Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

Копія? Магчыма. Саўрасаў пасля 1871-га, калі ўпершыню былі экспанаваныя «Гракі», стаў надзвычай вядомым, крытыка яго называла «бацькам рускага пейзажу». Натуральна, маглі знайсціся прагныя зрабіць копію і загнаць яе якому-небудзь купцу. Аднак не коціць. Бо «Прасёлак» не выстаўляўся 20 год, да 1893-га. «Прасёлак» не мог убачыць выпадковы глядач з мальбертам, бо Саўрасаў падараваў яго сябру, які схаваў пейзаж і не паказваў публіцы.

Я пачаў экспертызы. Зрабіў спектральны аналіз. Узяў саскобы фарбы для праверкі ізатопамі: усё, як пазначана ў дакументах: 1884 год. Адзінае, што марфалагічны аналіз ультрамарынавага спектру выяўляў яго супадзенне з заборамі, зробленымі на палотнах мастакоў з Разані. Але што Масква, што Разань — адна трасца! Не тая гэта дэталь, якая з’яўляецца істотным фактарам, на падставе якога можна скасаваць папярэднюю дамову аб набыцці.

Запрасіў рускіх саўрасазнаўцаў.

Ніякай буйной копіі «Прасёлка» з навальнічнымі аблокамі яны не ведаюць. Аднак у 1884-м годзе Саўрасаў моцна піў і таму лёгка мог напісаць нешта ў спіртавым накдаўне, хутка прадаць і забыцца, нават у ліставанні не ўзгадваць. Вы ж ведаеце, як гэта бывае, адзначылі яны. Рускія прапанавалі зрабіць уласную экспертызу, заказчык упёрся: гэтым дай дзесяць соцень, яны прызнаюць, што набыты на кірмашы ў Сакольніках партрэт Леніна зрабіў Леанарда да Вінчы.

Хадзіў я вакол Саўрасава, і было мне неспакойна. Урэшце — прызнаюся шчыра — асноўны орган успрымання для мастацтвазнаўцы, які зрабіў рэпутацыю на вызначэнні аўтэнтычнасці шэдэўраў жывапісу цэнаснай катэгорыі «люкс» — пятая точка. Можна зрабіць усе экспертызы і знайсці дакументы, якія абгрунтоўваюць патрэбную гіпотэзу. Можна з дакладнасцю ў 80 адсоткаў (большай тут не бывае) вызначыць індывідуальныя прыкметы мастака. Але ж калі пятая точка непакоіцца, лепей адмовіцца ад экспертызы і нават не шукаць лагічных на тое прычынаў. Інтуітыўна я адчуваў пастку. Аднак надта прыемна было атрымаць замову ад кліента, якога не здолеў задаволіць уласнымі сіламі сам Дзюпер’е. Занадта ж ліслівіла думка, што Марсэль пайшоў на замірэнне. Я паклаў перад сабой паперку, побач з ёй — certificate of authenticity, які чакаў майго аўтографа.

На паперцы напісаў:

— літаральнае падабенства пейзажу (раздзяўбаны шлях, пагорак, дрэвы)

— немагчымасць копіі (1873, 1884, 1893)

— падабенства тэхнікі

Уся мая існасць казала — «не!». Аднак трыяда фактаў супакойвала: «так!». «Давай, хутчэй пагаджайся!». Нячысцік-спакушальнік нашэптваў: да траціны ўсіх мастацкіх твораў, што паспяхова набываюцца на аўкцыёнах, — «фэйкі». І фундаментальная роля запрошанага для іх ацэнкі эксперта палягае не ў тым, каб выкрываць несапраўднасць, не ў тым, каб разбурыць ілюзіі чалавека, якому нясцерпна хочацца набыць Кандзінскага ці вазу дынастыі Мінь, але ў тым, каб дапамагчы асэнсаваць набыццё, расквеціць перфоманс уласным мастацтвазнаўчым аўтарытэтам, які скараецца, крануты фінансавай магутнасцю пакупніка. Калі пакупнік цвёрда вырашыў набыць мастацкі твор, гэта значыць, што ў яго перш за ўсё ўзнікла сімпатыя. І місія мастацтвазнаўцы — не парушыць яе. Паспрыяць шлюбу. Правесці да ложка. Пагасіць святло.

І я ляпнуў адбітак уласнай пячаткі. І падпісаўся, указаўшы рэгаліі. Блаславіў ды прапанаваў жаніху і нявесце абмяняцца пярсцёнкамі. І вось сёння зранку, калі я ўжо планаваў свой зваротны шлях, са скрыні агенцыі Марсэля пакупніку прыйшоў ліст. З садысцкай копіяй мне. Ліст быў падпісаны асабіста знаўцам Дэлакруа. Назва — «Greetings from Ronald McDonald». Усяго некалькі словаў.

— Хвіліначку, — Наста перапыніла мяне.

— Што? — я ўсхапіўся ад нечаканасці, збянтэжаны тым, што яна спыніла мяне ў самы фатальны момант майго расповеду.

— Сядзь! А ну сядзь! — напаўголасу загадала яна.

— Ну, што?

— Паглядзі на гэтага чалавека, — прапанавала яна, кіўнуўшы на турка, які, здаецца, толькі хвіліну назад тут з’явіўся, аднак ужо прагна смактаў кальян на лежаку зусім побач з намі.

Я паглядзеў: дзве рукі, дзве нагі, галава, барада. Нічога прыкметнага.

— Што з ім не так?

— А тое, што гэта той самы джэнтльмен, які прадаў нам каштаны.

— Ты ўпэўненая? Як гэта можа быць?

Яна паціснула плячыма. Зірнуў яшчэ раз. Выпешчаныя рукі, ільсняная скура, цяжкія вусны, тоўстыя, нібы зробленыя з пластыліну вушы. Падобны да Буды асалоды, які прыняў іслам. Трыццаць кіло лішняй вагі. Выпраменьвае пачуццё ўласнай бяспекі і спакою. Я паспрабаваў пажартваць:

— Паўторы фрагментаў рэальнасці — прыкмета таго, што «матрыца» перагружае сістэму з-за крытычнай памылкі, абумоўленай з’яўленнем побач агента Сміта?

Яна зноў паціснула плячыма. Нічога адметнага. Кароткая, нейтральная жэстура. Аднак на яе твары глыбы і слаі прыйшлі ў зрух і пачалі вар’яцкі павольны рух — ускраек вуснаў папоўз убок, як тапелец, якога цягне да гарызонту абыякавая і няўхільная плынь. Ператварэнне далікатнай прыгажосці ў мярцвяцкую агіду адбылося з хуткасцю кажана, цень ад якога яшчэ не паспеў цябе напужаць як след, а валасы ўжо ўздыбіліся ад хуткага дотыка крыла. Мне зрабілася страшна.

— За табой сочаць?

І зноў пацепванне плячыма. Без эмоцый. Без страха. Са здранцвеннем.

І раптам:

— Не бойся нічога, Джон Вілаў. Ты са мной. І гэта не твая вайна.

— Яны што, хочуць забіць цябе?

Наста ўскінула руку, энергічна памахала афіцыянту. Той шчыра ўсміхнуўся і падняў руку ў адказ: як гэта файна — быць сярод сяброў увечары і нікуды не спяшацца!

Па тэлевізары, які побач з ім глядзела яшчэ некалькі суворых барадатых мужыкоў, паказвалі нешта неверагодна цікавае. Яны назіралі з выглядам саўдзельнікаў злачынства. Ён ніяк не мог падняцца. Плясне ў далоні, пачне ўставаць (апынулася, што ў стамбульскіх кавярнях уздым з лежака — складаны і працяглы працэс), а хтосьці побач пачне цокаць языком ды качаць галавой, і ён застанецца, прылеплены да экрана на яшчэ некалькі невыносных хвілін. Я разумеў, што калі за Настай сочаць (з якой мэтай? Забіць? Збіць? Не дазволіць укрыцца ў Штатах? Ці падгледзець, дзе, у якім горадзе яна схаваецца?), трэба бегчы тэрмінова, каб наш шпег не паспеў прыпусціць за намі. Трэба проста пакінуць грошы, неапраўдана больш, чым можа каштаваць гарбата, і рваць! Аднак страх скаваў волю і замест актыўных дзеянняў я зачаравана глядзеў на афіцыянта, які зачаравана назіраў за тэлевізарам.

Урэшце ён знайшоўся: павярнуў экран у залу, да нас (мужчыны сінхронна перамясціліся, як вадкасць у архітэктурнай прыладзе, якая вымярае ўзровень ухілу паверхняў (I do not know the name of it in Belarussian, do you know, Janka). Таямніцай, на якую яны так загіпнатызавана вылупіліся, з’яўлялася пяць дзяўчын, якія то сыходзіліся ў карагодзе, то павольна на адным месцы танчылі перад камерай. Па еўрапейскіх мерках на маладзіцах было дастаткова адзення, каб перажыць суворы снежань ў Стамбуле, але па мерках гэтых мужчын адбывалася нешта адметнае.

— Новая іракская тэлевізія! Амерыканцы прывезлі ў Ірак свабоду! — патлумачыў афіцыянт з чырваненнем цнатлівага эратызму. — Раней па гэтых каналах толькі твары з-пад хіджаба можна было паказваць! А цяпер во як!

Позірк паспеў засяродзіццца на тым, як падкрэслена па-майстэрску былі падведзеныя вочы ў жанчын, з якім густам і стараннем была дагледжаная тая частка твару, якая звычайна бачная з-пад хіджабу: стагоддзямі тут вучыліся спакушаць мужчын адно зрэнкамі, бровамі, ды што спакушаць, сам канцэпт спакусы быў пад забаронай. І вось раптам у дзяўчын у валадарстве апынулася цела — усё тое цела, якое раней не існавала, драпіравалася, каб нішто не нагадвала, не падказвала, якія сцёгны, якія грудзі і ці ёсць яны там. І гэты павольны рух у дзявоцкім карагодзе, рух зусім не эратычны, хутчэй адштурхоўваў няўпэўненасцю ў тым, што так — можна, што можна вадзіць карагод, ведаючы, што недзе на цябе лупяць вочы мужыкі.

Аднак мы ўжо разлічыліся, мы ўжо беглі прэч, а той барадаты шпег не варухнуўшыся назіраў за намі, маючы на твары ўсмешку ці то прыязнасці, ці то пагарды, не, не, відавочна пагарды — бяжыце, бяжыце, баязліўцы, усё роўна гэта не ваш горад, мы паўсюль, мы ведаем усе вашыя маршруты ды сцежкі, і паўсюль у нас пасткі, пад кожнай ялінкай, пад кожным кустом. І зноў мы сунуліся праз змрочныя, неасветленыя калідоры тутэйшых вуліцаў, на якіх трапляліся пучкі святла, у якіх можна было заўважыць сюрэалістычныя сцэнкі, хуткія, як летуценне перад золкам: фрагмент нечай кухні, вынесены на вуліцу — клецістая цырата, на ёй — пакінутая талерка з пачатай заціркай з сачавіцы, і цішыня, і нікога, загадкавая магія быцця, Марыя Селеста раптоўнага званка ці запрашэння…

Старая, якая цыруе на швейнай машынцы надзіманую гумавую не, не жанчыну — лодку. Высокая лава, на якой, як на троне, стаіць дапатопны радыёпрымач, а навокал — цэлая дэлегацыя заўзятараў, слухаюць футбольны матч, напружаныя, усхваляваныя… І пранізлівае жаданне спыніцца, застацца, сесці побач, нават не так: хочацца адматаць жыццё назад і стаць самому такім, здольным да простага шчасця, да сядзення ў цёплую снежаньскую ноч ля прымача з лепшымі сябрамі…

Але табе — наперад, за гэтай загадкавай вар’яткай з Беларусі, за якой гоніцца праз ноч таямнічы пераследнік, нябачны, аднак рэальны, такі рэальны, што адчуваеш скурай, каркам, той самай пятай точкай… І пачынаеш разумець, пазбаўляючыся ад прыкрай дзіцячай наіўнасці, што ўсё, што было ў нас дагэтуль — усе гэтыя раптоўныя скокі на трамвай ды з яго, збочванне ў завулкі, у якія ніколі ніводзін заходні турыст носа не пакажа — дык вось, што ўвесь наш «рамантычны праменад» быў для ейнай халоднай свядомасці ўцёкамі, цвярозым выбарам найбольш бяспечнага маршруту, на якім нас не заўважаць, не адсочаць, і што нават кавярня на могілках была абраная не па прынцыпе максімальнай экзатычнасці, як мне падалося спачатку, а дзеля таго, каб пазбавіцца ад выпадковых візіцёраў, скараціць колькасць падазраваных да мінімуму, які ўначы цягнецца піць каву на могілкі.

Поделиться с друзьями: