Сланы Ганібала
Шрифт:
Сухое вуха
Пра Яна Лiцьвiна распавядзе вам нехта падобны да Карлсана, які жыве на даху, аднак пераступiў ужо мяжу, за якою левiтацыя робiцца нязбыўнаю марай. Але як толькi гэты чалавек ухопiць за аброць свайго конiка, што завецца беларускай мiнуўшчынай, адразу зробiцца вiдавочным, што лёнданскi Карлсан усё ж здатны падымацца вышэй за комiны.
Ён падобны таксама да духу бiблiятэкi, якому паводле аналёгii з дамавiком, лесавiком i вадзянiком пасавала б вiдавое найменьне бiблiятэчнiка, ці — на ангельскi капыл — лайбрарнiка. (Калi аднойчы ў прыцемку ён выглянуў з-за стэлажоў, я з перапуду ледзь не зламаў ксэраксу, на якiм пераздымаў сярэднявечныя гравюры.)
Гiсторыя кожнага адметнага жыцьця зазвычай i пачынаецца зь нечага адметнага.
Гэтая
Вуха, або — як кажа ягоны спадкаемец спадар Гай Пiкарда — «вуша», належала французу, якога звалi Франсуа Абрагам Разье. Франсуа ўхапiў матчыну цыцку ў 1793 годзе, а таму ягоная служба ў маршала Даву выглядае цалкам натуральнаю. Няцяжка ўявiць i раскладзенае ўвосень 1812-га недзе на беларускiх абшарах Смаленшчыны вогнiшча, пры якiм кавалерыйскi лейтэнант Разье ладзiцца нанач, неабачлiва адсунуўшыся «трошачкi далёка ад агонь».
У чытальнай залi выяўна, да прыкметнага цёплага казытаньня ў носе, цягне дымком пачатку XIX стагодзьдзя, i задаволены трансцэндэнтным эфэктам сп. Гай доўжыць халерычны аповед пра свайго прадзеда.
«Уначы прапала тэмпэратура, — унiклiва кажа ён i, вычакаўшы неабходную пярэрву, цешачыся з такой вiдавочнай прычынна-вынiковае сувязi падзеяў, урачыста дадае: — А ўраньнi прапала вуша!»
Праўдзiвей, «вуша» не прапала, а проста адвалiлася. А паколькi Франсуа быў чалавек ашчадны, адмарожаную частку цела ён не зашпурнуў у хмызьняк, а любоўна высушыў i забраў з сабою ў Парыж. Гэты абярог ахаваў яго ад варожых куляў i багнэтаў у бiтве пад Ватэрлёо, а потым паплыў на францускiм фрэгаце ў Гвадэлюпу, дапамагаючы ня страцiць жывое вуха, а разам зь iм i галаву ў сутычках з флiбуст’ерамi.
Па часе табакерка з вухам, што ператварылася ў фамiльную рэлiквiю, трапiла на вочы спадару Гаю, гадаванцу юрыдычных факультэтаў Сарбонны й Оксфарду. Ён знайшоў на мапе Смаленск i Менск, па вулiцах якiх гарцаваў зухаваты кавалерыйскi лейтэнант, пасьля завiтаў у лёнданскую беларускую царкву, захапiўся беларускай гiсторыяй ды вунiяцкiмi сьпевамi i ўрэшце, памяняўшы адвакацкую практыку на навуковыя студыi, пусьцiў каранi ў «Фiнчлейскай Беларусi».
Таго вечару, дзякуючы гістарычнаму вуху, мы найбольш гаманiлi пра расейскую кампанiю Напалеона. «Вы чулi пра Банапарта i беларускi бабушка? — блiскаў вачыма мой суразмоўца. — Банапарт пытаецца ў беларускi бабушка, як яна жадае: каб французы пагналi рускiх далей, або каб рускiя пагналi французаў назад?» Напэўна, i вы адчуеце да гераіні аповеду сымпатыю, бо наша мудрая старая адказала валадару Эўропы: «Няхай пранцузы гоняць маскалёў так далёка, каб не вярнулiся нi маскалі, нi пранцузы».
Я даведваюся й шэраг iншых зьвестак, яшчэ ня спраўджаных у гiстарычных крынiцах. Напалеон, да прыкладу, слухаў беларускую гаворку і з падколкаю казаў палякам з свайго акружэньня, што гэта ня польская мова i тут нiякая ня Польшча.
А Кутузаў нiбыта штодня спаў па чатырнаццаць гадзiнаў.
Нячысьцік
Ад брытанскага падданага Пiкарды вы можаце пачуць яшчэ аб адным нешараговым лёнданцы, якi за свой тутэйшы побыт пасьпеў выпусьцiць трыма выданьнямi ўласную беларускую паэму «Нячысьцiк» — пра селянiна Мiкiту, што «iмеў жонку, як зьмяю». Апрача жонкi-зьмяi Мiкiта гадаваў парсючка, якога собiла ж гаспадару забiць на каўбасы акурат у Вялiкi пост. Пакуль жонка лётала да жыда па гарэлку, нячысьцiк скраў каўбасы ды рэшту парсючка. Жончын маральны кодэкс не замiнаў ёй пажадаць Мiкiту сьмерцi, што з дапамогаю iнфэрнальных сфэраў адразу ж збылося. Мараль суворая, ды справядлiвая: ня еш у пост скаромiны.
Аматары роднае лiтаратуры ўжо ўспомнiлi, што гэты жаласны сюжэт апрануў у немудрагелiстыя рыфмы прыдзьвiнскi шляхцiч Аляксандар Рыпiнскi, якi пасьля паўстаньня 1830 году ратаваўся на чужыне, пражыўшы дзесяць гадоў у лёнданскiм прадмесьцi Тотэнгэм, дзе рэкамэндаваўся мастаком, фатографам i настаўнiкам францускае ды нямецкае моваў i маляваньня. (У Тотэнгэмскiм музэi дагэтуль перахоўваецца пара гравюраў зь яго карцiнаў.)
Паколькi дом Рыпiнскага ацалеў, гiсторыя
прадпрымальнага сына Прыдзьвiньня мела працяг. Гавораць, нiбыта ў пабе паблiзу ад таго дому аднойчы выпiваў доктар фiлялёгii Адам Мальдзiс. Пачуўшы, што наведнiк — зь нейкае там Беларусi, мурын-афiцыянт застаўся зусiм абыякавы: праблемы Каморскiх выспаў цi Заходняга Самоа абыходзiлi яго нязьмерна болей. Тады доктар Мальдзiс уголас зазначыў: калi б павесiць на будынку мэмарыяльную таблiцу, што сюды заходзiў кульнуць кiлiшак паэт А. Рыпiнскi, кожны беларус, трапiўшы ў Лёндан, ушаноўваў бы гэтае месца ня меншай, а верагодна (бо сякi-такi поступ цывiлiзацыя ўсё ж зьведала) значна большай колькасьцю кiлiшкаў вiскi або кухляў добрага цёмнага Guinness’у. Замест мурына перад столiкам iмгненна вырас гаспадар пабу з нататнiкам у руцэ. Першым ягоным пытаньнем было: колькi на сьвеце беларусаў?Міхалюкі
Янка Мiхалюк старшынюе ў Згуртаваньнi беларусаў Вялiкай Брытанii — першай беларускай арганiзацыi, заснаванай на эмiграцыi пасьля Другой сусьветнае вайны. Ягоная жонка Лёля доўга была гаспадыняю лёнданскае школы iмя Кiрылы Тураўскага. Летась мэдыкi аднялi Янку абедзьве нагi й перасадзiлi яго ў iнвалiдны вазок, што не перашкодзiла Міхалюку прамаўляць на акадэмii ў гонар угодкаў БНР, малiцца на ўсяночнай i запрасiць мяне з спадаром Акулам да сябе дахаты, дзе, калi не ўзiрацца ў вокны, вам магло б падацца, што вы гасьцюеце недзе ў Слуцку цi Полацку.
Гледзячы, як сп. Янка возiць сам сябе на вазку, я падумаў, што нiколi ня быў бы на такое здатны, i выпiў за яго здароўе яшчэ адзiн келiх чырвонага, пасьля чаго спадарыня Лёля падклала на маю талерку бульбы з тым адмысловым кавалкам курыцы, што мне зь дзяцiнства найбольш смакуе, бо, як кажуць у нас у Полацку, «каля сракi ўсе прысмакi».
Валера Мартынчык
Валера прыехаў у Менск i паступiў у мастацкую вучэльню (адкуль яго выгналi за няздатнасьць), а потым у тэатральна-мастацкi iнстытут (адкуль яго таксама выгналi — за абстракцыянiзм). Ён галадаваў без стыпэндыi, хварэў на сухоты і год праваляўся ў больнiцы. Потым Мартынчык усё ж зрабiўся дыплямаваным мастаком i ўзьбiўся на свой хлеб з малаком, аднак злыгаўся з дрэннай кампанiяй, якая мералася адзначыць 100-годзьдзе Марка Шагала, што, як вядома, маляваў лятучых сiянiстаў («А что скажут арабы?»), Уладзiмера Iльлiча Ленiна ў аблiччы акрабата, якi стаiць на руках, ды iншае бясконца «чуждое нам» паскудзтва. Карацей, стала зразумела, што савецкая радзiма можа выдатна iснаваць i без Валеры.
Такую самую выснову ў дачыненьнi да сябе зрабiў i Валераў сябра — мастак Гена Хацкевiч.
Трываў час, калi самалёты ўганялi з такой самай пэрыядычнасьцю, як мы ў дзяцiнстве гулялi ў свайго ўлюбёнага «пiкара». Гэта тады нарадзiлася показка пра грузiна з абрэзам, што ўрываецца ў кабiну да пiлётаў i загадвае: «Ляцiм у Тбiлiсi!» Зацкаваны пiлёт нясьмела адказвае: «А мы й так ляцiм у Тбiлiсi». «Я трэцi раз вылятаю ў Тбiлiсi, — крычыць, размахваючы абрэзам, грузiн, — а прызямляюся ў Парыжы!»
Абрэза ў Гены Хацкевiча не было. Ён купiў два кавалкi мыла, скруцiў iх дротам i сеў у самалёт «Менск—Растоў-на-Доне». Як толькi паветраны лайнэр набраў дастатковую высачыню, Гена, паказаўшы экiпажу мыла, ветлiва папрасiў высадзiць яго ў парыскiм аэрапорце Арлi. «О’кэй», — мэлянхалiчна адгукнуўся камандзiр машыны і сеў у горадзе Краснадары, дзе ў самалёт уварвалiся бамбiзы з спэцбрыгады барацьбы з авiятэрарызмам, якiя правялi некалькi беспамылковых сэрыяў удараў па Генавых нырках ды iншых жыцьцёва неабходных нутраных органах.
Менскiх сяброў i знаёмых пачалi цягаць на допыты. Калi чарга дайшла да Мартынчыка, матэрыялаў у сьледчага ўжо было зь лiхвой i да партрэту мацёрага ворага не хапала хiба апошнiх штрыхоў. «Что вы знаете о Геннадии Хацкевиче?» — дзяжурна запытаўся прытомлены антысаветчыкамi сьледчы. Валера зрабiў стаўку на сябравы адхiленьнi ў псыхiцы, якiя сапраўды шматкроць штурхалi Гену на, скажам так, неардынарныя ўчынкi накшталт забегаў целяшом па вуліцах роднага гораду або начлегу на даху сталічнага ГУМу.