Трывожнае шчасце
Шрифт:
Ён доўга думаў. Яна чакала, стаіўшы дыханне. Нарэшце ён паабяцаў: — Добра. Я параюся з хлопцамі.
Саша прыгарнула яго да сябе i прыціснулася губамі да яго ўжо гарачай шчакі.
V
I вось яна першы раз ідзе на збор падпольнай групы.
Позні вечар. У вёсцы дзе-нідзе мільгаюць агеньчыкі: гараць у хатах каганцы ці тлее на прыпечку лучына — такое святло прынесла «цывілізаваная Еўропа». Гэтыя агеньчыкі — адзіныя арыенціры, бо без ix легка можна было б заблудзіцца ў такой цемры.
Саша крадзецца на пальчыках, стараючыся ступаць як мага цішэй. Але зямлю скаваў мароз, i боты грукаюць на ўсё наваколле. Яна спыняецца,
Успомніла Ленку — i думкі пайшлі ў іншым кірунку. Навошта яна ідзе туды? Што яна будзе рабіць? Невядома, хто там, у ix групе. Даніла i дагэтуль не сказаў. Калі там усе такія, як ён, то якая гэта арганізацыя? Што могуць зрабіць гэтыя дзеці? Забілі Кузьму? Гэта смелы ўчынак, безумоўна. Ён прымусіў задумацца многіх, хто служыў ці мае намер пайсці на службу да акупантаў. Але ці заклікаў ён каго да барацьбы? Яны ратавалі яе, Сашу. Але маглі вельмі проста загінуць самі. Яна ўспомніла, як пасля пахавання Кузьмы да ix у хату прыйшла цётка Хадоска. Высокая i ссутуленая заўсёды, яна за той дзень зусім згорбілася, а яе маршчыністы, загрубелы ад вятроў, спякоты i маразоў твар як бы абвугліўся. Саша ўбачыла яе i жахнулася. Цётка абапіралася на тоўсты бярозавы кій (дагэтуль ніхто яе з кіем не бачыў), i рукі яе калаціліся. Яна не села, хоць Поля i запрасіла яе. Яна стала каля парогa i ўтаропіла на Сашу свае чырвоныя ад слёз, але сухія вочы, у якіх адбівалася нечалавечая пакута.
— Ну, Сашачка, пахавалі мы твайго брата, — сказала яна ціха i журботна. — А ты не прыйшла…
Сашы здалося, што кашчавая, чорная, з парэпанымі пальцамі рука, якая сціскала кій i з якой яна, Саша, не зводзіла позірку, раптам нябачна сціснула яе горла. Саша задыхнулася. Яна любіла цётку, i ёй было вельмі шкада яе. Але пасля яе слоў перажыла амаль такі ж прыступ страху, як пасля здарэння ў лесе. Калі яна ратавала партызана, то не думала пра небяспеку, усё выйшла неяк само сабой, па закліку сэрца. А тут яна адразу падумала пра Ленку i невядома чаму схапіла яе, сонную, з калыскі.
«Ваш сын пайшоў супраць сваіх людзей, i людзі пакаралі яго», — хацелася сказаць, каб прымусіць цётку змоўкнуць i не глядзець так страшна. Але Саша разумела, што словы такія яшчэ больш раняць матчына сэрца, і, шкадуючы старую, хавалася ад яе вачэй, як умела.
— Вось i ў цябе дачка расце, — паківала галавой старая, — i ніхто не ведае, што яе чакае!
Саша, уздрыгнуўшы, адвярнулася, каб загарадзіць ад Хадоскі дачку.
«Калi яна зачэпіць Ленку яшчэ, я скажу ёй… Няхай яна не лье слёз па сыну-здрадніку. Трэба было раней думаць i ўгаворваць Кузьму, каб кінуў паліцыю… Я ўсё скажу…» — вырашыла Саша.
Але цётка Хадоска больш не зачапіла малую. Пастаяўшы яшчэ крыху i адмахнуўшыся ад Полі, якая ca слязамі гаварыла нейкія недарэчныя словы ўцехі i запрашала сесці, яна сказала да Сашы сурова:
— Маўчыш? У вочы не глядзіш? На абаронцаў сваіх спадзяешся? Што ж… абарона ў цябе
моцная, — i выйшла.Саша i дагэтуль не разумев, чаму ўсё абышлося ціха. У вёсцы ніхто не сказаў ніводнага слова пра тое, што яна выратавала партызана. Напэўна, ніхто i не ведае. Значыцца, маўчаць i Колька Трапаш i цётка Хадоска. Але ці заўсёды яны будуць маўчаць?..
Дык ці мае яна права рызыкаваць зноў? Якая з яе падпольшчыца, партызанка! Не! Спыніцца яна не можа! Яе чакаюць там, каб даверыць вялікую тайну. Яна не можа вярнуцца, бо адчувае, што пасля гэтага ўзненавідзіць сябе i яе існаванне, без таго змрочнае, стане чарней, чым гэтая ноч. Там недзе змагаюцца, сцякаюць крывёй, гінуць тысячы людзей, каб выгнаць ворага, каб вярнуць тое шчасце, якое мела i яна, Саша. Там недзе Пятро. Яна верыць, што ён вернецца i з ім вернецца ўсё. Таму яна не можа, не мае права сядзець склаўшы рукі.
У алешніку над ракой нешта хруснула. Саша замірае на месцы. Што там — чалавек ці звер? Цішыня. Шуміць бор, журчыць рэчка, змагаючыся з ільдом, што наступав ад берагоў. Мароз мацнее. Але інею няма. Зямля чорная. На небе з'явілася прасветліна i выглянула адзіная зорачка. Ад гэтай маленькай, страшэнна далёкай зорачкі неяк адразу пасвятлела навокал. Каб не палохацца грукату ўласных ботаў, Саша нахіляецца, скідае i бяжыць далей па мёрзлай, калючай зямлі ў адных працёртых панчохах.
Каля млына яе сустрэў брат. Ён вынырнуў нечакана, як з-пад зямлі.
— Ты, Саша?
Падышоў, убачыў у яе руках боты, здзівіўся:
— Босая? Вось дурная. Абувайся хутчэй, ногі памарозіш.
Саша меркавала, што хлопцы збіраюцца ў старым млыне. Але Данік перавёў яе па разбуранай плаціне, па слізкіх, абмёрзлых кладках на другі бок рэчкі. Саша здзівілася, што ідзе ён даволі смела, не баючыся грукаць ботамі. Яны падышл! да самага лесу, i толькі тады Саша здагадалася, дзе яны збіраюцца.
Гады тры назад кал гас пачаў разводзіць трусоў. Тут была ферма: абгароджаны драцяной сеткай участак i невялікая будыніна — кухня, дзе варылі корм. Сетку i клеткі разам з трусамі парасцягалі, але будыніны пакуль што ніхто не чапаў: яна стаяла на былым, дакалгасным, надзеле, гаспадар якога цяпер служыў за старасту. Зямля тут была, магчыма, самая кепская, адзін пясок, але многія з вяскоўцаў заяўлялі, што з ix даволі той зямлі, якой яны карысталіся да калгаса, на што большае яны не прэтэндуюць. Людзі не верылі ў трываласць «новагапарадку».
Hi печы, ні катлоў у былой кухні ўжо не было, вокны забіты шалёўкай. Гэта, напэўна, зрабіў стараста. Але шчыліны паміж шалёўчынамі старанна пазатыкаў нехта, безумоўна, другі. Куча саломы ляжала ў адным куце, у другім — гарэла самаробная васковая свечка.
Саша абвяла позіркам хату i ўбачыла толькі аднаго чалавека.
Пачуццё расчаравання, нават крыўды спыніла яе каля парогa. Каля свечкі ляжаў жыватом на падлозе суседскі сын, Данікаў равеснік, яны разам кончылі сёмы клас, — Цішка Матыль. Але калі Данік выглядаў як сталы хлопец, то Ціхан гэты здаваўся яшчэ зусім дзіцянём: нізкарослы, рудзенькі, з прышчаватым тварам, ціхі i сарамлівы — нейкі зусім непрыкметны. Праўда, Цішка быў лепшы вучань, выдатнік. Але Саша не помніла, каб Данік асабліва сябраваў з ім.
Ён глянуў на Сашу i сарамліва апусціў вочы.
«Дык гэта ўся ix арганізацыя? Дзеці», — падумала яна.
Але раптам з-за кучы саломы пачуўся голас невядомага; голас належаў больш сталаму чалавеку.
— Сядайце! — уладна загадаў ён.
Саша паслухмяна апусцілася на калені побач з Ціханам.
— Ці ведаеце вы, куды ўступаеце? — спытаў голас.
— Ведаю, — адказала Саша; гэтая таямнічасць не спадабалася ёй. «Як у секце якой». Голас невядомага здаваўся крыху знаёмым, але ўспомніць, хто гэта, яна не магла.