Трафік для паэта
Шрифт:
Віктар азірнуўся па баках — нікога паблізу не было, за ім ніхто не цікаваў, і ён хутка, але асцярожна зайшоў праз некалі забіты дошкамі, а цяпер адкрыты праём дзвярэй у дом.
Тут было пуста і сыра. Падлога не пасцелена. Толькі сцены, перакрыцці, дах. На другі паверх вёў збіты з дошак насціл, такі ж ляжаў на паддашку, дзе планавалася яшчэ мо два ці больш пакояў...
Віктар узняўся наверх, агледзеўся. Пыл ды рэшткі будаўнічага смецця, галубіны памёт пад бэлькай... Так, даўно тут не з’яўляюцца гаспадары.
А з невялікага праёма акна адкрываўся від на горад. Тое, што трэба... Адно дрэнна — няма на чым пасядзець, хоць ты бяры ды падмятай — не прысесці. Віктар пахадзіў па доме,
Сядзеў доўга без выніку — нічога цікавага. Здаецца, і пачынаецца эпізод добра, а потым даводзілася сціраць, каб хапіла памяці на нешта сапраўды вартае. Адно пад вечар, калі стаў ужо нервавацца (не хацелася трапляць маці і тым больш бацьку на вочы з тэлескопам у сумцы), удалося зняць больш-менш цікавы ролік: п’яны мужчына вяртаўся дахаты з горада сюды, у прыватны сектар напрасткі, па ўтаптанай сцяжынцы праз поле. Недзе пасярэдзіне шляху сцяжынка забягала ў невялікі зараснік кустоў і вольхаў, што шырокім клінам стаяў папярок сцяжынкі, далей пераходзячы ў невялікі лясок з густым падлескам. Акурат у зарасніку было невялікае паглыбленне — старая канава з пакатымі берагамі. Мужчына ішоў, добра хістаючыся. Нейкі час ён задуменна стаяў перад канавай, пасля адважна спусціўся і паспрабаваў гэтак жа адважна і хутка выбрацца наверх. Канава была глыбінёй не больш за паўтара метра, сухая. Але ўсе спробы мужчыны выйсці наверх, заканчваліся тым, што ён, рэзка хіснуўшыся назад, паварочваўся і збягаў уніз. Яго ўпартасць смяшыла. Здавалася, мужык перад сабой паставіў мэту: ні ў якім разе не нагінацца да зямлі, узысці прама. І не мог!
Віктар пасмейваўся са спроб мужчыны, думаючы над тым, што калі павыразаць лішняе, то ролік атрымаецца дынамічным і пацешным. Самае цікавае было ў тым, што мужчына ўсё ж узышоў наверх не згінаючыся! «Вось дзе ўпартасць! Вось вытрымка! Чвэрць гадзіны згубіў, але ж не сагнуўся, не стаў выпаўзаць на карачках з той яміны», — думаў Віктар, зачахляючы тэлескоп. Было ў гэтым роліку нешта павучальнае...
Вечарам хутка паглядзеў каменты на сайце. Большую палову дазволіў. Да роліка з п’янай жанчынай каменты былі аднастайныя: «Жэсць», «Поўны трэш!» і падоб нае. «Ну вось, як і думаў: самая сапраўдная п’янь, калі і ёсць у яе дзеці, то даўно ў дзіцячых дамах забыліся, што мелі некалі маці. І маладзей яна... Гэта спіты твар так старыць...»
Дзень удаўся. Заўтра трэба пашукаць іншую кропку — з гэтага недабудаванага дома не трапляецца нічога асабліва вартага. А мо, занадта спяшаецца ён? Некалі адзін ролік за дзень быў удачай, а цяпер ужо хочацца пяць за раз? Так, хочацца. Бо карціць хутчэй закончыць свае паляванні. Ну яго... Калі верыць каментам, на яго самога ў любы момант нехта невядомы можа пачаць паляванне. Шкада, з аднаго боку, што выклаў ролікі, знятыя з той вышкі, — больш туды не сунешся. У любы момант нехта сапраўды можа яго там чакаць. Але і тых хопіць! Трафік ёсць, хутка зазвоніць кіпер!
Пазней Віктар выйшаў на вуліцу — не было асаблівых спраў ды і не варта заседжвацца ў сеціве. Ведае ж бацька, што сайт ён зрабіў. Трэба будзе частку грошай патраціць на тое, каб зрабіць сабе сайт на асобным дамене — сказаў жа бацьку.
Пакуль тусіліся ў парку, потым проста на вуліцы, Віктара не адпускала адна трывожная думка, што засела нябачнай стрэмкай у мазгах. Не мог зразумець: што канкрэтна яго хвалюе? Нешта, звязанае з грашыма, з яго заробкам. Але што? І толькі калі клаўся спаць, аж падкінула яго: а што ён скажа бацьку і маці, калі яны спытаюць, дзе ўзяў грошы? Чым апраўдаць такія хуткія яго заробкі на адалце? На партнёрках ужо збіраецца сума... Вось дзе пытанне дык пытанне... Трэба думаць... Бацька — не маці, яго казкамі пра продаж спасылак не абдурыш. Трэба, мабыць, распавесці пра капірайтынг.
Сказаць, што піша тэксты. А раптам пашанцавала і натрапіў на добрага заказчыка? Усяк жа здараецца...Заснуў, але спакою і ўпэўненасці не было. Хлусня множылася вакол яго ў геаметрычнай прагрэсіі: для тлумачэння аднаго эпізоду трэба прыдумваць другі, для таго — трэці... Віктар адчуваў, што адзін бок яго жыцця зрабіўся цалкам закрыты для ўсіх... І нікому не скажаш. Ужо — нікому...
Назаўтра зранку апрацаваў зняты ролік пра п’янага мужыка і канаву. Насамрэч, атрымалася смешна. Падабраў музычны фон. Хоць цяпер яго пастаў — такі бяскрыўдны, забаўляльны ролік... Але Віктар стрымаў сябе: заўтра ці пазней. Усё ж той дом недабудаваны — добрае месца. Нельга яго «свяціць».
Ён не пашкадаваў пра сваё рашэнне. Праўда, тое, што ўдалося зняць, ніяк не ўкладвалася ў свядомасць ірэальнасцю сцэны. Гэта было не кіно, не хроніка «Надзвычайных здарэнняў».
Гэта было рэальнае рабаўніцтва, якое адбывалася ў кіламетры ад Віктара. На маленькім дысплеі фотаапарата Віктара дзяўчына ў бязгучнай роспачы адкрывала рот, а яе трымалі ў той самай канаўцы два дзецюкі.
Што было рабіць? Крычаць адсюль? Няма сэнсу. Бегчы? Але што ён можа адзін супраць дваіх? Яны ж дарослыя ды і мацнейшыя за Віктара.
...Дзецюкі выскачылі перад дзяўчынай з зарасніку. Адзін адразу ўхапіў яе за рукі, закруціў іх назад і трымаў. Другі, нахабна ўсміхаючыся, вырваў з рук сумачку. Дастаў адтуль кашалёк, потым вытрас усё астатняе на зямлю. Пацягнуўся рукой да грудзей дзяўчыны. Тая ірванулася назад, але дзе там... Рука рабаўніка шмарганула блузку дзяўчыны, дацягнулася да залатога, мабыць, ланцужка на шыі. Сарвала... Потым той, што трымаў дзяўчыну за рукі, перахапіў яе за шыю, і сама дзяўчына i дрыжачымі рукамі зняла адну за другой завушніцы, потым два пярсцёнкі з рук...
«Сволачы, гопнікі праклятыя... Пачакайце, вы сябе пабачыце...», — адчайныя думкі біліся ў галаве Віктара, ад дрыжання рук раз-пораз збівалася настройка тэлескопа. Потым Віктар пабачыў, як замільгалі дзве постаці ў зарасніку — дзецюкі
ўцякалі. Асцярожна павёў тэлескопам за імі. І тут пабачыў, як з кустоў на сцяжынку гэтыя двое выкацілі матацыкл, спяшаючыся, завялі і рванулі. Віктар не быў упэўнены, што нумар матацыкла патрапіў у кадр...
Павёў аб’ектывам назад. У гэты момант дзяўчына, чапляючыся рукамі за траву, выбіралася з канавы. Устала, пайшла хістаючыся, прытрымліваючы разарваную блузку адной рукой. Застылы страх у заплаканых вачах, грымаса болю скрывіла твар, ператварыла яго ў маску адчаю.
Віктар выключыў запіс. Сеў на цагліны. Рукі дробна трэсліся. Ён зразумеў, што зрабіўся сведкам сапраўднага злачынства. Што на яго вачах адбылося страшнае. Без думак сядзеў колькі хвілін, потым зняў з тэлескопа фотаапарат — успомніў, што не пабачыў дакладна, ці патрапіў у кадр нумар матацыкла.
Пракручваў ролік на маленькім экране, і ў другі раз яго працяла ад выразу твару дзяўчыны, калі яна нема раскрывала рот. Яна клікала на дапамогу... Колькі адчаю, колькі малення, колькі страху ў вачах...
Звераватыя, драпежныя выразы твараў дзецюкоў. «П’яныя, сволачы», — адзначыў Віктар ужо з ціхім задавальненнем, ад таго, што буйны план у гэтым месцы атрымаўся — твары рабаўнікоў добра відаць.
Нумар матацыкла толькі мільгануў у кадры, не разгледзець, але гэта не страшна — можна ўключыць пакадравую прагонку, прыпыніць у гэтым месцы.
Выглянуў — дзяўчыны ўжо не было. Сабраў тэлескоп, склаў усё, спусціўся хутка ўніз і пайшоў. Але не па той сцяжынцы, кругом, выйшаў на прыпынак автобуса. Едучы, праводзіў позіркам і той далёкі адсюль, з дарогі, дом, і тую страшную канаву з пачуццём упэўненасці, што ніколі сюды больш не прыйдзе.