Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

— Слухай сюды, Джон Вілаў, мастацтвазнаўца! Слухай і запамінай. У 1973 годзе Марк Шагал адзіны раз за ўсё сваё доўгае эмігранцкае жыццё наведаў Савецкі Саюз. Выставіў палотны ў Трэццякоўцы. Наведаў Ленінград. Быў сардэчна запрошаны ў родны Віцебск. Той самы горад, які намаляваў нават на плафоне Opera Garni ў Парыжы. Там, ведаеш, такі раскошны інтэр’ер, шмат золата і аксаміта, а над галовамі — Віцебск: платы, хаты… Родны, далёкі, маркотны Віцебск. А тут! Афіцыйная дэлегацыя, Міністэрства культуры, «Волгі», піянеры і паветраныя шарыкі. Вэлкам хоўм, Марк! Дазвольце вас правесці і паказаць, як квітнее родны Віцебск! Як яго, блядзь, пліткай тратуарнай захуярылі, пазносіўшы к чарцям усю гэтую драўляную казыцень (Janka, I added here some curse words trying to expressively translate such lexical elements as «fucking decorated it with shitty pavement tiles». I did it according to Web-dictionary on Porn.by, please, correct if I did some mistakes).

І ведаеш што? Шагал адмовіўся! Здаецца, ехаў адно толькі каб на радзіму паглядзець, а ў Віцебск ехаць адмовіўся! Ведаеш, чаму?

— Чаму?

— Таму, што калі ты з’язджаеш, з’язджаеш назаўсёды, уся твая радзіма змяшчаецца вось тут… — яна кранула грудзі злева. — Ты яе гадуеш, мілуеш і туліш да сябе. І не хочаш нават ведаць, што з ёй (а дакладней — з яе ценем у так званай рэальнасці) зрабілі нейкія алігафрэны ў ботах і камуфляжы!

І праз паўзу:

— Ведаеш, чаму я тут? Чаму ў Стамбуле? Таму, што я з’язджаю назаўсёды! Як мага далей. Можна было б застацца ў Еўропе, але ведаю: з Варшавы ці Прагі — вярнуся. Аднаго дня прачнуся, пагляджу навіны ў Інтэрнеце і папаўзу да мяжы. Нібы проста на вербы з таго боку паглядзець. А там зачаравана, павольна — пашпарт памежніку і ў пастарунак. Ты разумееш?

Я не разумеў. Тады нават мне падалося, што ад яе словаў патыхае залішнім пафасам, нешта падобнае адчула і яна, бо шчоўкнула пальцамі, спрабуючы падабраць лепшае, менш натхнёнае тлумачэнне і ўрэшце прачытала вершык, прачытала і пераклала яго. Я потым шмат часу змарнаваў, расшукваючы гэтыя радкі: то быў Набокаў. Я знайшоў, пазнаў іх, магу нават узгадаць гучанне яе голасу, магу ўзнавіць інтанацыі, манеру чытання. Але не здольны да канца зразумець усе закладзеныя ў верш сэнсы, бо напісана па-руску, а рускай я не валодаю:

Бывают ночи: только лягу в Россию поплывет кровать; и вот ведут меня к оврагу, ведут к оврагу убивать.

Наколькі я зразумеў са слоўнікаў, «кровать» гэта — ложак. У Расею герой «плыве» ў думках, бо на ложку плыць немагчыма з тэхнічнага пункту гледжання (я думаў быў, што значэнне літаральнае, нават высветліў, што добры драўляны ложак без матраца здольны трымацца на паверхні вады, але як вырашыць праблему з вёсламі?). Герой глядзіць на гадзіннік побач з ложкам і чамусьці баіцца, што той у яго стрэліць. І вось, урэшце, апошняе чатырохрадкоўе, самае пранізлівае, як казала Наста:

Но, сердце, как бы ты хотело, чтоб это вправду было так Россия, звезды, ночь расстрела и весь в черемухе овраг.

Калі я чытаў гэты верш — па-руску, ужо не ў перакладзе — ён падаўся мне падказкай для разумення стаўлення гэтых дзіўных людзей, беларусаў ды расейцаў, да радзімы. Дарэчы, Наста забіла б мяне за тое, што я паставіў іх побач, нават не адлучыўшы коскай. «Радзіма» — гэта дзіўны concept, які азначае тэрыторыю, на якой нехта нарадзіўся і жыў значны час у дзяцінстве. Але ж стаўленне да гэтых мясцін у іх іншае, яны нібыта прывязаныя да іх эмацыйна. Я ўсё спрабаваў адчуць: чаму? Што так вабіць у гэтых бярозках ды пагорках, у гэтых дубровах ды азёрах? Як вы пабачыце, я зайшоў вух як далёка ў гэтым даследаванні. Высветліў, што гэтая іхняя «радзіма», «бацькаўшчына» ў кліматычным сэнсе амаль не прыдатная для жыцця. Узімку там немагчыма холадна, летам неверагодна спякотна. Спёка там з’ядае вантробы горш, чым ля экватара: плюс трыццаць у Беларусі перанесці цяжэй, чым плюс сорак на Балі. Узімку там такая вільгаць, што перажыць цяжэй за сібірскія маразы. Увесь час у тых краях, акрамя некалькіх пяшчотных вясновых ды temperate восеньскіх дзён, у фізічным плане ты бясконца пакутуеш. Табе ці то занадта спякотна, ці холадна ды мярзотна, бо мароз, завея і снег у вочы. Гэтыя мясціны даводзяць табе, што ты — чалавек, ты слабы і непрыстасаваны да свету. І тым не менш, яны любяць гэтыя завеі, гэтую гарачыню, гэтую людажэрнасць ды небяспеку. Іх «бацькаўшчына» — нешта кшталту стакгольмскага сіндрому: ты адчуваеш пагрозу, аднак не можаш адмовіцца ад эмацыянальнай прывязанасці. І чым больш там небяспечна, тым больш ім карціць вярнуцца і быць ахвяраванымі. Наста працягвала:

— А таму калі ехаць, дык адразу на іншую планету. Так, каб нічога не нагадвала, ну наогул нічога… Ні буслам, ні вярбой… Я абрала тваю краіну, Джон. Бо няма больш не падобнай да майго свету месца, чым Злучаныя Штаты. Заўтра ў 6.30 раніцы (дарэчы, ужо не так шмат засталося) — квіток у адзін канец. Туркіш Эйрлайнз — танна, бяспечна. Пачну з Нью-Йорку. А там паглядзім.

— Гэта звязана з тымі крывавымі падзеямі, якія паказвалі па «Еўраньюз»? — тактоўна запытаўся я.

З тых «крывавых падзей» у галаве захаваўся толькі адзін

вобраз, бессэнсоўны ў сваёй семантычнай адарванасці ад узважанага голасу дыктара, які між іншым адзначаў, што ўвесь астатні відэаматэрыял сканфіскаваны людзьмі ў цывільным: жанчына, якая ўголас скуголіць, седзячы на кукішках на снезе, вакол плямы малінавага сочыва, перад ёй — чыйсьці вывернуты камаш, ах не, тое ж не сочыва, тое ж…

— Звязана, аднак не наўпрост, — патлумачыла яна. — Я амаль ужо нічога не маю супраць яго. Ён — як маланка, з-за якой агонь знішчыў свіран са збожжам. Але я болей не магу жыць побач з тымі абыякавымі мільёнамі, якія працягваюць класці сваё збожжа туды, дзе яго абавязкова заўтра зноў спапяліць маланка. Мне млосна ад непраходнай упэўненасці гэтых мільёнаў у тым, што мы жывем у самай лепшай краіне, асноўнай заслугай якой з’яўляецца адсутнасць вайны. Ну, ты можаш зразумець гэта, Джон? Можаш? У нас усё файна, бо ў нас няма вайны! І гэта пасля таго, што ты бачыў а хаця б па «Еўраньюз»! Тым больш млосна ад таго, што пацярпелыя ад маланкі зрабілі яе сваім новым Богам, тым, хто вышэй за Бога, ды ўсхваляюць так, што чалавека з пачуццём густу званітаваць можа… А галоўнае, я нават сваёй маці не здолела растлумачыць, чаму так болей немагчыма. Яна працягвае паўтараць, што з маланкай весці барацьбу — безнадзейна, што гэта прыкмета вар’яцтва, бо Пярун спаліць і не заўважыць.

На парозе з’явіўся стары, які адзначыў, што мы так і не паглядзелі на мора, і што ён будзе рады бачыць нас заўтра, а цяпер у яго спатканне з жонкай, яна памерла два гады таму, і яны патаемна бачацца штоноч у ягоных снах, стары ўсё чакае, калі яна яго пакліча за сабой, аднак не кліча, бо ёй цікава, як жывуць тыя, што засталіся па гэты бок небыцця, ён ёй падрабязна распавядае, ну бывайце, бывайце! Гэта быў чароўны вечар — з-за бясконцых размоваў у нас амаль што не было часу агледзецца па баках, зразумець, якіх прыязных людзей прэзентаваў нам лёс у саўдзельнікі.

На вуліцы было цёмна магічнай цеменню ночы, якая не выключала прынцыповае існаванне дываноў-самалётаў, жбаноў, у якіх могуць хавацца 40 злодзеяў, джынаў і стыхіаліяў, гатовых выканаць любое жаданне, калі ў цябе ёсць належная лампадка. У мяне ў галаве круцілася песня «A whole new world» Алана Менкена, я нават пачаў яе намармытваць, але ж спыніў сябе: не хапала яшчэ, каб Наста падумала, што мультфільм Aladdin — адзіны культурны артэфакт, да якога я меў дачыненне за ўсё жыццё. Я вырашыў падвысіць рэйтынг, прадэманстраваўшы, што ведаю сёе-тое пра персанажаў, значных для яе свету.

— Наста, я лічу, ты абрала вельмі добрую краіну для старту. Кожны ліс хваліць свой лес, але сапраўды Штаты — файнае месца для пачатку. Вось Набокаў. Ведаеш, як яго сустрэлі мытнікі, калі ён выйшаў на амерыканскую зямлю? У яго ў багажы былі баксёрскія пальчаткі (Janka, I really think this is inappropriate word! Because «пальчаткі» паходзяць ад «пальцаў», — «fingers». But mufflers (boxer gloves) do not have separate slots for fingers! This is exactly what I pointed out in our previous discussion, where I was proving you, that «smile» and «усмешка» are not equal!). І вось адзін з мытнікаў выхапіў гэтыя пальчаткі і пачаў гойсаць за другім, імітуючы баксёрскую бойку. Абодва рагаталі! Я памятаю, наш прафесар рускай літаратуры (я браў класы русліту, бо мне было трэба працаваць з рускім жывапісам, я хацеў разумець сюжэты), дык вось, гэты прафесар, дарэчы, уцякач з Саюзу, і не скажаш, што вельмі шмат піў… Дык вось, настаўнік асабліва падкрэсліваў, як гэта ўспрымалася пасля Еўропы, дзе Набокаў пражыў дваццаць год і нават не атрымаў грамадзянства, пасля Еўропы, у якой справамі эмігрантаў займаліся забойцы яго бацькі, Еўропы, з якой было складана нават выязную візу атрымаць, дзе трэба было штогод узнаўляць даведку аб уласнай расавай паўнавартаснасці… Там, у Еўропе, для сям’і Набокавых мытнікі, памежнікі, эміграцыйная служба ператварыліся ў яскравы сімвал пакутаў… А тут памежнікі, якія рагочуць і скачуць па тэрмінале! І ўсе навокал smile. Ці гэта не тое, што патрэбна любому эмігранту? Нават калі амерыканская ўсмешка ненатуральная? Дык лепей ненатуральная ўсмешка, чым натуральная варожасць! Я, дарэчы, таксама заўтра ў Штаты лячу. Падзелім з табой нябёсы!

Мы рухаліся кудысьці, ішоў дождж, ён быў па-ліпеньску цёплы і меў пах каляндры, кмену ды марской солі. У фіялетавых нябёсах кірлікалі чайкі, падсветленыя знізу памяранцавым святлом мегаполісу. Яны былі падобныя да вёрткіх самалёцікаў для ліліпутаў, якія зайшлі на пасадку занадта нізка, так нізка, што зараз зачэпяцца за гэты мінарэт, за гэтую шыльду, за гэты абрэз даху. Прадавец каштанаў сунуў нам у рукі куль з пахкімі, падобнымі да печанай бульбы, камячкамі.

Нейкім чынам мы апынуліся ў трамваі, які валок нас праз масты ды хаатычныя россыпы плошчаў. Насупраць сядзела дзяўчынка, яшчэ не дастаткова сталая для таго, каб яе прыгажосць трэба было хаваць пад хіджабам. Яна боўтала нагамі, лізала марозіва і разглядала нас. Запытала штосьці. Я перапытаў па-ангельску, без усялякай надзеі на паразуменне.

Поделиться с друзьями: