Сланы Ганібала
Шрифт:
Тэлефанаваць мы, напэўна, возьмемся ўвечары, а пакуль едзем на тутэйшы аўкцыён. У будынку былой станцыi з масiўнымi бэлькамi i пацямнелай ад часу (ды колькасьцi разьлiтага вiскi) стойкаю бару, дэманструючы даўнiя беларуска-амэрыканскiя культурныя сувязi, самi сабою вынырваюць з памяцi героi полацкага фальклёру часоў майго дзяцiнства — трое неразлучных каўбояў, якiя невылазна сядзелi ў салуне ў аднавокага Гары. Працяг вы, магчыма, таксама памятаеце:
Вдруг заходят туда
Человек восемнадцать
И ковбоям они
Предлагают убраться.
Мы сьпявалi пад гiтарны акампанэмэнт майго сябра Вовы Цымэрмана, i нашыя кулакi налiвалiся мужнасьцю, рыхтуючыся да новых сутычак з заклятымi ворагамi з Задзьвiньня, дзе густа стаялi вайсковыя часткi i рэй вялi афiцэрскiя сынкi, якiя называлi моркву
Аўкцыённая публiка ўражвае сваёй стракатасьцю ня менш за выстаўлены тавар: шыкоўныя кандэлябры з Расеi часоў Аляксандра II i блiзка знаёмыя з мольлю старасьвецкiя капялюшыкi, недабiтае кухоннае начыньне й антычная манэта, стракатыя пэнсыльванскiя посьцiлкi зь нямецкiм радаводам i замытыя мужчынскiя майткi з расьцягнутымi гумкамi, якiя ў нас у Полацку называюць проста «сямейнымi». Цэдзячы пэпсi зь лёдам, мне падабаецца выдумляць сюжэты твораў, галоўная эстэтычная вартасьць якiх у тым, што яны нiколi ня лягуць на паперу. Выпетраны на жардзiну i белы як лунь стары набывае за пяць даляраў трэснуты зялёны кубак з адбiтаю ручкай не таму, што зьдзяцiнеў, а на памяць пра жонку-нябожчыцу, якая ўсё жыцьцё здраджвала яму зь ягоным сябрам, зь якiм аднойчы incognito лётала на тры днi ў Парыж, адкуль i прывезла мужу такi самы кубак, паведамiўшы, што набыла яго, гасьцюючы ў сяброўкi ў Флорыдзе. А вунь тая прыгожанькая (пакуль не заўважаеш яе несупыннага цiку) маладзёнка выкладвае даляр за мiнiятурную парцалянавую ступку, як дзьве кроплi вады падобную да той, дзе яна гатавала атруту багатай старой цётухне, што, як неўзабаве высьветлiлася, прадбачлiва адпiсала ўсю маёмасьць улюбёнай котцы...
Аднак усё гэта хутка пачынае раздражняць, i я разгортваю на каленях сьвежы нумар часопiсу «Вестник». З гэтага балтыморскага выданьня вы ўведаеце безьлiч карыснага: вось кароль азартных гульняў Доналд Трамп абвяшчае пра цяжарнасьць роднае жонкi; вось тэкст вашынгтонца Мiхаiла Гольдэнбэрга пра тое, як К. Бальмонт з I. Севяранiнам на эмiграцыi выцыганьвалi грошы ў Сяргея Рахманiнава; вось iнтэрвiю зь лiтаратарам Ю. Дружнiкавым, што здабыў славу як аўтар кнiжкi «Вознесение Павлика Морозова» (самыя цiкавыя мясьцiны iнтэрвiю — прызнаньне, што «по национальности я интеллигент» i цытата з К. Чапэка, дзе крытык кажа пiсьменьнiку: «Вы павiнны пiсаць так, як пiсаў бы я, каб умеў»).
Чакайце-чакайце, а гэта што?! БНФ, Сяргей Антончык, Зянон Пазьняк, «который в чем-то очень похож на Гамсахурдия, Дудаева и Жириновского вместе взятых»... Гэта Iосiф Калюта (Менск) i Ўладзiмер Левiн (Нью-Ёрк) знаёмяць навакольную расейскамоўную публiку з нашымi палiтычнымi заварушкамi. Дзякуючы адначасоваму погляду з розных бакоў акiяну, сытуацыя набывае вусьцiшную стэрэаскапiчнасьць, i беларускага чытача чакаюць адкрыцьцi, якiх нiколі ня зробiш, невылазна седзячы на айчынных купiнах. Мы чулi, напрыклад, толькi пра аднаго дэпутата Навумчыка, а на ўсходнiм узьбярэжжы Атлянтыкi, высьвятляецца, што iх — двое: «Координатор парламентской оппозиции Белорусского народного фронта Сергей Наумчик не устает повторять, что БНФ политику первого президента не приемлет. Другой депутат — бывший идеологический секретарь Витебского обкома партии Иосиф Наумчик — хочет помочь президенту. Два Наумчика, два депутата, стоящие по разные стороны политических баррикад — отец и сын. Помните, мы еще песню такую пели вдохновенно: «И нельзя сыновьям отставать от отцов хоть на малость, потому что идут по дороге отцов сыновья». — «Не идут!» — скрушлiва канстатуе «Вестник». Але ўсе дробныя выдаткi такога кшталту блякнуць у параўнаньнi з загалоўкам артыкулу: «Лука Мудищев — резидент российской разведки». Як кажа ў хвiлiны натхненьня мой знаёмы пiсьменьнiк Вiнцэсь Мудроў: «Ну, кенты, трымайце мяне...»
20.06. Хоць уначы, далiбог, нiчога такога ня сьнiлася, чамусьцi прачынаюся з захраслымi ў памяцi словамi Калiгулы: «Вы нiяк не зразумееце, што я чалавек просты».
Пасьля гарбаты ды блiнцоў з кляновым сыропам я адлятаю з Балтымору ў Клiўлэнд. Па дарозе ў аэрапорт спыняемся ля катэджу з шыльдачкай: Leon Kavalov. Барадаты і дабрадушны, у шортах i футболцы, беларускi старавер Лёва вядзе нас у акуратны да стэрыльнасьцi садок, дзе пад адцьвiлаю лiпай стаiць стол з двума крэсламi. Краявiд аздабляюць амаль дэкаратыўныя грады з памiдорамi, бурачкамi, рэдзькай i паскам валошак.
Увечары я ўжо буду сядзець пад лiпаю ў Стронгсўiле пад Клiўлэндам, штат Агаё. Мае гаспадары зь беларускага культурнага цэнтру «Полацак» успомняць, як спачатку хацелi назваць свой цэнтар «Палесьсем», бо, на iх думку, самай дзейснай часткаю беларускае эмiграцыi заўсёды былi палешукi, а я, пацягваючы ледзяное пiва, раскажу, як у той час, калi яны будавалi тут храмы i вучылi дзяцей у беларускай школе, у нас, у беларускiм Полацку, прыежджая
набрыдзь гадавала ў занядбаным Крыжаўзьвiжанскiм саборы сьвiньняў, а беларускую мову ў маёй клясе вывучала восем чалавек з трыццацi двух. Пад нагамi будуць дасьпяваць сунiцы. Над азярынаю мякка расьсьцелецца туманец. З высокай травы, наставiўшы рудавата-шэрыя вушы, да размовы будзе прыслухоўвацца тутэйшы нацыяналiстычна настроены трусiк. Вавёркi, як i належыць жанчынам, будуць цiкавiцца палiтыкаю значна меней. А яшчэ менш зацiкаўленьня выявiць нейкi падобны да хамяка дробны зьвер, якi будзе тупа глядзець на нас, нагадваючы прадстаўнiка той часткi электарату, што год таму дружна галасавала за танную гарэлку i тэлевiзар зь лядоўняю за кошт iндэксацыi ўкладаў, а потым вуснамi майго вечна п’янога серабранкаўскага суседа Камiнтэрна пасьля iмгненнага падаражаньня яго самага запаветнага прадукту харчаваньня казала мне: «Нiкаму, Воўка, няльзя верыць, нiкаму», i верыла далей, i цягнулася 14 траўня 1995 году на выбарчыя ўчасткi раней за ўсiх — пахмялiцца й аддаць свае галасы, каб мы хутчэй дасягнулi таго жыцьця, якое ў нас ужо было.21.06. У клiўлэндзкай царкве Жыровiцкай Божай Мацi вiсiць сьпiс з 128 прозьвiшчамi дарослых прыхаджанаў. Сцэну прыцаркоўнае залi некалi размалявала ў духу францускага мытнiка Анры Русо беларуская дзяўчынка Лiда Лазар. Зубры, бярозавы гай, палоска жыта, мацi зь дзiцём на каленях. У руках у малога сьцяжок накшталт таго, што на футбольным матчы Беларусь—Галяндыя пасьля рэфэрэндуму адабраў у майго малодшага сына менскi мiлiцыянт з «Пагоняю» на кукардзе. Найбольшай праблемаю было намаляваць хаты, бо юная мастачка нарадзiлася ўжо ў эмiграцыi. Хаты атрымалiся адметныя: гiбрыды ўкраiнскiх мазанак i таiцянскiх бунгала з палотнаў Гагена.
Клiўлэнд вылучаецца цi не найбольшай у ЗША колькасьцю жыхароў-перасяленцаў з Усходняе Эўропы. У гэтым яшчэ раз пераконваесься ў гарадзкой публiчнай бiблiятэцы, дзе iснуюць прыстойныя зборы кнiжак на польскай, лiтоўскай, харвацкай, украiнскай ды дзясятку iншых моваў. Высокi стэляж з сотнямi беларускiх кнiжак. Неабдымная ўкраiнка ў вышыванцы, адрываючыся ад кампутара, тлумачыць, што набыцьцё кожных 60 беларускiх выданьняў робiцца падставаю для выпуску iнфармацыйнага бюлетэню. Затрымлiваюся каля кнiжак клiўлэндца Аўгена Калубовiча.
Ягоны апошнi зямны прыстанак я знаходжу на мясцовых могiлках сярод iншых надмагiльляў зь беларускiмi прозьвiшчамi: Карнiловiч, Лук’янчык, Дурэйка, Гасьцееў. На помнiку пiсьменьнiку — выява крыжа Сьвятой Эўфрасiньнi. Пад датамi жыцьця можна прачытаць: «Wife Inna 1906 — ». «Wife Inna» — гэта ўдава Iна Каханоўская (яна ж — пiсьменьнiца Аляксандра Саковiч).
Спадарыня Iна ставiць на стол яблыкi і памаранчы. Невялiкая розьнiца ў гадах тым ня менш дазволiла нам трапiць у адну часавую «капсулу». Мы абое былi знаёмыя з гiсторыкам Мiколам Улашчыкам, а ў яе родных Ярэмiчах я вудзiў рыбу, калi плыў зь сябрамi ад вытокаў Нёману да Балтыкi. Мы з гаспадыняю вучылiся на адным факультэце БДУ; праўда, яна — у Пiчэты і Доўнар-Запольскага, а я — у Абэцэдарскага. Што там у Менску? Апошнiя падзеi, вядомыя з ранiшняга званка дахаты, — забарона канцэрту беларускiх рок-гуртоў, ладжанага з нагоды Купальля ды ўгодкаў разгону радыёстанцыi «Беларуская маладзёжная».
Пад’яжджаючы да яшчэ аднаго клiўлэндзкага беларускага дому — сакратара часопiсу «Полацак» Мiхася Белемука й ягонай жонкi, нядаўняй мянчанкi Тамары (сёньня яна якраз атрымала зялёную iмiграцыйную картку i з гэтае нагоды нас чакае ружовае калiфарнiйскае шампанскае), — знаёмлюся з узорам мясцовага беларускага гумару. Шараговы жыхар Клiўлэнду Мiхась Рагуля пасьля грунтоўнага наведваньня бару сядае за руль i выпраўляецца дахаты. «I ты, Мiхась, у такiм выглядзе едзеш?» — спынiўшы яго, дакорлiва пытаецца тутэйшы палiсмэн, таксама беларус. «А ты, Пятро, хочаш, каб я ў такiм выглядзе iшоў?» — адказвае наведнiк бару.
22.06. Афiцыйная сустрэча з «палачанамi». Прысутнiчае дваццаць пяць чалавек плюс пара вавёрак плюс камарэча. Чытаю сваё напiсанае ў 1990-м эсэ «Незалежнасьць — гэта...», якому, вiдаць, з кожным годам наканавана рабiцца ўсё актуальнейшым. Колiшнiх гадаванцаў клiўлэндзкай беларускай школы Вiктара i Джо пiва цiкавiць вiдавочна больш за нашу палiтыку. Нягледзячы на даволi прыстойную беларускую мову, iхняя радзiма — Амэрыка.
Яшчэ адзiн званок у Менск. З нагоды заявак на правядзеньне грунвальдзкiх урачыстасьцяў абласныя прэзыдэнцкiя вэртыкальшчыкi лiхаманкава высьвятляюць, цi не расейцаў разьбiлi пад Грунвальдам нашыя продкi. Пасьля гэткае навiны неапэтытныя калiзii позьняга фiльму жахаў успрымаюцца зь нейкiм асаблiвым настроем i ператвараюцца, так бы мовiць, у алюзii: група рэанiмаваных сатанiнскаю сiлай таварышаў, перапрашаю, — мерцьвякоў захоплiвае гарадзкi крэматорый i заместа спаленьня трупаў запускае iх пасьля адпаведнае апрацоўкi назад да жывых.