Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

Д’ю запісаў усё й са спакойнай душой паехаў у Скотлэнд-Ярд. Ягоны начальнік, містэр Макнэтэн, быў, аднак, ня вельмі задаволены справаздачай, яму былі патрэбныя падрабязнасьці. У тым, што Крыпэн кажа праўду, ніхто не сумняваўся. Але трэба было выканаць некаторыя фармальнасці, і праз два дні Д’ю зноў наведаў дом на Хілдроп-Крэсчэнт. Гэтым разам яму ніхто не адчыніў, а суседзі паведамілі, што ўчора містэр Крыпэн і ягоная сакратарка ў вялікай сьпешцы пакінулі Лёндан.

Яшчэ два дні спатрэбілася Д’ю, які пачаў, здабыўшы неабходны дазвол, дасьледаваць пакінуты дом, на тое, каб дабрацца да самага цёмнага кутка яго невялікага падвалу. Цэгла падлогі ў гэтым месцы была трохі расхістаная, і Д’ю зразумеў, што ён на правільным шляху. Чацьвёра мужчын, трымаючы лямпы, моўчкі назіралі, як рабочы Джон Эдамс важдаецца з падлогай. Цэгла была нарэшце зьнятая: пад ёй знаходзіліся рэшткі нечага цела, як відаць, жаночага, бо ў гэтай кучы мяса, тлушчу й валасоў знайшлася белая начная кашулька. Забойца, відаць, меў мэдыцынскую адукацыю, бо пастараўся зьнішчыць усё, што дапамагло б у ідэнтыфікацыі трупа: косткі, унутраныя ворганы, зубы...

Труп

Коры Крыпэн праляжаў тут некалькі месяцаў. У тым, што гэта яе труп, ніхто не сумняваўся, аднак жа даць яму ймя было самым цяжкім. Перад знакамітым патолягаанатамам доктарам Пэпэрам ляжала месіва з чалавечай плоці. Гэты момант цікавіць нас больш за ўсё. Гэта не дэтэктыўная гісторыя, таму пытаньне мы сфармулюем так: каго ці што бачыў перад сабой дантыст Хоўлі Крыпэн у тую ноч, калі яны з Корай нарэшце правялі вясёлых супругаў Мартынэлі на туманную вуліцу Хілдроп-Крэсчэнт і вярнуліся ў дом? Усё адбывалася звыклым чынам, і Кора адразу пайшла ў свой пакой, насьмешліва зірнуўшы на мужа, пакуль Хоўлі Крыпэн, гледзячы ёй усьлед, наліваў сабе яшчэ каньяку. Толькі б не дрыжалі заўтра рукі, толькі б яна не распавядала зноў пра сваіх хлопчыкаў з ложы... Крыпэн выпіў, запаліў цыгару й наліў сабе яшчэ. Як глядзелі на яго Мартынэлі, калі выходзілі, калі ён, нібы лёкай, адчыняў ім дзьверы, баючыся яе зьедлівых заўвагаў. Яшчэ адзін такі позірк, яшчэ адна кпіна з боку Коры, яшчэ адзін яе прыхільнік на парозе іх дому... І ён ня вытрымае, ён дастане тую колбачку з гіясцынам, і больш ніякіх пакутаў. Так, ён накладзе на сябе рукі. Вочы Крыпэна сьлязіліся, ці то ад дыму, ці то ад бясьсільля. Ён жа ведаў, што ніколі гэтага ня зробіць. Яго стрымлівае толькі Этэль, Этэль насамрэч кахае яго, старога дантыста Крыпэна, няшчаснага старога чалавека, які так засумаваў па жаночай пяшчоце. “Кора!” – закрычаў ён ціха, яна, натуральна, не пачула, занятая там, наверсе, сваімі марамі пра гэтых маладзёнаў з Чэлсі зь іхнымі атрутнымі, агромністымі букетамі. “Кора!” – прастагнаў ён і падняўся наверх. Яна сядзела, ужо ў начной кашульцы, купленай, між іншым, за яго грошы, і ўсьміхалася вялікаму люстэрку. У ягоным пакоі стаяла іхная вясельная фатаграфія, а ў яе пакоі, у пакоі ягонай жонкі, стаяла яе фота, у поўны рост, такое фота, як на тэатральных афішах. Кора Крыпэн. Як прыгожа, бог ты мой... Яна забыла, кім была тады ў Нью-Ёрку, Кунігунда Маккамоцкі, панамешана крывей, дарма што тварык быў прывабны, танная такая прывабнасьць, скарыстацца й выкінуць. Няздарная сучка. “Я ўжо неаднаразова казала табе, каб ты сюды не ўваходзіў,” – раздражнёна сказала яму сьпіна Коры. “Няўжо мне трэба кожны раз зачыняць дзьверы, Хоўлі?”. Ён паставіў келіх з каньяком на столік і падыйшоў да яе ўсутыч. “Няўжо ты думаеш, што сёньня ў цябе нешта атрымаецца, мілы Хоўлі?” – сказала яму сьпіна Коры й засьмяялася – тэатральна, гучна, такі грудны, зьдзеклівы сьмех. І тады ён паклаў рукі ёй на плечы.

