Вяртаньне Веры
Шрифт:
Я не паленаваўся, зьезьдзіў ды паглядзеў…
Цэнтраў Еўропы, як і ўсяго астатняга: моваў, гербаў, сьцягоў… — у Беларусі, аказалася, два. Адзін на дне возера Шо, а другі ў сярэдзіне трохкутніка Чэрвень-Асіповічы-Клічаў, два кіламетры на паўднёвы захад ад вёскі Чыжахі на Бярэзіне. Паколькі на дне возера хоць у цэнтры Еўропы, хоць на ўскрайку адна вада, я паехаў у Чыжахі. Рака там, як у Еўропе, а ўсё астатняе…
Там дзед сядзеў на беразе ў тых Чыжахах, рыбу вудзіў, я пытаюся: «Дзед, ты ведаеш, дзе сядзіш?..» — і ён мне: «Дзе хачу, там і сяджу, а ты пайшоў на…»
Я пайшоў не адразу. Стаў
— А Беларусь?
— Якая Беларусь?..
— Як якая?.. Твая… мая…
— Ня ведаю, якая твая… Мая во… — ён кіўнуў у бок вёскі. — Астатняя на!..
— На?..
— А куды яшчэ?.. — Чалавек у цэнтры Еўропы плюнуў на чарвяка. — Туды ўсе — адтуль нікога.
Я падумаў: прападаюць не ў Бермудскім трухкутніку. Прападаюць тут, у трохкутніку беларускім. У самым цэнтры Еўропы…
Вера пыталася: «Вам чым ганарыцца перад сьветам ня сорамна?.. Тым, што больш за ўсіх бульбы ясьцё? Тым, што ваш сімвал — балотная птушка бацян?..
Ведаеш, чаму ў нас зубры некалі зьніклі і мы іх потым з чужых земляў завозілі? Не паляўнічыя іх зьнішчылі, не… Бацяны вашыя іх заклявалі!»
Бацька ў Веры рускі быў, маці — беларуска. Таму ў яе калі зубры — дык нашыя, а як бацяны — дык вашыя.
Хведар Міхайлавіч Дастаеўскі, не пісьменьнік, а той выкладчык гісторыі, які зацягнуў мяне на Дзяды да Усходніх могілак, Веры пабойваўся. Асабліва пасьля таго, як уварвалася яна ў інстытут на лекцыю: «Аж зьнемагаю, так цалавацца хачу!..» І пакуль Хведар Міхайлавіч бездапаможна абураўся: «Вы што сабе дазваляеце?..», — Вера прабегла між сталамі і зубамі ўпілася мне ў губы, да крыві пракусіла… На гістфаку пасьля гэта так і называлася: пацалунак Веры.
Хутчэй, здавалася б, на такое Наста здольная, схільная да эфектаў, але ўварвалася на лекцыю, каб пацалавацца, Вера.
Наста пасьля трэцяга курсу перакінулася з гісторыі на журналістыку. Хведар Міхайлавіч ёй параіў гэта зрабіць, калі яна надрукавалася ў студэнцкай газеце. «Гэты занятак, — сказаў, — вам больш па фігуры». І дапамог перавесьціся… А вось што прапанаваць Веры, каб па фігуры было, ён ня ведаў.
— Нейкая не тутэйшая яна, — касіўся ў бок Веры Хведар Міхайлавіч. — І ты ня слухай яе!.. Мы зямлю гэтую і ў рускіх, і ў палякаў, і ў шведаў адбівалі…» — а Вера пыталася: «Чаму ж тады толькі балота адбілі?.. Каб цяпер на балоце таптацца?..»
Гэта яна пра плошчу Бангалор у Менску, дзе раней балота было, і дзе ў звычайныя дні сабакі выгульваліся, а ў дні змаганьняў — мы.
«Мы за што тут змагаемся?!.» — рытарычна ўсклікнуў неяк, выступаючы на той менскай плошчы з індыйскай назвай, Хведар Міхайлавіч, і Вера крыкнула ў адказ, пакуль ён паўзу трымаў: »За вызваленьне Індыі ад Брытанскай імперыі!» Выкладчык гісторыі забыўся, што далей хацеў сказаць, разгубіўся: «Дык яна ж вольная…»
— А вы як распазналі, — дапытвае шведскі сьледчы, — што чалавек, у якога вы стрэлілі, ня швед, не паляк ці рускі, а беларус?
Ён намагаецца не толькі дакараскацца да прычыны забойства, але разабрацца яшчэ і ў тым, што ж такое беларус, бо для яго ўсе мы, хто з былога СССР, а значыць, з Расіі, —
рускія.Тлумачыць яму нешта пра тое, як беларусы ходзяць, азіраюцца? Ці як стаяць, быццам бацяны на балоце?.. Ці як зуброў сваіх заклёўваюць?..
— Па пакеце.
— Але ж гэткі пакет мог і ў рускага быць. Хіба не?
— Мог.
— І што тады? Забілі б рускага?
— Забіў бы рускага.
— А шведа?
— Што шведа?
— Шведа забілі б?
— Забіў бы. Чым вы, шведы, лепшыя за рускіх? Прыпёрліся да нас у Ваўкавыск…
— Куды?..
Што яму тлумачыць?.. Чалавеку, які толькі сёньня дазнаўся, што ёсьць такая нацыя — беларусы. І што як толькі адзін з гэтых беларусаў, пра якіх дасюль ён нічога ня ведаў, сутракаецца з другім беларусам, так адразу кідаюцца яны адзін аднаго забіваць, — такая цікавая ў іх нацыянальная завядзёнка. Незразумела толькі, як пры завядзёнцы такой жывых беларусаў амаль столькі ж, колькі шведаў?.. Таму сьледчы пытае:
— Беларусаў, вы кажаце, дзесяць мільёнаў?
— Амаль.
— І амаль у кожнай вайне нацыя зьнішчалася ад траціны да паловы?
— Прыблізна.
— І дзьве вайны былі ў мінулым стагоддзі з пярэрваю ўсяго ў дваццаць гадоў, так?
—Так.
— І яшчэ, падобныя на войны, пасьля войнаў рэпрэсіі былі?
— Былі…
Шведскі сьледчы шукае прычыну, па якой беларус мог забіць беларуса, і глядзіць на мяне няўцямна:
—Дык як жа тады вы, хто жывы, адзін аднаго любіць павінны!.. А вы — забіваць. Зуброў сваіх заклёўваць.
Я ўжо распавёў яму пра зуброў з бацянамі… Наогул жа я хацеў распавесьці яму толькі пра Веру, пра тое, што адна яна — прычына ўсяго, але наўрад ці ён гэта зразумее.
У іх як?.. Падыходзіш ці ў кавярні, ці дзе заўгодна да любой шведкі і кажаш, я наўмысна завучыў: «Jag vill ha sex med dig».[*] Вера ў адказ на такое, калі б у яе пісталет быў, адразу б стрэліла табе ў лоб над пераносьсем, а для шведкі яно нармальна. Разглядвае цябе, ацэньвае… Калі згаджаецца, дык цягні ў бліжэйшы ложак, нават як зваць яе, не пытаючыся. Калі ж не, дык адразу адскоквай і болей не падыходзь. А падыйдзеш — гэта ўжо сексуальныя дамаганьні, гвалт, паліцыя, суд…
Немаведама хто выдумаў, што шведскі секс — гэта калі ўтраіх. Ці ўчатырох, сям’я з сям’ёй. І ўсе адзін да аднаго без ніякіх прэтэнзіяў. Нават дзяцей не разьбіраюць, дзе чые… Маўляў, нарадзіліся — і дзякуй Богу.
Наўрад ці гэта выдумалі шведы, для якіх сям’я — гэта ўсё, цяперашнія і былыя, жонкі, усе дзеці ад іх, і ніяк нельга на Каляды ці Вялікдзень пра некага забыцца, пакінуць кагосьці, дарослага ці малога, без падарунка.
Мы самі й выдумалі шведскі секс. Як шведскі стол, які ніякі ня шведскі.
Неяк мы з Верай расклейвалі адозвы супраць рэферэндуму па зьмене Канстытуцыі, Вера, сьпяшаючыся, наклеіла адну тэкстам да сьцяны і, каб адозва не прапала, у Веры каліва не прападала, фламастарам пісаць на ёй тэкст пачала: «Беларусы! Нас мала! Галасуйце…» — але не пасьпела дапісаць «за Беларусь!», бо машына міліцэйская паказалася, гэта ўночы было, мы кінуліся наўцёкі, а назаўтра чытаем працяг на той адозьве, нехта дапісаў: «Беларусы! Нас мала! Галасуйце за шведскі секс!» Усе астатнія адозвы пазьдзіраныя, а гэтая вісіць.