Трафік для паэта
Шрифт:
А вось у хлопцаў узнік нейкі канфлікт: адзін даў другому па шыі. У гэты момант Віктар і пачаў запіс. Але канфлікт як быццам патух... Віктар хацеў выключыць запіс, як на палянку нібы віхор наляцеў: падскочылі ці не ўсе адразу. І пачалося сапраўднае «мачылава»: рукамі, босымі нагамі, усё па-сапраўднаму. О, такі ролік хоць бяры і агучвай, як індыйскае кіно з дапамогай кавалка мяса: плясь ды плясь. Хто супраць каго — не разабраць. Адзін супраць усіх, ці ўсе супраць аднаго. Праз пару хвілін трое апынуліся на зямлі з тварамі, залітымі крывёю. На карачках папаўзлі да берага, да вады. Нарэшце, толькі двое засталіся на нагах, спыніліся... абняліся і таксама пайшлі да вады. Там была ці не ідылічная карціна:
Віктар хоць і радаваўся ўдачы, аднак радаваўся чыста прафесійна, ці што. Цяпер, не толькі здымаючы, а спрабуючы адразу класіфікаваць знятае ды яшчэ рабіць накід нейкага тэкставага анонса, ён па-сапраўднаму разумеў усю складанасць работы. Вось прыдумай назву для роліка, каб зацікавіць юзера? Напішы кароткі анонс, але такі, каб прабег хто вачыма і абавязкова шчоўкнуў, паглядзеў... Назва як быццам падабралася — «На выбарах караля для каралевы». А што? Тут адна красуня сядзела, хлопцаў сямёра, вырашылі яны выбраць аднаго, самага моцнага, адважнага, спрытнага. Тут што галоўнае? Не быць надта сур’ёзным, сцёбу паболей, гумару, крэатыву...
Хоць, па праўдзе, як гумарыць і сцябацца, праглядваючы трэці адзняты за сёння ролік, Віктар не ведаў.
...Без асаблівай надзеі ён навёў тэлескоп на чарговае аўто, што прытармазіла між двух стагоў-кустоў. Ужо колькі такіх «сустракаў» — нічога цікавага. А тут выйшаў мажны дзядзька ў гальштуку, а з ім — ну зусім яшчэ дзяўчо. Спадніца кароткая, блузка расшпілена нізка. Праз хвіліну была накрыта «паляна»: прысмакі і каньяк — Віктар гэта добра разгледзеў.
«Начальнік нейкі», — вырашыў для сябе хлопец. Бо які смяротны можа піць, ведаючы, што яму праз гадзіну-дзве садзіцца за руль аўто?
«Паляна» гэтай пары мясцілася амаль пад кустом, які быў бліжэй да Віктара, і таму ўсіх падрабязнасцей ён не бачыў — іх хавала рэдкая лістота.
Мужчына пасля першай жа выпітай чаркі палез да дзяўчыны. Умомант з яе твару знікла ўсмешка. Яна пачала супраціўляцца, памкнулася адсунуцца далей. «Дурніца, што ж ты на такі беражок з гэтым кабаном едзеш, а цяпер супраціўляешся... Кабан не даруе, ён жа прывык... »
І той быццам пачуў думку Віктара — заляпіў аплявуху дзяўчыне так, што яна паляцела потарч. За лістотай не было відаць выразу яе твару. А гэты кабан нешта крычаў, уладна паказваючы рукой...
Гідлівасць душыла. І яшчэ — ніколі раней не зведаная прага помсты. «Сволач, пачакай, ты яшчэ пашкадуеш, ты яшчэ паскачаш!» — Віктар круціў калёсікі настройкі, наводзячы плаўна тэлескоп з аўто на нумар... О, якім салодкім было гэта пачуццё — адчуванне магчымасці пакараць гэтага бажка зямнога, паказаць яму, што ёсць і над ім нейкая сіла, яму непадуладная. І галоўнае — тайная сіла. От будзе ж гэтай сволачы цудоўны вечарочак, калі яму нехта дасць спасылку на гэты ролік!
Так, неабходна зрабіць магчымасць для юзераў, каб яны пакідалі каменты — нехта абавязкова пазнае і начальніка, і аўто. От будзе сапраўднае кіно! «Пазнай гэту скаціну!» — такой будзе назва раздзела!
Трэці ролік стаў для самога Віктара адкрыццём. Змяніў яго ролю простага назіральніка і паляўнічага за пікантнымі ды цікавымі кадрамі. Віктар адчуў сябе таямнічай сілай, сілай справядлівасці, абаронцам пакрыўджаных. Не, ён не дзіўнаваты Дон Кіхот, а невядомы нікому, загадкавы Зора... Быў такі
наіўны фільм пра мсціўца ў чорнай масцы, абаронцу слабых і пакрыўджаных, які пакідаў пасля сябе загадкавы знак «Z». Вось, між іншым, неблагі знак і для самога сайта: «Фільмы аператара Z». Няблага...Віктар вяртаўся дадому з тэлескопам, упэўнены ў тым, што задуманы сайт — проста неабходны. Што ён робіць правільна, вырашыўшы такім чынам зарабіць сабе грошай. Што ён мае поўнае права атрымаць нейкае матэрыяльнае ўзнагароджанне за яго барацьбу з гэтай распустай, брыдотай...
Брыдоту, самую сапраўдную, ад якой хацелася збегчы, якую не хацелася бачыць, праз два дні Віктар здымаў, проста навёўшы тэлескоп, і толькі ў першыя хвіліны назіраў, больш для факусіроўкі ды рэгуліроўкі павелічэння. То быў поўны трэш...
Рака сіняй стужкай вілася між зялёных кустоў, міма паплавоў у жоўтых кветках лотаці, шумеў жыццесцвярджальна лес вакол, светлай радасцю свяціўся высокі блакіт неба і сонца грэла зямлю... Зямлю, на якой рабілася ў гэты час чужое для жыцця вычварнае — двое п’янаватых маладых мужчын і зусім п’яная жанчына, куды старэйшая за іх, з бляклым, пакамечаным тварам ладзілі сваё гульбішча. Абодва мужчыны былі каротка падстрыжаны, у аднаго грудзі і плечы — ў сініх наколках. «Зэкі мабыць, толькі вызваліліся», — падумаў Віктар пра іх.
Жанчына ж выглядала бязвольнай, як лялька з ануч, абцягнутая скурай. Бледны твар, выцвілыя вочы без аніякага агеньчыка пачуцця...
Дома, апрацоўваючы ролік, які атрымаўся самым доўгім, Віктар не мог пазбавіцца ад пачуцця гідлівасці і ненатуральнасці таго, што адбывалася ў фільме. Дапамагала толькі адчуванне магчымасці неяк паўплываць, няхай і пазней крыху, на гэтую брыдоту, выкрыць яе, паказаць усім ганебнасць і агіду, якая можа існаваць, хаваючыся, маскіруючыся пад маскай прыстойнасці і паўсядзённай гульні ў нармальнасць.
Сайт цалкам захапіў Віктара — увесь вольны час ён аддаваў яму. А паколькі ніякіх іншых абавязкаў у гэтую пару ён не меў, то, лічы, усе 24 гадзіны ў суткі Віктар жыў ідэяй, яна не адпускала яго і ноччу: яму снілася яго назіральная вышка, стужка ракі, вокны дамоў, у якіх сварыліся, кахаліся, распраналіся, апраналіся, вячэралі, пілі, балявалі — адным словам, жылі людзі.
Віктар згубіў лік дням, адно памятаў пра пятніцу, суботу і нядзелю — у гэтыя дні шмат народу збіралася на беразе ракі, шмат чаго цікавага можна было пабачыць у вокнах дамоў. Колькасць адзнятых ролікаў расла, да позняй ночы Віктар сядзеў над іх апрацоўкай, складаннем тэкстовак.
Наступны тыдзень прынёс для Віктара яшчэ адну знаходку. Недалёка ад іх дома на пустцы ўзводзілі шматпавярховы дом. Ужо выраслі восем паверхаў. Пазіраючы на яго, Віктар раптам падумаў пра тое, што з гэтага дома адкрываецца ўвесь іх «спальны» раён. У той жа надвячорак ён схадзіў на разведку — будка ахоўніка будоўлі знаходзілася далёка, ля закладзенага падмурка чарговай шматпавярхоўкі. Без асаблівай цяжкасці Віктар па лесвіцы без парэнчаў узняўся на апошні паверх. І застыў, уражаны малюнкам, які адкрыўся перад ім. Промні заходзячага сонца адбіваліся ў вокнах жылых дамоў, і складвалася ўражанне, што тыя свяціліся жывым і трапяткім святлом.
«Цудоўна, проста цудоўна», — Віктар быў у захапленні ад перспектывы. Столькі акон! І за кожным штовечар ідзе сваё жыццё, за кожным нешта адбываецца: вясёлае ці драматычнае...
Калі згусцілася цемра, хлопец ужо дзяжурыў на сваім «назіральным пункце». Устанавіў тэлескоп так, каб нельга было заўважыць знізу, — глыбей у памяшканні. На шырокую лоджыю вырашыў не выходзіць. Пару доўгіх гадзін далі мала плёну: толькі два больш-менш цікавыя ролікі, але ўжо на надакучлівую тэму пераапранання. Але Віктар, займеўшы ўжо вопыт на вышцы ў лесе, не адчайваўся: і адзін добры ролік за дзень — удача.