Такім чынам, каго ці што бачыў містэр Хоўлі Крыпэн у тую ноч? Спачатку, натуральна, каго: яе бадай што жывую спадніцу, пад якой была недасягальная для яго магчымасьць валоданьня, тое, за што купляюць жанчын і за што іх прадаюць. Яе патыліцу, ад якой пахла парфумай, яна была несумненным “хто”, не падлеглым аспрэчваньню “яна”, дом быў поўны яе пахаў, яе звычак, яе рэчаў, яе голасу. Кора Крыпэн, яго жонка. Вось яна падымаецца па лесьвіцы, вось ён глядзіць ёй усьлед, наліваючы сабе каньяк, жывое сочыць за жывым, жывое жывіцца жывым. Потым – яе сьпіна, якая ледзь уздрыгнула ад грукату дзьвярэй, яе адлюстраваньне, якое стрымана ўсьміхнулася: тады, у Нью-Ёрку, яна ўся ўспыхвала ад радасьці, абарочввалася й кідалася яму на шыю. Як усё перамянілася. Але ж жывую, цёплую сьпіну зьмяняе ў вачах Крыпэна халоднае, зь недаверлівым і зьдзеклівым позіркам, адлюстраваньне. Нібы ад Коры аддзялілася нешта, ужо нежывое, ужо больш падобнае да “што”, чым да “хто”. Хоўлі Крыпэн у разгубленасьці: ён бачыць дзьве Коры, адну крохкую, цёплую, блізкую й знаёмую, тую, зь якой яго, як-ніяк, даволі шмат зьвязвае, ён ніколі не падымаў на яе руку, самае страшнае, што ён зрабіў пакуль што, гэта ягоная раптоўная думка на грудзёх у мілай, такой яшчэ юнай Этэль – а што, калі б Коры не было? Наогул не было? І – такая нечаканая хваля палёгкі, пад якую прыемна падставіць азызлы ад сямейнага жыцьця твар: Кора сапраўды ня вечная, яе можа ня быць. І потым расчараваньне, чорнае, як уваход у падвал: Кора ўсё ж ёсьць. І ён нічога з гэтым ня зробіць.

Дзьве Коры існуюць перад Крыпэнам нядоўга. Варта ёй прамовіць некалькі фразаў, і яна зноў набывае адно аблічча. Цяпер Крыпэн бачыць толькі “што”. “Што” халоднае, рэчавае, настроенае для яго нядобразычліва. Варожае, чужое “што”. Рэч, аб якую ён балюча грукнуўся костачкай, калі бег па жыцьці. Да рэчы ня маюць літасьці. Каб думаць пра яе цану, трэба знаходзіцца ў краме, а не ў сваім цёмным, цесным доме на Хілдроп-Крэсчэнт. І “што” больш ужо ніколі ня стане “хто”. Можа быць, на раніцу Крыпэну гэтага й хацелася. Але ў тым і рэч, што для “хто” працэс незваротны. І слова “труп” мы скланяем адмысловым чынам.

Як сапраўдны мэдык, доктар Пэпэр не задумваўся пра доктара Крыпэна. Яму было важна даказаць, што гэтыя парэшткі належаць целу місыс Крыпэн, далейшае было задачай паліцыі. Сярод мяккага месіва з чалавечае плоці яму ўдалося знайсьці шматок скуры. Паводле некаторых асаблівасьцяў яна нагадала доктару Пэпэру скуру зь нізу жывата, з лабка. На скуры была загадкавая паласа, якая нагадвала пасьляапэрацыйны рубец. Містэр Макнэтэн са Скотлэнд-Ярду імгненна зьвязаўся зь сябрамі Коры, якія паведамілі, што Кора насамрэч перанесла некалькі гадоў таму ў Нью-Ёрку складаную гінэкалягічную апэрацыю. А саму Кору ўспомніў прадавец крамы, дзе яна набыла летась сабе начную сарочку, такую самую, якая была на трупе з Хілдрап-Крэсчэнт.

Кора Крыпэн была мёртвая, але цела яе працягвала

ўплываць на жыцьцё, прычым у большай ступені, чым магло падацца. Доктар Пэпэр ня быў, уласна, спэцыялістам па рубцах, таму перадаў шматок скуры з лабка свайму маладому вучню, нікому пакуль не вядомаму містэру Спілсбэры. Калісьці доктар Пэпэр сам параіў Спілсбэры прысьвяціць сваю дзейнасьць рубцам, і цяпер у вучня зьявіўся шанец паказаць сябе ў справе. Спілсбэры неабвержна давёў, што шматок скуры, знойдзены ў падвале на Хілдроп-Крэсчэнт, паходзіць менавіта з лабку Коры Крыпэн. Тым часам, як Скотлэнд-Ярд разаслаў па ўсіх портах і караблях падрабязнае апісаньне дантыста Крыпэна і Этэль Лі Ніў, містэр Спілсбэры жыў на маленькім, плошчай усяго некалькі сантымэтраў, кавалку скуры, уздоўж якога праходзіла загадкавая сьветлая паласа, якая сканчалася каля самага краю, уросшы ў скуру, бы падземны тунэль. Мікраскоп здолеў зрабіць з гэтага кавалка мёртвай матэрыі цэлую плянэту, адзіны насельнік якой шукаў на ёй разгадку зусім побытавай гісторыі...

Капітану акіянскага парахода “Монтроўз” складзенае Скотлэнд-Ярдам апісаньне містэра Крыпэна і ягонай сакратаркі трапіла на вочы, калі судна ўжо выйшла з антвэрпэнскага порту, трымаючы курс у Нью-Ёрк праз канадзкае ўзьбярэжжа. Ён адразу ж падумаў пра двух сваіх пасажыраў: нейкага містэра Робінсана і ягонага сына Джона. Бацька й сын і на палубе, і падчас абеду паводзілі сябе вельмі дзіўна. Усе гэтыя ўшчыкваньні, пагладжваньні, гэты пранізьлівы крык юнага Джона, калі над самай ягонай галавой пранеслася чайка... А яго паходка – уся другая кляса сьмяялася. Капітан тэлеграфаваў у Скотлэнд-Ярд. У той самы дзень інспэктар Д’ю і сяржант Мітчэл селі на марскі экспрэс “Ляўрэнтык”і праз тыдзень насьціглі “Монтроўз”ля Квэбэку. Містэр Робінсан быў настолькі ўражаны, што ня стаў ламаць камэдыі, а міс Лі Ніў з асалодай скінула ў сваёй каюце мужчынскую вопратку.

Цела Коры Крыпэн працягвала дзейнічаць. Нікому дагэтуль не вядомы Спілсбэры, якому давялося зь мікраскопам у руках чытаць прысяжным і судзьдзям лекцыю па рубцах і шнарах, увадначасьсе стаў знакамітым і ў будучым зрабіў бліскучую мэдыцынскую кар’еру. 23 лістапада містэр Крыпэн быў павешаны. “Хто” чарговы раз стала “што”. І нават міс Этэль Лі Ніў не прыйшло ў галаву, хто глядзеў у гэты час зь іншага берагу акіяну на пастарэлага містэра Крыпэна. Маленькі хлопчык па імені Хоўлі, маці якога, бывала, так часта плакала, такім мілым ён ёй падаваўся.

Самым прыгожым хлопчыкам на сьвеце.

***

Адно яе брыво заўжды трохі прыўзьнятае, нібы Вераніка чымсьці зьдзіўленая. Але ж не: яна сьпіць, залюляная ўласнай цеплынёй. Ногі ўткнуліся ў туфлі, вялікія пальцы на іх рассунутыя, быццам хацелі абхапіць тонкія абцасы й замерлі на паўдарозе. Кабінэт Веранікі напханы сьмертаноснымі прыладамі, кожная бы жывая, кожная электрызуе атмасфэру вакол гаспадыні гэтага памяшканьня, кожная робіць паветра яшчэ гусьцейшым. Выпраменьваньне струменіць па кабінэце. Вераніка дрэмле. Нябачныя промні йдуць па кабінэце, сьвеціцца экран мабільнага тэлефона, ледзь улоўна дрыжаць элетрычныя разэткі, сыстэмны блёк уключанага кампутара пакрысе напаўняе душнай гарачынёй кабінэт, гудзе, цяжка ўздыхае, і манітор робіць атмасфэру вакол калючай, адчувальнай, бы мірыяды замаскаваных зьнічак. Бяскрыўдны на выгляд вэнтылятар, якім не карысталіся ўжо некалькі месяцаў, насамрэч жывы, ён стараецца ня кідацца ў вочы, сьціпла стоячы ў куце, і яму гэта ўдаецца: але ж колькі ён выдыхае ў гэтую замкнёную прастору! Неахайна пакладзеная слухаўка тэлефона захлынаецца ўласнымі гудкамі. Электронны гадзіньнік на сьцяне не працуе – яму нічога ня варта імгненна нагнаць час, калі Вераніка расплюшчыць вочы. Уключаныя лямпы цярпліва чакаюць надыходу шарай гадзіны. Яна атрымае вымову за неэканомнае выкарыстаньне электраэнэргіі. Нехта ўжо заўважыў сьвятло ў яе кабінэце, вяртаючыся з абеду й падымаючыся па прыступках ганку. Але гэта будзе заўтра. А пакуль дзень паволі коціцца да свайго завершаньня.

***

Тоўсты, непрабіўна-жорсткі, каржакаваты чамадан прымушае мяне даць яму дарогу – я адступаю ў нечае будучае купэ, пакуль пустое, у ягоны настоены на чужых часовых жыцьцях паўзмрок. Чамадан грукае аб дзьверы, скрыгоча сваімі абабітымі жалезьзем бакамі, і нарэшце зьнікае недзе ў канцы вагону. І тады хутка, таму што на даляглядзе тамбуру ўжо зьявіўся, гідліва пакачаўшы паўадарванай у вакзальных гонках ручкай, новы куфар, я бягу ў свой цесны загончык. Тут, у гэтым вагоне, я займу зараз адну позу, і змагу зьмяніць яе толькі праз дваццаць гадзінаў. Як гэта часта здараецца, я апошні раз удыхну тут, а выдыхну толькі на зусім іншым вакзале.

Маё купэ ўжо поўнае. Трое добра знаёмых паміж сабой мужчынаў, настолькі знаёмых, што мне здаецца, яны блізьняты. Цягнік яшчэ стаіць, а яны ўжо п’юць – пакуль яшчэ ціха, з апаскай, разважліва ўздымаючы плястыкавыя кубачкі й ведучы напаўголасу разумныя, правільныя размовы. Цягнік яшчэ тут, а яны ўжо дома. Як і кожныя некалькі месяцаў, яны паціху прывыкаюць да вяртаньня, рукі іх распростваюцца, ногі становяцца нібы бяскоснымі, галовы хіляцца долу, вочы зацягвае каламутная плеўка. Вакзал яшчэ не здрыгануўся за вакном, а яны ўжо на сваёй тэрыторыі. Тут можна адпачыць. І трохі памарыць пра Duty free. Я залажу на сваю верхнюю паліцу, гэты вечны падарунак ад лёсу ў чыгуначнай уніформе. Як заўсёды, цягнік ігнаруе час свайго афіцыйнага адпраўленьня, чакаючы, пакуль у пасажыраў зьявіцца ілюзія руху. І толькі тады плятформа раптам пабяжыць у хвост цягніка, марудна разганяючыся, і гарэлка ў бутэльцы неўпрыкмет усплёсьнецца, і пачуецца адрывістая страляніна дзьвярэй. Нясьпешна замільгаюць за шклом сьмецьце й лецішчы сталічнай ускраіны, і нарэшце ў адну суцэльную агароджу разьвітальнага колеру ператворацца высокія кветкі, што растуць уздоўж рэек. Дзень стане цёмна-рудым, бы нагрэты чыгун. Пад пазногцямі зьявіцца бруд. Дух прыбіральні ненавязьліва пагойсае па вагоне, і потым зьнікне, пасяліўшыся ў тваім нутры.

Поделиться с друзьями: