Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вершы

Жилка Владимир Адамович

Шрифт:

II

Як магло бы дзяўчо без люстэрка Кволых вёснаў пазнаць хараство? Што было б к параўнанню ёй мерка І прыбрацца было б якаво? Ці Нарцыс ганарыўся б з уроды, Ці дазнаўся б ўладарства свайго, Каб не светлыя ціхія воды, Што адбілі ў глыбінях яго? І струна, каб не роднае рэха, Каб не гэты ўзрушаючы гук, Ці дрыжала б салодкай уцехай, Ці гаіла б нястрыманасць мук? І ад багны, ад рудага зрэб'я Ці лілея б цягнулася ўвыш, Каб не сонца прыветнае ў небе, Не святло яго ў зяблую ціш? І куды б мае думкі ляцелі, І над ставам схілялісь якім? Што пазнаў бы ў нябесным касцеле, Каб не ўверыўся песням тваім? О, чароўнасць! О, сонца! О, Шэлі! О, ні з кім не зраўнаны, ні з кім!

1923–1925

Альбігоец

Прыйшоў ка мне той, раскрыжованы, здань, Што сном несмяротнасці мучыць стагоддзі, Быў твар яго ясны, як летняя рань, І
йшоў ён, як дзень светлакосы прыходзе.
Пастукаў: «Каханнем сваім надары!» Ды толькі стрывожыў у сэрцы дакуку. Штурхнуў я праклёнам яго па твары І высыпаў лаянку ў руку. «Ізноў ты гукаеш? Манюка, ізноў?! Ды маем тваіх абяцанак даволі. Збавенне суліў ты, збавенне людзёў, А ў нас, як адвеку, пакута і болі. Пакінь, не дратуй мяне! Ў чорнай душы Нянавісці келіх хвалюе няўпынны. Ты зло — дабрадзейнасць маю — не глушы! Хвалюся — я дрэнны, я злосны, злачынны! Высокае праўды й збавення твайго Дарожай зямля мне з грахом і аблудай. І шчасней ад раю і ўцехаў яго Мне ночы з апошняй паскудай. Мой востры за працай не хібіць штылет, І, славай крывавай, разбойствам вядомы, Я ўсенькае нішчу, дзе толькі твой след, І чыну свайго я свядомы! Паслухай! Святое у справах тваіх Даводзіць мой сум, маё гора к адчаю. Дарэмныя ружы ад ранаў святых, Дарэмны твой шлях крыжавы — пагарджаю! Якая пацеха — другое жыццё? Пацеха нябескай заплатай даброты?.. Як смерць, неадлучна мае пачуццё, Мой рогат з авечае цноты. Не хочу нябёсаў!.. Людскога ты — кат! Ў цябе мая ярасць і злосці каменні, Я — багна, смурод; я поўзаю — гад, — Цябе ж праклінаю ў маім паніжэнні! А можа, блюзнерства даруеш? А мо?.. Ты, поўны пакоры, кахання без зыску. Ды толькі нашто мне здалося. Дармо! Плюю табе ў ціхую пыску!» А ён усё тут, і ўжо ява, не здань, Што сном несмяротнасці мучыць стагоддзі, І твар яго ясны, як летняя рань, Як вечнасці дзень, што гарыць, не праходзе.

1925

«Не кляні, о анёл-абаронца!..»

Не кляні, о анёл-абаронца! Вартаўнік маіх спраў, не кляні. І самому мне нудна бясконца Валачыць мае чорныя дні. У змаганні ганебным няўзнаны І самому прывабны не раз Ў цьмяным дуле кавал алавяны, — Як збавенне і пэўны адказ… Твая ж мова спакусаю поўна, Ты далей паглыбляеш адчай, Але не — не патрэбна… ўсё роўна, Але не — пачакай, пачакай! Дачадзіць і сама гэта свечка, Недалёка сумотны канец: Скончыць смерць падрахунак і спрэчку І задзьмухне жыцця каганец.

1926

Перайманне («Ледзь лятункі ўздыхнуць аб каханку…»)

Ледзь лятункі ўздыхнуць аб каханку І да сэрца прылашчыцца сум, Ў амазонцы вы выйдзеце з ганку, І каня патрымае вам грум. Прачакалі трывожнае ранне, Не было і сягоння ліста. Ах, што значыць даўгое маўчанне, А на сэрцы такая слата. І лягчэй у блакітнай паветцы, Дзе жальбуе сумота цішэй, Калі конь, нібы вецер, нясецца, Калі вецер звініць ля вушэй. Імчыцеся вы шпарка палямі, Упіваецца далямі зрок, А наводдалі скача за вамі Тонкі грум, шчэ дзіця, дзецючок. Нібы неба, ягоны пагляды, І танчэй, чым у дзеўчыны, пас. Ён пацешыць вас быў бы так рады, Ён маліцца гатовы на вас. Ды, як мовіць, малы неразумны, Што на сэрцы салодка цяжыць. Толькі бровы танклявыя думны І нямота на вуснах ляжыць.

1926

Прыкляты

Нявесты вусны шчыльна сцяты. Не пасміхнецца жаніху. Але не лічыць сэрца страты І верыць даўняму шляху. Апошні тэрмін ўжо на сходзе, І час здзяйснення настае, Гадзіна вешчая надходзе, І вось для верных знак яе. Праз ноч жаніх мячом пазвоне — Хвалёна будзь святое ймя! — І ўчуўшы тупат ад пагоні Здалёк, за рэчкамі дзвюма. А ўсход ружова-светлы будзе, Скудлачыць вецер пасмы хмар, Калі пры звонаў перагудзе Нявесты праяснее твар.

1926

Іронія

Аздобленае ў мудрасць сэрца Стае, здаволена малым, Дабро жыцця ў найменшай мерцы Удзячнасцю сугучна ў ім. Ды хто ляпей (хоць мо і люта) Нас вучыць шанаваць дары, Як не хвароба і пакута? Як не блізняты — дзве сястры? Шмат дзён ляжаў я непрытомны, У цяжкай немачы слабы, І варажыў мой лёс таёмны, Паўнюткі горкае жальбы. Знясілены, худы, без ежы Чакаў я — стухне воч святло, І дух слабеў на цёмным ўзмежжы, — Але жыццё перамагло. І як не правы ты, Дэкарт! Далі мне есці, я каштую І чуюся, што нешта варт: Я ем, і я — ужо існую.

1926

На эміграцыі

Даўно ўжо тыя ж дні й не тыя, І я, патрэпаны, не той. Як жудасна вятрыска вые, Нібы над згубаю маёй. Там за акном глухая восень І ноч лягла стаццём глухім. Не ведаю, нашто здалося І што пачну з жыццём сваім. Якую дам сабе я раду І накіруюся куды, Калі віхор гудзе без ладу І к радасці замёў сляды. Мае пакрадзеныя скарбы — І звонкі смех, і зрок жывы, І дум вясёлкавыя фарбы, І песні — дзе цяпер? Дзе
вы?
Ад жахаў долі чалавечай, Што не сціхалі на мамэнт, Душа зрабілася старэчай І апарожненай ушчэнт. Няўтульны мой пакой, бы з дошчак Непагаблёваных труна. Застылым поглядам — нябожчык — Дзіўлюся ў шчыліну акна. Там душыць ноч, як камень муру, Але тугі мацней цяжар. А маладзік — плывец у буру — Кіруе човен свой між хмар. Мне ўсё часцей радзіма сніцца… Там рух і песні аб вясне, Там працы творчая крыніца, Там мо знайшлося б месца й мне? Дый там патрэбна маладое, Ў кім гарту, палкасці не брак, Нашто ж прыдамся, на якое, Спарожнены, разбіты гляк? Убогі стаў я, й страх за тое, Што ўбогасць бачыць госць не госць, І перад рэчамі ў пакоі Сутулюся, дрыжу чагосць, Нібы і ім вядомы страты, І бачаць, глянуўшы ў душу, Якой назолай я працяты, Якія думы я нашу. І нават месяц бледна-срэбны Смяецца рогам за акном: — Ты больш нікому не патрэбны, І сам сабе ты цяжаром!

1926

«Летунковасць, нерашучасць…»

Летунковасць, нерашучасць, Мая вясна, твае удаласці Дзён плывучых немінучасць Змяняе ў лета пэўнай сталасці. Сёння я не той, калішні, З вачыма- ціхімі заранкамі; Вусны ўжо не тыя вішні, Як некалі вясны світанкамі. Юнаку было прынадна Раскідваць звонка і не лічачы. Сэрца мудрае ашчадна Збірае, дробкамі вялічачы. Дзе кахаў нацяк, павеўнасць, Сугучнай збежнасці магутнасці, Дзе шукаў адно напеўнасць, — Шукаю сёння іншай сутнасці. І дзе біўся, плакаў моўча, Дарма вымольваў з малітоўнікам, Там з мячом іду станоўча Я — пераможны — заваёўнікам. Думны з натаўпам на пляцы Мой пруткі крок на стромасці, Час упартай, жніўнай працы, Вітаю час мае свядомасці. А калі пяшчот прынадства Мне блісне ў будняў сцюжнасці, — Гэта васілёк юнацтва На слуцкім пасе кутай мужнасці.

1926

Перайманне («Запытаў я морскі хвалі…»)

Запытаў я морскі хвалі: — Дзе пазбыцца думак хмурых? І ў прыбой яны сказалі — Радасць — толькі ў бурах! Запытаў я ветра ў полі: — Адкажы мне, калі можаш, Як пазбыць жыцця нядолі? І пачуў: «Змагайся — зможаш!» Запытаў я ў небе Сонца: — Як рассеяць змрок імглісты? Не прамовіла мне Сонца, Ўчула ж сэрца: «Будзь агністы!»

1926

«Каму жыццё — атруты келіх…»

Каму жыццё — атруты келіх. Хто спанявераны, як я, Хто ўжо не сніць аб далях, белях Пад ветру свіст і шум былля; Каму спакой душы няшчаснай Нездавальнення точыць крот; Каму дакучыў жонкі ўласнай На ўласным ложку пешчаў мёд. Каму распачна ноч пустую Спакусным смехам цешыць сук; Каму ўсё роўна, бы якую Сціскаць пярсцёнкам млявых рук; Хто сэрца — поўную амфору — Нясці стараўся й не данёс: Хто патаёмных мукаў хвору Гаіў расою ночных слёз; Хто душу чорную, як вугаль, Злачынствам цешыў і крывёй; Хто п'яніца, разбой, зладзюга З мізэрнай, дробнаю душой; Каму распусты жах прынадны, Хто гора топіць у віне, — Маім абдоймам тыя жадны, Прыходзяць тыя да мяне. Я ўсіх вітаю ветла, рада, — Хто б ён ні быў, хто ён ні ёсць, — Мае жаночыя прынады За плату мае ўсякі госць. Я імітую ім каханне, Ім не суджонае праз лёс, Нясмелыя дзяцей спатканні І палкасці глухі наркоз. Змушаю верыць мімаволі І жар збуджаю малады, Сама няўзрушная ніколі, Сама халодная заўжды. Ў душы адзін, адзін лятунак, Глыбока схованы на дне, — Далёкі, любы мой пястунак, — Той, хто кахаў калісь мяне. Які не смеў, не смеў ні разу Свае мне пешчы дараваць, Якога мела за абразу Ў дзявочых думках цалаваць. Цяпер і ён такі ж прапашчы, Ланцуг жыцця цягае ледзь; Ніхто, ніхто яго не лашчыць, — Лёс прысудзіў яму гібець. Цяпер, як кожны ён, як кожны — Будынак знішчаны, пусты; Час папаліў усё, што можна, З кута прыбраў абраз святы. Ды сэрца сніць пад шум асенні, І сну мне не мінуць таго, Ў маім найбольшым паніжэнні Сустрэну незнарок яго. У сэрцы будзе боль і горыч, І мы два целы, дзве труны, Мы рукі сціснем, ляжам поруч. І аб мінулым будуць сны. Як вербалозы нікнуць веццем, Так нізка схіліцца ўспамін Над нашым страшным ліхалеццем І над капцом далёкіх днін.

1926

«Не складаць мне болей песняў…»

Не складаць мне болей песняў, Не будзіць у пушчы рэх, Перад сонцам напрадвесні Не рассыплю срэбрам смех. Стала госця ля парогу, Белым вабіць рукавом: — Выйдзі, любы, у дарогу, Новы дам начлег і дом. Пашкадую дарагога, Суніму ягоны боль, Толькі слухацца дазволь, Ледзь схіліцца мне дазволь. Што ж, спакойны і гатовы, Я й адклікнуўся на кліч, Адчыню дзвярэй засовы Я без радасці, без мук. Ў невядомую пуціну Немаведамы парог Перайду… Без клапот і без трывог. Толькі, госця, няма веры, Не мані, не абяцай: Я зямныя бачыў меры І зямны я ведаў рай.
Поделиться с друзьями: