Вада ў рэшаце
Шрифт:
ТЭЛЕПАТЫЯ
Цягнік нечакана затармаэіў. Прабудзіліся. Нехта сапсаваў паветра. Нехта..? У купэ было іх толькі двое. Стала няёмка. Глянулі, збянтэжаныя, адзін на другога.
— Ён думае, што гэта я, несумненна гэтак думае, — лезла ў галаву першаму.
— Ён упэўнены, што гэта мая работа. Так, бо чаго ж бы гэтак спаглядаў на мяне, — думаў другі.
Прыўзняўся і прыадкрыў дзверы.
— Так, ён не толькі думае, але і ўпэўнены. Чаго ж бы дэманстрацыйна дзверы адкрываў. Блыха. Аблезлая. Віну ад сябе адвесці
Выняў і закурыў цыгарку. — Ага, сказаць не адважыцца, дык намёкамі. Ух ты, заморышу! Бачыш, ціхую напасць весці ўздумаў. Такія найгоршыя! З-пад цішка толькі. Такі і ўкрасці можа.
Выняў насоўку і голасна высмаркаўся.
— О! Ужо нібы сморкаць яму захацелася! Зразумець дае, бочка лупатая. Інтэлігенцікам прыкідваецца. Думае, як у касцюмчыку і гальштуку пад распасеным рылам дык усё можна. А сам можа і зладзюга, і жонку можа дома б'е. Бедная жанчына... Абмывае гніду, корміць, а ён здзекваецца над няшчаснай. Францік лысы, — кашлянуў.
— За горла яго ўжо нібы душыць?! Сухотнік! Кашляй, кашляй — дакашляешся. Цягаюцца, во, такія ноччу, што сумленнаму чалавеку спакойна праехаць не дадуць. Сядзі і чакай, калі нечым садане. Каб так міліцыя, здаецца, пратрасла, то нябось, усё бы выспеваў. Не адзін напэўна грашок на душы мае. Маці толькі шкада. Гадуе такога, цешыцца, што радасць ды палёгка на старыя гады будзе, а ён за ласку, за дабрату ў магілу яе прадучасна загоніць, — фуркнуў і выйшаў на калідор.
— А ідзі, каб ты не вярнуўся! Распасся чужым коштам і думае, што ўсе такія як ён. Чэснага чалавека з сабой, брыда, раўняць будзе.
На калідоры паявіўся кандуктар.
— Штраф заплаціць прыдзецца, гэта ж першы клас, — звярнуўся да таго, што стаяў. — О і вы таксама, — глянуў на білет. сядзеўшага ў купэ. — Чытаць не ўмееце?
— Але ж пане...
— Калі не маеце, дык крэдытны, — і выняў штрафачны блакнот.
— О, з такім выжыць...! — загаварылі ўраз за адышоўшым кандуктарам ды глянулі адзін на другога.
ПАПУЛЯРНАСЦЬ
Чарга. Прымем, што за апельсінамі. Стаіць адзін, а каля яго знаёмых трох круціцца. Тыя тады як грыбы вырастаюць. Табе здаецца, што ўпершыню іх бачыш, а яны цябе, нябось, ведаюць, ад галавы да ног ведаюць. Не мінуць, падыдуць, прывітаюцца. Асабліва, калі ты недалёка прылаўка стаіш. Стаіш гэтак і раптам:
— Маё вітанне! То як там на сваім жывецца? Абсталяваліся ўжо? Нічога, памаленьку. Важна не спяшацца, каб толькі з густам. Добра, што кватэра ёсць. Я знаю, што такое чакаць. Усім спачуваю, — ляпеча і не думае адыходзіць. — А я там каля вас жыву. Зайшлі б калі, пасядзелі, — запрашае, не падаючы адрасу. — Вы таксама за апельсінчыкамі? — Я сам за імі не гіну, але малышы. Мне не многа, кілаграмчыкаў тры хаця б...
I засыпле цябе такой колькасцю салодзенькіх слоў, што забудзешся аб тым, што ўпершыню яго бачыш. Пакуль апамятаешся і раздзявіш рот, каб выясніць гэтае непаразуменне, „знаёмы" ўжо перад табою стаіць, а побач другі міргае вачыма і лапоча.
— Я вас адразу пазнала. Кропелька ў кропельку да свайго брата падобны. А яго я добра знаю. З маёй Ядвісяю ў адным класе
вучацца. Нават на здымачку разам сядзяць. Ядвіся так яго хваліць, такі добры хлопец. Іншыя, то ведаеце..., — махае рукою. — I пра вас Ядвіся часта ўспамінае. Сына прыгожага маеце.I пачне так камплеменціць, так шчабятаць, абы ты толькі не апамятаўся. Але дзе тут да гэтага, калі „знаёмыя" так і лезуць. Яшчэ чаго добрага, то і цябе з чаргі выпхнуць. Дакажы тады, што стаяў.
— А я тут перад вамі стаяла, — чуецца зноў міленькіі галасок.
—???, — паціскаю толькі плячыма.
— Стаяла, стаяла! Не памятаеце? Мяне не памятаеце? Мы ж пазаўчора ў кіно побач сядзелі. Я вас добра запамятала. Ведаеце, гэты фільм дасканалы. Тэма якая шырокая...
А кажуць безкультур'е па народзе пайшло, чалавек чалавека не пазнае.
ШКОЛА ВЕТЛІВАСЦІ
— Кілаграм яблык, вяндліна, гарэлка, масла, хлеб, — паўтараю жончын заказ, і раптам:
— Колькі зараз гадзін, — спыняе нейкая незнаёмая, а сама неспакойна тупае дробнымі крочкамі — спяшае і не ведае ці спяшаецца.
— Заараззз... — гляджу на гадзіннік, — пятнаццаць пасля васьмі, — складваю твар у лёгкую ветлівую ўсмешку.
— Колькі, колькі? — нервова стае перада мною.
— Пятнаццаць пасля васьмі, — наводжу на твар сур'ёзнасць. Не кожнаму ж усмешкі да спадобы.
— Коолькііі??? Пятнаццаць пасля васьмі? — і падцягвае рукаў плашча, адсланяючы свой гадзіннік. — Пятнаццаць пасля васьмі!
Да гадзіншчыка аддайце! Можа так без пятнаццаці, — і сунула мне пад нос ручку са сваім загранічным гадзіннікам. — Я ж думаю, заўсёды іду на восем да працы і ніколі яшчэ не спазнілася, а тут — „пятнаццаць пасля васьмі". Жарты рабіць уздумаў. Не са мною, знаю такіх, што ўсміхаюцца. Брыдка! Ой, брыдка!
Ля ларка з фруктамі стаяла чалавек пятнаццаць. Жонка сказала — ставаць трэба. Інакш навальніца дома. Заняў я месца за апошнім і чакаю. Людзі пагаворваюць, што нібы вінаград прывезлі.
— Эээ! Без чаргі там не прапускаць! — пачалося.
— Я ж без нагі, з кійком. Бачыце! — пачуўся старэчы жаночы голас.
— Добра, добра! Ведаем! То без нагі, то рэнцісты! —. адгукнуўся нехта новы.
— Не хочацца стаяць, дык няма чаго і на вінаград лапкі пасці!
— Інвалід жа яна, — бараніў бабулю нейкі мужчына. — Не бачыце, ці што?
— Ну і што? А я можа таксама хворая, можа са шпіталя іду, — крычала нейкая тоўстая.
— Так рана яшчэ не выпісваюць, — рагатнуў нехта.
— А гэтая во цяжарная і стаіць, — тыцнула „хворая" на стаяўшую перад ёй жанчыну.
— А ёй вітамін больш чым каму патрэбны.
— Дык хай не стаіць. Мае права без чаргі.
— I пэўна, што не мусіць. Ідзіце, ідзіце, — пачала выпіхаць цяжарную. — Усе бессаромна без чаргі пхаюцца, а вы стаіце. Ідзіце ж, належыцца вам.
— Ды не. Ніякавата. Не люблю я гэтак, — замялася цяжарная.
— Не, то не! Гаворыш як добра, то яшчэ гонарам носіцца. Ганарыстая! — закончыла свае парады „хворая".
Падышла чарга. Прадаўшчыца яблыка па яблыку дакладае да кілаграма.
— Але тут, во, адно гнілое, — паказваю.