Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— А я нікога не баюся! Адчапіцеся вы ад мяне! — Яна падышла да калыскі, схілілася над дачкой, i буйныя гарачыя слёзы закапалі на тварык дзіцяці.

Данік пастаяў, з любоўю паглядзеў на сястру i нячутна выйшаў з хаты. Следам за ім, накінуўшы хустку, пайшла Поля.

«Выдасць ён мяне ці не выдасць?» Саша ўспамінала ўсё, што ведала пра Кузьму, прыгадвала ўсе сустрэчы з ім, з самага маленства, усе выпадкі, калі ён праяўляў высакароднасць ці, наадварот, нізасць. Думала пра яго блізкіх — маці, скупую, але шчырую i справядлівую цётку Хадоску, сясцёр, братоў, жонку i больш

за ўсё пра дзіця — двухгадовага хлопчыка…

Яна ляжала на печы з шырока расплюшчанымі вачамі i ў цемры бачыла твары гэтых людзей, ад якіх цяпер нейкім чынам залежаў яе лес, жыццё, лёс яе дачкі. А цемра ў хаце — хоць вока выкалі, нават вокны слаба відаць: на дварэ глухая дажджлівая асенняя ноч. Дождж хліпае, i здаецца, што на вуліцы хтосьці ходзіць, плача, шэпчацца. Саша ўздрыгвае, прыслухоўваецца… Не, яна нічога не баіцца, ніякай кары. Аднаго баіцца — каб не вярнулася тое агіднае, пакутлівае, абразлівае пачуццё страху, якое яна перажыла пасля здарэння ў лесе. Як хораша было б, каб у душы назаўсёды астаўся той урачысты гімн, светлы, узнёслы, што загучаў, калі партызан схаваўся ў прырэчных кустах. Але яна пачынае слухаць роўнае, спакойнае дыханне дачкі, якая ляжыць побач, i музыка гэта пачынае сціхаць, бо зноў з'яўляецца страх — за яе, за гэтае маленькае нявіннае стварэнне.

Поля таксама не спіць. Яна ўздыхае на ложку i нешта шэпча, магчыма, моліцца. Раней Саша, безумоўна, пасмяялася б, каб пачула, што сястра моліцца. Цяпер не смешна: няхай моліцца, можа, ад гэтага робіцца лягчэй.

Поля вярнулася ад цёткі быццам заспакоеная, але вельмі ўжо нейкая панурая i маўклівая. Саша сказала, што, можа, ёй лепей пайсці начаваць да каго-небудзь з суседзяў ці сваякоў.

— Навошта? — здзівіласяПоляі, памаўчаўшы, дадала: — Ад лесу свайго не схаваешся. Дасць Бог, усё абыдзецца.

Саша зразумела, што гэта — словы цёткі Хадоскі.

— Божа мой! — прашаптала Поля. — Тэты хлопец загоніць мяне ў магілу. Дзе можна бадзяцца ў такі час i пад такім дажджом?

Саша здагадалася, што не Даніла непакоіць сястру — брат не ўпершыню бавіцца недзе так позна, — што ёй хочацца пагутарыць. Але Сашы не хацелася парушаць сваіх думак, i яна прыкінулася, што спіць.

Нарэшце Даніла вярнуўся.

Саша здзівілася, што Поля, адчыніўшы, ніводным словам не папракнула яго.

Хлопец моўчкі распрануўся i… палез на печ. Саша хацела прагнаць яго, ёй было агідна ад думкі, што брат, магчыма, зноў быў у паліцаяў. Але, мацаючы ў цемры, куды лезці, ён дакрануўся да Сашынай рукі, i яна ажно ўздрыгнула: рука яго дрыжала i была халодная як лёд. Таму яна толькі папярэдзіла:

— Каля сцяны — дзіця.

Ён лёг з другога боку, каля коміна, i Саша адчула, што не толькі рукі яго дрыжаць, але i сам ён увесь калоціцца, як у ліхаманцы, ляскае зубамі.

«Дзе гэта ён перамёрз так? Не вельмі ж яшчэ холадна», — ужо з цікаўнасцю падумала яна.

Ён падсунуўся да яе і, заікаючыся, зашаптаў у вуха:

— Т-т-ты… баішся?

«Адчапіся ты ад мяне, нікога я не баюся», — хацелася адказаць Сашы, але нешта стрымала яе ад гэтага грубага адказу.

— Не б-бойся… Ён н-не данясе…

«Гэта ён табе

паабяцаў?.. Ты выпрасіў літасць гэтую? А мне не трэба яго літасці!» — зноў наважылася адказаць Саша, але не паспела: Данік горача шаптаў:

— Цяп-пер ён н-нікому н-не скажа… Яго н-няма…

— Няма? — здзівілася Саша.

— Ён п-п-памёр.

— Памёр?

Данік заціснуў халоднай далоняй ёй рот.

— Цішэй… Ён ехаў у воласць… На веласіпедзе. А масток, ведаеш, які каля лесніка… Без парэнчаў, без нічога… І-і ц-цямнела ўжо… I ён — у рэчку… Можа, у яго шынель у ланцуг закруціўся, што ён не мог вылезці i… зах-х-лынуўся. Можа, п'яны быў…

Саша ўсё зразумела. Дзіўныя пачуцці ахапілі яе: страх, што Данік, хлапчук, дзіця яшчэ, забіў чалавека, i не чужога, не немца, а стрыечнага брата, i ў той жа час бязмерная ўдзячнасць яму, бо зрабіў ён гэта, каб уратаваць яе, Ленку, каб пакараць здрадніка. I яшчэ сорам за тое, што пагана думала аб ім… Аён вось які… I ўсё шэпча, нібы хоча апраўдацца, астудзіць жар душы:

— Яму не трэба было ехаць у воласць. Навошта ён ехаў? Так паспешліва. Проці ночы. Помніш, цётка Хадоска расказвала: цыганка ў ix некалі варажыла i сказала Кузьму, што яго смерць будзе ад вады… Каб ён асцерагаўся… Вось бачыш… Ад вады…

Саша сціснула яго рукі i, дрыжучы сама амаль гэтак жа, як ён, прашаптала:

— Не трэба, Данік, родны. Не трэба… Я ўсё разумею… Супакойся.

Яны доўга маўчалі, цяжка дыхаючы адно аднаму ў твар. У цемры i цішыні было чуваць, як Данік дробна ляскае зубаMi, Саша абняла яго, каб сагрэць.

— Ты лазіў у рэчку? — прашаптала яна.

— Не… Я не лазіў…— адказаў ён так, што стала ясна: нехта ўсё ж лазіў.

— А хто? — хутка спытала Саша.

— Ты не павінна пра гэта пытацца! — сказаў ён сурова, патрабавальна, перастаўшы нават дрыжаць i заікацца.

— Я разумею. Даруй мне, Данік. За ўсё… што я ўдарыла цябе, што думала так…

— Нічога… Я не крыўдзіўся. Я радаваўся, што ты такая. Але мне цяжка было.

— I мне цяжка…

— Ты думала, я спалохаўся, калі аддаў Кузьму вінтоўку без затвора. A ў нас ix, можа, дваццаць схавана, i кулямёт, i гранаты… Новенькія… Трэба было заткнуць яму горла ламаччам, каб не думаў нічога, не дакопваўся. I хадзіў я да ix таму… А заадно вучыўся, як зброяй карыстацца… У нас ніхто добра не ўмеў.

«У нас… Значыцца, ix некалькі чалавек… Відаць, усе такія, як ён, Данік. Але якія смелыя i разумныя! Хто ж там яшчэ?» Саша прыгадала ўсіх Данілавых сяброў, i ўсе яны зусім не былі падобныя на герояў, ва ўсіх ix яшчэ дзіцячы вецер у галаве.

Аднак нехта ж ёсць… Яны змагаюцца. Яны пакаралі здрадніка Кузьму, які хацеў забіць партызана, выдаць немцам яе, Сашу.

— Мы самі рыхтаваліся вызваліць партызана. Ночы чакалі. Ты нам крыху напсавала. Нам гэты чалавек вельмі спатрэбіўся б…

Саша слухала, што казаў Данік, як цудоўную казку, ад якой робіцца святлей на душы i з'яўляецца моцнае жаданне самой стаць такой, як героі гэтай казкі…

Яна раптам ціха папрасіла, здзівіўшы брата:

— Данік… Вазьміце мяне ў сваю групу. Я вам таксама спатрэблюся… Я — фельчар.

Поделиться с друзьями: