Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Ён моўчкі занёс газнічку ў запаветны закутак, куды яшчэ раней схавалася Саша, i паклікаў старэйшую сястру:

— Ідзі сюды, Поля.

Калі яна прыйшла, паказаў на ўслончык:

— Садзіся. Пагаварыць трэба.

Здзіўленая i крыху спалоханая, Поля паслухмяна села.

— Давай, — кіўнуў Данік Сашы: яны так дамовіліся, што гаварыць будзе яна, яе Поля спакайней выслухае, а на яго можа адразу накінуцца.

Саша села побач, плячо ў плячо, паклала руку на калена сястры.

— Слухай, Поля, што мы табе скажам. Не палохайся. Не злуйся. Ты ў нас была за маці, ты нас выгадавала, i мы цябе любім, як маці. Але тут

справа такая… Зразумей нас… Мы з Данікам камсамольцы, i мы не маглі інакш… — Яна панізіла голас да шэпту. — Мы звязаны з партызанамі…

— I ты?! — здзівілася Поля, але не закрычала, не заплакала, a толькі сумна паківала галавой. — Што вы сабе думаеце! Ну няхай гэты сарвігалава… A ў цябе ж малое дзіця…

Такія спакойныя Поліны словы падбадзёрылі Сашу i Даніка, бо чакалі яны горшага.

— Поля, — зноў таямніча зашаптала Саша, — партызанскае камандаванне дало нам задание… прытуліць у сябе… у нас у хаце раненага камісара… Яму зробяць дакументы на Пецю… Быццам яго з лагера адпусцілі…— Тлумачыць далей у яе не хапіла сілы. Яна змоўкла, i ў напружанай цішыні, у якой было чуваць, як легка патрэсквае кнот газнічкі, яны чакалі, што адкажа старэйшая сястра. Поля маўчала. Данік сачыў за яе вялікім ценем на белай сцяне грубкі. Там адбілася ўсё: як яна ўздрыгнула, як адхіснулася ад Сашы, потым прытулілася зноў, як пачала павольна i панура нахіляцца яе галава.

Нарэшце Поля цяжка ўздыхнула. I яны зразумелі, што яна — ix саўдзельніца, ix верны таварыш па барацьбе.

Саша, адчуваючы, што вось-вось не стрымаецца i заплача, прытулілася тварам да яе пляча.

Данік па-мужчынску проста пахваліў:

— Малайчына ты ў нас, Поля!

VI

Ён прыехаў адвячоркам.

Фурман у аблезлым кажушку спыніў худога каня каля крайняга калодзежа, недалёка ад школы, дзе размяшчаліся паліцэйскія. Ён памог вылезці з саней чалавеку ў шынялі, у летняй фуражцы, з абмоткай на шыі замест шаліка, падаў яму мыліцу i амаль пусты рэчавы мяшок. Інвалід сунуў яму нейкія грошы, i фурман павярнуў каня назад.

Чалавек астаўся стаяць пасярод вуліцы, абапіраючыся на мыліцу. Левая нага яго была абута ў стаптаны кірзавы бот, на правай тоўста накручаны брудныя анучы.

Убачыўшы каля калодзежа старую, што з жаночай цікаўнасцю намагалася пазнаць салдата, ён пакульгаў да яе.

— Скажыце, дзе хата Фёдара Траянава? — спытаў ён.

— А вунь пятая адгэтуль… Вунь, дзе вялікая таполя…

— А Саша… Саша ix тут… дома?

— Саша? А Божачка ты мой! — адразу здагадалася i загаласіла жанчына. — Даражэнькі ты мой! Тут яна, дома твая Сашачка!.. З дочачкай роднай! А гаротны ты мой!..

«Ён ажно пахіснуўся», — раеказвала пасля жанчына, яна хацела падтрымаць, правесці, але ён падзякаваў i «не пайшоў, не пакульгаў, а трушком пабег, хоць i на адной назе».

Праз пяць мінут паўвёскі ведала, што прыйшоў без нагі муж Сашы Траянавай.

Данік назіраў з вышак сваёй хаты, праз шчыліну ў страсе. Калі чалавек стаў набліжацца, ён саскочыў адтуль i паведаміў сестрам:

— Прыехаў! Ідзе…

Сашу, якая лічыла, што падрыхтавала сябе належным чынам да сустрэчы з гэтым чалавекам, ахапіў нейкі незразумелы страх. Яна замітусілася па хаце, не ведаючы, што рабіць, куды дзець сябе, схапіла Ленку, але адчула, што рукі трасуцца, i передала малую Полі, якая сядзела за калаўротам. Паспрабавала наводзіць

парадак, перастаўляць рэчы, папраўляць падушкі.

Поля сказала:

— Не трэба, Саша.

А што трэба? Што трэба ёй рабіць? У скронях балюча стукала кроў, ажно зялёныя кругі паплылі перад вачамі. Як яна скажа яму, чужому, незнаёмаму: «Ты, Пеця», як сустрэне яго?

Калі рыпнулі вароты, яна застыла пасярод хаты як каменная, баючыся паварухнуцца, баючыся хоць на міг адвесці вочы ад дзвярэй. Фантастычна-неверагодная думка бліснула ў яе гарачай галаве: можа, Данік такім чынам падрыхтоўвае яе сустрэчу з Пецем?

Вось адчыняцца зараз дзверы, i зойдзе ён… Не, не, гэтага не можа быць, не павінна быць! Яна не жадае, каб ён быў у палоне, каб ён вярнуўся цяпер, калі ідзе бой за Маскву, за жыццё. Розумам яна не жадала яго звароту, а сэрца, дурное бабскае сэрца, замерла ў чаканні…

Дзверы адчыніліся, i… Саша ўскрыкнула, спалохаўшы Полю i Даніка.

На парозе стаяў Уладзімір Іванавіч Лялькевіч.

Саша адразу пазнала яго.

Ён акінуў хуткім позіркам прысутных — добра, што ў хаце не было нікога чужога! — зачыніў дзверы i пакульгаў да Сашы, якая стаяла нерухома, ашаломленая, разгубленая: як прыняць чалавека, які некалі дамагаўся яе кахання? Поля насцярожана ступіла насустрач яму, як бы жадаючы загарадзіць малодшую сястру.

Ён спыніўся перад імі i, не вітаючыся, аднак не зводзячы яснага i смелага позірку з Сашы, ціха сказаў:

— Паверце, Аляксандра Фёдараўна, што толькі сёння, калі мне расказалі падрабязна, назвалі ваша дзявочае прозвішча, я здагадаўся… зразумеў, што гэта — вы. Калі вам вельмі непрыемна, я заўтра ж пайду, дазвольце толькі пераначаваць. — Ён апусціў вочы i схіліў галаву: ісці яму не было куды. — Вы скажаце, што я пайшоў праведаць сваіх бацькоў…

Поля зразумела, што гэта ўсяго толькі знаёмы, i, з палёгкай уздыхнуўшы, зірнула на Сашу.

«Чаму ж ты маўчыш? Скажы чалавеку слова!» — гаварыў яе позірк.

Саша схамянулася i працягнула руку:

— Добры дзень, Уладзімір Іванавіч.

Ён выпусціў мыліцу, нахіліўся, каб паціснуць яе руку, i пахіснуўся. Поля падтрымала яго:

— Ды вы сядайце. Дайце ваш мяшок. Распранайцеся.

Яны рабілі не тое, што трэба, не тое казалі адно аднаму.

Даніку не спадабаліся не толькі паводзіны сясцёр, але i паводзіны самога камісара. Глянуўшы на вокны, ці не падглядаюць праз адтуліны ў шыбах цікаўныя вочы жанчын, дзяцей, ён гучна павітаўся:

— Здароў, Пеця!

Лялькевіч павярнуўся i адразу ж радасна абняў Даніка.

— Здароў, Данік, здароў, дарагі!..

Гэта было шчыра, бо яны ведалі адзін аднаго, сустракаліся ў атрадзе, калі Данік хадзіў увосень на сувязь i Лялькевіч гутарыў з ім. Камісар адчуў глыбокую ўдзячнасць да гэтага разумнага, смелага хлопца i расчуліўся да слёз. Убачыўшы, як заблішчалі яго вочы, не стрымалася — заплакала Поля. Замітусілася, памагла яму скінуць шынель, пасадзіла на лаву. Саша цяпер толькі ўбачыла яго нагу, абкручаную анучамі, мыліцу, якую ён паклаў побач, успомніла Пецю i таксама праслязілася. Слёзы ix аказаліся вельмі дарэчы, бо праз хвіліну ў хату ўскочыла суседка Аксана — прынесла сіта, якое ўзяла з тыдзень назад i ўсё забывалася вярнуць. Яна спынілася каля парогa, прыкінуўшыся, што збянтэжылася, убачыўшы незнаёмага чалавека. Данік i тут не разгубіўся. Ён амаль з дзіцячай непасрэднасцю паведаміў:

Поделиться с друзьями: