Трывожнае шчасце
Шрифт:
— Падумайце, ці адчуваеце вы ў сабе сілы мужна сустрэць любую небяспеку на тым шляху, на які ўступаеце?
— Каб не адчувала, то не прыйшла б сюды. Мяне ніхто не цягнуў.— У голасе яе пачулася крыўда, i чалавек за саломай збянтэжана кашлянуў i памаўчаў больш, чым трэба.
— Дайце руку вашым сябрам i паўтарайце за мной словы прысягі.
Даніла i Ціхан працягнулі свае рукі i сціснулі моцна яе маленькую, але загрубелую ўжо ад цяжкай працы руку.
— Я, грамадзянін Савецкага Саюза…
— Я, грамадзянка Савецкага Саюза… — удакладніла Саша.
Невядомы зноў кашлянуў.
— Член Ленінскага камсамола…
— Член Ленінскага камсамола…
— Уступаючы ў падпольную арганізацыю
I раптам ад Сашы адышло, знікла ўсё знешняе: таямнічасць, якая не спадабалася, рукі хлопцаў, што сціскаюць яе руку, голас невядомага. Словы прысягі ўліваліся ў яе магічнай сілай. Ад гэтага пачынала хутчэй струменіць кроў, часцей білася сэрца, глыбокім i перарывістым стала дыхание. Голас яе мацнеў з кожным словам i дзе-нідзе зрываўся i дрыжаў.
— За смерць нашых матак i дзяцей, за ix кроў i слёзы… — Словы гэтыя салёна-горкім камяком сціснулі горла; Саша на момант змоўкла.
Хлопцы адчулі, як дрыжыць яе рука. Але раптам голас яе як бы прарваўся праз нейкую цяжкую перашкоду i зазвінеў з новай сілай:
— …я клянуся помсціць праклятым фашыстам бязлітасна, усімі сродкамі падпольнай барацьбы…
Яна сказала гэта гучней, чым трэба, i чалавек за саломай панізіў голас. Але Саша не звярнула ўвагі на гэтую акалічнасць, бо падказчыка больш не існавала для яе. Ёй здавалася, што гарачыя i суровыя словы ідуць з глыбіні яе ўлаенага сэрца. На Даніка i Цішку яна таксама забылася. Яна глядзела ў цёмны кут, а бачыла вялікія прасторы роднай зямлі, натоўпы людзей, калоны чырвонаармейцаў… Усяму народу давала яна клятву!
— Калі ж я парушу гэтую клятву — здраджу, збаюся, выдам тайну арганізацыі, няхай рука маіх сяброў бязлітасна пакарае мяне…
Саша была яшчэ там, у невядомай далечы, дзе ішла барацьба, калі над самым вухам пачула ціхія звычайныя словы:
— Добры вечар, Саша.
Яна страпянулася. З цемры схіліўся да яе знаёмы твар. Толя Кустар прыветліва ўсміхаўся i працягваў руку. Саша нават не адразу зразу мела, адкуль ён з'явіўся. З Толем яна разам вучылася ў сямігодцы. Але гэта быў «чужак», ён жыў на пасёлку Кустары, які належаў да іншага сельсавета. Пасёлак быў кіламетры за тры ад ix вёскі, за лесам, а таму сустракаліся яны толькі ў школе, i нельга сказаць, каб былі сябрамі.
Саша пасля ніколі не цікавілася лесам Толі i іншых аднакласнікаў з пасёлка. Чула неяк краем вуха, што Толя скончыў ФЗУ i працуе недзе ў Мінску электраманцёрам.
Зразумеўшы, што гэта ён падказваў ёй словы прысягі, Саша ўзрадавалася: ёсць, значыцца, у арганізацыі больш сталыя людзі! Толя — яе аднагодак, самастойны чалавек, рабочы!
Толя моцна сціснуў яе руку i сказаў:
— Вось як мы сустрэліся з табой!
Hi ён, ні брат, ні Цішка не сказалі ёй больш ні слова пра тое, куды яна ўступіла, што павінна рабіць, як паводзіць сябе. Яна зразумела: усё сказана ў словах клятвы. Яна свяшчэнная, гэтая клятва, i нельга разбаўляць яе звычайнымі словамі. Ды i ўвогуле лішняга тут ніхто не гаварыў.
Толя Кустар падсунуў бліжэй свечку, зняў пальцамі, як абцугамі, нагар i ціха сказаў:
— Пачнём, таварышы.
Данік падсунуўся бліжэй да яго, абхапіў рукамі калені i схіліў галаву, нарыхтаваўшыся слухаць. Цішка не варухнуўся, ён, як i раней, ляжаў на жываце, падпёршы рукамі галаву; далоні закрывалі шчокі, а рудаватыя валасы — лоб, i Саша бачыла адны яго вочы, вялікія, зацянёныя вейкамі, стомленыя, як у дзіцяці, якому хочацца спаць, i сумныя. У Толі, наадварот, вочы былі ясныя, вясёлыя, полымя свечкі, што гарэла каля яго ног, адбівалася ў зрэнках дзіўным, як бы жывым святлом.
— Перш за ўсё — пра галоўнае ў нашай дзейнасці…— пачаў Толя крыху афіцыйна i ўрачыста, але тут жа акінуў усіх
задаволеным позіркам і, панізіўшы голас, проста паведаміў: — Радасная навіна, хлопцы: Стары ўстанавіў сувязь з партызанамі.— Hy-y? — падхапіўся Цішка, сеў, i вочы яго заблішчалі.— Як? Дзе?
А Саша падумала: «Значыцца, ёсць яшчэ нехта больш сталы, каго яны называюць Старым. Хто ж гэта?»
— Не мае значэння, Ціхан, як i дзе… Галоўнае, што сувязь ёсць… Будзе! Мы павінны паслаць у атрад свайго чалавека i дамовіцца аб пастаяннай сувязі. Стары скажа, куды ісці…
— Я! — выгукнуў Цішка. — Мяне…
— Чакай! — спыніў яго Толя. — Я думаю, што лепш пайсці Данілу. Нам з табой ёсць іншае задание. Першае задание ад партызанскага камандавання… Яно вынесла прысуд чалавеку, які выдаў фашыстам раненых партызан. Нам даручылі выканаць гэты прысуд…
Саша зразумела, што трэба некага забіць, пакараць смерцю, i жахнулася: раптам калі-небудзь такое задание дадуць ёй, а яна… яна не здолее забіць чалавека!
— Хто? — спытаў Цішка, вочы яго зноў патухлі, i ён зморшчыўся, як ад нечага вельмі брыдкага.
— Ляснічы.
— Наш? У яго чацвёра дзяцей! — вырвалася ў Сашы.
Ляснічы быў чужы i незнаемы ёй чалавек. Але тыдні два назад яна з ім пазнаёмілася. Ён прыехаў увечары i вельмі прасіў, каб яна прыняла роды ў яго жонкі. Саша не хацела, нават баялася ехаць у лес. Але ў чалавека быў надта разгублены выгляд, ды i Поля, звычайна баязлівая, шапнула, што варта паехаць: ляснічы заўсёды спатрэбіцца.
Спакутаваная родамі жанчына, ціхая i ласкавая пасля таго, калі ўсё шчасліва скончылася, прасіла павесялелага ад чаркі самагонкі мужа: «Ляксей, ты ж добра аддзякуй дохтарцы… Не скупіся». Ён на развітанне сунуў ёй тры вялікія кавалкі старога сала. I Саша, якая там, на рабоце, заўсёды абражалася, калі ёй што-небудзь падобнае прапаноўвалі, узяла гэтае сала, бо брала не для сябе, а для ўсёй сям'і, якая сядзела на адной бульбе. Усё гэта ў адзін міг паўстала перад яе вачамі, а найбольш выразна — дзеці, адно пад адно, не разабрацца, дзе старэйшае, дзе малодшае; тры пары вачанят увечары, калі ix выгналі ў другі пакой, спалоханых, a раніцой, калі ім сказалі, што ў ix ёсць брацік, здзіўленых. Дзеці, якія заўтра стануць сіротамі. Яна лепш, чым хто другі, ведае, як гэта цяжка i страшна: сама расла сіратой i сама цяпер маці.
Саша глядзела на хлопцаў з надзеяй пачуць, што ляснічы асуджаны не на смерць.
Яны пераглянуліся паміж сабой i змоўклі — больш ніводнага слова пра гэта. Сашы здалося, што хлопцы зразумелі словы пра дзяцей як яе слабасць, жаночую жаласлівасць, i спалохалася, што цяпер яны перастануць давяраць ёй тайны падполля. Яна хацела растлумачыць, што літасці да гэтага чалавека ў яе сэрцы няма. Сапраўды, хіба можа быць літасць да таго, хто выдаў ворагам сваіх людзей, партызан, ды яшчэ раненых, бездапаможных? Такому гаду яна сама прыдумала б самую страшную кару! Але дзеці. Яна, маці, не магла не падумаць пра ix… Няхай таварышы правільна яе зразумеюць…
— Я прымала роды ў яго жонкі,— сказала Саша. — Я думаю, дзеці не вінаваты, што бацька ў ix такі…
— Дзяцей ніхто не вінаваціць, — сурова адказаў Цішка. — Мы не фашысты.
Саша ўзрадавалася, што размова аднавілася. Але Толя Кустар у гэты момант пачаў гаварыць зусім пра іншае:
— Таварышы, набліжаецца свята Кастрычніка. Мы павінны адзначыць яго. Людзі павінны ведаць, што ёсць сілы, якія змагаюцца з ворагам… што фашысцкая прапаганда — брахня… ІТрапаную… Першае — расклеіць лістоўкі… Будзем спадзявацца, што атрымаем ix з партызанскага атрада, калі ж не — напішам самі… Другое… Прапаную на ўсіх грамадскіх будынках — на школе, сельсавеце, клубе — вывесіць чырвоныя сцягі. Пашыць сцягі даручым Сашы. Згодна? — звярнуўся ён да яе.