Сцюдзёны вырай
Шрифт:
— Why are you not kissing? Чаму вы не цалуецеся? — на файнай ангельскай прамовіла яна.
Я расчырванеўся, а Наста пырснула. Наблізілася да мяне і кранулася вуснамі маёй шчакі. Вусны былі гарачымі, гарачымі, гарачымі. Трамвай бухнуў у воды Басфора, мы ляцелі ўніз, а паверхні ўсё не было, толькі бясконцая бездань, і сэрца зайшлося, захаланулася, адчуванне палёту, здавалася, будзе бясконцым, хуткая далонька зноў бегла па шыі і валасах, бегла і вульгарна затрымалася на вушах, нават падрынкала па іх: ніякай эротыкі, выключна прыязнае сяброўства.
— А чаму ты лічыш, што мы павінны цалавацца? — запытаўся ў дзяўчынкі, калі зноў змог дыхаць.
— Вы выглядаеце так, быццам зараз пацалуецеся, — сказала тая. І дадала: —Турысты заўсёды цалуюцца.
За спінай у малой быў постэр: «Газа плача!» са
Трамвай спыніўся насупраць шчыліны ў дамах, куды яна мяне хуценька пацягнула. Такое пачуццё як страх ці нават ягоны зародак — элементарная абачлівасць, ніяк не былі ёй уласцівыя. Ах, Наста-Nasty! Я бачыў з ёй той горад, якога не ахапіў бы нават за год свайго абярэжнага жыцця ў Стамбуле. Мы спрытна чухалі ўздоўж кавярняў, дзе сядзелі грунтоўныя мужчыны, як быццам бы сышлі з арнаментальных малюнкаў на старажытных персідскіх вазах. Мы праціскаліся па ходніках, на якіх амаль што не заставалася месца: у тутэйшых крамах быў крыгаход хламу, залевы хламу, хлам выплюхваўся за дзверы, раскладаўся ля вітрын, кідаўся пад ногі. Тут былі свердзелы, краны, прасы, гадзіннікі ў розных ступенях механічнага стрыптызу, вуды, капелюшы, боты, рогі ровара і яшчэ адныя — большыя ды разгалісцейшыя, нібы для кагосьці мужчынскага полу. Тут быў поўны набор базавай лексікі і нават болей: ну навошта, напрыклад, ведаць, як называецца кругаль, якім сканчаецца галоўка душа? Ці аладкі, наверчаныя паміж гайкай і шрубам? Ці насадкі на фен?
Яна валакла мяне далей, зноў схапіўшы за руку. Яна не цуралася фізічнага кантакту, а прагла яго, і мне вельмі прыемна думаць, что прычына палягала ў маім асабістым магнетызме, у тым, што не толькі мяне — да яе, але і наадварот. У рэшце рэшт, менавіта так здараецца ў фізіцы: калі адзін кавалачак магніту цягнецца да другога, дык і той, другі, таксама павінен прыціскацца, бо на іх уздзейнічае адно і тое ж прыцягненне…
Прайшоўшы праз неасветленае поле з частаколам старых слупоў (на некаторых бачныя былі падобныя да хвалі Басфору арабскія пісьмёны), мы апынуліся ля невялікага мура, за якім віднеліся яшчэ слупы са сцежкай прасекі. За імі ўтульна свяцілася кавярня. Тут у роўным жоўклым святле палілі кальяны тубыльцы. Аўтаматаў Калашнікава бачна не было, хоць яны вельмі пасавалі б да інтэр’еру.
— Аўсэнціці! — гарэзліва крыкнула Наста і пацягнула мяне ўнутр.
— Ты ўпэўненая, што нам, гаротным турыстам, якія нясуць маральную адказнасць за тое, што Газа плача (нясуць разам з усёй заходняй гемісферай) тут не навешаюць звіздзюлёў? — шапнуў я ёй на вуха, і фраза аказалася даўжэйшай, чым гэта было патрэбна сінтаксічна, бо дужа ўжо прыемна было адчуваць аксаміт мочкі яе вуха на сваіх вуснах. — Занадта ж мы далёка ад турыстычных лакацыяў! А твары ў гэтых — як у спадароў з Аль-Каіды…
— Relax! — прапанавала мая бясстрашная спадарожніца. — Гэтыя людзі — лакальныя інтэлектуалы. Тут толькі інтэлектуалы ходзяць у кавярні на могілках.
— Дык мы на могілках? — зароў я.
— А дзе ты думаў? Гэтыя слупы — надмагільныя камяні!
– І яны тут ядуць? Сярод мерцвякоў?
— Пудзіла, ты колькі ў Стамбуле пражыў?
— Два тыдні!
– І ні разу не бачыў кавярні на могілках? Тут іх як гною ў хлеве!
— Але ж у чым сэнс? Хіба гэта дадае апетыту?
— Сэнс у тым, Джон Вілаў, мастацтвазнаўца, што гэтыя кавярні ўзніклі шмат стагоддзяў таму, калі могілкі ад іх былі далёка-далёка. Праз тры вуліцы. Кавярні стаялі на месцы, бо хадзіць не здольныя, няма ў іх ног, а могілкі шпарка разрасталіся. Таму што чалавек мае такую ўласцівасць — паміраць праз нейкі час. А ў вялікіх гарадах людзей занадта многа. І мруць яны, як тыя чэрці на Вялікдзень. Ну і, натуральна, праз нейкі час кавярня далёка ад могілак ператвараецца ў кавярню на ўскрайку могілак, затым у кавярню пасярод могілак. Без шкоды для якасці кавы! А цяпер раскажы мне, мастацтвазнаўца Джон Вілаў, сваю гісторыю! Што вымусіла цябе павесіць нос і разважаць пра сваё вялізнае гора?
Грала незаўважная арабская музыка,
мармыталі навокал некалькі тузінаў турэцкіх інтэлектуалаў, і яшчэ некалькі тысячаў маўчалі за іх спінамі, а я падбіраў словы, каб мой расповед не выглядаў шкадаваннем самога сябе. Два тыдні таму я прыляцеў у Стамбул выканаць буйную замову, якую арганізаваў мой былы вораг, Марсэль Дзюпер’е.Замова была ад Бэнк оф Нью-Йорк, які вырашыў дэкараваць свой новы офіс у Маскве чым-небудзь пранізліва сімвалічным. Expert-buyer, які супрацоўнічаў з Le Bricolage International Марсэля Дзюпер’е, знайшоў у Стамбуле вялізнага Саўрасава 1884 года. Яшчэ ён адшукаў у Парыжы неблагога Левітана, але той каштаваў на паўтары мільёны еўра даражэй і быў на паўметры меншым па памеры. Здаецца, апошняе якраз і пераканала кліента. Растлумачыць CEO, навошта аддаваць за пагонны метр нейкага даўно памерлага рускага больш грошай толькі таму, што ў вузкім коле мастацтвазнаўцаў ён лічыцца больш дасканалым мастаком, expert-buyer не здолеў. Тут узнікла яшчэ адна акалічнасць: у Дзюпер’е, які з’яўляецца сусветна вядомым экспертам па французах, проста не знайшлося мастацтвазнаўцы, які б пацвердзіў аўтэнтычнасць Саўрасава.
Прадавец, па словах Марсэля, быў суб’ектам паважаным, але набываць шматмільённы алей у Стамбуле і не праверыць яму ныркі і лёгкія на рэнтгене было б непрафесіяналізмам. Канстанцінопаль некалі быў сусветнай сталіцай падробак. Менавіта тут яшчэ ў гады Хрыста навучыліся так падрабляць бірузу, што фэйк выяўляецца толькі пігментным аналізам з дапамогай электроннага мікраскопа памерам з Белы Дом. Карацей, Дзюпер’е вырашыў забыцца на старое і звярнуўся да мяне. Я быў вельмі ўсцешаны, бо мне падавалася, што французы ніколі не даруюць нефранцузам крытыку французскага мастацтва. А я неяк у прысутнасці les femmes даволі катэгарычна заявіў, што захапляцца Дэлакруа — тое самае, што захапляцца фільмам Taxi-2, пададзеным у выглядзе каляровых коміксаў. Дзюпер’е напышліва заявіў, што яго PhD быў прысвечаны Дэлакруа і што амерыканец, які спрабуе разважаць на тэму французскага мастацтва, падобны да менеджэра McDonald’s, што сутаргавата вырашае, якія малюнкі варта паставіць на плакат French weeks in McDonald’s. На тым і развіталіся. І тут раптам ліст, прапанова, на камісійныя ад якой можна было б набыць Дэлакруа немалых памераў.
Я выправіўся ў Стамбул. Палатно чакала мяне на віле «паважанага прадаўца», морда і БМВ якога павінны былі мне сказаць усё, што трэба. Я хадзіў вакол гэтага Саўрасава і пакутаваў, як кот, які бачыць прыгожую цнатлівую котку, але сапсаваць не можа, бо пакладаны (ці тое слова? І mean castrated. Help me, Janka!) шмат год таму. І вось нейкая эмацыйная дыстурбія непакоіла, але зразумець, дзе закапаны слон, — немагчыма. Кампазіцыйна праца з’яўлялася літаральным паўторам знакамітага шэдэўра «Прасёлак» 1873 года, другога па вядомасці пасля ягоных «гракоў»: над раздзяўбаным, размяклым з-за дажджу суглінку ў роспачы і наўскасяк стаяць шэсць нягеглых дрэўцаў, неахайных і нібы п’яных. Навокал — ні душы, ні следу цывілізацыі, ні кроплі чалавечнасці, няма нават Божай прысутнасці, галеча і пустэча.
Над арыгінальным «Прасёлкам» у Саўрасава светлае неба, бачна, што хутка развіднее. На палатне, якое было вынесена на мой экспертны суд, неба было шэрым без аніякага прасвету. Як быццам дождж збіраўся доўжыцца, пакуль таму беднаму «прасёлку» не прыйдзе поўны гамон. Сапраўды, вельмі сімвалічная карціна, і я магу ўявіць як трапна выглядала б яна ў прадстаўніцтве Бэнк оф Нью-Йорк у Маскве. Аднак штосьці шкрэбла, не давала спакою…
Пачаў вывучаць. Колькасць дрэваў, профіль пагорка, нават сляды ад вазоў — усё супадала літаральна, да рысачкі. Быллё на ўзбочыне, перададзенае некалькімі крананнямі пэндзля. Форма лужынаў. Пачуццё безвыходнасці, імя якому — Расея.
Толькі асвятленне іншае. Што не дзіўна, бо арыгінальны «Прасёлак» быў бадай што эцюдам, хутка напісаным у Падмаскоўі па слядах толькі што ўбачанага цуду сканчэння дажджу. Усё лагічна, але бянтэжыла тое, што палатно такіх памераў не было зафіксавана нідзе ў каталогах, не згадвалася ў ліставаннях, у пасмяротных вопісах. Хіба магло знікнуць нешта настолькі значнае? У той час, як сам «Прасёлак» — меншы па памерах і (буду сумленным) меней дасканалы па тэхніцы, вісіць у Трэццякоўцы, згаданы нават у расейскіх школьных падручніках?