка, і гэтая істота, чалавекападобнасьць якой дазваляе ёй фатаграфавацца для візы й раз на тры месяцы вандраваць па працы за мяжу, вязе беднаму Каляну лекі, каб ён мог спачатку сесьці, а потым, глядзіш, і ўстаць, і зрабіць пару крокаў да піўнухі, і потым узьляцець, і легчы зноў, на гэты раз ужо навечна. Урэшце істота ўнізе засынае, а Калян усё дыхае, сапіць у слухаўку, чакае, ці то з надзеяй, ці то са страхам.
Мяжа. Памежнікі. Памежная варта – гэта родная, непрыгожая сястра той улады, дзеля якой працуе Вераніка. Гэтая ўлада прыходзіць уначы, глядзіць на цябе зьверху або сьцягвае зь верхняй паліцы, блішчыць гербам, дзеці крычаць, гэтая ўлада ўпускае цябе да сябе, нібы пад падпіску аб нявыязьдзе. А потым вагон прыўзьнімецца над зямлёй, каб праз пару гадзінаў апусьціцца, але ўжо ў іншае вымярэньне. Мае спадарожнікі сьпяць, ня чуючы, як я спускаюся са сваёй схованкі й, высока падымаючы ногі, пераступаю праз іхныя целы. Выходжу ў тамбур, запальваю й гляджу на скамечаную пасьцель Веранікі, на крошкі гарадкоў, на недапалак, які нехта забыў пад коўдрай.
Dicebant mihi sodales, si sepulchrum amicae visitarem, curos meas aliquantulum fore levatas. Мне казалі прыяцелі, што калі я наведаю магілу сяброўкі, мае раны загояцца.
***
Вераніка стамілася. Ёй чамусьці надта непрыемна ехаць у ліфце з калегамі, і таму яна, высока падняўшы галаву, праходзіць міма іх і, як толькі зьнікае за шклянымі дзьвярыма лесьвічнай пляцоўкі, хавае галаву ў плечы й бяжыць уніз па сходах. Ларыса гукае яе, але позна, Вераніка яе не пачула, і таму прамоўленае імя павісае ў паветры, яго апошні склад зьядаюць сківіцы ліфта. Ларыса пачуваецца няёмка, вакол шмат людзей, і пятнічны вечар кідае на іхныя твары дурнаваты водсьвет. Яны ня могуць стрымаць радасьці. Быў цяжкі тыдзень, яны добра папрацавалі і цяпер пойдуць да банкаматаў.
Вераніка рушыць на вакзал, на вакзале ваенны аркестр грае трыюмфальныя маршы. Але яна збочвае й заходзіць у мэтро. Праз гадзіну каробкі Сьвету ўжо бялеюць за соснамі, маршрутка раптам перастае вуркатаць і проста паволі, па інэрцыі (кіроўца нават адпускае руль) укочваецца ў Сьвет. “Ля аптэкі, калі ласка”, – строга гаворыць Вераніка кіроўцу, і калі той, не пачуўшы, вядзе мікрааўтобус далей, да канцавога прыпынку, яна крычыць на яго ў шаленстве. Ён рэзка тармозіць, і яна бразгае дзьвярыма так, што ў галаве да самага дому гайдаецца цяжэзны звон.
Яна не разбуваючыся праходзіць на кухню, закідвае ў рот пігулкі й запівае
паскудна-цёплай вадой. Адна пігулка выпадае з рук і заязджае пад стол. Вераніка хоча нахіліцца за ёй, але разумее, што ў гэтым выпадку яна так застанецца сядзець на падлозе. “Хрэн зь ім”, – думае яна. – “Дома ўсё адно няма ні дзяцей, ні сабакі”. Усё ж яна прымушае сябе пайсьці ў ванну, хаця ўсё яе цела пратэстуе супраць гэтага. Потым яна валіцца ў ложак і адразу ж засынае. Тлустыя, палыселыя, бочкападобныя, бястварыя сны гуртуюцца вакол яе так шчыльна, што Вераніка хапае ротам паветра. Сьцёгны Веранікі такія мокрыя, што на коўдры выступаюць плямы. Не прачынаючыся, яна пераварочваецца на сьпіну. Яе цела награецца, нібы Вераніку паклалі ў печ, яе цела найграе нешта ў дзікім тэмпе. І толькі калі прахалодная сухая рука кладзецца нарэшце на лоб Веранікі, яна прачынаецца. За вакном шэра, гулка, здаецца, што за нізкімі аблокамі хаваецца бяскрайні непразрысты дах, і ў паветры нібы зьвініць апошні, прыпозьнены, летні яшчэ камар.Я цудоўна ведаў, дзе яна працуе – гэты будынак, які нібы гасьцінна раскідваў перад табой дыван: такім чыстымі, вечна вымеценымі былі прыступкі на ганку, такімі ўзорамі пераліваўся ён падчас сьвятаў. Прыступак было шмат, у кожнага, хто па нейкай патрэбе падымаўся да дзьвярэй, было досыць часу падумаць, ці не па надта ўжо дробязнай справе ён наважыўся патурбаваць уладу. Сярод маіх знаёмых не было чалавека, які б не пабываў там прынамсі аднойчы. Але ж мне нейкім чынам удавалася пазьбегнуць яго наведваньня. Можа быць, таму, што ад улады мне было трэба ня так ужо шмат: па сутнасьці, толькі аднаго – каб яна ня ведала пра маё існаваньне. Усё зьмянілася, калі Вераніка сказала мне аднойчы па тэлефоне, што пайшла працаваць сюды. З таго моманту мае патрабаваньні да ўлады непамерна ўзрасьлі. Я сеў на лавачку ў сквэры паблізу й запаліў цыгарэту.
Гэта быў сквэр пасярод вялікае плошчы, я ня быў тут некалькі гадоў, і таму зьмены ўражвалі. Там, дзе некалі проста на патрэсканым бардзюры тырчала суткі напралёт моладзь бяз пэўных заняткаў, зеўраў цяпер уваход у падземны гандлёвы цэнтар – нібы ўся тая моладзь аднойчы правалілася скрозь зямлю, ад сораму за адсутнасьць жыцьцёвых арыентыраў. Ванкаматы, жэсы, камісіі, бюро, позвы, даведкі, сьціплыя айчынныя гестапніцы, філіялы вялікай фірмы... Я зірнуў на будынак адміністрацыі, і хваля рабскага страху зноў паднялася ўва мне, змакрэлі рукі, перасохла ў горле. Зараз я ўвайду туды, і буду з агідай пазіраць на сваё адлюстраваньне, і ўжо ня выйду назад – выйдзе іншы чалавек, расьціснуты, нікчэмны, шэры, але задаволены, бы пасьля візыту да стаматоляга, калі ўсё ўжо скончылася, але боль яшчэ наперадзе... Гэта для такіх пабудавалі тут новую царкву, замест драўлянай – для тых, хто не сказаў чагосьці на споведзі ў будынку насупраць. Яе крыж сьвяціў, відаць, у акно Веранікі. Перад адміністрацыяй стаялі елачкі ў цёмна-зялёнай уніформе, над будынкам лунаў сьцяг – такія самыя колеры, якія мела апошняе пасланьне Веранікі: “Mne strashno”. Трывога й надзея на мяне, які, уласна, ня меў ніякага абавязку ёй дапамагаць. Далей безь мяне, так я сказаў яе лісту тады, і ўжо пралічваў, дурная башка, у колькі мне абыйдзецца дарога.
Я падымаўся па прыступках так доўга, як толькі мог, а будынак ужо разварочваўся да мяне тварам, распасьціраў сьцены – ён нібы круціўся вакол уласнае восі, як тыя чароўныя дамы, у вокнах якіх заўсёды сонца. Я спыніўся і азірнуўся: мне падалося, што на мяне глядзяць з кожнае форткі. Назад дарогі не было. Нечакана насустрач мне выбегла зграя дзяцей у яркіх гальштуках, і абагнула, нібы горны ручай непатрэбны камень, і ўлілася ў мора паўпустое плошчы. Хістаючыся, я падыйшоў да дзьвярэй і, вырашыўшы зрабіць усё як мага хутчэй, адчыніў іх.
Міліцыянт, што сядзеў у холе й слухаў радыё, не зьвярнуў на мяне аніякае ўвагі. Мне не хацелася таптацца тут у яго на вачах, але ліфт блукаў недзе наверсе. Напэўна, я выглядаў, як чалавек, якому карціць у прыбіральню, – прынамсі, жанчына за акенцам абменнага пункту ўсьміхнулася, пазіраючы на мае танцы. Зараз жа да мяне прыклеіўся яшчэ адзін наведнік – яму падалося, што я не націснуў гузік, і ён зрабіў гэта сам, красамоўна, моцна, нібы раструшчваў жука. Хол раптам запоўніўся людзьмі, усе яны сьмяяліся й гучна размаўлялі: мне хацелася ўцячы, але яны вельмі прыстойна сталі ў мяне за сьпінай і чакалі. Неўзабаве ў мяне ўжо было адчуваньне, што ўсе навокал тут знаёмыя паміж сабой: яны абмяркоўвалі графік прыёму, надвор’е і нарэшце задуменна паглядзелі на мяне, чаму я не бяру ўдзелу ў гэтай гульні.