Трафік для паэта
Шрифт:
— Не ведаю, — шчыра прызнаўся Віктар. — А чаго хаваць тое, што ёсць? Можа, некаму сорамна стане...
— А можа, у такім разе рабіць шкляныя сцены ў дамах? Камеры назірання за кожным метрам плошчы горада? Спецыяльныя бранзалеты з перадатчыкамі на рукі ці шыю кожнаму?
— Што ты накінуўся на хлопца? — устрала маці. — Рэчы трэба называць сваімі імёнамі і паказваць, як ёсць.
— І што? Што зменіцца ад гэтага? — выгукнуў бацька з адчаем.
— А што, па-твойму, рабіць? — пайшла ў наступ маці. Чаго ты на нас напаў?
— Што рабіць, што рабіць? — бацька азірнуўся па баках, быццам у пошуках нечага. — Ат, доўга гаварыць, і так зразумееце. Значыць, у жыцці нашым ёсць чорнае,
— Чорнага больш, — уставіла маці.
— Няхай так, — лёгка згадзіўся бацька. — Дык вось, наша жыццё — шэры ліст. Згодзен, сын? Ты згодна? — павярнуўся бацька да маці.
— Згодзен, — адказаў Віктар.
Маці толькі кіўнула.
— Дык вось, — працягваў бацька. — На нашым шэрым лісце з’явілася чорная пляма, яшчэ адна. Нейкая мярзота. Мы ведаем пра гэты факт. Але вось гэтую мярзоту паказваюць па тэлевізары, вось яна на першых старонках газет і часопісаў, вось яна ў інтэрнэце на тысячах сайтаў. Мы расплюшчылі вочы некаму? Не, сябры мае: мы памножылі гэтую мярзоту шматкроць. І на нашым шэрым полі яна разраслася ва ўсе бакі. Наша жыццё зрабілася не шэрым ужо, а цёмна-шэрым. Што асвятліць шэрую фарбу? — хутка спытаў Віктара.
— Светлая фарба, — разгублена адказаў хлопец. — Што яшчэ?
— Правільна! — уздыхнуў з палёгкай бацька, быццам Віктар падказаў яму выратавальны адказ. — Нельга сцерці чорнае, памнажаючы яго. Трэба рабіць белыя плямы на шэрым! Ствараць нешта светлае, добрае.
— Каб жа было так проста, — хмыкнула маці.
— Вядома, не проста! Вядома, не за раз! — зноў пагадзіўся бацька. — Але ж шлях вось такі — выкрываць, шукаць, нішчыць — шлях рэвалюцыйны, значыць — з кроўю, дыктатурай, з контррэвалюцыямі. А ствараць белае, цягнуць людзей да свету, а не тыкаць іх у свой жа бруд — шлях эвалюцыйны. Гэта значыць — шлях паступовы і незваротны. Культура развівалася такім накірункам, культура і мастацтва выводзілі людзей з іх звярынага аблічча.
— Надта ты ўжо высока ўзяў...
— Нічога не высока, — пераканана адказаў бацька. — Вось сайт, што з’явіўся ў горадзе, — гэта множанне чорнага. А сайт сына з яго вершамі — маленькая кропля светлага. Ты, сын, гэта разумееш?
— Разумею, — усміхнуўся Віктар. — Значыць, буду цягнуць эвалюцыйны воз, з гонарам за сябе.
— Ты не смейся, — крыху пакрыўдзіўся бацька. — Кожны чалавек мяняе свет і сусвет. У залежнасці ад таго, колькі даў яму Бог таленту. Табе далі больш — з цябе больш і спытаецца...
— Хто з яго пытаць будзе? — аж спалохалася маці. — Што ты пужаеш хлопца?
— Адзін у нас суддзя ва ўсіх, — ціха адказаў бацька. — Сумленне.
— Пайшлі есці, прастыла ўжо ўсё, — схамянулася маці. — Чорнае, белае... Шэрым сярод шэрага жыць прасцей і лягчэй...
Не змог утрымацца — зайшоў адразу на сайт, паглядзеў статыстыку наведванняў: 500 юзераў за суткі. І ўжо з лёгка падрыгваючымі ад хвалявання рукамі, паглядзеў статыстыку на сваіх трох партнёрскіх праграмах. І ёкнула ўсярэдзіне ад бухнуўшай з манітора радасці: за суткі — 11 долараў!
Нават не стаў гатаваць сняданку, адразу пайшоў далей спаміць па форумах, дзе яшчэ не быў. Зарэгістраваўся ў «Аднакласніках», «Укантакце», хоць раней грэбаваў гэтымі сацыяльнымі сеткамі — адно дзеці ды настальгуючыя развядзёнкі...
І толькі потым, з пачуццём выкананай місіі, зрабіў сабе гарбату і бутэрброд.
Усё добра. Так далей пойдзе — за тры месяцы збярэцца добрая сума. І тую самую чорную пляму, пра якую казаў бацька, можна выдаляць... Падумаў, чым будзе займацца сёння. Ну, па-першае, трэба схадзіць у інтэрнэт-кафэ, але цяпер ужо — не вакзальнае,
там закінуць з флэшкі новы ролік і тэкстоўку да яго. Падагрэць цікавасць... Заадно паглядзець, дзе яшчэ ёсць сярод спальных раёнаў зручныя месцы для назірання. Бо з даху свайго дома здымаць больш нельга. І ўвогуле, у сваім раёне ніякіх здымак. Іначай яго вылічаць...Паставіў той самы ролік з жанчынай і двума зэкамі. Няхай пабачаць, як збоку выглядае. Гэта не фільм, дзе ўсё прыгожа, прадумана...
Добраму настрою перашкаджаў страх. Так, самы звычайны страх. Калі да гэтага часу не было практычна на яго сайце ролікаў, за якія б яго нехта люта ўзненавідзеў і пачаў шукаць, то цяпер Віктар баяўся. Гэтыя «героі» наўрад ці хацелі той вядомасці, якую ім падрыхтаваў хлопец. Ён і збіраўся спачатку пасядзець яшчэ гадзіны дзве дома, перарабіць, закрыць твары, але потым адмахнуўся. Мужчыны, відавочна, былыя зэкі. Значыць, ім не да інтэрнэту. А жанчына дык і ўвогуле нейкая п’яніца. Па твары яе ўзрост і ўзрост маці аднолькавы. Глядзі, як жыццё па-свойму распараджаецца: маці і вось гэтая... Віктара аж перасмыкнула. У маці ёсць муж, сям’я, дзеці дарослыя. А ў гэтай...
Віктар спыніўся. Думка, такая звычайная і адначасова неверагодная аглушыла сваёй жыццёвай будзённасцю: у гэтай жанчыны могуць таксама быць дзеці. Напрыклад, такі ж сын, як і Віктар. Ён заходзіць у інтэрнэт. Яму сказалі пра гэты сайт. І вось ён бачыць ролік, дзе з яго п’янай маці здзекуюцца па-жывёльнаму два зэкі. Яна, магчыма, і не ўсведамляла: што з ёй і хто з ёй. А раптам яна не п’яніца? Раптам яе сустрэў былы аднакласнік, сябар дзяцінства, а цяпер — зэк, які толькі што вызваліўся? Яна згадзілася пасядзець у бары, бо сябар жа... Выпіць крыху. А ёй маглі падсыпаць што заўгодна. Ды і проста напаіць. Іх жа было двое. Ці запалохаць. Прыгразіць... Раптам яна пайшла на ўсё, толькі каб захаваць нейкую страшную таямніцу з мінулага свайго, адно каб цяпер гэтая таямніца не пагражала яе сям’і?
Уяўленне малявала і малявала карціны ў галаве Віктара. Ад адной ён адмахваўся, гнаў са свядомасці — ад той, дзе сын гэтай жанчыны заходзіць на сайт і глядзіць ролік. І пазнае сваю маці... Што ён зробіць?
«Ат, трызню, усё прыдумаў! Навошта сябе накручваць? Самая звычайная п’яніца яна, у яе і дома свайго няма. Калі на самай справе не так, калі ёсць у яе і дзеці — значыць з’явіцца камент. Будзе нешта там — тады і здыму ролік. Закрыю твары...» — урэшце зацугляў Віктар свае фантазіі.
На другой ускраіне горада вялося прыватнае будаўніцтва. Але, што было выгадна, гэты ўчастак высока ўзнімаўся над астатнім горадам. Віктар пахадзіў сярод гатовых дамоў і вуліц, сярод асобных дамоў, якія яшчэ і вуліцу не маглі акрэсліць. На нейкіх будоўлях кіпела праца, іншыя цагляныя каробкі стаялі з забітымі дошка-мі вокнамі... Хто як можа — так і будуецца. Ля аднаго недабудаванага дома ў два з паловай паверхі раскашаваў бур’ян. Такім жа зарослым быў і вялікі ўчастак, што вызначалі даўно закапаныя, цяпер пахіленыя ў розныя бакі, іржавыя слупы з абрэзкаў тоўстай трубы.
Перад Віктарам была чужая бяда — вось, узяліся людзі будаваць, размахнуліся на вялікі, дыхтоўны дом. І хутка справа пайшла. Марыў гаспадар ужо ўвесну ўзараць агарод, каб радавалі яго вока роўныя барозны бульбы, цешылі дзяцей градкі з трускалкамі і гарохам. Але здарылася нешта. Можа, як паехаў у Расію за грашыма, так і згінуў там. Прападаюць жа без вестак не адзінкі з тых, хто шукае заробкаў за мяжой. А можа, захварэў, у аварыю трапіў. А можа, і няма ўжо сям’і — з-за нечага пасварыліся муж з жонкай ды развяліся. Не з-за дробязяў, вядома: ці ён пакахаў іншую, ці яна знайшла каханка... Хавалі доўга, ды ўрэшце адкрылася...