Стэпавы воўк
Шрифт:
Яна прытулілася губамі амаль да самага вуха і прашаптала:
– Лепш не кажы так, Гары! Кожны раз можа быць апошнім. Калі Герміна возьме цябе, ты ўжо не прыйдзеш да мяне. Можа, яна забярэ цябе заўтра.
Ніколі я не меў больш моцнага адчування тых дзён, іх дзівосна дваякага, соладка-горкага настрою, чым тою ноччу перад балем. Гэта было шчасце - прыгажосць Марыі і яе гатоўнасць аддацца, гадзіны, калі можна было нацешыцца, надыхацца, прасякнуцца сотнямі тонкіх пачуццёвых радасцяў, пра якія я з такім спазненнем, на старасці, даведаўся, плёскаючыся ў мяккіх хвалях асалоды. І ўсё ж гэта была толькі абалонка: усярэдзіне ўсё было поўна значэння, напружання, дыхання, і, аддаючыся мілым і кранальным дробязям кахання з любоўнай пяшчотай, няйнакш купаючыся ў цёплай вадзе шчасця, я адчуваў, як мой лёс ляціць наперад, брыкаецца, як спалоханы конь, імчыцца ў тузе і страху да абрыву, да прорвы, гатовы да смерці. І калі яшчэ нядаўна я апасліва і нясмела супрацівіўся прыемнаму легкадумству любові толькі пачуццёвай, калі яшчэ нядаўна баяўся вясёлай саступлівай Марыінай прыгажосці, дык цяпер я перажываў страх перад смерцю - але страх, які ўжо ведаў, што неўзабаве ён ператворыцца ў пакорлівасць і збавенне.
Тым часам як мы моўчкі
З намёкаў дзяўчыны я вывеў, што на заўтрашнім бале альбо ж пасля яго нас чакаюць нейкія асаблівыя прыемнасці, нейкі асаблівы разгул. Магчыма, гэта і ёсць канец, можа, Марыю яе прадчуванне не падманвае, і сёння мы ляжым побач апошні раз, а заўтра лёс, можа, павернецца другім бокам? Я быў поўны палючай тугі; поўны шчымлівага страху, і, з усяе сілы чапляючыся за Марыю, яшчэ раз сутаргава і прагна прабегся па ўсіх сцежках і гушчобах яе Эдэма, яшчэ раз упіўся зубамі ў салодкі плод райскага дрэва.
Пасля ночы я адсыпаўся ўдзень. Раніцай паехаў спачатку ў лазню, пасля, смяротна стомлены, дамоў, занавесіў сваю спальню, знайшоў, раздзяваючыся, у кішэні свае вершы, зноў забыўся пра іх, адразу ж лёг, забыўся пра Марыю, Герміну і маскарад і праспаў цэлы дзень. Устаўшы падвечар, я, толькі калі галіўся, успомніў, што ўжо праз гадзіну пачнецца баль і мне трэба падрыхтаваць кашулю з пластронам. Я сабраўся ў добрым настроі і выйшаў з дому, каб спачатку перакусіць.
Гэта быў першы касцюмаваны баль, на якім я быў. Ранейшым часам, зрэшты, я наведваў, бывала, такія святы, але быў толькі гледачом, і энтузіязм, з якім пра іх расказвалі, з якім іх чакалі іншыя, заўсёды здаваўся мне смешным. А сёння і мне баль быў падзеяй, якое я чакаў з сумессю радасці, цікаўнасці і страху. Як што дамы ў мяне не было, я наважыўся явіцца туды пазней, ды і Герміна раіла мне так зрабіць.
У «Сталёвы шалом», маё ранейшае сховішча, дзе доўгімі вечарамі папівалі віно і строілі з сябе халасцякоў расчараваныя мужчыны, я апошнім часам заходзіў рэдка - ён ужо не клаўся ў стыль майго цяперашняга жыцця. Але сёння мяне неяк само па сабе пацягнула туды; пры тым тужліва-радасным успрыманні лёсу і развітання ўсе вяхі і памятныя мясціны майго жыцця асвятліліся яшчэ раз пакутліва цудоўным водбліскам мінулага, у тым ліку і гэты пракураны кабак, дзе я нядаўна прападаў, дзе мне яшчэ нядаўна было даволі такога няхітрага наркотыку, як бутэлька мясцовага віна, каб яшчэ на адну ноч легчы ў свой пусты ложак, каб яшчэ на адзін дзень змірыцца з жыццём. Іншыя, больш моцныя ўзбуджальнікі давялося ўжыць, давялося наглытацца атруты куды саладзейшай. З усмешкай пераступіў я парог старога кабака, і гаспадыня сустрэла мяне прыветлівымі словамі, а заўсёднікі маўклівым кіўком. Мне прапанавалі і прынеслі смажанае кураня, светлым струмянём лілося маладое эльзаскае віно ў тоўстую шклянку, ласкава глядзеліся чыстыя белыя драўляныя сталы, старыя жоўтыя панэлі. І ў той час як я еў, піў, ува мне мацнела адчуванне ўвядання і развітання, пакутліва глыбокае адчуванне прыспелай да распаду злітнасці з усімі мясцінамі і рэчамі майго ранейшага жыцця. «Сучасны» чалавек называе гэта сентыментальнасцю; ён перастае любіць рэчы, рэчы, нават самыя свяшчэнныя для яго калісьці, нават свой аўтамабіль, які можна пры першай жа нагодзе памяняць на новы, лепшай маркі. Гэты сучасны чалавек энергічны, дзелавіты, здаровы, халодны, падцягнены - тып што трэба, ён яшчэ пакажа сябе ў наступнай вайне. Мне на гэта было напляваць, я не быў ні сучасны, ні старамодны, я выпаў з часу і нёсся кудысьці, блізкі да смерці, гатовы да смерці. Я нічога не меў супроць сентыментальнасці, я быў высакародна рады, што ў маім згарэлым сэрцы тоілася хоць каліўца такіх пачуццяў. І я аддаўся ўспамінам, навеяным гэтым старым кабаком, сваёй прывязанасці да гэтых грубых крэслаў, аддаўся паху дыму і віна, таму павеву прывычкі, цяпла, падабенства з радзімай, якое ва ўсім гэтым адчуваў. Развітанне - цудоўная рэч, яно размякчае. Мне былі мілыя маё цвёрдае сядзенне, мая мужыцкая шклянка, мілы прахалодны фруктовы смак эльзаскага віна, мілая мая блізкасць да ўсяго і да ўсіх у зале, мілыя твары замроеных выпівохаў, гэтых расчараваных, чыім братам я даўно быў. Мяшчанскімі сантыментамі я ўпіваўся тут, крыху прыпраўленым водарам старамоднай тракцірнай рамантыкі той падлеткавай пары, калі шынок, віно і цыгара былі яшчэ забароненымі, невядомымі, цудоўнымі рэчамі. Але Стэпавы воўк не страпянуўся, каб ашчэрыць іклы і разарваць мае сантыменты. Я мірна сядзеў, азораны мінулым, азораны цьмяным святлом знічкі, якая ўжо паспела згарэць.
Увайшоў вулічны гандляр са смажанымі каштанамі, і я купіў у яго прыгаршчы. Увайшла старая з кветкамі, я купіў у яе некалькі гваздзікоў і паднёс іх гаспадыні. Толькі збіраючыся расплаціцца і не знайшоўшы прывычнай кішэні ў каптане, я заўважыў, што я ў фраку. Баль-маскарад? Герміна!
Але было яшчэ рана, я не мог адважыцца ісці ў «Глобус» ужо зараз. Да таго ж, неяк так сталася са мною падчас усіх гэтых забаваў апошняй пары, я адчуваў нейкую ўнутраную перашкоду, нейкую скаванасць, нейкае нежаданне ўваходзіць у вялікія, перапоўненыя, галасліва-вірлівыя залы, нейкую вучнёўскую нясмеласць перад чужой атмасферай, перад светам працвіртавальцаў жыцця, перад танцамі.
Сноўдаючыся па вуліцах і праходзячы міма нейкага кінатэатра, я зірнуў на пучкі святла, што пырснулі на велізарныя каляровыя афішы, пайшоў быў далей, але вярнуўся і зайшоў усярэдзіну. Да адзінаццаці я мог тут спакойна пасядзець поначы. З дапамогай служкі, які пасвяціў
мне дарогу ліхтарыкам, я прабраўся праз занавескі ў цёмную залу, знайшоў вольнае месца і раптам апынуўся ў Старым Запавеце. Ішоў адзін з тых фільмаў, якія нібыта і не для прыбытку, а з высакароднымі і святымі мэтамі ставяцца з вялікай пампезнасцю і выдумкай і на якія нават настаўнікі закона Божага водзяць сваіх вучняў. Давалася гісторыя Майсея і ізраэлітаў у Егіпце - са шчодрым наборам людзей, коней, вярблюдаў, палацаў, фараонаўскай пышнаты і габрэйскай нэндзы і пакутаў у гарачых пясках пустыні. Я бачыў, як Майсей, прычасаны крышачку пад Уолта Ўітмэна, раскошны тэатральны Майсей вотанаўскай паходкай, з доўгім посахам, рашуча і змрочна ступае па пустыні паперадзе габрэяў. Я бачыў, як ён маліўся Богу каля Чэрмнага мора, бачыў, як расступаецца Чэрмнае мора, даючы дарогу, утвараючы лагчыну паміж грамадзінамі вады з'бапал (пра тое, як гэта ўсё зладзілі кіношнікі, маглі доўга спрачацца канфірманды, прыведзеныя на гэты рэлігійны фільм пастарам), бачыў, як ідуць праз мора прарок і запалоханы люд, бачыў, як ззаду іх паяўляюцца фараонавыя калясніцы, бачыў, як егіпцяне спачатку атарапела дзівяцца і палохаюцца на марскім беразе, а потым адважна кідаюцца наперад, бачыў, як над раскошным, золатапанцырным фараонам і над усімі ягонымі калясніцамі і воінамі змыкаюцца тоўшчы вады, і ўспомніў цудоўны гендэлеўскі дуэт для двух басоў, дзе гэтая падзея цудоўна апета. Я бачыў пасля, як Майсей, змрочны герой сярод змрочнай скалістай пустыні, падымаецца на Сінай, глядзеў, як Егова праз буру, навальніцу і светлавыя сігналы паведамляе яму там дзесяць запаветаў, а яго няверны народ узводзіць ля падножжа гары залатога цяльца і аддаецца даволі-такі непамерным звесяленням. Мне было неверагодна дзіўна бачыць усё гэта на свае жывыя вочы, глядзець, як свяшчэнныя гісторыі, з іх героямі і дзівосамі, якія асянілі калісьці наша дзяцінства першым цьмяным уяўленнем пра іншы свет, пра нешта звышчалавечае, разыгрываюцца тут за плату перад высакароднай публікай, якая ціхенька жуе прынесеныя з сабою булачкі, - у гэтай маленькай карцінцы была відаць уся кідкасць, уся зняцэненасць культуры ў нашу эпоху. Госпадзе, ну, хай бы ўжо, каб толькі прадухіліць гэта свінства, гінулі тады акрамя егіпцян, яшчэ і габрэі, і ўсе іншыя людзі на свеце, гінулі гвалтоўнай і прыстойнай смерцю, а не той жахлівай, уяўнай і палавінчатай, якою паміраем мы сёння. А і праўда, няхай бы ж!Маю тайную скаванасць, маю нясмеласць перад балем-маскарадам кіно і выкліканыя ім пачуцці не паменшылі, а непрыемна пабольшылі, і я павінен быў, падумаўшы пра Герміну, зрабіць над сабою намогу, каб нарэшце паехаць у «Глобус» і ўвайсці ў залы. Час ужо быў позні, баль быў даўно ў разгары, цвярозы і баязлівы, я адразу ж, не паспеўшы распрануцца, трапіў у бурлівую наталач масак, мяне фамільярна штурхалі пад бок, дзяўчаты назаляліся, каб я частаваў іх шампанскім, клоўны ляпалі мяне па плячы і звярталіся на «ты». Не паддаючыся нічыім угаворам, я з цяжкасцю прадзёрся да гардэроба праз бітком набітыя залы і, атрымаўшы нумарок, схаваў яго ў кішэню з думкаю, што, мабыць, неўзабаве скарыстаюся ім, стаміўшыся ў гэтым развіраваным гармідары.
Ва ўсіх памяшканнях вялікага будынка кішэла свята, ва ўсіх залах танцавалі, у падвальным паверсе - таксама, усе калідоры і лесвіцы былі запоўнены маскамі, танцамі, музыкай, смехам і мітуснёй. Я панура прабіраюся праз гэты гамуз - ад негрыцянскага аркестра да сялянскай музыкі, з вялікай распрамененай галоўнай залы ў праходы, на лесвіцы, у бары, да буфетаў, у пакоі, дзе пілі шампанскае. Сцены былі ўвешаны дзікунскімі вясёлымі малюнкамі наймаднейшых мастакоў. Усе былі тут - мастакі, журналісты, навукоўцы, дзялкі і, вядома ж, уся разгуляй-гулььтайская публіка горада. У адным аркестры сядзеў сеньёр Пабла і натхнёна дудзеў у сваю сагнутую трубу; пазнаўшы мяне, ён голасна праспяваў мне сваё вітанне. Заціснуты натоўпам я аказваўся то ў адной, то ў другой зале, падымаўся па лесвіцах, спускаўся па лесвіцах; адзін калідор падвальнага паверха адвялі пад пекла, і там наярваў музычны ансамбль чарцей. Спакваля я пачаў прыглядвацца, дзе ж мая Герміна, дзе ж мая Марыя, я пачаў шукаць, зрабіў некалькі спробаў прасачыцца ў галоўную залу, але кожны раз збіваўся з дарогі альбо адступаў перад сустрэчным патокам натоўпу. Пад поўнач я ўсё яшчэ нікога не знайшоў; хоць і не танцаваў, мне было горача, і галава ў мяне круцілася і пухла, ачмурэлы я плюхнуўся на бліжэйшае крэсла, сярод незнаёмых людзей, спытаў віна і прыйшоў да высновы, што на такія шумныя святы старым, нябось, і патыкацца лепш не варта. Я паныла піў віно, глядзеў на голыя рукі і спіны жанчын, глядзеў, як міма праносяцца пераўбранцы ў неверагодных касцюмах, прымаў лёгкія штурхалі пад бок і моўчкі адцураў ад сябе некалькі дзяўчат, якія прасіліся да мяне на калені альбо патанцаваць са мною. «Стары зануда!» - сказала адна і мела рацыю. Я рашыў выпіць на адвагу і падняцце духу, але ў віне таксама смаку не знайшоў, цераз сілу адолеў другую шклянку. І паступова адчуў, як за маёй спінай стаіць, высалапіўшы язык, Стэпавы воўк. Нічога не атрымалася, я тут быў не ў сваёй стыхіі. Бо тое ж прыйшоў я сюды з самымі лепшымі намерамі, а развесяліцца не мог, і гэтая бразгатлівая, бурлівая радасць, гэты смех, гэтае бушаванне здаваліся мне дурнымі і вымучанымі.
Таму каля гадзіны ночы злосны і расчараваны я пачаў прадзірацца да гардэроба, каб апрануць паліто і сысці. Гэта была параза, вяртанне да Стэпавага ваўка, і Герміна наўрад ці даравала б мне. Але інакш зрабіць я не мог. Прабіраючыся да гардэроба, я зноў жа ўважліва цікаваў паабапал сябе, спадзеючыся ўгледзець хоць каторую сяброўку. Марна. І вось я ўжо стаяў каля гардэроба, ветлівы службовец за стойкай ужо працягнуў да мяне руку па нумарок, я палез у жылетку ў кішэню - нумарка не было! Чорт пабяры, толькі гэтага бракавала! Калі я сумна цягаўся па залах, калі сядзеў за нясмачным віном, я, пераборваючы сваё рашэнне сысці, колькі ж бо разоў соваў руку ў кішэню, і кожны раз нумарок быў на месцы. А цяпер вось прапаў. Усё было мне ўпоперак.
– Згубіў нумарок?
– спытаў нейкі чырвона-жоўты чорт пісклявым голасам.
– На табе мой, прыяцель.
– І ўжо працягнуў мне свой нумарок. Калі я машынальна ўзяў яго і пачаў круціць у пальцах, жвавы карантышык ужо знік.
Але калі я паднёс да вачэй круглую кардонную бірку, каб разгледзець нумар, я ўбачыў замест яго нейкія дробненькія крамзолі. Я папрасіў гардэробшчыка счакаць, падышоў да бліжэйшай свяцільні і прачытаў. Дробнымі, спатыклівымі, неразборлівымі літарамі было напісана: