Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стэпавы воўк

Гессе Герман

Шрифт:
Сёння ноччу з чатырох гадзін магічны тэатр
– толькі вар'ятам -
плата за ўваход - розум.
Не ўсім. Герміна ў пекле.

Як марыянетка, калі вяровачкі на секунду выпалі з пальцаў лялечніка, ажывае зноў пасля кароткай, мёртвай, тупой, абвіслай нерухомасці, зноў падключаецца да гульні, скача і варушыцца, так і я, варта было тузануць за магічную вяровачку, спружыніў і маладым подбегам кінуўся назад у тую штурхатню, ад якое толькі што ўцякаў стомленым, знуджаным старцам. Ніводзін грэшнік так не рваўся назад у пекла. Толькі што мне ціснулі лакіраваныя туфлі, толькі што мяне нудзіла і гідзіла густое, напарфумленае паветра, расслабляла духата, і вось ужо я спрытна і лёгка, у рытме ўінстэпа бег праз усе залы да пекла, паветра было казачна-чароўнае, мяне неслі наперад гэтая цеплыня, уся гэтая грымучая музыка, мільгатанне фарбаў, водар жаночых плечыкаў, гвалт натоўпу, смех, рытмы танцаў, бляск палкіх вачэй. Нейкая іспанская танцоўшчыца кінулася да мяне ў абдымкі: «Паскачы са мною!» - «Нельга, - сказаў я, - мне трэба ў пекла. Але цалунак твой бяру з сабой». Пунсовы рот пад маскай наблізіўся да маіх вуснаў, і, цалуючы, я пазнаў Марыю. Я моцна яе абняў, яе пухлыя губы цвілі, як спелая летняя ружа. І вось

мы ўжо танцавалі, не перапыняючы пацалунка, і прайшлі ў танцы міма Пабла, а той улюбёна прыпадаў да сваёй пяшчотна стагнатлівай, завыўнай трубы, паўзабыццёва абвёў нас яго распраменены, яго прыгожа звярыны пагляд. Але не паспелі мы зрабіць і дваццаці па, як музыка аціхла, і я з жалем выпусціў Марыю з рук.

– З прыемнасцю патанцаваў бы з табою яшчэ, - сказаў я, захмялелы ад яе цяпла, - правядзі мне крышачку, Марыя, я закаханы ў тваё цудоўнае плечка, дай мне яго яшчэ на хвілінку! Але разумееш, мяне кліча Герміна. Яна ў пекле.

– Так я і думала. Бывай, Гары, я буду цябе ўспамінаць з любоўю.

Яна развіталася. Гэта было развітанне, гэта была восень, гэта доля, якою так спела і раскошна пахла мая летняя ружа.

Я пабег далей па доўгіх калідорах, дзе ўсюды бушавала пяшчотная валтузня, уніз па лесвіцах у пекла. Там на чорных сценах гарэлі бязлітасна яркія лямпы, там ліхаманкава граў аркестр чарцей. На высокім зэдлі, каля бара, сядзеў нейкі прыгожы маладзён без маскі, у фраку, ён коратка акінуў мяне пакеплівым позіркам. Танцоры адціснулі мяне да сцяны, у гэтай вельмі цеснай зале танцавала дзесяткі з два пар. Прагна і баязліва разглядваў я ўсіх жанчын, большасць былі ў масках, некаторыя ўсміхаліся мне, але ніводная з іх не была Герміна. З высокага зэдля кідаўся пакеплівымі позіркамі той прыгожы маладзён. У наступную паўзу ў танцах, думаў я, яна паявіцца і мяне запросіць. Танец скончыўся, але ніхто не падышоў.

Я прайшоў да бара, уціснутага ў кут нізкай залы. Стаўшы каля зэдля прыгожага маладзёна, папрасіў віскі. Я піў і бачыў профіль гэтага маладзёна, які здаўся мне цяпер знаёмым і чароўным, як нейкая карцінка з вельмі далёкага былога, дарагая ціхім налётам пылу мінуласці. О, тут я ўздрыгнуў: гэта ж быў Герман, сябар маёй маладосці!

– Герман!
– сказаў я нерашуча.

Ён усміхнуўся.

– Гары? Ты знайшоў мяне?

Гэта была Герміна, толькі крыху інакш зачасаная і крыху падфарбаваная, незвычайным і бледным здаваўся мне яе разумны твар над модным стаячым каўнерыкам, дзівосна маленькімі, па кантрасце з шырокімі чорнымі рукавамі фрака і белымі манжэтамі-зарукаўнікамі, рукі, дзівосна далікатнымі, па кантрасце з доўгімі штанамі, яе ножкі ў шаўковых чорна-белых мужчынскіх шкарпэтках.

– Гэта і ёсць той касцюм, Герміна, у якім ты хочаш прымусіць мяне закахацца ў цябе?

– Пакуль што, - кіўнула яна, - я закахала ў сябе некалькіх дам. А цяпер на чарзе ты. Давай спачатку разгоннага вып'ем, шампанскага.

Мы сядзелі на высокіх зэдлях і пілі, а побач віравалі танцы і гарачая, запальная струнная музыка. І без якіх там ні было падсцёбак Герміны я закахаўся ў яе. Як бо што яна была пад мужчыну, я не мог танцаваць з ёю, ну, проста ж не мог дапусціцца да нейкіх там адмысловых далікатнасцяў, закідаў у залёты, і хоць у мужчынскіх строях яна здавалася далёкай і безудзельнай, яе позіркі, словы, рухі дыхалі ўсімі чарамі жаноцкасці. Без адзінага дакранання да яе я паддаўся яе чарам, і само гэта чараванне ўваходзіла ў яе ролю, было як бы двухполым. Бо гутарыла яна са мною пра Германа і пра дзяцінства, маё і сваё, пра тыя гады да палавой сталасці, калі падлеткавая сіла кахання скіраваная не толькі на абодва полы, але і на ўсё наогул, на пачуццёвае і духоўнае, калі яна надае ўсяму гэтаму тую панаднасць, тую казачную здольнасць да метамарфозаў, якія толькі перад выбранымі і паэтамі ажываюць часам і ў больш познім узросце. Іграла яна, безумоўна, юнака, курыла цыгарэты, балабоніла лёгка і разумна, часам крыху паглумліва, але ўсё свяцілася эротыкай, усё ператваралася па дарозе да маіх пачуццяў у мілую спакусу.

Як хораша і глыбока ведаў я, так мне, прынамсі, уяўлялася, Герміну і як цалкам па-новаму адкрылася яна мне ў гэтую ноч! Як мякка і непрыкметна аблытвала мяне сеткай пажады, як гулліва і па-русалачы спанатрана апойвала салодкай атрутай!

І вось мы сядзелі, малолі языкамі і пілі шампанскае. Мы пахаджалі, назіркам за заламі, кідаліся ў авантуры адкрыццяў, выбіралі пары і падслухвалі іхнюю гульню. Яна паказвала мне жанчын, з якімі я павінен быў танцаваць, і давала парады па спосабах спакушэння той ці іншай. Мы выступалі ў ролі супернікаў, увіваліся за адной і той самай жанчынай, папераменна танцавалі з ёю абое, стараліся яе скарыць. Але ўсё гэта была толькі маскарадная гульня, гульня паміж намі, усё гэта толькі цясней сплятала нас і распаляла абаіх. Усё было казка, усё было на адно вымярэнне багацей, на адно значэнне глыбей, было гульнёю і сімвалам. Мы змецілі адну вельмі прыгожую маладую жанчыну крыху хваравітага і незадаволенага выгляду, Герман патанцаваў з ёю, прымусіў яе расцвісці, знік з ёю ў адной пітной альтанцы, а потым расказаў мне, што перамог гэтую жанчыну лесбійскімі чарамі. А для мяне цэлы гэты грымотны дом, поўны грымотных танцаў, гэты хмельны карагод масак зрабіўся паступова нейкім шалёным, фантастычным раем, адзін за адным спакушалі мяне пялёсткі сваім пахам, адзін за адным аблашчваў я наўгад плады выпрабавальнымі персцямі, змеі спакушальна глядзелі на мяне з зялёнай цяні лістоты, кветка лотаса лунала над чорнай багнай, жар-птушкі на галінках зазывалі мяне, але ўсё гэта вяло толькі да адной жаданай мэты, усё нанава зараджала мяне знемажэннем ад адной-адзінай. Мне прыпала танцаваць з нейкай незнаёмай дзяўчынай; палаючы, вабячы, надзячы, яна патанала ў хмельным захапленні, і калі мы былі ўжо ў незямным свеце, яна раптам засмяялася і сказала: «Цябе не пазнаць. Сёння ўвечары ты быў такі дурны і нудны». І я пазнаў тую, якая некалькі гадзін таму назад назвала мяне «старым занудам». А цяпер яна лічыла, што захамутала мяне, але ў наступным танцы я ўжо палаў у абдымках другое. Я танцаваў падрад дзве гадзіны альбо і больш, усе танцы, у тым ліку і тыя, якім ніколі не вучыўся. Сюд-туд паблізу паяўляўся Герман, усмешлівы юнак, ківаў мне, знікаў у натоўпе.

Адно адчуванне, невядомае мне да таго часу за ўсе мае пяцьдзесят гадоў, хоць яно знаёмае любой дзяўчынцы, любому студэнту, выпала на маю долю ў гэтую бальную ноч - адчуванне свята, упоенасці агульнай весялосцю, пранікнення ў таямніцу пагібелі асобы ў масе, unio mystica [1] радасці. Я часта чуў расказы пра гэта - гэта ведала любая служанка, - часта бачыў, як загараліся вочы ў тых, хто расказваў, а сам толькі паўпагардліва-паўзайздросліва пасмейваўся. Гэтае ззянне ў п'яных вачах адкінутай, вызваленай ад самой сябе асобы, гэтую ўсмешку, гэтую паўвар'яцкую, самазабыўную растворанасць у агульным ап'яненні я назіраў сотні разоў на высокіх і нізкіх прыкладах - у п'яных рэкрутаў і матросаў, як і ў вялікіх артыстаў, ахопленых энтузіязмам святочных прадстаўленняў, а таксама ў маладых салдатаў, якія ішлі на вайну, ды і зусім жа нядаўна я, захапляючыся, кахаючы, насміхаючыся і зайздросцячы, бачыў гэта ззянне, гэтую шчаслівую ўсмешку забыццёвасці на твары ў майго сябра Пабла, калі ён, ап'янелы ад ігры ў аркестры, шчасна прыпадаў да свайго саксафона альбо, знемагаючы ад захаплення, глядзеў на дырыжора, на барабаншчыка, на музыканта-банджыста. Такая ўсмешка, такое

дзіцячае ззянне, думаў я часам, дадзены толькі вельмі маладым людзям альбо народам, якія не дазваляюць сабе выразна індывідуалізаваць і адрозніваць асобных сваіх прадстаўнікоў. Але сёння, у гэтую дабраславёную ноч, я, Стэпавы воўк Гары, сам ззяў такой самай усмешкай, сам купаўся ў гэтым глыбокім дурмане саўдзельства, музыкі, рытму, віна і юру, тым самым дурмане, пахвалы якому з вуснаў якога-небудзь прыбылага на баль студэнта я калісьці так часта слухаў пакепліва і з лёгкай пагардлівасцю. Я не быў больш самім сабой, мая асоба растварылася ў святочным хмелі, як у вадзе соль. Я танцаваў з той ці іншай жанчынай, але не толькі яна была тою, каго я абдымаў, чые валасы краналіся мяне, чый пах я ўбіраў у сябе, не, усе астатнія жанчыны таксама, што плылі ў гэтым самым танцы, у гэтай самай зале, пад гэту самую музыку, усе, чые светлыя твары мільгалі перад мною як вялікія фантастычныя кветкі, - усе належалі мне, усім належаў я, усе мы былі саўдзельныя адно ў адным. І мужчыны таксама ўваходзілі сюды, я быў і ў іх, і яны таксама не былі мне чужыя, іх усмешкі былі маімі ўсмешкамі, іх дамаганні зыходзілі ад мяне, а мае - ад іх.

1

Містычнага саюза (лац.).

У тую зіму свет быў упакораны новым танцам, факстротам «Знемажэнне». Гэта «Знемажэнне» ігралася не раз і не пераставала карыстацца попытам, мы ўсе прасякнуліся і апіліся ім, усе напявалі яго наслухам за аркестрам. Я танцаваў не перастаючы, танцаваў з кожнай жанчынай, якая мне пападалася пад рукі, з зусім маладымі дзяўчатамі, з раскошнымі маладымі жанчынамі, з па-летняму спелымі, з сумна адцвілымі, - захапляўся ўсімі, смяяўся, прамяніўся шчасцем. І калі Пабла ўбачыў, як я ззяю, я, каго ён заўсёды лічыў небаракам, яго вочы засвяціліся шчасцем, ён рэзва падняўся са свайго месца ў аркестры, затрубіў энергічней, залез на крэсла і, стоячы на ім, шчасна і рытмічна разам з трубой загушкаўся ў такт «Знемажэнню», дудзеў і дудзеў, а я і мая партнёрка слалі яму цалункі і ўголас падпявалі. Ах, думаў я, будзь яно там што будзе, а я хоць раз шчаслівы, хоць раз, а цвіту і пахну, хоць раз вызваліўся ад самога сябе, быў братам Пабла, дзіцём.

Я ўдзячна заплюшчыў вочы і адпіў глыток эліксіру.

Страціўшы адчуванне часу, я не ведаў, колькі гадзін альбо імгненняў доўжылася гэта хмельнае шчасце. Не змеціў я таксама, што свята, з нарастаннем яго напалу, усё больш звужала сваю прастору. Большасць гасцей ужо сышла, у калідорах пацішэла, шмат агнёў ужо патушылі, лесвічная клетка вымерла, у верхніх залах змаўкалі і разыходзіліся адзін за адным аркестры, толькі ў галоўнай зале і ўнізе, у пекле, яшчэ бушавала, усё больш разгараючыся, хмельная весялосць. Як што з Гермінай, як з хлопцам, танцаваць я не мог, сустракаліся мы з ёю і віталіся толькі мімалётна, у перапынках паміж танцамі, і ўрэшце яна для мяне зусім прапала, знікла не толькі з вачэй, але нават і з думак. Думак больш не было. Я растварыўся ў п'яным скочным гамузе, мяне акружалі пахі, гукі, уздыхі, словы, мяне віталі і ўспалымнялі чужыя вочы, чужыя твары, губы, шчокі, плечы, грудзі, калені, мяне, як хвалю, рытмічна калыхала і шугала музыка.

Раптам, на імгненне ачуўшыся, я ўбачыў сярод апошніх гасцей, што ўжо стоўпіліся ў маленькай зальцы, апошняй, дзе яшчэ грала музыка, - раптам я ўбачыў нейкую чорную каламбіну з набеленым тварам, прыгожую, свежую дзяўчыну, адзіную, чый твар прыкрывала маска, цудоўную статнасць, якая за ўсю гэтую ноч яшчэ ні разу не западала мне ў вочы. Па ўсіх астатніх, па іх чырвоных, разагарачаных тварах, памятых касцюмах, апушчаных каўнерыках звялых жабо было відаць, што час ужо позні, а гэтая чорная каламбіна з белым тварам пад маскай, у касцюме без адзінай змяцінкі, з някранута цнатлівым жабо, беласнежнымі карункамі на зарукаўніках і свежай прычоскай, стаяла як новенькая. Мяне пацягнула да яе, я ўзяў яе за стан, павёў у танцы, яе духмянае жабо казытала мне падбародак, пасма пахучых валос пагладжвала шчаку; пяшчотней і праніклівей за любую іншую партнёрку гэтай ночы ішла насустрач маім рухам, адыходзіла ад іх, дыктавала іх і гулліва надзіла да ўсё новых крананняў яе маладое, тугое цела. І раптам, калі я ў танцы пачаў, нахіліўшыся, шукаць губамі яе губы, гэтыя губы ўсміхнуліся пагардлівай, даўно мне знаёмай усмешкай, я пазнаў яе моцны падбародак, пазнаў, шчаслівы, яе плечы, яе локці, яе рукі. Гэта была Герміна, ужо не Герман, пераадзетая, свежая, лёгка прыпахненая і напудраная. Нашыя губы, палаючы, сустрэліся, на імгненне ўсё яе цела, да каленяў, прагна і аддана прынікла да мяне, потым яна адвяла ад мяне вусны і танцавала стрымана і халаднавата. Калі музыка перастала, мы спыніліся, абняўшыся, усе распаленыя пары вакол нас пляскалі ў далоні, тупалі нагамі, крычалі, падбіваючы стомлены аркестр паўтарыць «Знемажэнне». І раптам мы ўсе адчулі раніцу, убачылі бледнае святло за занавескамі, адчулі блізкі канец весялосці, адчулі стомленасць і слепа, са смехам і адчаем яшчэ раз кінуліся ў танец, у музыку, у такт, у паток святла, яшчэ раз шчасна адчулі, як захліствае нас гэтая вялікая хваля. Падчас танца Герміна адкінула сваю пагардлівасць, сваю пакеплівасць, сваю холаднасць - яна ведала, што ёй ужо нічога не трэба рабіць, каб прымусіць мяне закахацца. Я належаў ёй. І яна аддавалася - танцу, паглядам, цалункам, усмешкам. Усе жанчыны гэтай ліхаманкавай ночы, усе, з кім я танцаваў, усе, каго я распальваў, усе, што распальвалі мяне, усе, да каго я заляцаўся, усе да каго прагна прыціскаўся, усе, каму ўслед глядзеў з любоўнай тугою, зліліся і зрабіліся той адзінай, якая квітнела ў маіх абдымках.

Доўга не канчаўся гэты вясельны танец. Двойчы, тройчы замірала музыка, трубачы апускалі свае інструменты, піяніст уставаў з-за раяля, першая скрыпка знясілена матляла галавой, і кожны раз яны зноў, развярэджаныя энтузіязмам апошніх танцораў, ігралі, ігралі хутчэй, ігралі заядлей. Потым - мы стаялі яшчэ абняўшыся і не паспеўшы аддыхацца ад апошняга прагнага танца - века раяля гучна ляпнула, нашыя рукі ўпалі гэтак сама стомлена, як і рукі трубачоў і скрыпачоў, флейтыст, падміргнуўшы, паклаў сваю пасвісцёлку ў футарал, адчыніліся дзверы, уварвалася халоднае паветра, паявіліся гардэробшчыкі з верхняй вопраткай, і бармэн выключыў святло. Нешта прывідна-вусцішнае было ў гэтым агульным зыходзе, у тым, як танцоры, толькі што распрамененыя, зябка хуталіся ў паліто і падымалі каўняры. Герміна стаяла бледная, але ўсміхалася. Яна павольна падняла рукі і прыгладзіла валасы, яе падпашная ўпадзінка бліснула на святле, тонкі, бясконца далікатны цень прабег адтуль да закрытых грудзей, і мне здалося, што гэтая палоска ценю ўвабрала ў сябе, нібы ўсмешка, усю яе прывабнасць, усе гульні і ўсе магчымасці яе цудоўнага цела.

Мы стаялі і глядзелі адно на адное, апошнія ў зале, апошнія ў доме. Я чуў, як недзе ўнізе грукнулі дзверы, разбілася шклянка, аціхла хіхіканне, змяшаўшыся са злым тарахценнем аўтамабіляў. Я чуў, як дзесьці, у нейкай невядомай вышыні і далечы гучаў смех, надзіва звонкі і радасны, але ж і жудасны, чужы смех, смех як бы крышталёвы і ледзяны, звонкі і прамяністы, але халодны і няўмольны. Чаму гэты смех быў мне знаёмы? Я не мог зразумець гэтага.

Мы стаялі ўдваіх і глядзелі адно на адное. На момант я ачуўся і працверазеў, я адчуў, як навальваецца на мяне ззаду неверагодная стомленасць, адчуў, як агідна ліпне да мяне вільготная і халодная ад поту вопратка, убачыў, як тырчаць з мятых і прапацелых апусцоў-зарукаўнікаў мае чырвоныя, жылістыя рукі. Але ўсё гэта адразу прайшло, Гермінін позірк усё гэта патушыў. Ад яе позірку, якім яна паглядзела на мяне, здалося, рухнула ўся мая душа, рушылася любая рэальнасць, у тым ліку і рэальнасць маёй пачуццёвай цягі да яе.

Поделиться с друзьями: