Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Юстыцыя

Дюрренматт Фридрих

Шрифт:
Рыхтуйся, браце ва Хрысце, настане Страшны Суд, і хто жыць будзе у брыдзе, той страшны душаблуд.

Начальнік трохі сумеўся. Ён збянтэжана пакасіўся на мой пісьмовы стол, завалены спісанымі аркушамі.

— Вы, мабыць, пісьменнікам намыслілі зрабіцца, — буркнуў ён.

— А чаму б і не, гер начальнік. Калі чалавеку ёсць што расказаць, — адказаў я.

— Падобна на пагрозу.

— Разумейце, як хочаце.

Заціснуўшы падпахай бутэльку, ён агледзеўся па баках. На жаль, на кушэтцы ў мяне ляжала дзяўчына, якое я зусім не ведаў, яна проста ўвязалася за мною, магчыма, гэта быў дарунак ад Луцкі, яна яўна ўжо раздзелася і легла, натхнёная фальшывым уяўленнем пра свае службовыя абавязкі. (Сумленныя

адносіны да працы адчуваюцца ў нас абсалютна ва ўсім. Але што мне было да яе, я працаваў, я разбіраў свае запісы.)

— Апранайся, — загадаў начальнік, — а то прастудзішся. А мне трэба пагутарыць з адвакатам.

Ён паставіў бутэльку на стол.

— Каньяк, — сказаў ён, — «Адэ», рэдкая марка. Ад сябра з заходняй Швейцарыі. Давайце пасмакуем. А вы, Шпэт, прынясіце дзве чаркі. Яна сёння больш піць не будзе.

— Слухаюся, гер начальнік, — адказала дзяўчына.

— Ты пойдзеш дахаты. На сёння годзе.

— Слухаюся, гер начальнік.

Яна амаль паспела апрануцца за гэты час.

— Дабранач.

— Дабранач, гер начальнік.

І пайшла. Мы чулі, як яна збегла ўніз па лесвіцы.

— Вы яе ведаеце? — спытаўся я.

— Я яе ведаю, — адказаў начальнік.

Паверхам ніжэй сектанты ўсё яшчэ гарлалі свой харал.

І знікне сонца, і зямля, сваю забудзе цвердзь. Калі ж душа з табой твая, ты пераможаш смерць.

Начальнік наліў каньяк у чаркі

— Ваша здароўе.

— Ваша.

— У вас ёсць рэвальвер? — спытаў ён.

Аднеквацца не мела сэнсу. Я дастаў рэвальвер з пісьмовага стала. Ён уважліва агледзеў яго, пасля аддаў мне.

— Вы ўсё яшчэ лічыце, што вінаваты Колер?

— А вы хіба не?

— Магчыма, — адказаў ён і перасеў на канапу.

— Тады чаму ж вы не выходзіце з гульні? — спытаў я.

Ён глянуў на мяне.

— А вы ўсё яшчэ разлічваеце на выйгрыш?

— На свой лад.

Ён паглядзеў на рэвальвер. Я паставіў яго на засцерагальнік.

— Воля ваша, — сказаў ён і зноў наліў каньяку. — Як вам мой «Адэ»?

— Выдатны.

— Я пакіну вам бутэльку.

— Вельмі міла.

Знізу чулася ці тое казань, ці тое малітва.

— Бачыце, Шпэт, — загаварыў начальнік, — вы ўляпаліся ў кепскую гісторыю. Не хачу сказаць нічога благога пра шаноўнага гера Луцкі і тым больш пра гаротнае стварэнне, якое я ў вас застаў. У тым, што такія тыпы ёсць, іх віны ўвогуле няма, але вось чаго дасягняце вы як праваабаронца шлюх, — гэта ўжо іншае пытанне, пра тое, што калегія адвакатаў самым бліжэйшым часам павінна будзе прыняць меры, вы, як я мяркую, здагадваецеся. Калегія зусім не супраць хадайніка па справах шлюх, калі ён добра зарабляе, але рашуча супраць, калі той нічога не зарабляе. Тут ужо закрануты яе саслоўны гонар.

— Ну і што?

— Паслухайце, Шпэт, вось вы папыталіся ў мяне, чаму я не выйшаў з гульні, - сказаў начальнік, раскурваючы сваю тоўстую «Баянас», прычым рукі ў яго зусім не дрыжалі. — Вам я шчыра скажу, што таксама лічу старога Колера вінаватым, а ўсё, што здарылася, — фарсам, які я ахвотна прадухіліў бы. Але ў мяне няма доказаў. А вы пасунуліся наперад у сваім расследаванні?

— Не, — сказаў я.

— Што, сапраўды не? — перапытаў ён.

І я другі раз адказаў адмоўна.

— Вы не давяраеце мне? — спытаў ён.

— Я нікому не давяраю.

— Добра, — сказаў ён, — будзь яно па-вашаму. Для мяне гісторыя з Колерам закончана, і закончылася яна маёй паразай. Гэта ўжо не першы раз, калі я прайграю. Вельмі прыкра, але чалавеку маёй прафесіі даводзіцца перажываць і такое. Яно і ў вашай прафесіі, думаю, таксама. Вам трэба ўзяць сябе ў рукі, Шпэт. І пачаць усё нанава.

Калі ж бо пекла зноў самкне ў смуродзе, ў дыме пашчу, тады з грахамі сатане здасі сябе, прапашчы.

У мяне раптам узнікла падазрэнне.

— Вы нешта не дагаворваеце.

Ён зацягнуўся, глянуў на мяне, яшчэ раз зацягнуўся, устаў.

— Шкада, — сказаў, падаючы мне руку, — усяго вам добрага. Мне, магчыма, давядзецца выклікаць вас.

– І вам усяго добрага, гер начальнік, — адказаў я.

Пачатак кахання. Тут я зноў пачынаю спатыкацца. Я ведаю, што выкручвацца больш няма чаго. Я павінен нарэшце расказаць

пра сваю першую сустрэчу з Элен. Я павінен прызнацца, што кахаў яе. І павінен дадаць таксама — з самага пачатку. Інакш кажучы: з нашай першай сустрэчы. Прызнанне — увогуле штука няпростая, я толькі цяпер на яго здольны. Але тое каханне не адбылося, і таму мне прыйдзецца расказваць пра каханне, якое я сам ад сябе ўтойваў у той час, калі яно яшчэ магло неяк адбыцца і якое цяпер адбыцца не можа. Задача нялёгкая. Цяпер мне, канечне, вядома, што Элен не была такая, якою мне здавалася. Толькі цяпер я бачу яе такую, якая яна ёсць. Яна саўдзельніца Колера. Увогуле, я яе разумею. Па-чалавечы можна зразумець, што яна пакрывае свайго нелюдзя-бацьку. Недарэчна патрабаваць ад яе, каб яна яго выдала. Толькі яе прызнанне магло б зваліць кантанальнага радцу. Але гэтага прызнання яна ніколі не зробіць. Я дастаткова прафесіянал, каб не патрабаваць яго ад яе. Мне выпадае ісці сваёй дарогай, а яна хай ідзе сваёй. І ўсё ж я не магу адмовіцца ад таго ўяўлення, якое аднойчы ў мяне склалася пра яе. У тым, што Элен не адпавядае майму ўяўленню і ніколі не адпавядала, яе віны няма. Я шкадую за свае грубыя словы. Я разумею, што паводзіўся, як немысель. А мае п'янкі, мае блядкі! Яна мае права быць такою, якая яна ёсць, а я прысвоіў сабе права рана ці позна забіць яе бацьку.

Калі б я паспеў тады дагнаць яе бацьку ў аэрапорце, ён быў бы ўжо на тым свеце, і я разам з ім. Усё было б у парадку, і свет даўно заняўся б іншымі справамі. Усё маё цяперашняе жыццё мае толькі адзін сэнс: паквітацца з Колерам. Разлік будзе просты. Хопіць аднаго стрэлу. Але пакуль што трэба чакаць. Гэтага я не ўгадаў наперад. Як не ўгадаў і траты нерваў на чаканне. Адно — аднавіць справядлівасць, другое — жыць, чакаючы, калі яе можна будзе аднавіць. Я быццам у нейкім ашаламленні. І п'ю так многа праз абсурднасць свайго становішча, быццам упіваюся справядлівасцю. Усведамленне таго, што рацыя — мая, знішчае мяне. Няма нічога больш вусцішнага за такое ўсведамленне. Я караю сябе, бо не магу пакараць старога Колера. Вось у гэтым ашаламленні я бачу сябе і Элен, азіраючыся на нашу першую сустрэчу. Ведаю, што страціў усё. Шчасця не заменіш нічым. Нават калі гэта шчасце абернецца вар'яцтвам, а маё цяперашняе вар'яцтва насамрэч ёсць цвярозасць. Бязлітаснае ўсведамленне рэчаіснасці. Вось чаму я азіраюся назад з жалем. Я хацеў бы забыць, але не здатны на гэта. Усё так выразна адбілася ў маім мозгу, быццам адбылося толькі ўчора. Я яшчэ чую яе голас, бачу яе вочы, яе рухі, яе сукенку. І сябе таксама. Мы былі маладыя, абое. Не растрачаныя. З таго часу прайшло ад сілы паўтара гады, а я ўжо стары, вельмі стары. Мы з даверам паставіліся адно да аднаго, хоць было б зусім натуральна, калі б яна мне не давярала. Яна непазбежна бачыла ўва мне адваката, які хоча зарабіць. І ўсё-такі даверылася мне з самага пачатку. Я гэта адразу адчуў і таксама даверыўся. Я быў гатовы ёй дапамагчы. Усё было цудоўна. Нават калі мы проста сядзелі насупраць, нават калі мы гутарылі толькі па справе. Ну, вядома ж, я разумею, што, папраўдзе кажучы, усё было зусім не так, што ўсё было міраж, памылка альбо, што яшчэ горш, подлая інтрыга, якую Элен закалаціла супроць мяне, але, пакуль я гэтага не ведаў, не падазраваў нават, я быў шчаслівы.

— Сядайце, гер Шпэт, — сказала яна.

Я падзякаваў. Яна села ў глыбокі скураны фатэль. Я сеў насупраць, таксама ў глыбокі скураны фатэль. Усё было неяк дзіўна, гэтая дзяўчына гадоў прыкладна на дваццаць два, смуглявая, усмешлівая, раскаваная і ў той жа час сарамлівая, мноства кніг, масіўны пісьмовы стол, на заднім плане — більярд з шарамі, прамяні сонца, парк за прачыненымі шклянымі дзвярмі, праз якія ўвайшла Элен з пажылым герам Фёрдэрам. Фёрдэр быў бездакорна апранены, мне прадставілі яго як асабістага сакратара Колера, ён моўчкі і з выглядам амаль пагрозлівым пачаў мяне разглядваць. Пасля чаго зноў выйшаў, не развітаўшыся, не азваўшыся ані гукам. Мы засталіся ўдваіх. Элен была збянтэжана. Я таксама. Думкі пра яе бацьку скоўвалі мяне, адабралі дар мовы. Мне было шкада яе. Я зразумеў, што яна ніколі не зможа зразумець свайго бацьку і пакутуе ад неспасцігальнасці яго ўчынкаў.

— Гер Шпэт, — пачала яна, — бацька мне заўсёды шмат пра вас расказваў.

Гэта было нечакана. Я здзіўлена паглядзеў на яе.

— Заўсёды?

— З таго часу, як сустрэў вас у «Du Th'e^atre».

– І што ж ён вам расказваў?

— Ён непакоіўся за вашу адвакацкую практыку.

— Не было ў мяне тады ніякай практыкі.

— Затое цяпер ёсць, — канстатавала яна.

— Не сказаць, каб бліскучая, — прызнаўся я.

— Ён інфармаваў мяне пра справу, якую мерыўся вам даручыць.

Поделиться с друзьями: