Стэпавы воўк
Шрифт:
– Па-мойму, трэба! Я вельмі задаволены сваім шчасцем, я здольны трываць яго і далей яшчэ доўга. Але калі маё шчасце дае мне гадзіну-другую пасумаваць, прачнуцца, дык увесь мой сум скіраваны тады не на тое, каб назаўсёды ўтрымаць гэта шчасце, а на тое, каб зноў пакутаваць, толькі цудоўней, і не меней шкада, чым раней. Я сумую па пакутах, якія далі б мне гатоўнасць і ахвоту памерці.
Герміна пяшчотна паглядзела мне ў вочы - тым цёмным позіркам, што часам паяўляўся ў яе так неспадзявана. Раскошныя, страшныя вочы! Павольна, падбіраючы кожнае слова асобна, яна сказала, так ціха, што я мусіў напружыцца, каб пачуць:
– Сёння я хачу сказаць табе нешта такое, што даўно ведаю, ды і сам ты ўжо гэта ведаеш, але яшчэ, можа, сабе не прызнаўся. Я скажу табе зараз, што я ведаю пра сябе і пра цябе і пра наш лёс. Ты, Гары, быў мастаком і філосафам, чалавекам, поўным радасці і веры, ты заўсёды імкнуўся да вялікага і вечнага, ніколі не абмяжоўваўся прыгожым і малым. Але чым больш будзіла цябе жыццё, тым больш вяртала яно цябе да цябе ж самога, тым большала твая бяда, тым глыбей, па самае горла, апускаўся ты ў пакуту, страхату і роспач, і ўсё тое цудоўнае і святое, што ты калісьці ведаў, любіў, шанаваў, уся твая ранейшая вера ў людзей і ў нашу высокую прызначанасць -
Я ківаў, ківаў, ківаў.
– У цябе было нейкае сваё ўяўленне пра жыццё, была нейкая вера, нейкая задача, ты быў гатовы да подзвігаў, пакутаў і ахвяраў - а потым спакваля разгледзеў, што свет не вымагае ад цябе ніякіх подзвігаў, ахвяраў і ўсяго такога, што жыццё - гэта не велічная паэма з гераічнымі ролямі і ўсякім такім, а мяшчанскі спакой, дзе задавальняюцца ежай і пітвом, кавай і вязаннем панчохі, гульнёй у тарок і радыёмузыкай. А каму трэба і хто носіць у сабе іншае, нешта гераічнае і прыгожае, павагу да вялікіх паэтаў альбо пашану да святых, той дурань і донкіхот. Вось так. І са мною было тое самае, дружа! Я была дзяўчынка з добрымі задаткамі, створаная дзеля таго, каб жыць па высокім узоры, выстаўляць сабе высокія патрабаванні, выконваць вартасныя задачы. Я магла ўзяць на сябе вялікую долю быць жонкай караля, каханкай рэвалюцыянера, сястрой генія, маці пакутніка. А жыццё толькі і дазволіла мне зрабіцца куртызанкай з больш-менш добрым густам, ды і гэта далося з вялікай цяжкасцю! Вось як сталася са мною. Адзін час я не магла суцешыцца і доўга шукала віну ў самой сабе. Бо жыццё, думала я, увогуле заўсёды мае рацыю, і калі жыццё пасмяялася з маіх лятункаў, значыцца, думала я, мае мроі былі дурныя, няслушныя. Але гэта не дапамагло. А як што ў мяне былі добрыя вочы і вушы, ды і пэўная цікаўнасць таксама, я пачала прыглядвацца да так званага жыцця, да сваіх знаёмых і суседзяў, да больш чым пяці дзесяткаў людзей і лёсаў, і тут я ўгледзела, Гары, што мае мары былі правільныя, тысячу разоў правільныя, гэтак сама як і твае. А жыццё, а рэальнасць былі няправільныя. Калі такой жанчыне, як я, заставалася альбо нэндзіцца і бяссэнсава старыцца за пішучай машынкай на службе ў якога-небудзь здабытчыка грошай, альбо дзеля ягоных грошай выйсці за яго замуж, альбо зрабіцца нечым накшталт прастытуткі, дык гэта было няправільна, як і тое, што такі чалавек, як ты, павінен у адзіноце, у нясмеласці, у роспачы хапацца за брытву. Мая бяда была, магчыма, больш матэрыяльная і маральная, твая - больш духоўная, але дарога была адна і тая самая. Думаеш, мне не зразумелы твой страх перад факстротам, твая агіда да бараў і танцзалаў, твая грэблівасць да джазавай музыкі і да ўсёй гэтай непатрэбшчыны? Не, - яны мне больш чым зразумелыя, і гэтак жа сама зразумелыя твая агіда да палітыкі, твая скруха з прычыны балбатні і безадказнай тузаніны і грызні партый, прэсы, твая роспач з прычыны вайны - і той, што была, і той, што будзе, і з прычыны цяперашняй манеры думаць, чытаць, будаваць, рабіць музыку, святкаваць святы. Адукавацца! Твая рацыя! Стэпавы воўк тысячу разоў мае рацыю, і ўсё ж табе не мінуць пагібелі. Ты надта патрабавальны і галодны як на гэты просты, разгультаены, да ўсяго абыякавы сённяшні свет, ён адкіне цябе, у цябе на адно вымярэнне больш, чым яму трэба. Хто хоча сёння жыць і радавацца жыццю, таму нельга быць такім чалавекам, як ты і я. Хто патрабуе замест пілікання - музыкі, замест асалоды - радасці, замест цацкання - сапраўднай жарсці, таму гэты мілы наш свет - не радзіма.
Яна апусціла вочы і задумалася.
– Герміна, - усклікнуў я з пяшчотай, - сястра, якія харошыя ў цябе вочы! І ўсё-такі ты навучыла мяне факстроту! Але як гэта разумець, што такія людзі, як мы, з адным лішнім вымярэннем, не могуць тут жыць? Чаму гэта так? Гэта толькі нашым часам так? Ці так было заўсёды?
– Не ведаю. Да гонару свету гатовая дапусціць, што ўся справа толькі ў нашым часе, што гэта толькі хвароба, толькі цяперашняя нэндза. Правадыры заўзята і спорна працуюць на новую вайну, а мы тым часам скачам факстроты, зарабляем грошы і ямо шакаладкі - бо ж такім часам свет павінен выглядаць сціпла. Будзем спадзявацца, што іншыя часіны былі лепшыя і зноў будуць лепшыя, багацейшыя, шырэйшыя, глыбейшыя. Але нам гэта не дапаможа. І, можа, так і было заўсёды...
– Заўсёды так, як сёння? Заўсёды свет толькі палітыкам, спекулянтам, лёкаям і забулдыгам, а людзям ні дыхнуць ні прадыхнуць няма чым?
– Ну так, я гэтага не ведаю, ніхто гэтага не ведае. Ды і ці не ўсё адно? Але я, дружа мой, думаю цяпер пра твайго ўлюбёнца, пра якога ты мне часам расказваў і чытаў лісты, пра Моцарта. А як было з ім? Хто ў яго час кіраваў светам, схлёбваў вяршкі, задаваў тон і меў нейкую вагу - Моцарт альбо дзялкі, Моцарт ці зашмуляныя людцы? А як ён памёр і як пахаваны? І мусіць, думаецца мне, так было і будзе заўсёды, і тое, што яны там у школах называюць «сусветнай гісторыяй», якую трэба дзеля блізіру адукаванасці вывучаць напамяць, усе гэтыя героі, геніі, вялікія подзвігі і пачуцці - усё гэта проста ілжа, прыдуманая школьнымі настаўнікамі дзеля адукацыйных мэтаў і дзеля таго, каб нечым заняць дзяцей у пэўныя гады. Заўсёды так было і заўсёды так будзе, што час і свет, грошы і ўлада належаць дробным і пляскатым, а іншым, сапраўдным людзям, нічога не належыць. Нічога, апрача смерці.
– Нічога больш?
– Не чаму ж, яшчэ вечнасць.
– Ты маеш на ўвазе імя, славу ў нашчадстве?
– Не, ваўчанятка, не славу - хіба яна чагось вартая? І няўжо ты думаеш, што сапраўды цяперашнія і ў поўным сэнсе слова людзі праславіліся і будуць вядомыя нашчадству?
– Не, вядома.
– Ну, вось, значыцца, не славу! Слава існуе адно так сабе, дзеля адукацыі, гэта клопат школьных настаўнікаў. Не славу, не! А тое, што я называю вечнасцю. Вернікі называюць гэта Царствам Нябесным. Мне думаецца, мы, людзі, усе мы, больш патрабавальныя, знаўцы тугі і скрухі, надзеленыя адным лішнім вымярэннем, мы і зусім не маглі б жыць, калі б, апрача паветра гэтага свету, не было для дыхання яшчэ і іншага паветра, калі б, апрача часу, не было яшчэ і вечнасці, а яна ж бо і ёсць якраз царства сапраўднага. У яе ўваходзяць музыка Моцарта і вершы вялікіх паэтаў, у яе ўваходзяць святыя, якія тварылі цуды, прынялі пакутніцкую смерць і далі людзям вялікі прыклад. Але гэтак жа сама ўваходзіць у вечнасць вобраз кожнага, сапраўднага подзвігу, сіла кожнага сапраўднага пачуцця, нават калі ніхто не
ведае пра іх, не бачыць іх, не запіша і не захавае для нашчадкаў. У вечнасці няма нашчадства, а ёсць толькі сучаснасць.– Твая праўда, - сказаў я.
– Вернікі, - сказала яна далей задуменна, - ведалі пра гэта ўсё-такі больш за іншых. Таму яны кананізавалі святых і тое, што яны называюць «сонмам святых». Святыя - гэта па-сапраўднаму людзі, малодшыя браты Збаўцы. У дарозе да іх мы ўсё сваё жыццё, нас вядзе да іх кожны добры наш учынак, кожная смелая думка, кожная любоў. Сонм святых - ранейшым часам мастакі паказвалі іх на залатым небасхіле, прамяністым, прыўкрасным, поўным міру, - ён і ёсць тое, што я назвала «вечнасцю». Гэта царства па той бок часу і бачнасці. Там наша месца, там наша радзіма, туды, Стэпавы воўк, памыкаецца наша сэрца, і таму мы нудзімся па смерці. Там ты зноў знойдзеш свайго Гётэ, і свайго Наваліса, і Моцарта, а я сваіх святых, Хрыстофера, Філіпэ фон Нэры, - усіх. Ёсць многа святых, якія спачатку былі заклятымі грэшнікамі, грэх таксама можа быць дарогай да святасці, грэх і пахібнасць. Ты будзеш смяяцца, але я часта думаю, што, магчыма, і мой сябар Пабла - затоены святы. Ах, Гары, нам трэба прадзерціся праз такую навалач бруду і марнасці, каб прыйсці дамоў! І ў нас няма нікога, хто павёў бы нас, адзіны наш правадыр - гэта туга па доме.
Свае апошнія словы яна вымавіла зноў ледзь чутна, і ў пакоі запанавала мірная цішыня. Сонца садзілася, і залатыя літары на каранцах многіх маіх кніг мігаталі ў яго прамянях. Я ўзяў у далоні галаву Герміны, пацалаваў яе ў лоб і прытуліўся шчакой да яе шчакі - як брат. Некалькі імгненняў мы заставаліся ў такой паставе. Хацелася так і застацца і ўжо нікуды не ісці. Але на гэтую ноч, апошнюю перад вялікім балем, мне ўжо падрадзілася Марыя.
У дарозе да яе думаў я, аднак, не пра Марыю, а пра тое, што сказала Герміна. Усё гэта, так мне здалося, былі, мусібыць, не яе ўласныя думкі, а мае, якія гэтая празарліўка, прачытаўшы і ўдыхнуўшы іх у сябе, узнавіла мне так, што яны набылі форму і паўсталі перад мною ў новым выглядзе. За тое, што яна выказала думку пра вечнасць, я быў ёй асабліва ўдзячны. Мне патрэбная была гэтая думка, без яе я не мог жыць і не мог памерці. Святое патойбочнае жыццё, не звязанае ні з якім часам, свет бясконцых каштоўнасцяў, боскай сутнасці - вось што было сёння нанава падорана мне маёй сяброўкай і настаўніцай танцаў. Я міжволі ўспомніў свой гётэўскі сон, успомніў аблічча старога мудраца, які смяяўся такім нечалавечым смехам і жартаваў са мною на свой несмяротны манер. Цяпер толькі зразумеў я ягоны смех, смех несмяротных. Ён быў непрадметны, гэты смех, ён быў толькі святлом, толькі празрыстасцю, ён быў тым, што застаецца ў выніку, калі сапраўдны чалавек, прайшоўшы праз людскія пакуты, заганы, памылкі, жарсці і непаразуменні, прарываецца ў вечнасць, у сусветную прастору. А «вечнасць» была не чым іншым, як збавеннем часу, нейкім наваротам да нявіннасці, нейкім яго ператварэннем назад у прастору.
Я пашукаў Марыю ў тым месцы, дзе мы звычайна вячэралі нашымі вечарамі, але яна яшчэ не прыйшла.
Я сядзеў і чакаў за накрытым сталом у ціхім шынку на ўскраіне горада і думаў пра нашу гутарку. Усе гэтыя думкі, што віліся вакол Герміны і мяне, здаліся мне такімі знаёмымі, такімі роднымі, яны быццам выплылі з запаветных глыбіняў маёй міфалогіі, майго свету вобразаў! Несмяротныя, адчужаныя ў пазачасавай прасторы, ужо зрабіўшыся вобразамі, крышталёвая вечнасць, што абцякае іх як эфір, і халодная, зорная, прамяністая яснасць гэтага пазаземнага свету - адкуль гэта ўсё мне так знаёмае? Я задумаўся, і ўзгадаліся мне асобныя п'есы з «Касацый» Моцарта, з «Добра тэмпераванага клавіра» Баха, і ўсюды ў гэтай музыцы свяцілася, так мне здавалася, халодная, зорная празрыстасць часу, і над ёю бясконца луналі звышчалавечая яснасць, вечны, боскі смех. О, дык жа і стары Гётэ з майго сну быў тут якраз дарэчы! І раптам я пачуў вакол сябе гэты неспасцігальны смех, пачуў, як смяюцца несмяротныя. Я сядзеў, як зачараваны, зачаравана дастаў аловак з кішэні жылеткі, пашукаў вачыма паперы, убачыў перад сабою меню вінаў і пачаў пісаць на адвароце яго, пісаць верш, які толькі нараніцу знайшоў у сябе ў кішэні. Вось ён:
Потым прыйшла Марыя, і пасля вясёлай вячэры я пайшоў з ёю ў наш пакойчык. Гэтым вечарам яна была прыгажэйшая, цяплейшая і сардэчнейшая, чым калі раней, і ў яе пяшчотах, у яе гулях я адчуў крайнюю гатоўнасць аддацца.
– Марыя, - сказаў я, - ты сёння транжырка, як багіня. Не замуч нас абаіх да смерці, заўтра ж баль-маскарад. Хто за кавалера ў цябе заўтра? Баюся, дарагая мая кветачка, што гэта - казачны прынц і што ён умыкне цябе і ты ўжо не вернешся да мяне. Ты кахаеш мяне сёння амаль так, як гэта звычайна бывае перад расстаннем, напаследак.