У дрымучых лясах
Шрифт:
Колькі зайцоў і вавёрак мы напалохалі! На адной забалочанай паляне разгульвала стада буслоў. Яны палявалі на жаб. Мы затулюлюкалі, засвісталі, і буслы ўзляцелі ў неба. Ад быстрага палёту паветра рэзалася, нібы шоўк, выдавала своеасаблівае шастанне. Калі-нікалі апускаліся на паляну бусловыя пер'і.
Праязджаючы праз бор, мы натрапілі на высокі папаратнік, на зараслі багуноў і верасу, на непраходныя балоцістыя імхі з няспелымі чырвона-белымі журавінамі, якія нагадвалі гусіныя вочы. Тут жа чарнелі карчы-вываратні з фантастычнымі карэннямі, падобныя да страшных спрутоў або да невядомых звяроў. Стаялі дубы, расшчэпленыя зверху данізу перунамі, у расшчэлінах
Нямала мы тут напалохалі дзікіх качак, гусей. Кіламетры два мы плылі непраходным купчастым балотам, на якім раслі тоненькія бярозкі і бледныя асіны.
Пра гэтыя мясціны апавядаюць такую гісторыю. У пана Чапкоўскага здохла адна з яго пародзістых сучак. Засталіся маленькія шчаняты. Маладая сялянка Анэля толькі што нарадзіла хлопчыка. Пан Чапкоўскі загадаў ёй карміць сваім малаком асірацелых шчанят. Анэля не сцярпела такога здзеку, схапіла свайго хлопчыка, уцякла на балота і тут загінула.
Мы даплылі да Слязанкі. Тут цягнуліся паплавы. Высілася шмат стагоў сена. На зваротным шляху нам было цяжка спраўляцца з чаўном, бо трэба было ехаць супроць плыні. Рачулка была неглыбокая, і мы вёсламі ўпіраліся ў грунт. Мы плылі назад к млыну бадай да самага вечара.
Над рэчкай і лугамі вісеў белы, як вішнёвы цвет, туман. Дзесьці стагнала жаласлівым голасам птушка.
З намі ад млына ішла бабуля Ева. Яна збірала ў бары лекавыя травы. Зусім сцямнела. Аб маю белую шапку біліся крыллямі кажаны, і мне было непрыемна. У альховых кустах ля возера стагнала птушка.
Бабуля Ева расказала пра птушку цікавую гісторыю.
Жыў-быў адзін люты пан. Прыгонныя працавалі на яго круглыя суткі. Кожны дзень пан загадваў склікаць мужыкоў на стайню і біць. Гэта за тое, што яны кепска працавалі. На паншчыну выганялі і старых і малых. Дома пакідалі толькі грудных малютак. Яны вечна плакалі ад голаду. Прыганятыя адпускалі матак да маленькіх дзяцей толькі раз на дзень.
Аднаго разу загарэлася вёска. Пакуль сяляне прыйшлі дамоў з паншчыны, ад хат засталіся галавешкі і печы. Згарэлі і малыя дзеці. Так думалі бацькі. Але дзеці не згарэлі. Яны перакінуліся ў птушак і ўзвіліся ў сіняе неба.
Людзі ўзбунтаваліся. Напалі на маёнтак. Забілі паноў і спалілі палац. Прываліла тады царскае войска, перабіла людзей да апошняга чалавека і кінула іх у лес ваўкам на пачастунак. З таго часу іхнія малюткі, што перакінуліся ў птушак, шукаюць па лясах і балотах сваіх забітых бацькоў. Яны жаласліва плачуць, стогнуць, моляць:
— Баць-кі-і-і… Баць-кі-і-і… Баць-кі-і-і…
Бедныя птушачкі.
Чым жа яшчэ, апрача ножыкаў, узрадаваць маіх новых сяброў?
Пабачыўшы аднаго разу ў хлопчыка, сына карчмара, дзіцячы «пугач», я задумаў новую, вельмі цікавую справу — пісталеты. Матэрыялу для такой вытворчасці было ў дзедавай кузні нямала: тонкія жалезныя трубкі для рулек, сталёвы дрот са старых парасонаў для пружын і кавалкі металу для розных дэталей. Я распрацаваў праект пісталеціка і зрабіў адзін для спробы. Я набіваў у рульку порах і страляў дзіцячым папяровым патронам. Ручку зрабіў з дубовага сука.
Пастухі былі ў захапленні ад работы.
У дзедавай кузні, употайку ад дзеда, я адкрыў фабрыку пісталетаў. Пастушкі даставалі дубовыя сукі для ручак. Агульнымі сродкамі мы здабывалі порах, папяровыя пістоны. Я парэзаў дзедавыя трубкі на рулькі, прыварваў да рулек жалезныя донцы, прасвідроўваў у іх дзірачкі для праходу агню ад пістона ў парахавы набой, выпільваў усе металічныя часткі, з дроту рабіў маленькія шомпалкі, драўляныя ручкі фарбаваў і
аздабляў меддзю — і пастушкі дзіву даваліся майму майстэрству.Пісталеты стралялі, як сапраўдныя стрэльбы. У гэтым быў галоўны эфект. Мы наладжвалі ў лесе стрэльбішчы. Скончылася гэта даволі сумна. У аднаго пастушка разарвалася рулька, і ўвесь порах папаў яму ў твар. Ён ледзь не аслеп. Яго павезлі к доктару.
Ад вялікага страху я ўцёк у вёску Дунаі да дзядзькі Мордха-Лейбы і цёткі Бейлі. Дзядзька пасадзіў мяне за стол і загадаў чытаць Псалтыр. Я быў на гэты раз паслухмяны і набожны. Абяцаўся Богу, што калі ён выратуе мяне ад пакарання за пісталеты, дык з першага скарбу, што я знайду, кіну рубель у святую скарбонку рэбэ Меера-цудадзея. Такая скарбонка вісела ў дзедавай хаце над дзвярмі.
Адным махам я прачытаў ледзь не паў-Псалтыра. Потым я ўспомніў адну цікавую гісторыю пра дзядзьку, але колькі я ні прасіў яго расказаць, ён аднекваўся. Ціхенька на вуха мне гэтую гісторыю расказала цётка, калі дзядзька лёг спаць.
Гладыш
Гэта было праз два гады пасля таго, як дзядзька пабраўся з цёткай. Пасагу было сорак рублёў. За гэтыя грошы дзядзька купіў у Дунаёўскай пані старую хатку і астаўся жыць у вёсцы. Два гады пакутаваў. Малочныя прадукты ад каровы ён насіў у Пасадзец прадаваць камісіянерам і за выручаныя грошы купляў хлеб. Жыць было вельмі цяжка. Дзядзька апусціўся. Увесь падворак каля хаты выглядаў сметнікам. Тут валяліся старыя, паламаныя гаршкі, бутэлькі, ляжаў агідны гладыш, аплецены бяростай і вымазаны дзёгцем. Спачатку гладыш валяўся ля самых дзвярэй і так намазоліў дзядзьку вочы, што ўзлаваны дзядзька адкінуў яго да плота, дзе буяе крапіва і палын. Гладыш быў цяжкі: напханы зямлёй.
Ад няма чаго рабіць дзядзька дыбаў па падворку туды і сюды ды ўсё думаў:
— Каб меў сто рублёў, купіў бы яшчэ некалькі кароў, завёў бы малочную гаспадарку, сыр і масла прадаваў бы камісіянерам на Менск і жыў бы па-гаспадарску.
Пры гэтым дзядзька Мордха-Лейб самога сябе выкпіваў:
— Каб ды каб… Глупства лезе ў галаву. Дзе ўжо нашаму брату жыць па-людску!..
Але дурныя мары неадчэпна лезлі ў галаву. Дзядзька не раз сніў, што нейкі незнаёмы добры чалавек даў яму сто рублёў і сказаў:
— Жыві!
Дзядзька апавядаў аб гэтым цётцы, і абодва смяяліся. Смех быў горкі, бо ў іх ужо нарадзіўся маленькі хлапчук, Мэндалька — бхор — пяршынка. Патрэбна кашулька, коўдрачка, а далей — шапачка, штонікі, чаравічкі і ўсёўсё. А гэта каштуе не толькі залатоўкі, а рублі. Ад адной Рабулькі (так звалася карова) шмат грошай не нацыркаеш. І дзядзька з цёткай думалі аб адным:
«Што рабіць?»
А тут вясна, лагодная і сардэчная… Птушкі пяюць… Неба чыстае, бы шкло… Вясковыя п'юць бярозавы сок… Ажылі лясы. Вось-вось распусціцца чаромха. Яна так добра пахне… Тым часам у дзядзькі няма дзе і цыбулю пасадзіць — падворак, засмечаны да таго, што крый Божа!
І пайшоў дзядзька ачышчаць падворак пад гарод. Лапатай да поту напрацаваўся. І зноў гэты паскудны гладыш вока мазоліць.
Як раззлуецца дзядзька, як кінецца з жалезнай рыдлёўкай на гладыш, нібы на лютага звера. Можна было падумаць, што ў гладышы ўсё дзядзькава няшчасце жыве. Гакнуў рыдлёўкай па гладышы раз і два і тры! «Ах ты, гад!» — крычаў на яго дзядзька.
Цётка пачула яго разгневаны крык і выскачыла на двор. Глядзіць, аж дзядзька сядзіць на зямлі, раскінуўшы полы доўгай капоты над разбітым гладышом, узняў галаву ў чорнай ярмолцы, высалапіў непрытомныя вочы, балмоча і кудахча: