Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Трафік для паэта

Гапееў Валерый

Шрифт:

— Дык давай зоймемся! У мяне ж ёсць праграма вёрсткі, нясі свае вершы! Слухай, гэта ж цікава будзе! Бацьку папрашу, раздрукуюць там у рэдакцыі на лазерніку 30 экземпляраў, ім дробязь. Цікава будзе! — У вачах Мэры загарэліся іскрынкі азарту.

— Лухта гэта, а не кніга, — асек Віктар. — Я спрабаваў... Трэба вокладка, адмысловая прашыўка, абрэзка па фармаце...

— Слухай, усё зрабіць рэальна і магчыма! Варта толькі пачаць!

— Пайшлі на вуліцу... — Віктар узняўся з-за камп’ютара. — Я пачаў... Але я хачу выдаць кнігу. Сапраўдную. У сапраўднай друкарні.

Гэта ж дорага! Дзе ты столькі грошай возьмеш? — аж спалохалася Мэры. Я знайшоў заробак.

Во як? І дзе?

У інтэрнэце. Не пытайся толькі,

які, — папярэдзіў з усмешкай.

— Чаму ты вырашыў ад мяне гэта схаваць? Нешта не зусім прыстойнае? — Мэры збіралася пакрыўдзіцца.

— Не крыўдуй, але не магу сказаць, — цвёрда прамовіў Віктар.

— Але чаму? — у голасе Мэры ўсё ж пачулася крыўда. — Што я, чужы табе чалавек?

— Не чужы, але гэта мая справа, разумееш? І маёй застанецца.

— Ну... няхай твая. Але не разумею, чаму мне нельга пра яе расказаць. Другое: навошта вешаеш лапшу пра гэтую справу? Нейкая дзіцячая гульня атрымліваецца: я нештачка ведаю, а табе не скажу!

— Слухай, ты можаш крыўдаваць, а можаш зразумець мяне.

— Выбачай, але не магу! Што гэта за работа такая, што яе ад мяне хаваць неабходна? Якой работы ты можаш саромецца? Ды хоць прыбіральні мыць ці грошы на ўваходзе збіраць — абы чэсны заробак. А так думай цяпер, чым такім займаешся, што аж сказаць нельга...

— Лічы, дзяржаўны сакрэт. Тайная работа, — паспрабаваў аджартавацца Віктар.

— Здзекуешся?

Віктар адчуў, што да канфлікту застаўся літаральна крок. Ён не хацеў сваркі. Ніяк не хацеў. У гэтыя дні ўсё адышло на задні план. Найгалоўнейшым стаў сайт. Сайту трэба прысвячаць час. І гэты ж час трэба ахвяраваць для Мэры. Ён змог бы дамовіцца з Мэры пра сустрэчы не штовечар, а праз дзень. Але і нейкі дзень ці два трэба таксама аддаць ёй. А кожны дзень — гэта два ці тры ролікі. Кожны вечар — яшчэ ролік ці два, апрацаваныя ролікі, напісаныя тэкстоўкі. Гэта крок да яго мары. А Мэры запавольвае гэты рух. Калі падпарадкавацца яе капрызам — нічога ўвогуле не атрымаецца. Толькі заікнешся аб тым, што яму няма калі тупа гуляць па вечарах, хадзіць на танцулькі, марнаваць час на возеры, — яна запсіхуе. Не зразумее, што такое згублены час. Яна не ведае, што час — гэта грошы! І што ў Віктара яшчэ няма 50 долараў, якія павінен аддаць Аліку. Ад яго якраз прыйшоў ліст. Алік напісаў, што гатовы паказаць зробленае, што сам не чакаў, як стыльна атрымалася. Дзіва, але ідэя пра літару «Z» і Аліку прыйшла ў галаву! Тэлепатыя... Але Алік запэўніў, што сама ідэя сайта падштурхоўвае да гэтай загадкавай літары, якая дэманструе сабой асаблівасць пераварочвання свету: гэту літару можна перавярнуць на 180 градусаў — і ніхто не заўважыць падмены. То яго ідэя — паказаць той самы перакулены бок свету...

Мэры не зразумець гэтага! Ёй не зразумець і саму ідэю сайта! Паказаць ёй пару ролікаў — яна абвінаваціць Віктара ў... Ды ў чым заўгодна! У безгустоўнасці, у подласці, у сволачнасці... Як быццам яе бацька, рэдактар гарадской газеты, не займаецца фактычна тым жа! Хіба на старонках гарадской газеты не бывае фотаздымкаў, ад якіх потым асобным людзям сорамна? Але Мэры не дакажаш...

— Я не здзекуюся, — адказаў Віктар холадна. — Але ў нейкі момант ты павінна зразумець і лічыцца з маімі жаданнямі ды справамі. Я сказаў, што не магу раска­заць, — значыць, такія ўмовы. Што ты дапытваешся, бы маці ў сына-падлетка? Я працую кожны дзень. Кожная гадзіна — гэта крок да маёй кніжкі. А табе на гэта напляваць, танцулькі ў галаве ды плёханне ў возеры. Зразумей: танцы будуць, возера не высахне. А для мяне час — гэта грошы. Лета скончыцца — магчымасці працаваць не будзе. Усё!

— Вось як... — Мэры прыкусіла вусны, прыжмурылася. — Ніколі не думала што пачну табе замінаць у нечым. Думала, якраз дапамагу. Ну, калі замінаю, то калі ласка, не буду турбаваць. Пакуль!

Мэры імкліва збегла ўніз па прыступках (пакуль яны размаўлялі, стаялі

на прыступках інтэрнэт-кафэ) і шпарка пайшла па вуліцы, высока ўзняўшы галаву.

Віктар пашкадаваў яе. У нейкае імгненне варухнулася жаданне дагнаць, павініцца. Патлумачыць яшчэ нешта. Мо яна і зразумела б, дала неабходны час, не назаляла б з сустрэчамі і загараднымі паездкамі... Але — не. Атрымалася дык атрымалася. Памірыцца яны заўсёды паспеюць. І раней не раз сварыліся, па тыдні не размаўлялі. Месяц хутка пройдзе. За месяц Віктар наздымае ролікаў столькі, колькі неабходна для старту праекта... А Мэры зусім не абавязкова ведаць пра гэты праект. Нікому не трэба ведаць. Нікому... У таго Зора быў толькі адзін памочнік — яго служка. І ў Віктара ёсць памочнік. Гэтага хопіць.

50 долараў Віктар папрасіў у бацькі.

— Я прашу ў цябе ў доўг, ты зразумей, — трохі саромеючыся, казаў ён бацьку на кухні. — У маці я ў доўг не папрашу. Дакладна ведаю, што вярну. Проста справа ў мяне такая: каб зарабіць грошы, трэба напачатку ўкласці. Сам ведаеш...

— Ведаю, — сур’ёзна адказаў бацька. — Сёння без першапачатковага капіталу не зрушыш з месца ні адну справу. Нават каб месці вуліцы, трэба напачатку купіць мятлу, спецадзенне. Твая справа... Яна, спадзяюся, годная і вартая часу, сродкаў і высілкаў?

— Дакладна. Толькі не пытайся, якая. У інтэрнэце гэта.

— Я і не пытаюся, што канкрэтна.

— Так, справа вартая таго, каб ёй заняцца.

— Тады ў доўг даю без праблем. І нават без працэнтаў, — усміхнуўся баць­ка. — Глядзі толькі: грошы — гэта сродак, разумееш. Сродак для дасягнення мэты. Але ніколі яны не павінны стаць мэтай.

— Не перажывай, — адказаў Віктар. — Мая мэта — кніжка. Вось на яе трэба сродкі — грошы. Іх я і хачу зарабіць.

— Тады выдатна...

Віктар спадзяваўся менавіта на такі вынік размовы. Ды як было не спадзявацца — з бацькам яны даўно паразумеліся.

Радасць чакала Віктара пры сустрэчы з Алікам. Сам Алік не хаваў свайго задавальнення ад зробленага.

— Шанцуе табе, хлопча — у мяне такі настрой быў, што за 14 гадзін зрабіў увесь дыз і нават не стаміўся. Ідэя спадабалася. Глядзі...

Віктар ахнуў: перад ім была старонка нейкай прафесійнай студыі. Гэтак усё адмыслова, сур’ёзна і стыльна... «Студыя “Z” Тое, што мы хаваем. Нябачная камера ў нашым горадзе. Пазнай сябе!»

— Крута! — у захапленні вымавіў Віктар.

— А то... — усміхнуўся Алік. — Цяпер глядзі функцыянал: уваход у адмінку — тут дабаўляем, рэдагуем, сціраем, сочым за каментамі. Каменты пад кожным ролікам можна дазваляць ці не дазваляць. Каменты таксама можна паставіць на прамадэрацыю...

— Г эта як?

— Ну, камент чалавек пакіне, але ён не з’явіцца, пакуль ты яго не пачытаеш і не 5 дасі дазвол на публікацыю. Ролік кідаеш, выбіраеш любы раздзел. Назвы раздзелаў можна мяняць у любы час. Тут вось пакінута месца пад банеры. Карацей, пароль

табе вядомы, садзіся за комп і разбірайся. Не забудзь змяніць паролі на ўсё, каб толькі ты быў гаспадаром. Мне іх ведаць больш не трэба.

— Выдатна, проста выдатна... Вось твае 50 баксаў, дзякуй. Пайду круціць...

— Чакай! — спыніў Віктара Алік. — Я ж табе казаў: з дому не працуй. Па ІР праб’юць, калі нехта зоймецца пошукамі ўладальніка.

— Дык у мяне ІР дынамічны...

— А, ну гэта іншая справа. Але ўсё адно, я раю закачваць ролікі адсюль. І танней, і хутчэй, і бяспечней. І адмініць будзеш — лепш старайся тут. Сайт ужо ў сетцы, няхай індэксуецца. Але ж рэкламаваць пакуль няма чаго...

— У мяне паўтара дзясятка ролікаў ужо гатовых з тэкстоўкамі, — падзяліўся поспехам Віктар. — І даволі цікавыя.

— Малаток, не сядзеў, — пакруціў галавой у захапленні Алік. — Значыць, пойдзе ў цябе справа.

— Што б я без цябе рабіў, — шчыра прамовіў Віктар. — Наўрад ці што ў самога атрымалася. Прапаў бы мой заробак.

Поделиться с друзьями: