Сцюдзёны вырай
Шрифт:
Я быў настолькі ўзрушаны, што нават не адрэагаваў на сарказм, зрабіўшы кволы жэст далонню, які сігніфікаваў, што не, нармуль, так таксама нядрэнна. На фізічным узроўні я дзейнічаў у адпаведнасці з паўночнаамерыканскім канонам, згодна з якім, першае, што трэба спытаць у чалавека, калі той падляціць да цябе з такой мінай, як была ў мяне, гэта «are you ok?». І жэст мой, такім чынам, быў адказам на пытанне, якое яна не задала. Яна кпіла, а я яе супакойваў — yes, I’m ok, don’t you worry! Яшчэ адной акалічнасцю, што спрычынілася да дысанансу ў гэтай уверцюры нашага знаёмства, быў выраз яе твару. Так, дзяўчына была спакойнай. Яна была і сур’ёзнай, нават не проста сур’ёзнай, урачыста сур’ёзнай. Вусны агучвалі гэтую лухту пра лепшае месца
Прастадушна запытаўся:
— Вы таксама згубіліся, як і я?
Яна зноў тыкнула шпількай:
— Я заблукала. Але ж не так, як вы. Не, не так. Трохі незразумела, дзе тут што знаходзіцца.
І зноў я не адрэагаваў. Дарэчы, гэта назаўсёды засталося таямніцай: ці з’яўляюцца для вас, беларусаў, здзекі стандартнай методай знаёмства, ці тое быў выключна яе фірмовы стыль.
— Тут ніхто не размаўляе па-ангельску! — паскардзіўся я ёй.
— А вы што хочаце? Мы ж у самай дупе Стамбула, — пацепнула яна плячыма.
— Нават кіроўца таксоўкі не ведаў, дзе тут той Шагал! — працягваў я енчыць.
— А дзе вы тут бачылі таксоўку?
— Я на ёй прыехаў.
Яна змоўкла на палове пытання, якое рыхтавалася задаць (мяркуючы па ўсім, пытанне павінна было быць не менш з’едлівым). І задала іншае:
— Сюды? На таксоўцы? І ў вас не ўзнікла думкі, што тут робіць мастацкая галерея, дастаткова вялікая для таго, каб экспанаваць у ёй Шагала?
— А што… — я разгубіўся, але зразумеў, што адзіны спосаб размовы з гэтай дамачкай — узяць яе тон. — Паслухайце, вы так кажаце, нібыта самі сюды дабраліся на пархатым дыване з мульфільма Aladdin!
— Я прыехала на метро. Выйшла на святло, а тут такая дупа.
— Тут ёсць метро? — хутчэй гэта было пытанне «і вы не баіцеся на ім ездзіць»?
— Не, вось мне цікава: вы выехалі з прыстойных раёнаў, чухалі па гэтым аднастайным найтмэры, і нішто ў вас не заварушылася запытацца ў кіроўцы, ці туды ён вас вязе?
— Не. Ну вось неяк не варушылася, — яе пытанні былі такімі лагічнымі, што мне нават сорамна зрабілася за ўласную няўклюднасць. — Ведаеце, у мяне быў проста складаны дзень. Нават не так (я адчуў, наколькі ад гэтага тлумачэння смярдзіць нашым фірмовым моўным шаблонам). У мяне была дупа, а не дзень, — я з задавальненнем працытаваў ужо двойчы згаданы ёй ass… І нават тут застаўся незадаволеным, бо дупападобны дзень не здольны быў апраўдаць маю нязграбнасць, і няма ў свеце дупы тых памераў, з якой можна было б параўнаць тое, што здарылася. Я зразумеў, што каб сказаць пра гэта, трэба ўзяць іншы тэмбр і падабраць іншыя словы: «У мяне здарылася вялікая бяда», — я падкрэсліў, што не жартую, глянуўшы ёй у вочы.
Яна толькі здрыганула плячом: пазней я зразумеў, што гэта азначала — «што ты ведаеш пра бяду, хлопча», а тады ўспрыняў як нежаданне слухаць лухту.
— Хадзем! — яна схапіла мяне за далонь і рашуча павалакла па адной з геаметрычна сумных, шэрых ва ўласным бязліччы вулачак. Я павінен быў спытацца, куды, які план, аднак гэтая дзяўчына дабралася да Гюстэпа на турэцкім метро, што азначала, што яе IQ і здольнасць да сацыяльнага survival куды вышэйшыя за мае. Не, не тое: проста яна схапіла маю далонь, разумееце. Вы гэта разумееце? Я яе нават разгледзець не паспеў, а яе распаленая рука ўжо вяла мяне наперад, прэч з Гюстэпа, яна нібы з Гестапа мяне выводзіла патаемнымі калідорамі, і гэты выраз твару, і гэтая адданасць…
Мы беглі па ходніках, і ўся мая існасць у гэты момант перацякла ў далонь, я адчуваў гарачыню яе скуры, хуткія дрыготкія сцісканні, якія нараджаліся, калі ёй здавалася, што я рушу недастаткова жвава, і яна жадала мяне паскорыць; ведаеце, у адной яе далоні было больш жыцця, больш кіпучай дзейнасці, чым ва ўсіх асобах жаночага полу горада Бостан і штата Массачусетс разам узятых. Мяне валаклі за сабой, як дзіця, і я раптам узгадаў, што
гэта такое — блаславёная дзіцячая безадказнасць, бяспека, бяздумнасць, і які вялікі і загадкавы свет паўстае навокал, калі адзіная твая роля — бегчы за мамкай, ні пра што не думаць, а проста глядзець, глядзець з раскрытым ротам! Міма несліся машыны, мінакі ківалі адзін адному, указваючы на дзівосны малюнак гендэрнага скажэння, на змену традыцыйных (ды непарушных) роляў мужчыны і жанчыны ў Стамбуле.Бег запаволіўся — мы апынуліся ля вялікай кніжнай крамы. Дзяўчына спрытненька завярнула туды, рыпнуўшы дзвярыма, я застаўся на вуліцы, не адразу зразумеўшы, што мне таксама ўнутр, мне за мамкай, што яна не завалакла мяне за сабой, каб не траўмаваць хісткую псіхіку турэцкіх кніжных гандляроў, падарваную працай з літаратурай, якая наогул няшмат каго шкадуе.
Я ступіў за ёй і адразу ж апынуўся сярод разнастайных памукаў. Тут былі памукі турэцкамоўныя, англамоўныя і нават рускамоўныя. Тут былі чорныя кнігі памукаў, былі мяне завуць чырвоны памукаў, быў музей цнатлівасці памукаў і нават снег памукаў. Здаецца, нічога іншага ў гэтай кнігарні не было, хаця ў завуголлях корпалася трохі акуніных ды яшчэ раскінуў свае прагныя лапы Дэн Браўн. Паміж вежай са слоўнікаў (адзінай функцыяй якіх было дапамагаць чытачу перакладаць памукаў з адной мовы на іншую) і малым узгоркам з літаратуры Турэччыны (адзінай функцыяй якой было падвесці чытача да Памука), месцілася ўтульнае гнездішча, у якім сядзеў дробненькі чалавек з пазнавальнымі слядамі літаратуры на твары. Чалавек трымаў у руках даволі тлустага памука, па ўсім было бачна, што чытаць гэта ў яго больш няма ніякай моцы. Дзяўчына сунула чалавеку пад нос запрашальнік і штосьці спытала. Чалавек шырока ўсміхнуўся, сказаў «айн момент» і кудысьці знік. Памука ён пакінуў на лаве, вартаваць, каб мы нічога не спёрлі.
— Што здарылася? Куды ён? — непакоіўся я, але ж мая спадарожніца была спакойнай, а гэта азначала, што ўсё ў яе пад кантролем.
Хвілін праз дзесяць мужчына нетаропка прамаршаваў у пакой, і гэтым разам ягонай кампаніяй быў пузаты імбрычак і тры шкляныя кубачкі, падобныя да рускіх кілішкаў для гарэлкі.
— Дык вы ведаеце ці не, як нам знайсці гэты музей? — запытала дзяўчына, па ўсім, відаць, пачынаючы падазраваць, што літаратура дэфармавала чалавека больш, чым паказалася спачатку.
— Sit down, please, — прапанаваў ёй. У яго ангельскай адчуваўся істотны прысмак памука.
У імбрыку была гарбата. Я ў захапленні шапнуў дзяўчыне, што шукаць англамоўнага суразмоўцу ў кніжнай краме было вельмі разумнай ідэяй.
— Вы заўсёды кудысьці спяшаецеся, — з дакорам сказаў мужчына, працягваючы кожнаму з нас па кілішку с духмяным пітвом. — Таму ніколі не трапляеце, куды трэба.
Дзяўчына зноў збіралася штосьці спытаць, але ён узняў далонь, паказваючы, што яшчэ не скончыў:
— Месца, дзе вы зараз знаходзіцеся, называецца Gustepa. Навошта ехаць у Gustepa, калі шукаеш Goztepe? А? Растлумачце, я не разумею.
Ён сербануў гарбаты. Ён медытатыўна ўсміхаўся.
— І далёка адсюль да Goztepe? — запыталася дзяўчына.
— Вядома ж. Гэта на другім беразе. Трэба браць паром. А да яго яшчэ ехаць. Таму давайце лепей вып’ем гарбаты ды паразмаўляем.
Нас хапіла роўна на тры хвіліны. Праз тры хвіліны дзяўчына ўжо цягнула мяне ўздоўж вуліцы да метро. Можа быць, мы ўсе сапраўды занадта спяшаемся?
— Gustepa не тое самае, што Goztepe? — гучна абуралася яна. — У Стамбуле? Дзе логіка? Ды тут нават у тры літары разыходжанне павінна лічыцца карэктным! — Я адзначыў пра сябе, як блізка гэтая думка да таго, што круцілася ў маёй галаве.
Тут моцна пашанцавала. Праз сотню крокаў мы пабачылі сапраўдную таксоўку, у сваёй нехарактэрнасці, непрызначанасці агульнаму пейзажу падобную да субмарыны, якая загразла ў звычайным аўтамабільным корку. Нават руку не спратрэбілася ўзнімаць: яна драпежна кінулася да нас, на хадзе адчыняючы дзверы.