Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Трафік для паэта

Гапееў Валерый

Шрифт:

Віктар і ўявіць сабе не мог, што за вокнамі дамоў хаваецца столькі брыдоты. І амаль заўсёды — п’янай брыдоты. Яму ўжо надакучыла здымаць п’яныя скандалы, бойкі, разбэшчанасць і раз’юшанасць. Штовечар, абводзячы аб’ектывам тэлескопа вокны далёкіх дамоў, Віктар натыкаўся на такія сцэны. І гэта брыдота, здаецца, мела фантастычную асаблівасць перадавацца праз тэлескоп у душу: не мог ужо Віктар спакойна глядзець і здымаць сямейныя лаянкі і сваркі ў п’яным ачмурэнні. Ды яшчэ калі п’янымі былі абодва: муж і жонка... Балазе, хоць гук не перадаецца праз такую адлегласць. Адзінае ратавала: Віктар засяроджваўся ў такіх выпадках на сваёй «прафесійнасці», імкнуўся глядзець на дысплей фотаапарата

як на маленькі кінаэкран, а на людзей — як на акцёраў. І ўсё ж ён адчуваў, што бачанае нібыта атручвае яго. Ужо і днём ён пазіраў на людзей з думкай пра тое, што іх цяперашнія паводзіны — удаваныя, што на самай справе бальшыня гэтых выхаваных, добрых людзей зусім-зусім іншая. І што акно кухні ці спальні — і ёсць мяжа, лінія перавароту літары Z. Акно — не проста акно, гэта праход у іншы свет, у свет тайных чалавечых жаданняў, чалавечай слабасці. Гэта адкрыццё палохала: што ж тады сапраўднае і дзе: там, за вокнамі, ці тут, па гэты бок шкла?

Такія думкі біліся ў ім, бы матылі, што зарана прачнуліся ў памяшканні ад веснавога сонца і цяпер трапечуцца перад брудным шклом. Віктар ведаў, што гэта верш просіцца на паперу, ужо ўрыўкамі складваліся асобныя радкі, але як толькі спрабаваў запісаць нешта — думкі знікалі. Ён увогуле нічога не зарыфмаваў за гэты час. Спадзяваўся, што падчас назіранняў на вышцы, ці на даху дома зможа напісаць некалькі пасвячэнняў-эпіграм сваім аднакласнікам, паправіць напісанае, але не атрымлівалася аніяк. Адзінае, што мог — пісаць тэкстоўкі для ролікаў, устаўляць самыя ключавыя словы: «прыкольнае відэа», «відэапрыкол», «прыколы», «эратычнае відэа»... Гэтая механічная праца нібыта высушвала мазгі і там не заставалася месца для нармальных вершаў. Напачатку Віктар псіхаваў і палохаўся: а раптам ён «спісаўся», раптам усё, што мог, ужо стварыў і закончыўся як паэт? Але потым страх прайшоў, Віктар зразумеў, што чым бы ён ні займаўся, над чым бы ні думаў — яго ролікі, сайт быў заўсёды ў свядомасці...

Ён дакладна выканаў пажаданне Аліка: у яго было пяць раздзелаў, у кожным мінімум па пяць ролікаў. Усяго больш як сорак... З пачаткам заняткаў з’явіцца і новая тэма: вучні на перапынках. Ён ведаў, у якое патаемнае месца бягуць дзяўчаты і хлопцы, каб пакурыць крадком... Будуць школьныя дыскатэкі і піва за вуглом школы, пацалункі-абдыманкі. Шкада толькі, што не заўсёды здымеш — не хопіць святла...

Мінуў яшчэ тыдзень. Віктар праверыў сайт — той быў ужо праіндэксіраваны. Што ж, выдатна. Пара пачынаць. Бо немагчыма ўжо толькі бегаць з тэлескопам, збі-

раць, апрацоўваць — і не бачыць выніку. У суботу Віктар пайшоў у інтэрнэт-кафэ, папярэдне скінуўшы на флэшку выбраныя ролікі і тэкстоўкі да іх. Пачакаў, калі вызваліцца самае ўтульнае месца — там манітор стаяў так, што выпадкова не зазірнеш. Прасядзеў каля дзвюх гадзін, заліваючы ролікі па раздзелах, суправаджаючы іх тэкстам.

Усё аказалася на дзіва проста. Высокая хуткасць інтэрнэту не прымушала чакаць. Вельмі зручная адмінка.

Доўга думаў: ставіць прамадэрацыю на каменты ці не? Потым вырашыў, што пакуль не трэба. Сайт толькі з’явіўся, і адразу нейкія абмежаванні для юзераў? Не, няхай пачуваюць сябе вольна...

Так, цяпер трэба чакаць. Тыдзень-другі, пакуль Яндэкс ды іншыя пошукавыя сістэмы не «праглынуць» старонкі.

І на гэты тыдзень Віктар адклаў усе справы ўбок. Адбылося неверагоднае: у яго знікла ўсялякая цікава да сайта, да ўсяго! Не хацелася нікуды ісці, нічога рабіць. Больш таго: яму раптам падалося, што яго ідэя з сайтам — лухта, дзіцячая гульня, што гэтыя ролікі нікога не зацікавяць, што ніхто не будзе заходзіць. Дзіўна, але такія песімістычныя думкі ніколькі не хвалявалі, бо і сама ідэя кніжкі зрабілася дробязнай і няважнай. Увогуле,

усё зрабілася няважным. Усё — лухта...

Было не тое што страшна, а нават нецікава назаўтра глядзець статыстыку наведванняў. Адклаў убок і плануемы спамерскі флуд на іншых рэсурсах. Ну яго, потым...

Можа выпадкова, а можа бацька прыкмеціў настрой Віктара і на другі вечар звярнуўся да яго з нечаканай прапановай: у іх на фірме намецілася вялікая рэканструкцыя, патрэбны падсобныя рабочыя.

— От, якраз заробіш доўг аддаць, — падміргнуў бацька.

Віктар і сам не чакаў, што прапанова выклікае такую радасць — яго даймала хандра без справы, было невыносна тупа глядзець тэлевізар, а камп’ютар выклікаў амаль агіду. Больш ніякіх заняткаў для сябе хлопец знайсці не мог. Чытаць? То не занятак на дзень, тое робіцца познім вечарам, перад сном. Ды і пішацца таксама позняй парой.

Работа была не цяжкай, лічы — рукі накачваць: разбівалі старыя сцены нейкага цэха, грузілі друз. Аднак дванаццаць гадзін працы (так працавалі з-за тэрміновасці і жадання больш зарабіць) так стамлялі, што, прыходзячы дамоў, пасля душа і вячэры Віктар проста падаў на канапу.

Тры дні працы неяк непрыкметна аддалілі яго ад сайта і будучай кнігі. Усё, што зрабіў за папярэдні месяц, цяпер успрымалася амаль несапраўдным, быццам прыснілася ці што... Магчыма, Віктар згадзіўся б з тым, што той месяц яму прысніўся, але каляндар няўмольна паказваў на праўду...

Тыдзень праляцеў хутка. Апошнія яго дні ўжо не так стамлялі. У пятніцу Віктар патэлефанаваў Юрысу. Дамовіліся сустрэцца ў парку. Юрыс сказаў, што тусоўка збярэцца, дзяўчаты прыдуць. Так і адбылося. Было весела і проста. Віктар нечакана для сябе пашкадаваў, што столькі часу патраціў на свой «праект», адгарадзіў сябе ад S усяго. І яшчэ адно засмучала: Мэры не прыйшла.

— Ды я тэлефанаваў ёй, яна абяцала быць абавязкова, — разгублена тлумачыў Юрыс.

— А казаў, што я прыйду? — спытаўся асцярожна Віктар, бо непрыемнае прадчуванне пазбавіла яго смеласці.

— Сказаў... у канцы размовы, — вінавата прызнаўся Юрыс. — Я думаў, так лепей.

— Індык таксама думаў, — без злосці адказаў Віктар, бо разумеў, што Юрыс зрабіў лагічна. — Усё нармуль, я разбяруся.

— Званіў?

— Не... Баюся, — шчыра адказаў Віктар. — Не ведаю, як пачаць. Не думаў яшчэ.

— Мо мне слоўца закінуць? — прапанаваў Юрыс. — Скажу, перажывае, тапіцца сабраўся.

— Лепш вешацца, — паправіў Віктар.

— Ні фіга! — Запярэчыў Юрыс. — Ведаю я іх: тут жа прапануе мыла і вяроўку.

— А так прапануе студню вясковую.

— Не, не прапануе, — падумаўшы, адказаў Юрыс. — Яна пра людзей клапоціцца. А калі ты ў студні ўтопішся, хто ж адтуль ваду браць будзе? О, давай спытаем?

— Ды ну цябе... Сур’ёзна, не трэба. Не прыме яна такіх жартачак.

— Што, ты так намуціў?

— Намуціў, — прызнаўся Віктар. — Нічога, заўтра патэлефаную...

Але назаўтра Віктар не патэлефанаваў.

Прычынай стаў сайт. Віктар уключыў камп’ютар без асаблівых хваляванняў, спакойна зайшоў у сеціва і прысвіснуў: амаль пад кожным ролікам былі каменты. Шмат каментаў!

Тут жа глянуў статыстыку: за ўчарашні дзень больш як 200 наведвальнікаў! Без ніякай раскруткі!

Здагадаўся, у чым справа, праверыў. Так і ёсць: на сайт наткнуўся нехта з іх горада. Вось на адным гарадскім форуме якраз тэма пра яго сайт. Уга, больш як 100 пастоў. Гэта і завецца вірусным маркетынгам: пакажы нешта такое цікавае, чым кожны захоча падзяліцца з сябрам...

Віктар пачаў чытаць каменты. Спачатку ў сябе на сайце, потым на гарадскім форуме. Найбольш цікавілі абмеркаванні не ролікаў, а самой ідэі сайта. Зрэшты, большасць каментаў былі менавіта такія.

Поделиться с друзьями: