Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сланы Ганібала

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Другi — пра мастацкую выставу, дзе Валера разам з сваiмi абстрактнымi кампазыцыямi паказаў публiцы некалькi малюнкаў мужчынскiх фiгураў, у вынiку чаго атрымаў ад масьцiтага мастацтвазнаўцы букет камплiмэнтаў, у якi было ўторкнутае запрашэньне да мастацкае знакамiтасьцi сусьветнага сумеру, але ў прызначаны дзень спазьнiўся. Апошняя акалічнасць і дала Валеру магчымасьць высьветлiць, што самай важкаю прычынай запрашэньня былi менавiта мужчынскiя фiгуры.

Потым мы досыць лягiчна бярэм курс на ўлюбёны паб Оскара Ўайлда, дзе праз два днi я апынуся за адным столiкам з мэксыканскаю студэнткай, якой дам першы i, вiдаць, апошнi ў яе жыцьцi ўрок беларускае мовы. Больш дэталёва гэты эпiзод будзе распрацаваны ў вершы пад двухсэнсоўнаю назваю «1 красавiка 1995

г.», адкуль будучы чытач даведаецца пра тэатральны ўздых палёгкi, калi я здолеў растлумачыць маёй спадарожнiцы, што не ва ўсiм падзяляю густы аўтара «Баляды Рэдынгскай турмы», а таксама, што гэта абсалютна ня значыць, што пасьля пiнты пiва i дзьвюх фiлiпiнскiх цыгарэтаў смуглявая ручка ўжо мае права расшпiльваць гузiкi на зялёнай кашулi, якая памятае зусiм iншыя пальцы, i працягваць сваю рызыкоўную экскурсiю, пакуль ты намагаесься прадэклямаваць страфу мясцовага клясыка пра зайздроснае шчасьце мяняць стан душы гэтаксама проста, як пэнi можна памяняць на шылiнг. Намёк застаецца незразуметым, мовы катастрафiчна не хапае, аднак, прапусьцiўшы неiстотныя дэталi, ты павiнен з усёй адказнасьцю прызнацца, што вашае разьвiтаньне не нагадвала ўцёкi, бо мэксыканскiя студэнткi не павiнны кепска ўспамiнаць мужчынаў з Рэспублiкi Беларусi, асаблiва тады, калi толькi што пачулi пра яе iснаваньне.

Магiла Маркса

Штодня я двойчы праяжджаю падземкаю праз станцыю Гайгэйт. Аднаго вечару мае гасьцiнныя гаспадары на чале з айцом Аляксандрам Надсонам зьдзiўляюцца, чаму я дагэтуль ня выйшаў там з вагону, каб ускласьцi што-небудзь на магiлу Карла Маркса.

У кантэксьце падрыхтоўкi майго вiзыту на могiлкi мiстэр (а таксама мэсье й спадар) Гай Пiкарда, дасьледнік беларускай царкоўнае музыкі, а таксама Скарынавага захапленьня кабалістыкай, знаёмiць мяне зь некаторымi малавядомымi старонкамi самаахвярнага жыцьця клясыкаў навуковага камунiзму, якiх ён бязь лiшняга пiетэту мянуе «лёнданскiм п’янiцам» i «сiмбiрскiм сыфiлiтыкам». (Памiж усяго iншага я, у прыватнасьцi, даведваюся, як у свой час ангельская палiцыя заслала на лёнданскую бальшавiцкую канфэрэнцыю сакрэтнага агента, што, вярнуўшыся назаўтра ў офiс, здаў начальству блiскучую справаздачу з аднаго сказу, сэнс якога зводзiўся да таго, што дыскусiя адбывалася на якойсьцi незразумелай мове, а таму ён, агент, анi калiва не зразумеў.)

Выяўляецца, што за нейкую мiлю ад цяпершняй Беларускай каталiцкай мiсii таварыш Маркс неаднаразова наладжваў грунтоўныя турнэ па пабах, жвава дыскутаваў з прыгнечанымi капiталам ангельскiмi пралетарамi, а аднаго разу, расьперажываўшыся за iхны гаротны лёс, хапянуў трайную дозу i размалацiў парасонам вулiчны лiхтар, пасьля чаго спрытна ўцёк ад палiцыi.

Гэтыя зьвесткi робяць клясыка больш чалавечным i больш блiзкiм, i я штодня сапраўды зьбiраюся выйсьцi ў Гайгэйце з падземкi, але так i не магу прыдумаць, што ж я там ускладу.

Яйкi ў чаравiках

Не адшукаўшы ў адкрытых турыстам залях Брытанскае бiблiятэкi старадрукаў Францiшка Скарыны, я задавальняюся разгляданьнем выстаўленых у вiтрынах рукапiсаў.

Джойсава рука размашыста вадзiла па грубай жаўтлявай паперы простым алоўкам, а потым рашуча перакрэсьлiла напiсаныя зь вялiкiмi прабеламі радкi чырвоным. (Гаворка ідзе пра яшчэ невядомага нам «Фiнэгана».)

Гросбух з чарнавiком Данiэля Дэфо адпачывае ад лiтаратурных практыкаваньняў гаспадара побач зь лiстом Джонатана Сўiфта, па сумяшчальнiцтве ангельскага шпiёна ў Iрляндыi.

Джон Кiтс, Фрэнсіс Бэкан, сёстры Брантэ...

Вiтрына з аўтографамi «Бiтлз».

У бiблiятэчнай кнiгарнi можна набыць iх факсымiле, а таксама сьвежы даведнiк «Вялiкабрытанiя-1995: 50 гадоў пераменаў». Мне ўдаецца даволi зграбна перакласьцi кавалачак прадмовы: нягледзячы на зьяўленьне хуткасных аўтастрадаў, на масавае адмаўленьне ад ялавiчыны i цукру ды iншыя велiзарныя зьмены, брытанцы працягваюць лiчыць, што iм выпала незайздросная доля нарадзiцца ў найгоршай для жыцьця краiне сьвету, калi ня ўлiчваць, вядома, усiх астатнiх краiнаў.

Разумовыя

высiлкi над старонкамi «Вялiкабрытанii-1995» годна вянчае бляшанка элю (9% алькаголю).

На лавачцы перад уваходам, скiнуўшы чаравiкi, можна выцягнуцца на сонейку побач з закаханай францускай парачкай, а прачнуўшыся, — усьцешана ўпэўнiцца, што з абуткам на тым баку Ля-Маншу праблемаў няма, як няма iх i з шакалядавымi велiкоднымi яйкамi, якiя табе пакiнулi на памяць: па два ў кожным чаравiку.

Згаладала зжаваўшы палову прэзэнту, я раблю кансьпiрацыйны званок у Менск: заўтра на сувязь не выходжу, бо еду з заданьнем у Оксфард.

Оксфардзкiя пэргамэнты

Оксфардзкая готыка мае пэргамэнтавы колер. Яе столькi, што пачынае кружыцца галава. А можа, ва ўсiм вiнаватая завея, што аздабляе сьнегавымi хлапякамi каменную разьбу, вiшнёвую квецень i запацелыя кармiнавыя келiхi тульпанаў?

Славутая Бадлэйнская бiблiятэка будавалася некалькi стагодзьдзяў. Нават у завiруху яе галерэi, фасады, калёны, валюты і гзымсы хочацца разглядаць гадзiнамi.

Нясьцiпла адзначу, што наведнiк славянскага аддзелу можа пагартаць ёмiсты опус, прысьвечаны таямнiцам полацкай гiсторыi, i адхiснуцца ад вусьцiшнага аблiчча на вокладцы кнiжачкi з гiпэрбарэйскай назваю «Мой радавод да пятага калена».

Я не самотны: мой «прапiсаны» ў Таронта спадарожнiк Кастусь Акула (ужо каторы год 25 сакавiка ён сустракае на высьпе свайго юнацтва) таксама пакiдае аўтограф на перавыдадзеным летась у Менску рамане «Змагарныя дарогi», яшчэ ня ведаючы, што паводле зьвестак «Нашай Нівы» гэтая кнiга зойме ў сьпiсе беларускiх бэстсэлераў за першы квартал 1995 году другi верхнi радок усьлед за двухтомнiкам Уладзiмера Караткевiча.

Завяршыць прыемную цырымонiю найлепей у пабе пад назваю «Белы конь», дзе кiрылiца сьціпла прадстаўленая ўсенародна любiмым на неабсяжных абшарах былой Краiны Саветаў слаўцом з трох лiтараў, якое нечая клапатлiвая рука патрыятычна надрапала на краi стальнiцы, высьлiзганай нялiчанымi студэнцкiмi пакаленьнямi да паркетнага бляску колiшнiх цэкоўскiх кабiнэтаў.

Наступны пункт падарожжа — Крайстчорч-каледж.

Кожны оксфардзкi каледж — гэта горад у горадзе з сваiмi неадменнымi бiблiятэкай, жылымi і навучальнымi будынкамi, саборам, паркам, катамi i вавёркамi.

Саборная вежа і дом капiтулу ўзводзiлiся ў часы атручанага крыжакамi полацкага князя Валодшы. Праз шэсьць стагодзьдзяў тут стукалi па бруку абцасiкi дачкi рэктара Алiсы Лiддэл, для якой тутэйшы выкладчык матэматыкi Льюiс Кэрал прыдумаў краiну цудаў.

Можа, гэта дух Алiсы мiльганецца вохрыстай лiсiцаю ў прысоленых завiрухаю лугах на выезьдзе з Оксфарду?

А фiнал верша пра сталiцу ангельскага студэнцтва будзе афарбаваны ў прыглушаныя мэлянхалiчныя колеры:

Лёндан

вынырне з завеi

мокрай няўтульнасьцю

дыкенсаўскiх паралелепiпэдаў.

Тэмза

разам з душою

будзе перажываць

пэрыяд адлiву,

а на ўскраiне ночы

прысьнiцца ангельскамоўны сон:

я буду гувэрнэрам

малалетняга лорда

i пад сьпеў ранiшнiх драздоў

з асалодаю адлупцую яго

за нявывучаныя правiлы

напiсаньня «ў».

Джаз у «Толi Буш»

Паб «Толi Буш» якраз i вядомы ў Гэмпстэдзе ды ва ўсiм Лёндане сваiм джазам. Кажуць, мэлёдыi першых кампазыцыяў прагучалi тут трыццаць гадоў таму. З таго часу каманда джазмэнаў захоўвае вернасьць гэтым сьценам пiўнога колеру, набываючы разам зь iмi ўсё больш iмпазантны выгляд.

Поделиться с друзьями: