Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Трафік для паэта

Гапееў Валерый

Шрифт:

Віктар: — А я тут пры чым!?

Алік: — Мне няма розніцы, хто сядзе. Ты, ставячы ролік, таксама стаў свед­кам. Вось табе спасылка, пачытай... Я папярэджваў, што трэба сур’ёзна ставіцца да Крымінальнага кодэкса.

Віктар: — Добра, ролік я зняў. Што яшчэ?

Алік: — О, дайшло... Цяпер пра справу: я ведаю аднаго з тых хлопцаў.

Віктар: — Ну...

Алік: — Значыць, можна зняць добрыя бабкі.

Віктар:

Якія бабкі?

Алік: — У маладзёна не гуляй. Грошы. Зараз кідаеш мне ролік на пошту. Я кідаю яму.

Віктар: — І што?

Алік: — Не касі пад дурня! Ён зразумее, што спаліўся. І выкладзе патрэбную суму. Дзелім папалам. Тры штукі на дваіх. Многа для яго не будзе.

Віктар: — Гэта як?

Алік: — Ты там не абкурыўся? Чаго мямліш? Тры тысячы долараў ён пералічвае на кашалёк — і ты адпраўляеш яму арыгінал, дзе яго твар не закрыты. Вядома, ролік знішчаеш. Ясна табе?

Віктар: — А калі не?

Алік: — Не зразумеў?

Віктар: — Не хачу я...

Алік: — Позна, хачунчык пераспеў. Рабі, як я сказаў. Зараз зарэгіструю яшчэ скрыню, скіну адрас. Адправіш з інтэрнэт-кафэ. Ясна?

Віктар: — Я нічога не рашаю.

Алік: — Дык рашайце! Я цябе ведаю, помні. Вашай крыві прагне не адзін чалавек у горадзе, помні і пра гэта.

Віктар: — Добра... я перадам. Вечарам адкажу.

Алік: — Цяпер.

Віктар: — Няма ў горадзе галоўнага.

Алік: — Добра, пачакаю. Да 22 гадзін. Каб быў у асьцы.

Віктар выключыў аську, потым падключэнне да інтэрнэту, потым і сам камп’ю­тар. У кватэры стала ціха-ціха.

Думак не было. Не мелася нават адчаю, прыкрасці — нічога не было. Пустата. І адзін Віктар сярод гэтай пустаты.

Зазвінеў мабільнік. Юрыс — пазнаў па мелодыі Віктар.

— Віцька, здароў! Слухай, збірайся давай — пасля абеду ірвем на тую самую рэчку! Антон дамовіўся з маці, нам бусік даюць. Такая кампанія сабралася. Давай!

— У мяне... не атрымаецца, — адказаў Віктар і сам не пазнаў свайго голасу.

— Э, ты там грамчэй кажы... Не захварэў?

— Не, — адкашляўся Віктар. — Мне трэба... па справах, праўда. На фірму, грошы атрымаць.

— Ты што там, дзень прабудзеш? Мы цябе пачакаем.

— Не, не трэба...

— Мэры будзе... — выклаў апошні козыр Юрыс.

— Не.

Віктар адключыў мабільнік.

«Добра Юрысу... Як добра Юрысу! У яго няма чаго хаваць ад іншых, ён не жыве двайным жыццём, у яго ўсе клопаты — такія простыя і ясныя. Няўжо некалі так было ў яго, Віктара? Добра ім зараз: весела на душы — смейся, сумна — плач. Прыкідвацца не трэба, хавацца не трэба, не трэба хлусіць, вочы адводзіць... Няўжо вялікія грошы заўсёды вымагаюць падману?

Што ж рабіць? Што рабіць, чорт забяры гэтага Аліка! Вось жа гад... Бач, ідэя яму спадабалася... Значыць, пасвіў увесь час сайт, глядзеў, як напаўняецца. Не, нездарма тады ўзнікла нядобрае прадчуванне...

Разагнаўся... Грошы хоча задарма такія атрымаць. Ты здымі сам, а потым гандлюй сваімі ролікамі! Сволач...

Можа, выкінуць гэты чортаў ролік і паслаць Аліка падалей?

Няма, ды і ўсё. Адчэпіцца...

Ролік выкінуць проста. Адным шчаўчком мышы. А колькі б гэты ролік трафіка Віктару прынёс! Трэба прайсціся па спасылцы, глянуць, што там за артыкул такі...»

Віктар недзе з гадзіну чытаў Крымінальны кодэкс, які адкрыў па спасылцы Аліка. Упэўніўся: Алік не схлусіў. Але з другога боку, узбуджэнне справы аб рабаванні адбываецца па заяве пацярпелай ці асобы, якая прадстаўляе яе правы. А калі дзяўчына тая не панесла заяву? Яшчэ нічога невядома...

Віктар павесялеў. Упэўненасць пакрысе вярталася да яго.

«Да вечара нешта прыдумаю», — вырашыў хлопец. Цяпер ламаць галаву не 5 было часу — трэба ехаць на фірму, атрымліваць заробленыя цяганнем і пагрузкай друзу грошы. Туды шлях не блізкі — на ўскрайку горада.

Да касы стаяла чарга, хай і невялікая, але рухалася яна вельмі марудна. Віктар

нерваваўся — даўно не стаяў у чэргах. Ды і ўвогуле, ці стаяў? Калі трэба нешта набыць, а чарга больш як пяць чалавек, ён проста адыходзіў — не праблема тое ж прыдбаць у іншым месцы.

— Апошні? — пачуў Віктар за спінай пытанне з цяжкім прыдыханнем.

— Ага, — адказаў Віктар, павярнуўся.

За ім стаяла жанчына з расчырванелым тварам, вялікім, пляскатым, у дробных кропельках поту. Не тоўстая, але грудзі такія вялікія, што быццам стаялі ў чарзе асобна ад жанчыны. «От каб такую зняць на відэа, было б на што зірнуць», — прыйшла ў голаў недарэчная, пошлая думка, ад якой Віктару зрабілася сорамна. Ты глядзі, ужо прызвычаіўся пазіраць на людзей, як праз аб’ектыў. А зрэшты: што тут такога — прафесіянальны погляд...

Віктар злаваў, яму хацелася павярнуцца, так злосна зіркнуць на гэтую цётку, каб зразумела ўсё без слоў і адышлася. Але цярпеў.

Праз хвілін сорак дачакаўся сваёй чаргі, падаў пашпарт, атрымаў ведамасць і распісаўся. Забраў грошы.

Як жа прыемна было трымаць іх у руках!

Грошы ў кішэні надалі настрою, зусім па-іншаму глядзеліся ў святле купюр усе ўчарашнія і сённяшнія праблемы. Калі спакойна разабрацца, то якія тут праблемы? Не спяшаючыся трэба думаць, без панікі. Віктар і думаў цяпер спакойна, чакаючы аўтобуса, потым седзячы ў салоне. Адно што перашкаджала, дык гэта тая цётка, якая апынулася з ім у адным аўтобусе. «Зараза, прыляпілася... Вось пагляджу, дзе жывеш, вазьму тэлескоп — будзеш ведаць...» — думаў Віктар, але без асаблівай злосці.

Дык што там прапаноўваў Алік? Хех, хітры ён... Вядома, той дзяцюк, якога ён пазнаў, заплаціць патрэбную суму, нікуды не дзенецца. І няхай плаціць, скаціна. За ўсё трэба адказваць. З другога боку, чым рызыкуе Віктар? Ды нічым! Што яму: перадасць Аліку ролік, а той няхай сам усё рашае. Атрымаецца нешта ў яго — будуць у Віктара грошы...

А сума якая! Больш як тысяча долараў! Неверагодна проста. Не заўсёды такі шанец выпадае...

Добра, пачакаем яшчэ вечара. Можа, прыдумаецца што лепшае...

Але, па сутнасці, Віктар проста не хацеў прызнавацца самому сабе, што рашэнне ім прынята. І дапамаглі тыя грошы, што ляжалі ў кішэні. Яны быццам падахвочвалі атрымаць яшчэ больш, быццам клікалі іншыя грошы да сябе і самі да іх цягнуліся.

«Грошы вялікія цягнуцца да яшчэ большых, — думаў Віктар над некалі раней прачытаным. — Так і зарабляюцца мільёны і мільярды...»

І куды больш зразумелым стаў выраз «грошы не пахнуць». Словы напоўніліся новым зместам і сэнсам, сталі аб’ёмнымі, выпуклымі. Грошы не пахнуць — гэта значыць, што дзеля добрай мэты можна пайсці на пэўныя ўмоўнасці адносна агуль напрынятай маралі.

Поделиться с друзьями: