Стэпавы воўк
Шрифт:
Не скажу, што «рашэнне» моцна перамяніла маё жыццё. Яно крыху з'абыякавіла мяне да хворасцяў, крыху збестурбоціла ва ўжыванні опіуму і віна. Крыху панукала да мяжы трывальнага, а і не больш за тое. Мацней дзейнічалі іншыя ўражанні таго вечара. Трактат пра Стэпавага ваўка я часам перачытваў то з захапленнем і ўдзячнасцю, быццам прызнаваў, што нейкі там маг мудра скіроўвае мой лёс, то з пакеплівай пагардай да цвярозасці трактата, які, як мне падалося, зусім не ўлічваў спецыфічнай напружанасці майго жыцця. Усё, што там сказана пра стэпавых ваўкоў і самагубцаў, магчыма, было разумна і выдатна, але яно датычылася цэлай катэгорыі, тыпу ў сваёй аснове, было таленавітай абстракцыяй; прыватны лёс такой грубай сеткай, здавалася мне, не зловіш.
Глыбей за ўсё астатняе мяне займала тая галюцынацыя, той відзеж каля царкоўнага мура, той анонс светлавых літар, які адпавядаў намёкам у трактаце. Надта ж бо шмат чаго абяцалася мне, надта ж бо моцна распалілі галасы таго невядомага свету маю дацеклівую цікаўнасць. Цэлымі гадзінамі я самазабыўна разважаў пра іх, і ўсё выразней тады чулася мне засцярога тых надпісаў: «Не ўсім!» і «Толькі вар'ятам!». Значыцца, я вар'ят, значыцца, я вельмі далёкі ад «усіх», калі тыя галасы не дасталі мяне, калі тыя светы да мяне загаворваюць. Божа, хіба ж я даўно не адлучыўся ад жыцця ўсіх, ад быцця і спосабу мысліць у нармальных людзей, хіба я даўно не адасобіўся ад іх, не звар'яцеў? І ўсё ж у глыбіні душы я выдатна разумеў гэтую ўмову вар'яцтва, гэты заклік адкінуць розум, скаванасць, мяшчанскія ўмоўнасці і аддацца бурліваму свету фантазіі, свету душы, які не ведае законаў.
Аднойчы, зноў марна пашукаўшы на вуліцах
Тым часам праз нейкі свой бзік я далучыўся да працэсіі і прывалокся разам з усімі жалобнікамі да могілак, архісучасных цэментных могілак з крэматорыем і рознай тэхнікай. Але нашага нябожчыка не збіраліся паліць, яго труну апусцілі на зямлю каля звычайнай ямы, і я пачаў назіраць за святаром і іншымі сцярвятнікамі з пахавальнага бюро, якія спрабавалі напісаць на сабе ўрачыстасць і скруху, але ад бянтэжлівасці, ад тэатральнасці і фальшу залішне рупіліся і дабіваліся хутчэй камічнага эфекту, я глядзеў, як целяпалася на іх чорная ўніформа і як намагаліся яны прывесці ўсю зборню ў належны настрой і прымусіць іх укленчыць перад веліччу смерці. Гэта былі марныя намогі, ніхто не плакаў, нябожчык, здаецца, нікому зусім не абыходзіў. Ніхто не пранікаўся пабожнымі пачуццямі, і калі святар называў прысутных «дарагімі сухрысціянамі», дзелавыя твары ўсіх гэтых купчыкаў, булачнікаў і іх жонак моўчкі нурыліся з сутаргавай сур'ёзнасцю, сумеўшыся, фальшыва, з адзіным жаданнем, каб хутчэй скончылася непрыемная працэдура. Што ж, яна скончылася, двое пярэдніх сухрысціян паціснулі прамоўцу руку, выцерлі аб газон чаравікі, запэцканыя мокрай глінай, у якую яны паклалі свайго нябожчыка, твары зноў набылі звычайны чалавечы выгляд, і адзін з іх здаўся мне раптам знаёмым - гэта быў, здалося мне, той з плакатам, што сунуў мне ў руку брашурку.
Як толькі я пазнаў яго, ён адвярнуўся, нагнуўся, заняўся сваімі чорнымі штанамі, акуратна закачаў іх над чаравікамі і борздзенька пашыбаваў прэч, заціснуўшы падпахай парасон. Я пабег за ім, дагнаў яго, пакланіўся яму, але ён, здаецца, не пазнаў мяне.
– А ці будзе сёння вячэрні атракцыён?
– спытаўся я, спрабуючы яму па-змоўніцку падміргнуць. Але ад такіх мімічных практыкаванняў я даўно адвык, бо пры маім жыцці я і гаварыць мала што не развучыўся, я сам адчуваў, што скруціў толькі дурную грымасу.
– Вячэрні атракцыён?
– прамармытаў ён і недаўмёна паглядзеў мне ў твар.
– Ідзіце, даражэнькі, у «Чорны арол», калі вам так прыспічыла.
Я і праўда не быў упэўнены, што гэта той самы. Я расчаравана пайшоў далей, не ведаючы куды, ніякай мэты, ніякага памкнення, ніякага абавязку ў мяне не было. У жыцця быў агідна горкі смак, я адчуваў, як млосць, што даўно ўжо падступала да горла, дастаецца да сваёй найвышэйшай адмеціны, як жыццё выштурхоўвае і адкідае мяне. Я ашалела ішоў па шэрым горадзе, адусюль мне чуўся пах вільготнай зямлі і пахавання. Не, каля маёй магілы не будзе нікога з гэтых сычоў з іх расамі, з іх сентыментальнай траскатнёй! Ах, куды б я ні глянуў, куды б ні звярнуўся думкамі, нідзе не чакала мяне радасць, нічога мяне не клікала, не вабіла, усё смярдзела гнілой заношанасцю, гнілым задавальненнем, усё было старое, вялае, шэрае, друзлае, азызлае, тухлае, здохлае. Божа, як гэта атрымалася? Як дайшоў да гэтага я, акрылены юнак, аблашчанец муз, аматар вандровак па свеце, палымяны ідэаліст? Як змаглі яны так ціхенька падкрасціся і авалодаць мною, гэтая нянавісць да сябе і да ўсіх, гэтая аглухласць пачуццяў, гэтая нутробная ўзлаванасць, гэта гідотнае ад душэўнай пустаты і роспачы пекла?
Калі я праходзіў міма бібліятэкі, на вочы мне ўскінуўся адзін малады прафесар, з якім я раней часам гутарыў і да якога ў пару майго побыту ў гэтым горадзе нават колькі разоў заглядваў на кватэру пагаварыць з ім пра ўсходнія міфалогіі, - тады гэтая тэма мяне дужа цікавіла. Навуковец ішоў мне насустрач, а я ўжо намерыўся быў абмінуць яго. Але ён кінуўся да мяне з вялікай цеплынёй, і я ў сваім жалю вартым стане быў амаль удзячны яму за гэта. Ён вельмі ўзрадаваўся, ажывіўся і напомніў мне сякія-такія падрабязнасці нашых ранейшых дыскурсаў, сказаў, што шмат чым абавязаны мне за імпульсы, якія зыходзілі з мяне, што часта думаў пра мяне, што з таго часу яму рэдка выпадала так цікава і плённа дыспутаваць з калегамі. Спытаўся, ці даўно я ў горадзе - я зманіў: што толькі некалькі дзён, і таму не наведаў яго. Я паглядзеў на добры, з пячаткай вучонасці твар гэтага ветлівага чалавека, - сустрэча з ім увогуле смешны кур'ёз, - і, як згаладалы сабака, нацешыўся драбінкай цяпла, глытком любові, кавалачкам прызнання. Стэпавы воўк Гары расчулена выскаліўся, у яго пацяклі сліні ў сухое горла, сентыментальнасць выгнула яму спіну насуперак ягонай волі. Дык вось, я зманіў, што заехаў сюды ненадоўга па навуковых справах, няважна пачуваюся, а тое б, вядома ж, завітаў да яго. І калі ён сардэчна запрасіў мяне правесці ў яго сённяшні вечар, я з удзячнасцю прыняў запрашэнне, а потым перадаў прывітанне ягонай жонцы, і як што я так шмат гаварыў і ўсміхаўся, мне забалелі шчокі, бо ўжо адвыклі ад такой гімнастыкі. І ў той час як я, Гары Галер, заспеты знянацку і ўлешчаны, ветлівы і дагодлівы, стаяў на вуліцы, усміхаўся гэтаму ласкаваму чалавеку, гледзячы ў яго добры, блізарукі твар, другі Гары стаяў побач і пасміхаўся, стаяў, выскаляючыся, і думаў, які ж бо я дзіўны, які ж бо я вывернуты і хлуслівы тып, калі яшчэ за дзве хвіліны да таго скрыгатаў зубамі ад злосці на ўвесь астабрыдлы свет, а зараз вось, ледзь толькі мяне пальчыкам паклікаў, ледзь толькі знячэўку прывеціў шаноўны абываталь, як ужо й дужа раскіс, як ужо я расчулена патрафляю яму і кволюся, бы жывое парася, увесь цэлы растаю ад каліўца зычлівасці, павагі, ласкавасці. Так абодва Гары, абодва - постаці куды якія несімпатычныя, стаялі перад ветлівым прафесарам, пагарджаючы адзін адным, назіраючы адзін за адным, плюючы пад ногі і зноў, як заўсёды ў такіх сітуацыях, задаючы сабе пытанне: ці гэта проста чалавечае глупства і слабасць, інакш: ці гэта агулам усіхняя доля такая, а ці гэта сентыментальны эгаізм, гэта - бесхарактарнасць, гэта - неахайнасць і дваістасць пачуццяў - чыста асабістая асаблівасць Стэпавага ваўка. Калі гэта подласць агульначалавечая, што ж, хай - тады мая пагарда да свету магла абваліцца на яе з новай сілай; калі ж толькі мая асабістая слабасць, дык яна давала прычынную зачэпку да оргіі самапаганьбення.
За спрэчкаю паміж абодвума Гары прафесар быў амаль забыты; раптам ён мне зноў абрыд, і я паспяшаўся адчапіцца ад яго. Я доўга глядзеў яму ўслед, калі ён аддаляўся па голай дарожцы дабрадушлівай і крыху смешнай паходкаю ідэаліста, паходкай верніка. У душы маёй бушавала бітва, і, машынальна расціраючы азяблыя пальцы ў змаганні з затоенай падаграй, я быў вымушаны прызнацца сабе, што застаўся ў дурнях, што вось і накаркаў сабе запрашэнне на вячэру, апалове восьмай, асудзіў сябе на абмен кампліментамі, вучоную балбатню і сузіранне чужога сямейнага шчасця. Узлаваўшыся, я пайшоў дамоў, змяшаў ваду з каньяком, запіў свае пілюлі, лёг на канапу і паспрабаваў чытаць. Калі нарэшце ўдалося ўчытацца ў «Падарожжа Софіі з Мэмэля ў Саксонію», найдзівоснейшую бульваршчыну васемнаццатага стагоддзя, я раптам успомніў пра запрашэнне, і што я няголены, і што трэба апрануцца. Аднаму Богу вядома, навошта я ўсё гэта навалок сабе на галаву! Дык вось, Гары, падводзься, кідай сваю кнігу, мылься, шкрабі да крыві падбароддзе, апранайся і набірайся чалавекалюбства! Намыльваючыся, я думаў пра брудную гліністую яму на могілках, у якую сёння апусцілі на вяроўках таго незнаёмага, і пра перакошаныя ўсмешкамі твары знуджаных сухрысціянаў і не мог нават пасмяяцца з усяго гэтага. Там, каля бруднай гліністай
ямы, пад дурную дудню прапаведніка, сярод дурных, збянтэжаных фізіяномій гасцей пахавання, пры бязрадасным відовішчы ўсіх гэтых крыжоў і дошак з бляхі і мармуру, сярод усіх гэтых штучных кветак з дроту і шкла, там, здавалася мне, супакоіўся не толькі той невядомы, не толькі заўтра ці паслязаўтра супакоюся і я, засыпаны, закапаны ў гразь сярод збянтэгі і хлусні ўдзельцаў працэдуры, не, так заканчвалася ўсё, уся наша культура, уся наша вера, уся наша жыццерадаснасць, якая была вельмі хворая і неўзабаве таксама будзе закапана. Цвінтаром быў свет нашай культуры, Ісус Хрыстос і Сакрат, Моцарт і Гайдн, Дантэ і Гётэ былі тут толькі цьмянымі імёнамі на паржавелых бляшаных дошках, а навакол стаялі разгубленыя і наскрозь схлушаныя памінальцы, якія шмат далі б за тое, каб зноў паверыць ў гэтыя калісьці свяшчэнныя для іх бляшаныя скрыжалі альбо сказаць хоць нейкае праўдзівае, сур'ёзнае слова роспачы і скрухі пра гэты адышлы свет, а не проста стаяць ускрай магілы са збянтэжанай ухмылкай. Ад злосці я парэзаў сабе падбародак у тым самым месцы, што і заўсёды, прыпёк ранку квасцамі, але ўсё адно мусіў быў змяніць толькі надзеты свежы каўнерык, хоць зусім не ведаў, навошта я ўсё гэта раблю, бо не меў аніякай ахвоты ісці туды, куды мяне запрасілі. Але нейкая частка Гары зноў наладзіла спектакль, назвала прафесара нічаво-парнем, захацела чалавечага паху, палічыла думку пра сустрэчу ў гасцінных гаспадароў ўвогуле натхняльнай, дапамагла мне наляпіць на падбародак англійскі пластыр, дапамагла апрануцца і завязаць патрэбны гальштук і далікатна пераканала махнуць рукою на маё сапраўднае жаданне застацца дома. І тым самым часам я думаў: гэтак, як я цяпер апранаюся і выходжу, іду да прафесара і абменьваюся з ім больш-менш ілжывымі ветлівымі вітаннямі, у сутнасці нічога такога не жадаючы, як рыхтык гэтак робіць, жыве і дзейнічае большасць людзей дзень у дзень, кожную гадзіну, яны вымушана, зноў жа таго не хочучы, робяць візіты, вядуць гутаркі, адседжваюць службовасць, заўсёды паняволі, машынальна, знехаця, усё гэта з такім самым поспехам магло б рабіцца машынамі альбо наогул не рабіцца; і ўся гэтая бясконцая механіка не дае ім крытычна - як я - паставіцца да свайго жыцця, убачыць і адчуць яго дурноту і дробязнасць, яго мярзотна выскаленую паняверку, яго бязмежную скруху і журбу. О, і яны маюць рацыю, людзі, вой як маюць, што так жывуць, што гуляюць у свае гульні і носяцца са сваімі каштоўнасцямі, замест каб супраціўляцца гэтай панылай механіцы і роспачна ўглядацца ў пустэчу, як я, зусім звіхнуты чалавек. Калі я часам на гэтых старонках пагарджаю людзьмі і высмейваю іх, дык хай жа не падумаюць, што я хачу зваліць на іх віну, звінаваціць іх, перакласці на іншых адказнасць за сваю асабістую бяду! Але ж я, зайшоўшы так далёка і стоячы на краі жыцця, дзе яно правальваецца ў цёмную бездань, я раблю несправядліва і хлушу, калі строюся перад сабою і перад іншымі, быццам гэтая механіка пашыраецца і на мяне, нібыта я таксама належу яшчэ да мілага дзіцячага свету вечнай гульні!А вечар і праўда выдаўся раскошны. Каля дома свайго знаёмага я на хвілінку спыніўся і зірнуў угору на вокны. Вось тут жыве гэты чалавек, падумалася, працуе год у год, чытае і каментуе тэксты, шукае сувязяў паміж малаазіяцкімі і індыйскімі міфалогіямі і рады, бо верыць у вартасць сваёй працы, верыць у навуку, якой служыць, верыць у каштоўнасць чыстых ведаў, назапашвання інфармацыі, бо верыць у прагрэс, у развіццё. Вайны ён не адчуў, не адчуў, як скалануў асновы ранейшага мыслення Эйнштэйн (гэта, мяркуе ён, тычыцца толькі матэматыкаў), ён не бачыць, як вакол яго збіраюцца хмары новай вайны, ён лічыць яўрэяў і камуністаў годнымі нянавісці, ён добры, бяздумны, задаволены дзіцёнак, думае пра сябе што-та я, яму можна толькі пазайздросціць. Я набраў духу і ўвайшоў, мяне сустрэла пакаёўка ў белым фартушку, дзякуючы нейкаму прадчуванню я добра запомніў месца, куды яна прыбрала маё паліто і капялюш, пакаёўка правяла мяне ў цёплы, светлы пакой, папрасіла пачакаць, і замест каб сказаць малітву альбо заснуць, я неяк гарэзліва ўзяў першы пад рукою прадмет. Гэта быў абразок у рамцы з цвёрдай кардоннай падпоркай на круглым стале. Гэта была гравюра пісьменніка Гётэ, наравістага, геніяльна прычасанага старца з прыгожа лепленым тварам, дзе, як таму і след, былі і славутае вогненнае вока, і налёт крыху прыгладжаных вяльможнасцю адзіноты і трагізму, на якія мастак паклаў асабліва шмат намогаў. Яму ўдалося надаць гэтаму дэманічнаму старцу, без пахібы яго глыбіні, нейкі ці тое прафесарскі, ці тое акторскі выраз стрыманасці і гожасці і зрабіць з яго сапраўды прыстойнага старога гера, здольнага акрасіць сабою любы мяшчанскі дом. Карцінка гэтая, бадай што, была не дурнейшая за ўсе карцінкі такога роду, за ўсіх гэтых мілых збаўцаў, апосталаў, герояў, тытанаў духу і дзяржаўных мужоў, якія дбайна прадукуюцца рамеснікамі, яна захапіла мяне пэўнай віртуознасцю майстэрства; як бы тое ні было, ганарыстая, самазадаволеная выява старога Гётэ адразу ж разанула мяне агідным дысанансам - а я быў ужо досыць раздражнёны і распалены - паказала мне, што я ўшыўся не туды. Тут былі на месцы прыгожа стылізаваныя заснавальнікі і нацыянальныя славутасці, а не стэпавыя ваўкі.
Калі б цяпер увайшоў гаспадар, мне, мабыць, яшчэ ўдалося б прыдумаць нейкую прычыну і адкланяцца. Але ўвайшла яго жонка, і я скарыўся лёсу, хоць і прадчуваў нядобрае. Мы павіталіся, і за першым дысанансам пайшлі новыя і новыя. Яна павіншавала мяне з добрым выглядам, а я ж выдатна ведаў, як пастарэў за гады пасля нашай апошняй сустрэчы; ужо калі мы паціскалі рукі, мне непрыемна нагадаў пра гэта прыкры падагрычны боль у пальцах. А потым яна спыталася, як пажывае мая мілая жонка, і мне давялося сказаць, што жонка пакінула мяне і шлюб наш распаўся. Мы абое былі радыя, калі паявіўся прафесар. Ён таксама павітаў мяне вельмі цёпла, і ўся двухсэнсіца, увесь камізм сітуацыі неўзабаве знайшлі сабе вельмі файнае выяўленне. У руках у прафесара была газета, падпісчыкам якой ён быў, орган мілітарысцкай партыі - падбухторшчыцы вайны, і, паціснуўшы мне руку, ён кіўнуў на газету і сказаў, што ў ёй ёсць артыкул пра аднаго майго аднафамільца, публіцыста Галера, - гэта, відаць, нейкі бязродны нягоднік, ён пацяшаўся з кайзера і выказаў меркаванне, што яго радзіма вінаватая ў развязванні вайны зусім не менш, аніж варожыя краіны. Цікава, што гэта за рызыкант такі! Але цяпер ён атрымаў адлуп, рэдакцыя дала рашучы адпор гэтаму прахвосту, закляйміла яго ганьбай. Мы, аднак, перайшлі да іншай тэмы, калі прафесар убачыў, што гэтая матэрыя не цікавіць мяне, а гаспадарам нават і не наўме, што такі выпладзень пекла можа сядзець перад імі, а было ж яно ўсё як рыхтык так, такім выпладнем пекла быў я. Далібог, навошта гвалт, навошта калаціць людзей! Я пасмяяўся сам сабе, але ўжо страціў надзею на якія-колечы прыемныя ўражанні ад гэтага вечара. Я добра памятаю той момант, бо якраз жа калі прафесар загаварыў пра здрадніка радзімы Галера, паганае пачуццё прыгнечанасці і роспачы, што нарастала і памацнялася ўва мне з хаўтураў, згусла ў страшэнную цяжкасць, у фізічна пранозлівы (унізе жывата) боль, у трывожнае адчуванне наканавання. Нешта як бы падпільноўвала мяне, нейкая небяспека цікавала і падкрадвалася ззаду. На шчасце, сказалі, што вячэра гатовая. Мы перайшлі ў сталовую, і, увесь час стараючыся сказаць альбо спытаць што-небудзь бяскрыўднае, я з'еў больш, чым прывык з'ядаць, і з кожнай хвілінай пачуваўся ўсё больш паскудна. Божухны, думаў я ўвесь час, чаго мы так напінаемся? Я ясна адчуваў, што і маім гаспадарам было не па сабе і што іх ажыўленасць дорага ім абыходзілася, ці тое таму, што я скоўваў іх, ці тое праз было-якую нягоду ў доме. Яны распытвалі мяне пра такія рэчы, што адказваць шчыра, ну, аніяк не выпадала, неўзабаве я зусім заблытаўся ў хлусні і змагаўся з агідай пры кожным слове. Нарэшце, каб звесці іх убок, я пачаў расказваць пра пахаванне, сведкам якога сёння быў. Але я не знайшоў правільнага тону, мае патугі на гумар былі жалю вартыя, мы разыходзіліся ў розныя бакі ўсё больш і больш, ува мне рагатаў, ашчэрваючыся, стэпавы воўк, і за дэсертам усе трое больш маўчалі.
Мы вярнуліся ў той першы пакой выпіць кавы і гарэлкі, - можа, гэта нам крыху дапамагло б. Але тут князь паэтаў зноў запаў мне ў вочы, хоць яго ўжо пераставілі на камоду. Я не мог адвязацца ад яго, і, выдатна чуючы ў сабе галасы перасцярогі, зноў узяў яго ў рукі і пачаў з ім гутарыць. Я быў проста апантаны адчуваннем, што гэтая сітуацыя нязносная, што вось цяпер я павінен альбо сагрэць і заняць гаспадароў, наладзіць іх на сябе, альбо давесці ўсё да выбуху.
– Будзем спадзявацца, - сказаў я, - што жывы Гётэ выглядаў не так! Гэтая пыха, гэтая фанабэрыстая пастава, гэтая какетлівая годнасць, гэты свет святой сентыментальнасці пад покрывам мужнасці! Можна, вядома, вельмі яго недалюбліваць, я таксама часта недалюбліваю старога важніка, але маляваць яго так - не, гэта ўжо занадта.