Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Трафік для паэта

Гапееў Валерый

Шрифт:

Мінала гадзіна за гадзінай, а Віктар ужо з сапраўдным захапленнем працаваў над сваім хамяком: падправіў шаблон, намаляваў новую «шапку». Зрабіў раздзел з фотаздымкамі і стаў запаўняць яго, пачынаючы яшчэ з першага класа і садка. Добра, што тады адсканіраваў у Лёшкі столькі многа. І Мэры... Няхай з ім будзе тут Мэры, як ва ўсе ранейшыя гады...

Прыйшла маці з працы.

— Зноў не вылазіш цэлы дзень? Ты еў што?

— Так, перакусваў, — адказаў Віктар. — Не хачу пакуль.

Тады пачакаем бацьку...

Патэлефанаваў Юрыс, паклікаў патусавацца вечарам. Віктар згадзіўся — якраз праз

гадзіны дзве закончыць...

Бацька прыйшоў. І адразу зазірнуў у пакой.

— Здароў, сын. Што парабляеш?

Знаёмы халадок варухнуўся ў жываце Віктара. «Спакойна, спакойна, падумаў ён. — Вельмі добра, што я цяпер хамяк раблю. Ой, добра, што вырашыў зрабіць... »

— Раблю свой сайт! — са смяшлівым гонарам адказаў Віктар бацьку, адкінуўся на стуле, ад’ехаў ад стала. — О, глядзі!

Бацька з цікавасцю зазірнуў у манітор, пазіраў, бы вывучаў...

— Няблага, няблага... Толькі экспазіцыя неўраўнаважана, па колерах няма спалучэння поўнага. Але гэтыя тонкасці вывучаць трэба... Спасылкі ўжо працуюць?

— Ага, усё рабочае ўжо. Што ж я, дарма столькі часу ўбіў? Фотаальбом набіваю, каменты пішу...

Бацька пашчоўкаў па старонках, крыху пачытаў.

— Прыйшоў час электронных кніг, — не сказаў, а канстатаваў.

— А што рабіць, калі звычайныя нікому не трэба, — Віктар выказаўся са шчырым сумам.

— Ну, час такі... А кнігі людзям трэба.

— Ага, трэба... — чмыхнуў Віктар. — Даўно нешта цябе не бачыў з раманам. А я яшчэ вершы пішу...

— Вершы тым больш трэба, — бацька прысеў на канапу насупраць. — Між іншым, такая вось кніга ў сеціве — добрая рэч. А сапраўдная... Не перадумаў яшчэ?

— Што не перадумаў? А, маці расказала... Ведаеш, вось закончыў сайт, і неяк не так ужо гарыць...

Самае дзіўнае было ў тым, што ў гэты момант Віктар казаў шчыра. Сапраўды — не гарэла. Паляванні за цікавымі сюжэтамі і асабліва падзеі апошніх дзён так узвінцілі яго, што сама кніжка пакрысе адышла на задні план. Урэшце, так і павінна быць: што пра яе надта думаць цяпер, калі няма грошай на выданне? Вось з’явяцца грошы — тады можна падумаць. А можа, у нейкі момант кніжка і сайт памяняліся месцамі: калі кніжка напачатку была мэтай, а сайт — сродкам, то цяпер сайт стаў галоўнай справай, а кніжка — прыкрыццём?

Не, гэта перабор ужо. Віктар адмахнуўся ад імклівых думак — усё нармальна, ён заробіць на выданне кніжкі і сайту прыйдзе канец. Так і павінна быць, а тое вострае жаданне, якім жыў апошнія месяцы, прытупілася, ці што. Усё нармальна — ад эмоцый перайшоў да справы, а дзе справа сапраўдная, там розум вырашае, а не жаданні.

Але Віктар мусіў прызнацца, што жаданне патрымаць у руках уласную кніжку зменшала яшчэ больш, аслабела, сцерлася. За сённяшні дзень ён стварыў гэтую кніжку ў інтэрнэце. Сам сабе не мог прызнацца ў гэтым, а бацьку сказаў. Калі ёсць такая кніжка ў сеціве, якую ў любы момант кожны адкрые і пачытае, то мо і не трэба яна на паперы? Няхай будзе такой...

— Ну, што не так ужо і гарыць, мо і лепш, — задумліва прагаварыў бацька. — Яркае полымя хутка згасае. Колькі зарабіў на фірме?

— Сотню баксаў. Табе 50 аддаць ёсць.

— Я пачакаю... А ў сеціве колькі заробіш?

Віктар пахаладзеў. Пра што гэта бацька? А, ён жа казаў, што яму

трэба для спра­вы ў сеціве...

— Не ведаю пакуль... Я дамен сапраўдны купляю, хостынг платны. Свой сайт туды перанясу. Раскручу трохі, паказчыкі падніму. Праз месяц можна будзе спасылкі прадаваць. За месяц долараў 15—20, як будзе ўсё о’кей, займею.

— Ну вось, бачыш, як добра. Пакуль той выпускны і назбіраецца. Мы з маці дапаможам... Дарэчы, ты не чуў пра нейкі там сайт? На рабоце толькі і гаворкі пра яго: нехта нябачнай камерай здымае людзей у горадзе і выкладвае ў інет. Прычым, у розных пікантных сітуацыях.

«Вось яно! Прыкідваўся, цікавая яму мая кніжка... Праверыць вырашыў. Правярай, камп чысты. А калі б я не здагадаўся ўсё выдаліць, браузер не пачысціў?» — думаў Віктар, ліхаманкава стараючыся адшукаць адказ, якому б бацька паверыў. Успомніў пра ранішні званок Юрыса і амаль радасна выдыхнуў:

— Чуў, Юрыс сёння званіў. Казаў, нейкіх хлопцаў на тым беразе, дзе і мы адпачывалі, знялі. Як яны там біліся. Я заходзіў, глядзеў. Ну і іншыя ролікі.

— І як табе тая брыдота? — прыжмурыўся бацька.

— Брыдота як брыдота. Па тэлевізары тое ж паказваюць. Ці амаль тое ж... — адказаў Віктар спакойна, а ўжо другая думка салодка тлуміла галаву: пра яго сайт загаварылі ў горадзе! Вось так вось...

— Розніца ёсць. Хаця тут ты маеш рацыю...

— Пра што гэта вы? — спытала маці, зазірнуўшы ў пакой.

— Ды пра рознае, — адказаў бацька. — Вунь, глядзі, якую сын сабе кнігу зрабіў.

— Дзе зрабіў? — недаверліва спытала маці. — Якую кнігу?

— Электронную, сайт, — адказаў за бацьку Віктар. — У інтэрнэце можна кожнаму пачытаць.

— Во як, хіба і кніжкі ў інтэрнэце ёсць?

— Ёсць і кніжкі. І куды больш, чым у бібліятэцы.

— І чытаюць?

— Чытаюць... Каму хочацца...

— А я думала, што тут толькі брыдота адна ды чаты вашыя...

— І брыдоты хапае, — уздыхнуў бацька. — Прама з нашага горада.

— А, чула, — ці не радасна ўсміхнулася маці. — Суседка нашай работніцы сваю дачку пабачыла, як тая курыць і віно п’е.

— І гэта добра? — прыжмурыўся бацька.

— Вядома, добра! — упэўнена, з выклікам адказала маці. — Ты от зараз пачнеш выкладваць свае тэорыі, а тут практыка: маці давярала дачушцы, а тая вось што вырабляла.

— Па-твойму, усю дрэнь трэба цягнуць на ўсеагульны паказ?

— Трэба! Бо гэта — жыццё. І не варта яго ружовым маляваць. Хай пабачаць сябе, якія ёсць на самай справе. Казалі на працы, там гэтулькі п’яных скандалаў ды боек — аж жудасна робіцца. От жыццё якое...

— І што зменіцца? Што можа змяніцца, калі ўсё гэта паказваць? — занерваваўся бацька.

— А ты прапануеш усё хаваць, казаць, што ўсё ў нас добра, дзеці выхаваныя, мужыкі цвярозыя, адпачываем мы ўсе культурна? Годзе, праходзілі ўжо, камунізм будавалі...

— Я ні ў якім разе не прапаноўваю выдаваць чорнае за белае. Але няўжо вы верыце, што калі п’яніцу сказаць, што ён п’яніца, той перастане піць? Няўжо страх быць злоўленай стрымае дзяўчыну ад курыва і віна, калі яна хоча гэтага і лічыць магчымым, абы толькі бацькі не бачылі? Ты як думаеш, сын? — бацька павярнуўся да Віктара, і ў вачах яго хлопец пабачыў чаканне, не — нават просьбу.

Поделиться с друзьями: