Сланы Ганібала
Шрифт:
Апоўднi на Градчанах адбываецца зьмена ганаровае варты. У Гаўлавай рэзыдэнцыi зьнячэўку адчыняюцца вокны, i гарнiсты з бубначамi пры поўным парадзе выконваюць свае партыi, стоячы на падваконьнях. Гэта лiшнi раз нагадвае, што на чале дзяржавы стаiць асоба, зьвязаная ў недалёкім мінулым не з палiтаддзелам, а з тэатрам...
У Чэхii чалавек з адукацыяй гiсторыка павiнен абавязкова ўзгадаць Каралядворскi рукапiс, знойдзены ў 1817 годзе на дзень сьвятой Людмiлы ў касьцельнай вежы, зь якой можна было акiнуць вокам увесь Двур Кралове-на-Лабе. У нас нiшу стваральнiка нацыянальнага эпасу меў шанцы заняць Сяржук Сокалаў-Воюш, якi ўжо напiсаў быў дзьве зь лiшнiм тысячы радкоў. Замест гэтага Сяржук зьехаў у Нью-Ёрк, дзе гадуе двух амэрыканскiх сыноў i,
Зацемкі, пачатыя на тэлефоннай картцы з аўтапартрэтам Анры Русо і закончаныя на сурвэтцы з кавярні «Чартоўка»
Гэтыя зацемкi трансфармавалiся ў верш, дзе ёсьць такiя вось радкi:
... бэхераўка афарбуе вечар
зялёнай гамаю,
чамусьцi прынесшы згадкi
пра паручнiка Лукаша,
што лiчыў усiх чэхаў,
якiя гавораць па-чэску,
нечым накшталт карбанарыяў.
Набярэжная Вэлтавы
будзе фiлiялам
гэтага таемнага таварыства,
прапанаваўшы багатыя магчымасьцi
параўнаньня праскiх ножак
з тваiмi,
якiя захочацца разбудзiць
у ранiшнiм нумары
цёплага восеньскага гатэлю,
над кавярняй
з свойскаю назвай «Чартоўка»,
дзе ў сьпiсе заўсёдных клiентаў
значыцца пара лебедзяў,
што будуць цярплiва чакаць,
пакуль мы пакiнем
яхту нашага ложку,
спусьцiўшыся на прыстань,
дзе можна кармiць белых птушак,
замаўляючы бурштынавае вiно,
пакуль Градчаны
не паплывуць па-над местам,
як славянскiя думкi
Вэлтавы.
Лiстапад 1994 — люты 1995
Беларусiзацыя Ангельшчыны
Аэрапорт Гiтроў
Прыкладна тры тузiны адказных асобаў з Iнтэлiджэнс Сэрвiс i Скотлэнд Ярду смакталi свае цыгары, запiваючы iх у навакольных пабах тарфяна-цёмным «Гiнэсам», i дэманстравалi злачынную бязьдзейнасьць.
Тым часам падазрона рудабароды мiстэр з чырвоным пашпартам няiснае дзяржавы і сумнеўным прозьвiшчам Arlou ня толькi пасьпеў выгрузiцца з «Боiнга», але і назваць сябе ў картцы прыбыцьця грамадзянiнам ня менш падазронай Рэспублiкi Беларусi, дзе, як пiшуць «Таймз» i «Гардыян», проста ў парлямэнце прэзыдэнцкая ахова бамберыць дэпутатаў, а сам прэзыдэнт замест таго, каб вывучыць дзяржаўную мову, зьбiраецца абвясьцiць дзяржаўнай тую, за якую, сьцьвярджаюць зласьлiўцы, меў у школе нядобрую адзнаку.
Больш за тое — мiмаходзь успомнiўшы, як летась у партовым Рамсгэйце яго трэсьлi ледзьве не гадзiну, прафэсiйна абмацваючы кепурку і прымушаючы зьлёгку распранацца, Arlou, быццам мыш пад вусатым носам у сытага ката, прашмыгнуў без усякае праверкi валiзаў да выхаду i абсалютна спакойна,
нiбы дзе-небудзь на полацкiм вакзале, узяўся гартаць каля тэлефонаў-аўтаматаў спрэс сьпiсаны тарабарскай кiрылiцаю нататнiк, няўважлiва назiраючы за фантастычным для нязвыклага вока вiдовiшчам узьлётнае паласы тэрмiналу №2, адкуль кожныя дзьве хвiлiны ўздымаюцца ў паветра лаяйнэры ўсiх магчымых колераў i авiякампанiяў.I яшчэ мацней санлiвыя спадкаемцы славы Кiма Фiлбi мусiлi б устурбавацца, каб даведалiся, што гэты рудабароды суб’ект прынцыпова (i ў лепшым разе з пачуцьця нацыянальнае фанабэрыi) вырашыў перакладаць у сваiх запiсах усе ангельскiя назвы на мову, якой не валодае нават ягоны сувэрэнны прэзыдэнт.
Карацей, не мiнулася й дзесяцi хвiлiнаў, як, пашкадаваўшы фунт на бляшанку пiва, Arlou схаваўся ў нетрах лёнданскай падземкi i на цэлыя два тыднi зьнiк зь вiдавоку брытанскiх спэцслужбаў.
Трафалгарскi пляц
Скажу вам, што калi замест Trafalgar Square падумаеш па-наску: Трафалгарскi пляц, ракурс успрыняцьця навакольля адразу зьменiцца. Двое шатляндцаў у чырвона-брунатна-зялёных клятчастых спаднiцах, прытупваючы загарэлымi нагамi, пачнуць, напрыклад, выдзьмуваць з сваiх дудаў варыяцыi на тэму «Саўкi ды Грышкi», ня кажучы ўжо пра сьцiжму тутэйшых галубоў, якiя адразу забуркуюць на прыдняпроўскай галубiнай трасянцы мамiнай i прэзыдэнтавай малой радзiмы.
Пляцавыя цемнаскурыя мастакi за 10 фунтаў гатовыя бязь лiшнiх ваганьняў стварыць ваш графiчны партрэт. Я паказваю iм жаночае фота i — на ўсякi выпадак — купюру. Паразуменьня не атрымлiваецца: цемнаскурыя майстры пэндзлю прагнуць бачыць белую жанчыну ў натуры.
Парачка маладых нецьвярозых мурынаў, асядлаўшы чорных трафалгарскiх iльвоў, адну за адной зь вiдочнаю асалодай б’е аб бэтонныя плiты пляшкi з-пад пiва. З аналягiчнаю эмоцыяй праз колькi хвiлiнаў хулiганiстых маладзёнаў таўкуць, запiхваючы ў белы ангельскi «варанок», бамбiзы-палiсмэны, якія прымушаюць мяне ўзгадаць блатную песеньку папулярнага расейскага барда: «Я не расист, но я за белых, бля, за белых, бля, за белых...»
Дарэчы, пра белых i цёмных.
Беларускi мастак-эмiгрант Валера Мартынчык лiчыць, што да каляровых падданых яе вялiкасьцi брытанскае каралевы ангельцы маюць сантымэнт значна цяплейшы, чым да нас, славянаў, цi наогул да ўсходнеэўрапейцаў. Першыя — гэта сяляне, якiх гаспадары добра ведаюць i разумеюць яшчэ з тых часоў, калi вешалi iх на бастыёнах калянiяльных фортаў i спрактыкавана перылi стэкамi. (Памятаеце вучаныя ў расейскай школцы нашага дзяцiнства задушэўныя радкi савецкага паэта: «Хороший сагиб у Сами и умный, только уж больно дерется стеком...»?)
Таму мы з Валерам ня будзем бiць каля Нэлсанавай калёны пустыя бутэлькi, а схаваемся ад палiцыi ў залях Нацыянальнае галерэi, сходы якой пачынаюцца проста з пляцу, i там, апрача Батычэльлi, Рубэнса й Рэмбранта, як увасабленьне яшчэ адной прыкметы беларусiзацыi Злучанага Каралеўства, сустрэнем студэнтку з Кембрыджу Алену Шушкевiч, якую ня трэба блытаць з дачкою экс-сьпiкера, што цяпер возiць па праспэкце Скарыны ў Менску маленькую экс-сьпiкераву ўнучку, якую, будзем спадзявацца, у XXI стагодзьдзi нехта таксама сустрэне ў блiзкiх ваколiцах парку сьвятога Джэймза.
Калi ты ў галерэi не адзiн, уступiць у дыялёг з творамi мастацтва бадай немагчыма. Тады ты выслухоўваеш розныя гiсторыi й зьвяртаеш увагу на калямастацкiя мiзансцэны. Вось каля «Парысава суду» настаўнiца ставiць перад клясаю трох дзяўчатак i дае хлопчыку-«Парысу» румяны яблык. Я сачу за падзеямі пад акампанэмэнт Валеравых аповедаў.
Першы сюжэт — пра менскага мастака Басава, якi нядаўна перасялiўся ў лепшы сьвет i якога Валера лiчыць амаль генiем. Талент апавядальнiка дазваляе ўявiць i самога немаладога габрэя, i тое, як ён глядзiць у дзьвярное «вочка» майстэрнi й дыхае з таго боку, але пакупнiкоў, хоць зь iмi ўчора й дамовiўся, да сябе не пускае: тым проста не пашанцавала, бо дзьверы ў такiх выпадках мастак Басаў нязьменна адчыняе толькi адзiн раз з трох.