Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У дрымучых лясах

Бядуля Змітрок

Шрифт:

Бацька скардзіўся толькі на адно: яму цяжка плаціць рэбэ, за маю «навуку» дваццаць рублёў на год. Пры гэтых скаргах я заўсёды радаваўся. Я думаў, што бацька перастане за мяне плаціць, і я звольнюся ад ганебнага ненавіснага хедэра.

Гэтага не было. Аднаго разу бацька апошнюю карову прадаў, пакінуў сям'ю без малака і заплаціў за мяне праклятаму рэбэ дваццаць рублёў…

Сад

У мяне восеньскія канікулы. З усім імпэтам свайго сэрца імкнуўся я на волю з хедэра яшчэ за месяц да канікул.

Бацька пазычыў у карчмара на працэнты пяцьдзесят рублёў і за пяць кіламетраў ад Пасадца заарандаваў у пана Адольфа Мыслінскага сад. Бацька ўжо некалькі тыдняў жыве ў садзе.

Ён прыслаў

па мяне фурманку. Я дапамагу яму вартаваць сад. На нашым кані вёз мяне стары дзед Мірон Сабалевіч. Гэта быў маленькі, як дзіцё, дзядок — з рэдзенькай бародкай, з чырвонымі ніткамі вакол паблеклых вачэй, чысценькі, у новых лапціках і падраным кажуронку.

Сын дзеда Мірона, пажылы селянін з чорнай, як сажа, барадой, служыў у пана парабкам. Яго звалі «чорнабародым Язэпам». Здружыўся я тады з сынам «чорнабародага» — з хлопчыкам маіх год — Тамашом. Ён быў пастушком.

Я — вартаўнік саду — даваў штодзень хлопчыку Тамашу яблыкі цішком ад бацькі, а ён, Тамаш, вучыў мяне па вечарах граць на жалейцы. Я вельмі захапіўся жалейкай, гэта была просценькая музыка лесу і поля, як бы чырліканне птушак, журблівы смех ручаінкі. Жалейка мяне вельмі расчульвала.

У сад заходзіў дзед Мірон — непісьменны летапісец ваколіцы, стары творца пагаворак і філасофскіх пасловіц. Тоненькім, пісклівым, як у птушкі, галаском ён апавядаў майму бацьку былі з часоў паншчыны. Я і Тамаш таксама пільна прыслухоўваліся да гутаркі дзеда.

Лепшая зямля ваколіцы належала старому пану Мыслінскаму. Лугі, пахата, лясы, вёскі, сяляне — усё-ўсё было панскай маёмасцю… І дзед Мірон належаў пану. Пасля смерці старога пана яго пяць сыноў падзялілі між сабой спадчыну. Кожнаму з іх выпадала па вялікаму маёнтку. Шмат хто з былых прыгонных засталіся «вольна» служыць у Мыслінскіх парабкамі.

Добра ведаю братоў Мыслінскіх: сярэдняга росту, шыракаплечыя, нізкалобыя, з маленькімі, мышынымі вочкамі. Па ўсёй нашай ваколіцы іх называлі «склютамі». У профіль яны нагадвалі сякеры. Вельмі скупыя і злыя паны Мыслінскія здзекаваліся са сваіх парабкаў, бадай, не менш, чымся іх бацька са сваіх прыгонных. Мельнік Барткевіч аб іх склаў вострую і трапную байку пад назваю «Пяць вужакаў».

З апавядання дзеда Мірона я даведаўся, што старая пані Мыслінская вельмі любіла катоў. Лепшыя пакоі ў панскім доме займалі каты. Сама пані ўбірала іх у шаўковыя банцікі. Яны спалі на аксамітных падушачках, і іх абслугоўваў цэлы штат прыгонных дзяўчат. Спецыяльная кухарка гатавала ім ежу «па-англіцку», — расказваў дзед Мірон.

Стары люты пан сваімі рукамі скалечыў нямала народу. Аднаго разу, калі пан паехаў у лес на паляванне і апынуўся адзін у цёмным гушчары, на яго ззаду нехта напаў, накінуў яму мяшок на галаву, паваліў і да таго біў кулакамі, пакуль пан перастаў дрыгаць нагамі. Але, на жаль, пан ачухаўся, ачуняў. Пан падазраваў, што гэта работа Тодара, роднага брата дзеда Мірона, бо дачку Тодара пан аддаў суседняму пану за сабаку, і пан загадаў аднаму з сваіх шчырых псароў — шляхтуну Сымону Найду — павесіць Тодара…

Яго павесілі ў вялізнай панскай пуні, што стаяла на беразе возера, недалёка ад млына. Падмуроўку гэтай пуні я сам бачыў.

Чорнабароды Язэп араў панскае поле ад цямна да цямна. Я часта пазіраў на яго з саду. Сілуэт аратая з канём вызначаўся на фоне неба, як малюнак. Відаць было здалёк, як ён натужваецца, як ён, моцны, шыракаплечы, нагінаецца над сахой. Ён мне здаваўся асілкам. Я быў упэўнены, што ён можа за лета ўзняць цаліну на некалькі вёрст.

Неяк раз пад вечар чорнабароды Язэп араў ля самага саду. Падышоў пан Адольф Мыслінскі. Яму не спадабалася работа Язэпа. Вочы пана памутнелі, наліліся крывёй. Ён пачаў лаяцца самымі брыдкімі словамі, размахнуўся і ўляпіў чорнабародаму Язэпу пару гучных аплявух… Язэп не пахіснуўся. Твару Язэпа я не бачыў, але чуў голас пана:

«Бач, вочы якія! Разбойніцкія…»

Я быў здзіўлены, што такі асілак не бароніцца ад пана.

З таго разу я яшчэ бліжэй здружыўся з сынам чорнабародага — з маім равеснікам Тамашом. Кожны дзень, тоячыся

ад бацькі, насыпаў яму за пазуху самых лепшых яблыкаў. Хлопчык так прагна іх глытаў, што захварэў на крываўку. Праз дзеда Мірона я пераслаў свайму сябру «лякарства» — шабасавую пшанічную булачку.

Рупны дзед Мірон пачаў заўчас майстраваць для Тамаша труну на вялізным панскім дрывотніку. Я глядзеў, як ён распілоўвае маленькай пілкай тонкія шурпатыя драніцы. Буйныя слёзы ліліся з маіх вачэй. Дзед Мірон таропіўся паблеклым прыжмураным вокам у роўна парэзаныя драніцы. Часта, вохкаючы і ківаючы галавой, дзед браў мяне на вокамер. Я быў аднаго росту з яго паміраючым унукам…

Выжыў Тамаш. Я зноў даваў яму яблыкі, за што ён навучыў мяне наігрываць мелодыі на вялізнай піле бацькі — чорнабародага Язэпа.

Ужо як Тамаш вырас, ён налаўчыўся граць на гармоніку і скрыпцы. Ён граў на сялянскіх вяселлях полькі, кадрылі і маршы.

Ножыкі і пісталеты

Гэта быў адзіны выпадак, калі я праводзіў канікулы за некалькі кіламетраў ад дома, у садзе.

У такі вольны час бацька вучыў мяне граць на скрыпцы. Але мяне больш вабіла да сябе дзедава кузня, дзе перад веснавымі і восеньскімі святамі бываў у дзеда самы гарачы час працы — ураджай на яго полі. Гаспадыні прыносілі лудзіць і пачыняць разнастайную пасуду. Я ўжо ведаў усю дзедаву алхімію пры луджэнні. За дапамогу дзед дазваляў мне час ад часу займацца і «сваёй» работай. Я тады спецыялізаваўся на ножыках. Са старых кос выточваў лязо, з медзі рабіў тронкі з прыгожымі калечкамі для пояса. Сярод пастушкоў ваколіцы мае складныя ножыкі карысталіся вялікай славай. Такія ножыкі ў полі — о-го-го! Золата, а не ножыкі. За гэтыя ножыкі пастухі вучылі мяне плесці кашы з лазы, лапці. Яны адкрылі мне ўвесь навакольны свет на некалькі кіламетраў. Ад іх я даведаўся, дзе якія грыбы і ягады растуць. Разам з імі я хадзіў у арэхі, на рыбу з вудамі і сеткамі. Яны адкрылі мне ўсе сакрэты лугоў, балота і лесу. Ад іх я даведаўся, дзе якія птушкі гнёзды ўюць, назвы птушак, дрэў, траў, навакольных вёсак. Разам хадзілі ў яблыкі па чужых садах. Усю жывую геаграфію ваколіцы я, дзякуючы пастушкам, вывучыў на практыцы. Гэта былі вандроўкі ў прыродазнаўства, гульні на слаўнай волі. Пасля няволі ў хедэры, сяброўства з пастушкамі было для мяне нязведаным шчасцем.

Хлопцы навучылі мяне хадзіць на высокіх хадулях. Гэта мне вельмі спадабалася. Здавалася мне, што я велікан. Мы пераходзілі на хадулях рачулку. Таксама пераскоквалі праз яе пры дапамозе доўгага кія. Гімнастыцы, якой мне не даставала ў хедэры, я вучыўся ў пастушкоў.

На гумне аднаго з бацькоў гэтых пастушкоў рос магутны вілаваты дуб. На вышыні шасці метраў ад зямлі хлапчукі пабудавалі з старых драніц хатку. Не было таго дня, каб я не прыходзіў пасядзець у хатцы. Стаяць у ёй нельга было. Яна была ледзь большая за сабачую будку.

З вышыні разгортваўся шырокі краявід ваколіцы. Адкрываліся новыя дымчатыя далі, новыя гаі, новыя ўзгоркі і нізіны, далёкія хутары. Абодва пасадзецкія азёрцы выглядалі двума люстэркамі ў рамках ярка-зялёных аіраў, густога сітніку і альховых зараснікаў. Млыны нагадвалі скрынкі. Тракт і прасёлачныя дарогі былі падобны да вузенькіх істужак. Людзі і фурманкі выглядалі лялечнымі. З высокага дуба «свет» стаў куды большым. Ужо другі год як памёр стары Вышамірскі, выдатны выдумшчык паляўнічых казак. За гэты час яго дочкі — «паненкі» запусцілі гаспадарку. Пастушкі дабраліся да каляровых шыб яго альтанкі. Яны прынеслі ружовыя, сінія і чырвоныя «акуляры».

І мы, хлапчукі, глядзелі на «свет» праз каляровае шкло. Перад нашымі вачыма знаёмая ваколіца ператваралася ў казачны малюнак. Лясы, людзі, неба, азёры, жывёлы і птушкі набывалі новыя колеры — і гэта нас, дзяцей, захапляла.

Аднаго разу пастушок Прахор выпрасіў на дзень у рыбака Лук'янскага невялічкі човен. Мы з Прахорам узялі з сабою хлеба і паехалі на чаўне вузенькай рэчкай. Лясамі, лугамі і балотамі рэчка цягнулася на некалькі кіламетраў, пакуль не ўпадала ў сплаўную рэчку Слязанку.

Поделиться с друзьями: