Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вершы

Жилка Владимир Адамович

Шрифт:

1924

Экспрэс

Едуць, едуць паязджане.

Я. Купала
«Маладняку» да 3-х угодкаў яго існавання
Сёламі, доламі, борам, прасторам Стукаты, грукаты, звон. Збуджаны, знуджаны, змораны горам, Зможаны змора і сон. Скогатам, рогатам рэжа паветра. Супраць карагі, ламы… Бурнасцю ветра з панурага нетра, — Хто гэта? Хто гэта? — Мы! Ад спанку, з паўстанку мы рушыма ранкам, Выраю высіцца зык. Рэха, грымоты, разводдзе-заранка, Наш бліскавіца-цягнік. Мінуты міма жальба і жалоба, Жорсткае джала жалю. Радасць буялая, радасць-аздоба Зяблую зябіць зямлю. Верыма, верым вясёлаю верай, Лёсам даверана нам: Шлях нам — бясконцы, нямераны мерай, Шлях нам заказаных брам. Мкнем напярэсціг, навысціг удалей, Вечнасці наперарэз… У далі ўсё далей і далей для далей Рушыць
і крышыць экспрэс.

1925

Вершы аб Вільні

І

Калі сябры нас гудзяць згубаю І ворагі прарочаць скон, — Тады к Табе, о Вільня любая, Прыводзяць згадкі у палон. Ў маіх лятунках ты — ўладарная, Пануеш ты, харашыня: Завулкаў сон і ціш кляштарная, Віллі празрыстай глыбіня; Вялікай вуліцы экзотыка, Тэатры, кіно, шпіталі: І маліцвенна ўзносіць готыка Да неба тонкія шпілі; Святая Ганна — спеў, напеўнасцю Салодка ўзрушаны ўсягды; А поруч з бізантыйскай пэўнасцю Царква прысела ля вады; Увечар за гарой трохкрыжнаю Палае захаду пажар, Як знак, што веліччу аблыжнаю Яна не выкліча ахвяр; І плюск Вілейкі, хвалі ветрыка Люляюць Бернардынскі сад; І мільгаціць праз ноч электрыка Ў зацёмкаў мескіх шалы чад; Плыве па вулках пыха панская, Распуста, блуднасць і мана; І ярасць жорсткая, паганская Бліскае ў вочах літвіна. У жыдоўскім гета дробязь, клопаты І аб Сіёне сны ў туман, І гэткі ж сум, і тыя ж допыты Вядуць таполі базыльян. А там, па-над мурамі даўнымі, Дзе места ўсенькае відно, Руіна думамі дзяржаўнымі Гадае нам: чыё яно? Але ўжо лёс рукой няўхільнаю Загад вызначвае з вякоў: Усё магутней б'е пад Вільняю Прыбой нямоўкнучы з палёў… Ўсё пераможней нестрыманае Стыхіі шум і бурны круг… О, места роднае, каханае, Цябе залье крывіцкі рух!

ІІ

О, Вільня, крывіцкая Мекка! О, места, — ўсё цуд, хараство! Дзяржаўная думнасць павекаў, Узнята рашуча брыво! Абліччам пад ветры і буры, Туды — у разлогі палёў, Дзе гоняў рунелыя суры, Ўзіраешся, поўная сноў. Чытай жа, чытай жа праз цемень, Праз гэты бяздолля туман, — Там дзеці жаданнем, бы крэмень, Кляліся на новы каран. Там дзеці (твае яны дзеці!) З-пад слепых, закураных хат… Вітай жа — ў часы ліхалецця Змагарскі іх блішча пагляд. Ім кажуць прапасці са свету, Ў парожнасць рассеяцца, ў дым; Ды думкай, бы выш мінарэту, Стаяць яны ў ветрыску злым. Ім доля дала паніжэнне, Ды Бога крым Бога няма; І Бог іх адзін — вызваленне, І зненавісць іх да ярма. Руіна замчышча — Кааба — Ім прошча ўздыханняў і дум. Салодкіх лятункаў — прываба, Ў сваім запусценні — іх сум. У крыўдзе і горы пякельным Пагудкі, як клічы адны, Чакаюць наўкол непадзельна, Каб рушыць разводдзем вясны. Ўжо ў песнях звініць перамога І крокамі курыцца шлях… Але ці там чуеш святога? Ці вее прарокавы сцяг? А ён, паганяты, няўзнаны, Душой шчэ згарае між нас, — Хоць месяц мінуў Рамадана, І вызначан тэрмін і час. Ці сэрца гартуе да чыну? Ці ў модлах да Бога свайго? Між тых, хто ўцяклі да Медыны, Ці бачыш, ці бачыш яго? І ты ці чакаеш пад здзекам, Што бомкне ўрачыстая медзь? О, Вільня, крывіцкая Мекка! Ці варта прарока ты стрэць?

1925

«Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…»

Наш лёс, бы кат з рукой забойнай. Бязлітасней рука каго? Ды ўмее вой адзін спакойна, Без роспачы прыняць яго. І ўмее вой цвёрдакаленна Ўстаяць перад навалай злой І ўсё губляючы, нязменна, Данесці абавязак свой. Губляць жа болей немагчыма І зносіць болей немага: Народ, Свабода і Радзіма, — На ўсё прыйшла адна чарга. Найдаражэйшае, святое — Ўсё, чым натхнялася душа, Чужою збэшчана рукою, Сваволяй скута палаша. Але пад лобам хмурым гэтым, У гэтай думнай галаве Імкненне да апошняй мэты Непераможнае жыве. Непераможнай волі шалам, Перамагаючым і лёс, Звініць душа з былым запалам, Звініць без сумніву і слёз. І покі пруткі шчэ цягніцы, І покі ў жылах точыць кроў, — Ніхто не ўбачыць голаў ніцы, Пакорлівых не ўчуе слоў. І покі сэрца поўна гневам, І гнеў драпежней крумкача, — Вітаю бой ваяцкім спевам І звонам вострага мяча. Калі ж нараз ад лучнай раны Звалюся, сходзячы крывёй, І вораг, перамогай п'яны, Накпіць нягожа нада мной, — Я і тады здалею гарда Стрымаць гадзін апошніх золь, Мая нянавісць і пагарда Не ўдасць, не здрадзіць люты боль.

1925

Летні

вечар

Дзень хустачкай чырвонай захаду выцер пот. Дзень утаміўся і ў клунак змроку Звязаў неспакой, клапоты І пазяхнуў ветрам — лёгка, летункова. Сутунелым крылом Туліцца к вёсцы ціша І пахціць скошаным сенам І кароўім сырадоем. Зараз прыйдзе Матка-Ноч, Добрая, такая пяшчотная, Пакрые коўдзеркай-цемнатой, Заплюшчыць дню вочы: «Спі, натомлены!»

1925

Восень («О хараство асенніх дзён празрыстых…»)

О хараство асенніх дзён празрыстых, Бязгутарнасць прыроды і спакой. Ўрачыста полем з пушчаў залацістых Прыйшла туга і пала над вадой. А там застыла яснасць даляў чыстых Над цёмнай рунню й чорнай цаліной, І холад лёгкі ў косах прамяністых Разліла сонца хваляй нежывой. Наўкол сляды павольнага канання І веліч нетутэйшага маўчання. Прымаю корна сон зямлі азурны. І летуціцца сцішанай душы Такі ж спакой, халодны і бязбурны, І адцвітанне яснае ў цішы.

1925

Гекзаметры

*
Смутак пахмуры чала не замрочыць спакушаных, мудрых, Цяжкі панурасці грэх не зачэпіць ніколі разважных, І абурэнне іх дух з раўнавагі не выведзе раптам — Дзева Палада спакой іх і ціхую яснасць вартуе.
*
Сябра, зірні — вось палёў хараство праміне і загіне, Але вясёлай вясной красаванне іх поўна і светла. Можа, таму ты й жадаеш быць толькі малюсенькай кветкай, Польнай сцяблінкай слабой, каб пражыць беспасрэдна і проста.
*
Звозячы ўвосень плады, што паспелі на дрэве і ў полі, У тайны прыроды ўнікаючы, я памятаю няўхільна — Яркіх маланак агні і грымотаў працяглыя гукі, Рэху, ўздыханні зямлі, ім адгучную гулка і згодна, І дабрадзейных зямельцы дажджоў, навальніцы і бачу Мудрасць у гэтых праявах, у гэтым суладдзі адвечным.

1925

Пентаметры

Келіхі, сябры, паўней! Асыпаюцца яблыняў кветы, Гіне вясны хараство — бела-ружовы убор, Дзеці ўздыхаюць па ім, але мудрага яснасць няўзрушна; Там, дзе распукваўся квет, к восені выспее плод. Келіхі, сябры, паўней! Час прызначаны кожнай праяве: Моладасць прочкі імкне. Сталасці прыйдзе чарга!

1925

Virelai

Я бачыў сум ваш і жалобу, Ды сэрцу шкода не было. Вачэй былі магутней чары І хараство святлей на твары. Тугу прымаю, як аздобу, Мадонны ўбраўшую чало. Я бачыў сум ваш і жалобу, Ды сэрцу шкода не было.

1925

«Божа, не шмат засталося…»

Божа, не шмат засталося Піць мне з келіху дзён. Восень, як жменю калосся, Скосіць жыцця майго сон. Скосіць халодна, дазвання, Ў сэрцы насмешлівы здзек: Сумна тваё адцвітанне, Квеце зямлі, чалавек! Вось і згарэў даастатку Ў вогнішчы горкім жыцця, — Ўсё ж навакола — загадка, Чым жа пацешуся я? Цёмна светабудова, Мгліста і глуха за мной. Не чуўшы сапраўднага слова, Польнай хілюся травой.

1925

«О, гэта аповесць звычайна й каротка…»

О, гэта аповесць звычайна й каротка Аб долі жахлівага зместу. Спавіла, залюляла салодка І выйшла на места. Дзіцятка? Хто вінны? — ды згадваць дарэмна, Клясьці — яшчэ марней. На вуліцы ночнай і дрэмнай Спынілася, жджэ пад ліхтарняй. Ў свядомасці горкай — гарчэйшая згадка, І вочы блішчаць нехароша: Выгналі з фабрыкі матку — Ўбогім кахацца раскоша. Бяздушны муры, і сірэнаў пагудка, Дражняць убранні багатых. Навошта ж спынілася тутка, Ці не крыўду сваю прынясла ты? Спяшаюцца людзі, у кожнага дзела. — Чаго ж ты чакаеш, жанчына? — Змяняць сваё цела На хлеб для сябе і для сына…

1925

Вершы спадзявання

I

Ля ног тваіх маўчаць трывогі І думкі маліцвенна-строгі, Як мнішкі белыя гурбой Ў цішы пуціны лесавой, О, соладка ля ног тваіх, У плашч чароўнасці адзеты, Схіляюцца красою кветы. І вецер сіверны заціх. Бязбурны дзень — вачэй затокі, Яны празрысты і глыбокі, І ясны, як вясны палон, Іх лёгкі, ціхамірны сон. Мне люба сніць (бязбурны дні!) Аб шчасці гэткім квола-крохкім І веславаць лятункам лёгкім Па крышталёвай глыбіні. О мармур светлага чала Пад пасмамі глухой завеі! О тонкіх рук, о рук лілеі, Што не чынілі справы зла! О хараство зялёнай пальмы! Ты ўся звініш напевам псальмы, І росных траваў родны пах Кадзіць на твой азурны шлях! Якая слабасць і спакой, Якая дзіўная суточнасць — У свет нясці адну пяшчотнасць І ўсё змагаць адною ёй. А мне маліць — мая Марыя, Прымі малітвы маладыя І яснасцю душы тваёй Маю пахмурую напой.
Поделиться с друзьями: