Сцюдзёны вырай
Шрифт:
Мы запавольвалі свой бег, апынуўшыся на беразе: чорная няіснасць мора ды цэлы зіхоткі горад з карабельных агеньчыкаў ля гарызонта. І вось ужо Наста супакоілася настолькі, што запытала ў мяне, дык што там з маім Саўрасавым — запытала інтанацыяй, якая дэманстравала нязначнасць і нецікавасць усёй гэтай гісторыі, і мае праблемы сапраўды падаліся мне самому нязначнымі ды нецікавымі… А побач была хісткая адрына кавярні, асветленая, як тая ўтульная батлейка з немаўляткам-Хрыстом ды вяшчунамі, якая штогод з’яўляецца ля нашага касцёла: цёплае, магічнае адценне, нібы наўмысна створанае на палітры для таго, каб адбівацца на постацях, жывёлах ды яслях, якія ўсе разам сімвалізуюць галоўны цуд нашай цывілізацыі. Ля адрыны быў не менш біблейскі падстрэшак, крыты ці то шыферам, ці то саломай, пад ім — два крэслы, на якія мы відавочна павінны былі сесці, бо адна з нас дакладна была святой (тады я яшчэ гэтага не ведаў).
Шапацеў дождж. Грукатала мора. Жыццё
— Чым усё скончылася з Саўрасавым? — запытаўся я, нібы намагаючыся ўспомніць: а сапраўды, чым? — Ліст. Сёння раніцой атрымаў ліст. Ад Дзюпер’е. Дагэтуль я прызнаў аўтэнтычнасць «Прасёлка-2», які з-за дажджу і патаемных прадчуванняў пакупніка вырашана было назваць «Безвыходнасць». А як яшчэ вызначыць пачуцці таго, хто вымушаны жыць і займацца бізнесам у Масковіі?
Дык вось. У лісце была фотка гэтай працы на сценцы музея, побач з шыльдачкай, на якой даволі разборліва было пазначана: «Іван Анісімавіч Зайчыкаў. „Дождит“. 1884 год». І даведка Дзяржаўнага музея Разані аб продажы палатна Івана Анісімавіча Зайчыкава «Дождит» пакупніку са складаным турэцкім прозвішчам. І далей — перакладзены на кудлатую ангельскую мову бліскучы жыццёвы шлях Івана Анісімавіча Зайчыкава, які «was born and went a long creative path in beloved Riazan». «Крыэйціў пафф» (творчаскі шлях, між іншым) Івана Анісімавіча ў геаграфічным плане больш нагадваў кропку, чым адрэзак ці прамую. «Шлях» пачаўся ў Разанскай школе малявання, а скончыўся на Серафімаўскіх могілках Разані, дзе Івану Анісімавічу паставілі надмагілле ў выглядзе трох пэндзляў, якія растуць з крыніцы натхнення (сімвал «improbable talent» Івана Анісімавіча). Надмагілле спраектаваў вядомы разанскі архітэктар, блізкі сябра Зайчыкава, Аркадзій Дартуар-Сібірскі. Ад усяго гэтага патыхала такой непрагляднай безгустоўнасцю, што мне стала цяжка дыхаць. Я нават не з першага разу здолеў прачытаць выдатную гісторыю палатна «Дождит», якое Іван Зайчыкаў напісаў у цэнтры Разані, побач з рынкам, якога не бачна з-за пагорка. Пра тое, які моцны зарад любові («blast of love») да ўласнага краю, Разанчшыны, закладзены ў гэты твор. Пра тое, што выплачаная пакупніком са складаным турэцкім імем сума ў сем тысяч даляраў — нішто ў параўнанні з шэдэўрам, якім ганарыцца край. І што ўсе гэтыя грошы пойдуць на аднаўленне музея і арганізацыю побач з ім фантана, які будзе абсталяваны святламузыкай.
Як ні дзіўна, першая думка была не пра тое, колькі можна зарабіць на касе ў McDonald’s, а пра тое, якая гэта неймаверная краіна — Расея, у якой два творцы, аддзеленыя адлегласцю, роўнай сярэдняй па памерах еўрапейскай краіне, могуць стварыць два літаральна аднолькавыя пейзажы, з пагоркам, шасцю дрэвамі ды знішчаным, бедным шляхам. Пра тое, што такі «Прасёлак» у любым іншым месцы быў бы адзіным на ўсю краіну, да яго з’язджаліся б цікаўныя, каб паназіраць, якія формы можа набываць абыякавасць ды неруплівасць, а тут людзі бачаць «прыгажосць» ды «blast of love». Але ж так, адразу пасля гэтага я падумаў, колькі можна зарабіць на касе ў McDonald’s.
Агенты Бэнк оф Нью-Йорк хуценька так інфармавалі ўвесь мастацкі свет аб тым боўдзіле з доктарскім дыпломам, які не можа адрозніць генія пейзажнага жывапісу Саўрасава ад Івана Анісімавіча Зайчыкава.
— Слухай, я баюся парушыць крыштальны свет тваіх ілюзіяў, згодна з якімі ёсць Амерыка і ёсць уся астатняя Зямля, адзіная ў сваім адрозненні ад ЗША… Аднак што на тваю думку Саўрасаў мог рабіць у Стамбуле? Цябе гэта не здзівіла? Не вымусіла задумацца? Бо, ведаеш, ад Турэччыны занадта ж далёка да Расеі!
— О, тут ніякага алагізму няма! Справа ў тым, што рускія эмігранты першай хвалі валакліся ў выгнанне праз Стамбул. Чырвоная армія не адразу захапіла Крым, ён нейкі час захоўваў незалежнасць. І яны спачатку чухалі ў Крым, марылі там зачапіцца на час, пакуль Саветы не падохнуць, а яны ж надта жывучымі апынуліся. Ну і, карацей, пасела з таго боку мора ўся гэтая эміграцыя на параходы ды паплыла сюды. Гэта былі заможныя людзі, якія валодалі асноўнымі каштоўнасцямі Расіі. Так тут, у Стамбуле, апынуліся скарбы, якіх не знайсці нават у музеі Смісоніан, у якім ёсць усё.
— Вешаеш, Джонічак! Так табе і трэба! — выслухаўшы мяне, сказала яна.
— У сэнсе?
— Атрымаў ты па заслугах, вось што. Бо ніякі ты не мастацтвазнаўца. Ты — марадзёр. Горшы за тых, хто на вайсковых захаваннях па-чорнаму капае, каб раскалупаўшы магілу жаўнера, знайсці рэліктавую бляшанку арміі Вермахта, за якую на e-bay можна пару соцень выбавіць.
— Ну ты параўнала!
— А што, да цябе не даходзіць? Не ўцяміш, дзе мы зараз? — яна падхапілася і раззлавана ўперлася ў мяне позіркам. — Джон, вось калі там, дагэтуль, было поўнае пакут жыццё, а пасля Стамбулу — суцэльнае шчасце, дык атрымліваецца, што месца, дзе мы зараз — гэта чысцец! Чакаем, пакутуем, а потым — па размеркаванні, згодна з колькасцю кармічных грахоў ды элементарнага шанцавання!
Я не мог усвядоміць яе алегорыяў, але Наста мне хутка нагадала пра паралелі:
— Джон,
яны ехалі з Расеі, патопленай у крыві, з Расеі, у якой маглі проста праходзячы побач, сп’яну — схапіць, звесці на ўзбочыну і стрэльнуць у патыліцу. Проста так, каб вывернуць кішэні! Джон, і я — я еду, еду, адтуль, дзе… — яна задыхнулася і працягнула. — Еду, як і яны, пакінуўшы цэлае жыццё, з былымі марамі, планамі, з сябрамі, з… Разумееш? І калі б мне тут не хапала на квіток, я б прадала ўсё, што маю, заплечнік гэты… Таму што ў многіх сэнсах — гэта апошняя вандроўка. Адтуль не вяртаюцца! Ведаеш, што ў нас робяць з тымі, хто атрымаў прытулак у ЗША, а потым прываблены аптымістынымі навінамі вярнуўся на радзіму? Ведаеш? Ты? А, можа, ты хочаш мой заплечнік? Танны, ну? Хочаш айфон? Ну?Яе вусны дрыжэлі, яна амаль плакала — гэтая неймаверна моцная дзяўчына, і я спачатку спужаўся, бо яе нянавісць падалася мне разбуральнай, яна лёгка магла пляснуць мне па шчацэ, аднак няма нічога больш далікатнага за пакрыўджаную моц, і я прытуліўся і агарнуў яе рукой, агарнуў ды прыціснуў да сябе, бедная, бедная… мая…
Ішоў дождж, мітусіліся чайкі, якія не ведаюць сну і спакою, шыпеў блізкі прыбой, цыклічны, як дыханне волата. Чутно было, як на ўздыху мора забірае з сабой жмені шапатлівага аточку, а з кожным выдыхам дасылае да берага шумлівае абурэнне тым, як шмат караблёў абсела ваду. Усё непаўторна, але ўсё — дакладна так, як было 80 год таму, калі з таго боку Чорнага мора йшлі гружаныя лёсамі параходы. І неяк асабліва востра адчулася, што такія рэчы, як роспач, зло, гвалт не змяніліся за апошнія дзве тысячы гадоў ні на грам.
— Ведаеш, чаму яны там так згурбіліся? — я кіўнуў на караблі, вырашыўшы расказаць бадай што пра адзіную тутэйшую выбітнасць, пра якую ведаў з guidebook. — Яны чакаюць чаргі на праход праз Басфор. Бачыш, нават у вадаплаўных свой чысцец. Усіх адразу на той бок не бяруць…
Да нас падышоў хлопец з вялікім бляшаным жбанам за спінай, падобным да гіпертрафіраванага рускага самавара, які ўтварыў дзіўны гібрыд з жывым чалавекам. Гэта быў прадавец салепу — цягучай белай вадкасці з прысмакам карыцы. Чамусьці ў снежні ў Стамбуле яны з’яўляліся толькі па начах. Я палез у кішэню за дробяззю — салеп так удала пасуе да паху дажджу! Аднак Наста балюча тыкнула мне ў бок.
— Нават не думай!
— Што? Што здарылася?
— Ты не пазнаў яго?
— Ды не…
— Гэта той, з кавярні… Які нам яшчэ каштаны прадаваў!
Яна пацямнела вачыма. Кажан страху, які быў імгненна крануў яе твар у мінулы раз, цяпер угрунтаваўся тут нібы назаўсёды. Вусны паторгваліся ў ціках. Рысы як быццам бы агрубелі, страцілі фрагільнасць ды напаўпразрыстую феміннасць. З-пад ілба цяпер глядзелі як быццам бы дзве палонкі з чорнай, мёртвай вадой…
Я павярнуўся да хлопца, які так яе напужаў. Худы, у бацькавай кашулі, якая вісела на ім, як рыззё на саўрасавых бурлаках, стомлены, але высакародны. Высокі лоб, вытанчаны прамы нос… Я нічога не сказаў Насце. Аднак гэты падлетак быў зусім не падобны да мужчыны ў кавярні. У іх не было ніводнага намёку на падабенства… Ні ва ўзросце, ні ў постаці, ні ў рысах твару, ні нават у такіх рэчах, якія немагчыма задрапіраваць ці пераняць, напрыклад — пранізлівасці позірка…
Насту тымчасам трэсла, але яна сціснулася і спрабавала, здаецца, пераадолець страх. Мне зноў стала нясцерпна балюча за гэтую дзяўчыну, якая прайшла праз такія выпрабаванні, пра якія я ў сваёй Амерыцы нават у кіно не глядзеў. Прайшла, але, здаецца, не зусім вярнулася…
— Наста, прабач, — абярэжна крануў я яе. — Ты ў парадку?
— Я ў поўным парадку… Аднак не набывай нічога… У гэтага… Яшчэ глядзі, каб каштаны ягоныя нам бокам не выйшлі!
Яна з нейкай моўнай цяжкасцю, канцэнтруючыся на кожным слове (яе мова раптам значна пагоршылася), расказала мне гісторыю пра нейкія маленькія скрыначкі, шэрыя, квадратненькія, а ў іх — генератары выпраменьвання, і гэтыя скрыначкі спецслужбы мантуюць у кватэрах, дзе жывуць не згодныя, але вядомыя людзі, людзі, якіх нельга проста арыштаваць ці забіць… І што гэтыя людзі хутка захворваюць на рак ды паміраюць — таму, што ў скрыначках — смерць. І што яны дзеля гэтага прыходзяць у дом, калі нікога няма, а таму трэба заўсёды пільнаваць, ці быў хто, пакуль цябе не было, быць пільным, заўседы быць пільным. І што яе сябра знайшоў такую скрыначку ў ейнай кватэры, але, здаецца, гэта быў проста штэкер ад тэлефона, яна яго знішчыла, і маці на яе вельмі лаялася, бо тэлефон не працаваў… І што потым прыйшоў чалавек, нібы з адміністрацыі яе кандамініума, усё адрамантаваў, а ёй зноў пачала балець галава, а чалавек той быў вельмі пазнавальны, ты не зразумееш, тут трэба хаця б раз апынуцца на допыце, каб адразу на ўсё жыццё атрымаць магчымасць пазнаваць… Яна не ведае, што гэта за выпраменьванне, але, можа, і не выпраменьванне, а гук звышвысокага, не чутнога вуху спектра, ці атрута, бо не можа быць, каб столькі выдатных людзей пайшлі з жыцця па супадзенні, праз гіпертанію ды праблемы з сэрцам, а гэты працягвае свае лыжныя забегі. Іх атруцілі, відавочна, атруцілі…