У дрымучых лясах
Шрифт:
Бабулі роднай апавядаю свой сон.
Яна ўважліва слухае. Супакойвае мяне. Раптам на яе лбе вырастаюць рогі. Яна ўся абрастае шэрсцю…
Гэта ж зусім не мая бабуля, а страшная ведзьма. Яна хоча мяне зарэзаць і з'есці. Яна ўзнялася ў паветра, паляцела, трымаючы мяне вострымі кіпцюрамі, як у каршуна. Мы ляцім з ёю над мястэчкам. На дахах стаяць хлопчыкі і глядзяць. Мы з ведзьмай апынуліся ў глухім лесе. Яна расклала вогнішча. Старая ведзьма-людаедка хоча кінуць мяне ў агонь. Я прашу літасці. Здалёку даносіцца да мяне жаласлівы плач маці. Яна шукае мяне. Я крычу і… прачынаюся.
Хатнія акружаюць мяне. Пытаюцца, што мне снілася,
— Ты мабыць, перад сном «крыяс-шма» не чытаў, — строга мяне папракае маці. — Трэба маліцца перад сном, тады нячысцік не будзе табе балматаць на вуха.
Вялікі пройгрыш
З таго часу, як бацька ўдарыў нагу бервяном і прахварэў некалькі тыдвяў, ён кінуў займацца возкай лесу на рум. У сплаўны сезон ён наймаўся ў лясных купцоў прыказчыкам пры сплавах, а зімой ён жыў «з паветра». Конь у яго быў заўсёды. Бацька гаварыў, што без каня жыць не можа — яму нудна.
Ад дзеда бацька аддзяліўся. Яму апрыкрала дзедава набожнасць. У другім канцы мястэчка, насупраць хутарка паляўнічага Вышамірскага, на зямлі карчмара стаяла пустая хата з прыбудоўкай для хлява і пуні. Бацька туды перабраўся. Карчмару плаціў дзесяць рублёў у год. Тут ён жыў «вольна», без дзедавага апякунства. Пасля сястры Марыі бусел прынёс нам у хату яшчэ хлопчыка і дзяўчынку. Маці перайшла ад шыцця каптуроў да вопратак. Удзень яна была занята дзецьмі і гаспадаркай. Уночы яна шыла. Швейнай машыны яна яшчэ не мела.
Бацька быў заняты скрынкай і канём. Кожны тыдзень у чацвер ездзіў ён у мястэчка Даўгінава на кірмаш мяняць каня. Гэтым ён зарабляў. Яго тактыка была такая: выменьваць каня на горшага і атрымаць некалькі рублёў прыдатку. Новага каня, худога і слабога, за тыдзень адкормліваў і зноў — на кірмаш у Даўгінава. Зноў мяняў каня на горшага і прывозіў некалькі рублёў прыдатку… Калі яму часам не ўдавалася выменьваць свайго каня, ён прымаў удзел на кожным рынку пры такой жа справе ў іншых. За гэта ён па звычаю атрымліваў «камісіённыя» з абодвух бакоў.
Ён зрабіўся знатаком на коней. Навакольныя сяляне заўсёды звярталіся да бацькі, калі трэба было каму-небудзь з іх купіць каня ці прадаць свайго. Бацька ездзіў з імі ў Даўгінава. За такія клопаты яму плацілі натурай — бульбай, збожжам.
Аднаго разу бацьку абманулі цыганы. Ён прывёз з Даўгінава такую дахляціну, што конь назаўтра здох. Я ўпершыню бачыў, як плакаў бацька. Маці на яго крычала:
— Сорамна плакаць па каню…
Бацька застаўся без дзела. Маці ўпотайку ад яго хадзіла да дзеда «пазычаць» грошы на пуд жыта. Тым часам бацька прыдумаў новую справу — мяняць гадзіннікі. У яго быў добры сярэбраны гадзіннік, які ён атрымаў у пасаг ад дзеда. Тактыка была такая ж, як з коньмі: мяняць на горшы і браць прыдатак. Мяняў ён гадзіннік з пасажырамі, што праязджалі праз Пасадзец. Выменены гадзіннік ён аднаўляў: чысціў крэйдай, шараваў анучкамі, пакуль даводзіў гадзіннік і ланцужок да новага блеску, да зіхацення. Ён, канешне, гаварыў, што гадзіннік зусім новы… Гэты «новы» ён мяняў на горшы і браў прыдатак.
Але гэта справа была вельмі дробная, без разгону.
Кончылася яна, як з канём — даволі трагічна. Выменяў бацька гадзіннік, узяў пяць залатовак прыдатку, пашараваў яго да такога блеску, аж ён, гадзіннік, вочы сляпіў. Прылажыў гадзіннік да вуха і пачуў у ім падазроную хрыпотачку, нібы млявасць на яго напала. Бацька
ўстрывожыўся і давай кожную хвіліну прыкладваць яго да вуха. Заўважыла маці.— Што з гадзіннікам?
— Ды нічога…
— Навошта кожную хвіліну тыцкаеш яго ў вуха?
— Мне вуха баліць. Кепска чую. Відаць, прастудзіўся… — сказаў бацька.
— А Божа ж мой! — спалохалася маці. — Вуха баліць, а ты маўчыш…
— Ці ж крычаць?
— На камфару, пакапай у вуха — памагае.
Маці падала бацьку бутэлечку з камфараю. Бацька пайшоў на двор, накапаў камфары ў гадзіннік. Гадзіннік стаў. Бацька спалохаўся і пачаў яго трасці, як чалавека, які страціў прытомнасць. Спачатку гэта памагала. Гадзіннік прыходзілася ўстрахваць кожныя пяць хвілін. Потым — кожныя тры хвіліны, потым — кожную хвіліну. Урэшце гадзіннік зусім страціў пульс.
Тады бацька ўзяў іголку і пачаў поркаць у гадзінніку шрубкі — і гэта не памагло. Бацька панёс гадзіннік рыжавусаму Янку на паратунак. Янка разняў яго на самыя дробныя кавалачкі, прачысціў і зноў склаў. Гадзіннік наравіўся. Ён сіпеў, як гадзюка, хархоліў і бурболіў, нібы топіцца і вось-вось яму надыходзяць канцы.
Так яно і было. Гадзіннік выпадаў у бацькі з рукі і зусім рассыпаўся. Бацька кінуў гадзіннік у рыбную сажалку Вышамірскага. Ланцужок ад гадзінніка ён ціха схаваў у камодзе. Вочы ў яго былі сумныя. Такія ж вочы былі ў яго, калі ён схаваў аброць ад паўшага каня на печы пад бэлькай.
З чаго цяпер жыць? Што мяняць?
Больш не было ў бацькі чаго мяняць. Толькі раз шапкамі абмяняўся з суседам і ўзяў дзесяць капеек прыдатку… Тады бацька пазычыў у карчмара на працэнты дзесяць рублёў, купляў на вёсцы то авечку, то цялушку і прыносіў на спіне дамоў. Мяса і скуру прадаваў камісіянерам на Менск, а сабе пакідаў ножкі, пячонку, галаву і лёгкія. Гэта лічылася заробкам. Часам яму заставалася яшчэ і некалькі залатовак.
У той час выйшаў закон аб манапольках для продажу гарэлкі. Карчмар пабудаваў манапольку. Сядзельцам быў немец Карл Рэйтар. Па-жыдоўску ён гаварыў не горш за жыда. Удзень ён прадаваў гарэлку, а па вечарах ён вучыў пасадзецкую моладзь гуляць у карты. Уцягнуўся ў гэту справу і мой бацька. Збіраліся ў нас. Цэлымі зімнімі начамі рэзаліся ў «дваццаць адно» і «шэсцьдзесят шэсць». Кожную ноч маці хвалявалася, каб хаця бацька выходзіў чыстым — без пройгрыша і без выйгрыша.
Я сядзеў позна і таксама назіраў за гульнёй. Сумаваў, калі бацька прайграваў, радаваўся, калі выйграваў. У кон ставілася заўсёды адна капейка. Аднак аднаго разу бацька прагуляў рубель наяўнымі, яшчэ астаўся вінаватым пару залатовак.
Я ўспомніў, што за такое багацце ўдава Марта прайшла босымі нагамі па гарачых цэглах. Яна страшным болем зарабіла на два пуды хлеба для сваіх малых сіротак…
Калі ўсе разышліся, маці заплакала:
— За гэтыя грошы можна было купіць два пуды жыта…
— Горшая бяда была з канём, і то выжыў, — сказаў бацька.
Маці не ўнімалася:
— Сваімі рукамі выкінуць гэтулькі грошай…
— А мо прыкажаш мне страляцца, як пан Багдановіч? Не бойся, тваіх маёнткаў я не прагуляю.
Якраз на той час адзін з тутэйшых памешчыкаў прагуляў у карты свае маёнткі, пасля чаго кончыў самагубствам.
Аднак пасля гэтай ночы кончыліся карты. Бацька прадаў матчыны залатыя навушніцы, што купілі ёй на вяселле, прадаў яшчэ сёе-тое з хаты і зноў купіў каня. Ездзіў часта ў фурманкі, дастаўляў камісіянерам мясныя прадукты, і жыццё ў нас крыху палепшылася.