Сланы Ганібала
Шрифт:
Можа, якраз краявiд з грозьненскiмi трупамi, сярод якiх адзiн вiдочна дзiцячы, а другi падобны да мяне, i змушае нарэшце разабраць свой праскi архiў, што складаецца са сьпярэшчаных запiсамi запрашэньняў, праграмак, рэклямак, вiзытовак i рэстаранных сурвэтак. Пасьля нялёгкiх перамоваў лайдакаватая памяць усё ж дае згоду заняцца расшыфроўкаю гэтай ужо амаль што абракадабры. Сабе ў пратаколе я агаворваю адзiную ўмову — пазначаць назву дакумэнту, якi быў выкарыстаны ў якасьцi носьбiта iнфармацыi. Калi вы ня згодныя, што гэтая ўмова робiць гонар дыплямаванаму гiсторыку, можаце лiчыць яе праяваю снабiзму, хоць я трымаюся думкi, што клясычны снабiзм — гэта калi сын швайцара саромеецца падаць палiто свайму сябру.
Зацемкі з рэклямнага праспэкту гатэлю «Атрыюм»
Каб узмацнiць верагоднае падазрэньне ў снабiзьме,
Аднак найбольш надзейна здратаваць свой комплекс ты маеш магчымасьць падчас гатэльнага сьняданку, калi быццам кот пасьля дзясятае ўкормленай мышыны захмялела блукаеш сярод усiх гэтых ёгуртаў, яечняў з бэконам, сасiсак з хрэнам, каўбасак па-праску і па-бэрлiнску, сярод салатаў з усёй вядомай i невядомай табе садавiнай i гароднiнай, сярод пiрамiдаў размаiтых кнышоў i цестачак i запацелых збаноў з экзатычнымi сокамi, сярод цемнаскурых афiцыянтаў з каўнiкамi, калi ленавата ўзгадваеш героя показкi, якi абяцаў калi ня зьесьцi ўсё, дык хоць пакусаць, калi ўжо не паварочваеш свой чуйны нос гурмана на тонкi водар якога-небудзь паштэту з гусiнае пячонкi.
Сярод гэтага раблезiянскага багацьця ў нетрах твайго наладаванага на цэлы дзень страўнiка нараджаецца самазадаволеная думка, што ў параўнаньнi з Клiнтанам у цябе велiзарная перавага. Ты маеш усяго толькi цёплы двухмясцовы нумар на аднаго, а ён займаў цэлы паверх. А хiба лёгка прывесьцi каго-небудзь да сябе ўвечары, калi ў цябе цэлы паверх, ды яшчэ калi яго палову займае паводле пратаколу твая жонка? Няшчасны Клiнтан!
Зацемкі з запрашальніка на прыём у Гішпанскай залі Праскага замку
Першы праскi вечар адметны, прынамсi, трыма падзеямi.
Па-першае, я ўпершыню сёлета надзяваю гальштук. Не завязваю, а менавiта надзяваю, бо — прызнаюся — завязваць гальштукi (пачынаючы зь пiянэрскага) так i не навучыўся, а таму прывез зь Менску ўжо завязаны.
Па-другое, кiраўнiк кiтайскае дэлегацыi навiдавоку ў астатняй публiкi дастае сьпiс i робiць пераклiчку падначаленых, абуджаючы ў памяцi аповеды, нiбыта ў свой час у Кiтаi, гэтаксама як у Манголii i ў вотчыне таварыша Кiм Iр Сэна, пiсьменьнiкі ўраньнi зьбiралiся разам у сваiх саюзах, па званку сядалi за скарбовыя сталы i на працягу васьмiгадзiнавага працоўнага дня з законным перапынкам на абед пiсалi лiтаратурна-мастацкiя творы. (У нашай дэлегацыi пануе поўная анархiя, а каб спатрэбiлася выбраць кiраўнiка, я, не вагаючыся, вылучыў бы Сьвятлану Алексiевiч — пагатоў, ладзячы пераклiчкi, яна не ператомiцца, бо ў сьпiсе буду адно я.)
Трэцяя падзея — сустрэча ў кулюарах з братняй расейскай дэлегацыяй. Млявая рука А. А. Вазьнясенскага. Гаркавая мудрасьць габрэйскiх вачэй Грыгорыя Бакланава. Ветлiвая стома Андрэя Бiтава. «Старшие сестренки» паводзяцца больш непасрэдна. «Вы представляете, — трагiчна ўсклiквае паэтка Юнна Морыц, — даже каких-то белорусов поселили в «Атриуме», а мы вынуждены ютиться в русском посольстве, где из удобств только задрипанный чайник с пачкой сосисок в холодильнике!» (Жахлiвая дыскрымiнацыя, дарэчы, узьнiкла зусiм не таму, што чэхi вырашылi парахавацца за старыя крыўды — месцы ў гатэлi рэзэрвавалiся двум афiцыйным дэлегатам ад кожнае краiны, з Расеi ж прыбыла каманда роўна ў дзесяць разоў большая.)
З пачуцьцём глыбокага задавальненьня «какие-то белорусы» заўважаюць на даляглядзе знаёмую постаць прэзыдэнта Ўкраiнскага ПЭНу пана Яўгена Свэрсьцюка (у недалёкiм мiнулым — сем гадоў лягеру i пяць — ссылкi). За iм вырастае магутны Кнут Скуенiекс, прэзыдэнт Латвiйскага ПЭН-цэнтру, таксама колiшнi дысыдэнт i вязень брэжнеўскiх палiтзонаў. Упершыню з Кнутам мы сустрэлiся ў сакавiку 1989-га на шаўчэнкаўскiх урачыстасьцях у Кiеве, дзе тады яшчэ верхаводзiў таварыш Шчарбiцкi i куды мы з Рыгорам Барадулiным зьявiлiся зь вялiкiмi бел-чырвона-белымi
значкамi, за што нас разам зь яшчэ больш небясьпечнымi прыбалтамi i гадаванцам Кiеўскага ўнiвэрсытэту малдаванiнам Барысам Марыянам (на вакзале яго ад iмя юбiлейнага шаўчэнкаўскага камiтэту сустракаў былы аднакурсьнiк, якi некалi напiсаў на Барыса данос у органы) пасадзiлi ў апошнi рад велiчэзнага прэзыдыюму ў залi опэрнага тэатру. Там, у глыбiнi сцэны, быў выдатны назiральны пункт — асаблiва тады, калi ў час прамовы Шчарбiцкага ў рампе выбухнула лямпачка й высьветлiлася, што за кулiсамi хавалася цэлая рота шыракаплечых «рабочых сцэны» ў гарнiтурах ад аднаго краўца.У Шаўчэнкавым вiшнёвым садку Кнут апавядаў нам, што гэтак дасканала авалодаў расейскай i ўкраiнскай у лягерах: першай — дзякуючы Сiняўскаму i Данiэлю, а другой — цi не самому Васiлю Стусу. Чаму ў тых мясьцiнах у яго не было настаўнiкаў беларускай — пытаньне асобнае.
Зацемкі з праграмы 61-га кангрэсу Міжнароднага ПЭН-клюбу
Для мяне кангрэс пачынаецца з таго, што нечыя сталёвыя рукi ашчадна падхоплiваюць мяне ззаду пад пахi i, як шахматную фiгуру, перастаўляюць на паўмэтра ўбок. Па зладжаным такой мэтодаю праходзе спружынiста ўзьбягае на сцэну і кажа прывiтальную прамову Вацлаў Гавэл. Памiж iншага дэлегатам прапануецца гiсторыя пра прэзыдэнтавага сябра, якi адмовiўся заняць высокую дзяржаўную пасаду, спаслаўшыся на тое, што хоча захаваць свабоду творчасьцi. «Хто ж будзе гарантаваць гэтую свабоду, калi ўсе мы возьмем зь яго прыклад?» — пытаецца прэзыдэнт i глядзiць у залю, дзе ягоная апэляцыя не выклiкае прыкметнага энтузiязму. Магчыма, прычына ў тым, што цi не палова крэслаў апанаваная дэлегатамi з жоўтай скураю. (Дадайце сюды колькi радоў з афрыканскiмi калегамi, сярод якiх прымайстраваўся яшчэ не знаёмы мне, падобны да апранутага ў бялюткі гольф баксэра-прафэсiянала пасланец Бэнiну, ад якога мне, пакутуючы ад вусьцiшных падазрэньняў, давядзецца напрыканцы кангрэсу зацкавана хавацца ў нумары.)
Выступы, што прагучаць у канфэрэнц-залi «Атрыюму», а таксама на сэмiнарах, «круглых сталах» i вэрнiсажах «Small Languages, Great Literature», «Alternatives to State Support for Books and Literature», «Faces from the History of the PEN Club» etc. (Do you understand? Калi не, дык вучыце ангельскую) будуць зьмяшчаць процьму разумных (i ня вельмi) думак i заклiкаў да талерантнасьцi й яднаньня iнтэлектуалаў усiх краiн i народаў. У атмасфэры паседжаньняў будзе прысутнiчаць адчувальная нялюбасьць да сэрбаў. Фiны прапануюць рэзалюцыю ў падтрымку правоў трансыльванскiх вугорцаў. «Нашы» сярэднеазiяты пашыраць праекты рэзалюцыяў пунктамi аб стварэньнi сваiх нацыянальных ПЭН-цэнтраў, але дадаткі будуць чамусьцi толькi на расейскай мове, якую большая частка дэлегатаў не разумее без усялякiх намаганьняў, а меншая не разумее, прыкладаючы пэўныя высiлкi. Хтосьцi запатрабуе катэгарычна забаранiць любыя публiкацыi з фашыстоўскай начынкаю. Хтосьцi абвергне гэтую прапанову, i я ўзгадаю, што дагэтуль ня змог з прафэсiйнае цiкавасьцi прачытаць «Mein Kampf», што, мабыць, ня робiць беларускаму лiтаратару вялiкага гонару.
Салман Рушдзi, якому ў «Атрыюме» дзеля кансьпiрацыi забранявалi, кажуць, адразу тузiн нумароў, вырашыў канчаткова зьбiць сваiх верагодных забойцаў з панталыку i зусiм не прыехаў. Праўда, высланыя ў Прагу iсламскiмi фундамэнталiстамi кiлеры атрымалi годную замену аб’екту паляваньня ў асобе пiсьменьнiцы з Бангладэш Тасьлiмы, якую на радзiме асудзiлi на сьмерць за творы супраць Кур’ану. Тасьлiма ўражвае публiку сваiмi ўсходнiмi строямi й жывым кольцам з чатырох-пяцi целаахоўнiкаў. Яна заяўляе, што жанчын прыгнятаюць у любой рэлiгii, але ў iсламе — асаблiва. Калега зь Фiнляндыi, экспансiўная былая грамадзянка СССР зь пятым пунктам перакладае мне вершы адважнай бангладэшкi на расейскую: «Сестра моя, женщина! Вот идет мужчина. Не смотри на него. Он — твой враг. Он может заразить тебя сифилисом...»
У крэсьле побач са мною маладая чарнявая харватка, што, як выявiлася ў час сьняданьня, ведае колькi дзясяткаў расейскiх слоў. Пераклад верша пра небясьпечнага iсламскага мужчыну дае неблагi шанец працягнуць знаёмства ў пэрспэктыўным рэчышчы размовы аб жанчынах дэмакратычнай краiны Харватыi, аднак мая суседка нечакана кажа, што «сербы убивал ее брат», i ў агатавых вачах западае смутак, якi робiць усе магчымыя варыянты абсалютна безнадзейнымi.
Зацемкі з канцэртнае праграмкі вечару ў джаз-клюбе «Radost»