Вада ў рэшаце
Шрифт:
— Я, знаеце, дзецям хацеў, дык можа прыгажэйшых выбралі б.
— Адразу казалі б, што дзецям. Дзецям гнілога нельга, — паясніла і замяніла іншым, як потым выявілася, таксама гнілым, толькі з другога боку.
За гарэлкаю стаяла ўсяго толькі трое. Тут хутка.
— Дайце мне, калі ласка, „Жытнёўкі" бутэльку, — кладу на прылавак тысячу.
Прадаўшчыца, быццам бы здзіўленая, што ад яе нечага хочуць, паставіла паўлітроўку і кінула рэшту, а сама абаперлася аб сцяну ды мутным зрокам спазірала на касу. Падзякаваўшы, згарнуў я рэшту і ўжо намерваўся адыходзіць, як:
— Чаго не за
— Чаму гэта не за сваё? — пытаю здзіўлены.
— Там пяцьдзееят злоты не вашых. Сваё трэба браць! Папрывыкалі! Калі піць хочацца, дык за сваё, а не за чужое.
— Я ж не лічыў, — кажу. — Тое, што вы далі, тое і ўзяў, — паясняю.
— Тыя пяцьдзесят адвернутыя другім бокам ляжалі, — пасылае ў мой адрас. — Брыдка! Ведаеце, як такіх называюць?...
— Але ж я... — пробую выясняць.
— Добра, добра! Ведаем гэтакіх, — і пачала нечага шукаць пад прылаўкам.
Дома жонка сустрэла і ад парога пачала:
— А дзе вяндліна? Хлеб дзе? Масла ж не купіў! Нябось, пра гарэлку не забыўся!
Тут мяне ўжо панесла:
— Не казала! — гавару. — Выдумляеш! Не скажаш, а потым чапляешся! — крычу і сам пачынаю верыць у тое, што крычу.
А што? Зараз усяго можна навучыцца.
ЖНІЎНАЯ НАРАДА
Скварыць ліпеньскае сонца. У пакоі дырэктара ПГР-у сядзіць чатырох. Гарачая жніўная размова. Сорак гектараў жыта чакае касы.
— Юзэк! Пакліч бухгалтаршу!
— Каго? Марыську? Няма яе.
— Няма? А што, вольны дзень узяла?
— Не, яна будзе. У дзесяць-адзінаццаць. Будзе, напэўна будзе. Карову пайшла ў поле даіць.
— А ты, Янэк, не дурэй! Ну што ты? Жніво ідзе, а галоўны механік водпуск бярэ!
— Слухай, Франак, мушу! Ядзьцы трэба дапамагчы. Гжэся забралі ў рэзерву, невядома на колькі месяцаў, а сястра там сама. Хто ёй выкасіць? Паеду, у СКРы трактара выпрашу.
— Усё яно так. А што, калі тут нешта паломіцца? Столькі ж жыта стаіць... Сяляне сваё ўжо канчаюць.
— Што там паломіцца? Нічога не будзе!
— Ну, так! Але калі жаць пачынаем? Сёння чацвер...
Безупынна, халера, гэтыя сходы. Пераджніўная кампанія ідзе — учора ў ваяводстве, заўтра ў раёне, там зноў вольная субота, нядзеля, а ў панядзелак пасяджэнне у гміне.
— Значыць, у гэтым тыдні не пачнем?
— Што ты? Каб хаця ў палове наступнага.
— А сёння?
— Зараз ужо поўдзень. Калі ж тут?
— Уффф! Але гарачынь! Крама адкрытая, не ведаеце?
— Так. I шафёр наш на месцы.
— Дык што? Хай мо пад'едзе?
— Ну, то давайце. Я там у кішэні нешта павінен мець, калі жонка не выцягнула.
— Добра! Калі штосьці, дык залажу.
Праз хвіліну запрацаваў матор і машына выехала за браму.
СТАРГАВАЛІ
На ўзгорку пад трыянгулянцыйнаю вежаю нехта ляжаў. Васіль яго ўбачыў, яшчэ едучы перачапляць цялят. Вяртаецца назад — той ляжыць, як ляжаў.
— Каму ж гэта хочацца ў такую спёку? П'яны, а мо занядужаў? — разважаў ён сам з сабою.
I, доўга
не думаючы, павярнуў свой веласіпед ды паехаў туды, дзе нехта ляжаў.Незнаёмы, абапёршыся на руку, ляжаў на баку і задуменца жаваў свежую травінку.
— Не лепш у цяньку? — запытаў Васіль.
— Што пячэ, то пячэ — гэта праўда.
— Побач жа лес, — пераконваў.
— Яно так, але баюся, што прагледжуся. Старгавалі мы тут з адным, — незнаёмы пастукаў па жэрдзіне вежы, — і ён паехаў па грошы. Але ўжо гадзін дзве, як не вяртаецца, а тут людзі што і раз пра цану пытаюць. Ведаць што не прыедзе, дык іншаму прадаў бы.
— Вось гэтую? — стукнуў нагою Васіль па зусім здаровым яшчэ слупе.
— Ыгмы. Ужо апошняя. Тры іх на продаж было.
— Хіба што толькі на дровы? — узіраўся на вежу Васіль.
— Хыхых... Яшчэ і праслы да плоту паробіш і гадоў дзесяць прастаіць. Смаляное, змазучанае. Адзін там такую купіў, што ўжо падала, дык яшчэ слупы пад вяту парабіў. А гэтая? Го-го..., — схапіў ён абедзвіма рукамі за жэрдзіну і страсянуў яе каб паказаць якая моцная.
— I колькі просіш?
— А! Як з цябе, то хай будзе роўна пяць. Сустрэнемся калі дык барыш вып'ем. А той як прыедзе, ну то чорт з ім! Колькі ж яго чакаць? Ну, што? Ад рукі? Калі хочаш, тады можам праз гміну. Мне ўсё роўна. Але там і сабе пацягнуць, і ахвотных знойдзецца — не толькі ты адзін. А так скажу, што прадаў і ўсё. Як сабе хочаш.
— Ад рукі! — і Васіль палез за кашальком. — Думаў, што па дарозе да каваля заеду, але з ім заўтра разлічуся.
— Тфу-тфу-тфу! — згодна са старым звычаем папляваў незнаёмы на грошы. — Прыязджай і рэж хаця б вечарам.
Развіталіся ў шчырасці і ў падзяках.
Было ўжо цёмна, калі Васіль прывёз на панадворак апошнія жэрдзіны. А назаўтра, пасля поўдня, прыехала міліцыя.
НАПАД
Проста з працы па зарплаце Франка пайшла да кумы. Слова па слове і засядзелася.
— Дык гэта ўжо дзесяць? — схапілася. — Бягу, мілая! Бягу! Праз цэлую Навоткі і аж на Звежынецкую.
Пакуль развіталіся, дык ужо і палова адзінаццаці. Яно нібы не так і позна, але на вуліцы было пуста. Дайшоўшы да парку, Франка раптам успомніла, што забыла зайсці ў туалет. Дзве кавы, чай і каньяк рабілі сваё. А да хаты яшчэ больш як палова дарогі.
Парк здаваўся пустым і ціхім. Франка, было, ужо ступіла, але ж не, няёмка неяк. І тут яна пазайздросціла мужчынам. Патрэба аднак была мацнейшая. Паўзіралася па баках ці нікога няма, прысела яна пад куст і пачала аблягчацца, як тут:
— Умыыым... Ааааа... I драп яе нешта.
Франка хўтчэй што трэба на сябе і на вуліцу ды ў крык: — Гвалцяць! Рабуюць! Гвалцяць!
— Абакралі! — крычала яна ў прыадкрытае акенца міліцыйнай машыны, што спынілася на ўсё гэтае. — Сумку з грашыма забралі! Цэлая зарплата! Роўна дзесяць тысяч, — і тут расплакалася.
— Але памалу. Дзе гэта было? — высеў міліцыянер з машыны.
— Тут! У кустах! Хутчэй, то злапаеце!
— Даўно?
— Толькі што!
Сказаўшы нешта таму што ў машыне, міліцыянер пайшоў за Франкаю. Ішла яна хутка, дробныма крочкамі і ўсё трайкатала.