Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Не, трывога не знікла i тады, калі мужчыны з пажараў перайшлі на іншую тэму, вясёлую — як дзе змагаюцца з п’янствам. Яўна смакавалі блізкае частаванне. Сталы набылі выгляд, ад якога гнала сліну; стаяў поўдзень, a ніхто яшчэ не снедаў.

Выйшла ці не з апошнім падносам Ліза, вокам камандуючага акінула «поле бітвы», абышла яго, па-свойму перастаўляючы «батарэі» — пляшкі, талеркі. Блізіцца запрашэнне сядаць за стол.

Глеб хацеў пажартаваць Лізе: «Хлеб не забудзь». Але i такі бяскрыўдны жарт здаўся недарэчным, быццам не вясельнае застолле рыхтавалася, а памінкі.

Адышоў убок, паклікаў сяброў:

— Дзяніс, Генадзь, Платон, Васіль! —

не Дзена-Гена, як сябры жартаўліва рыфмавалі гэтыя два далёкія па гучанні-імёны; гэтым поўным вымаўленнем адразу адарваў хлопцаў ад дзяўчат, наблізіліся трое, Васіль ужо прагульваўся з нейкай чараўніцай каля вясёлага ручая.

— Не чулі? У нас пажар.

— На станцыі?

— Так, украінцы перадалі.

— Трэба ехаць! — рашуча сказаў Дзяніс Гумноў, інжынер-фізік.

— Трэба ехаць, — згадзіўся Глеб.

— I табе? — здзівіўся Генадзь.

— Усім.

— Думаеш, без нас не патушаць?

— Без нас патушылі, не сумняваюся. Але каб станцыя не спынілася ці хутчэй аднавіла падачу энергіі, нам з табой трэба быць там. Шмат хто падаўся да цешчаў у перадсвяточныя дні. Не збярэш. А мы праз гадзіну будзем там. У Пустахода ёсць маторка.

— Не, паедзем на сваіх, — сказаў уладальнік «Жыгулёў» Гумноў.— Што нам круг, калі маем чатыры колы?

Глеб вярнуўся да мужчын, адклікаў убок бацьку i цесця.

— Нам трэба ехаць. Калі звестка пра пажар дайшла ў другую рэспубліку, значыцца, сур’ёзнае штось…

— Да ты што, Глеб! — спалохаўся Пустаход. — Пакінуць вяселле? Адумайся! Што ты кажаш?

— Трэба ехаць, — ціха, але настойліва паўтарыў Глеб.

Уладзімір Паўлавіч маўчаў. Думаў: што зрабіў бы ён на месцы Глеба? Цяперашні Пыльчанка, безумоўна, паехаў бы без ваганняў. А той даўні, малады, — уласнае вяселле пакінуў бы? Вяселле без жаніха — выпадак рэдкі, унікальны. Можна зразумець спалох нявесцінага бацькі. Што яшчэ скажа Ірына? Але ён радаваўся за сына, ганарыўся ім. Ухваляў яго цвёрдасць. Ты глядзі, як раскрываецца блеклы ў параўнанні з братам малодшы яго сын! Нечакана. Ад Барыса ён усяго чакаў — i хуліганства i гераізму. Ад Глеба — развагі, якой бракавала самому, сумленнасці, шчырасці, цнатлівасці — тых якасцей, якімі прырода надзяліла іхнюю маці.

Рашучасць зяця ўсхвалявала Пустахода. Столькі клопатаў, старанняў i — вяселле без жаніха. Павёў ix у дом — на сямейную раду.

Марыя Пятроўна спалохана завохала, быццам жаніх хоча ўцячы назаўсёды. Ліза пачала папракаць, нават слязу пусціла.

— Што ж ты робіш з намі, зяцёк дарагі? На ўвесь раён хочаш абняславіць? Ты што — дырэктар гэтай станцыі? Колькі там такіх, як ты?

— Многа. Тысячы.

— Ну, во! Тысячы. Дык чаго ляцець? Хіба вы пажарнікі? Чым вы паможаце?

Неаспрэчная логіка: пажар ім тушыць не прыйдзецца. Аднак калі ўсе будуць так разважаць, могуць спыніцца сотні прадпрыемстваў. Туга будзе Кіеву, Чарнігаву, Мазыру. Ён добра ведаў долю сваёй станцыі ў балансе вялікага кальца. Разарвацца яму не дадуць, аднак усюды ўзнікне крызісная напружанасць. Хто іншы пачаў бы горача даводзіць жанчынам значэнне АЭС. Глеб не ўмеў гэтага ды i лічыў, што недарэчна тут красамоўства: знайшоў аўдыторыю! У людзей іншыя клопаты. Можна сказаць — эгаістычныя. Але ён разумеў i цесця, i цешчу, i жончыну сястру. I не вініў ix. На ўсе ix доказы, папрокі, на валідол, які цешча ўпотай паклала пад язык, на Лізіны лёгкія слёзы, на цесцевы пераходы ад сярдзітага хмыкання да лагоднага ўгаворвання адказваў адно:

— Трэба ехаць!

Бянтэжыла Глеба бацькава маўчанне. Заўсёды такі рашучы, звыклы

да камандавання, да ўказанняў, ён раптам анямеў. Разгубіўся ў такой незвычайнай сітуацыі? Але яго маўчанне хіба здзіўляла i бянтэжыла. А вось матчына i жончына маўчанне — палохала. Яны сядзелі побач — свякроў i нявестка, у нейкай дзіўнай, проста жалобнай паставе, i твары ix пабляднелі, выцягнуліся. Глеб ледзьве не сказаў ім: «Што вы такія? Усё роўна як у Афганістан мяне праводзіце». Але стрымаўся — сцяміў, што Афганістан можа яшчэ больш спалохаць ix.

Ускочыла ў дом Тамара, яна не прысутнічала на сямейным савеце.

Вольга Андрэеўна спытала:

— Тома, дзе Барыс?

— A хіба я пасу яго, вашага Барыса, — адказала раздражнёна, але тут жа спахапілася, што паводзіць сябе неінтэлігентна, звышдалікатна растлумачыла, выдаўшы прычыну сваёй дзёрзкасці: — Дзяўчат да ракі павёў.

— Знайдзі яго, калі ласка.

— Знайду, Вольга Андрэеўна, — дзяўчына ахвотна кінулася выконваць просьбу.

Чамусьці Вользе Андрэеўне захацелася, каб пры размове, рашэнне якой, адчувала, будзе ўсё роўна адно i тое ж — Глебава, прысутнічаў старэйшы сын. Можа, сэрцам адчувала, што той падкажа нешта асаблівае.

Усе чакалі яго. Hi слова — аб Глебавым ад’ездзе, гутарылі пра старонняе, нават не пра вяселле. Але i не пра пажар.

Хутка прыйшоў Барыс i сапраўды легка, адным махам, рассек гордзіеў вузел. Сказаў брату з неаспрэчнай рашучасцю:

— Не сеўшы за стол, нікуды ты не паедзеш! Вось так, малы! Пасядзім гадзіну-дзве, павесялеюць людзі, тады можаш разам з жонкай ціха вылезці з-за стала. Быў я на вяселлях, з якіх маладыя знікалі. Нядаўна на грузінскім быў. Знікайце i вы i каціцеся хоць на ўсе чатыры стараны свету! А мы будзем піць за ваша здароўе. I за тваю станцыю, раз яна даражэй табе за нас.

I ўсе павесялелі: усё мудрае — простае. Ліза пацягнулася да дзевера:

— Дай я цябе пацалую, Барысок. Недарэмна ты бываеш бліжэй да бога, чым мы, грэшныя, — i да Глеба: — Не крывіся, зяцёк. Віктар на маторцы дамчыць вас да Прыпяці за міг.

Усе павесялелі, акрамя Ірыны i маці. З маці Глеб не адважыўся гаварыць, матчынай логікі баяўся, маці ён ніколі не ўмеў запярэчыць i ў школьныя гады зайздросціў Барысу, які вёў цэлыя дыскусіі i нярэдка пераконваў маці, прымушаў капітуляваць перад яго доказамі. А жонцы сказаў гулліва:

— Чаму ты скісла, Іранё?

— Я баюся, Глеб, — сур’ёзна адказала яна.

— Чаго? — шчыра здзівіўся ён.

— Ты забываеш, што я ўрач. Я праслухала немалы курс аховы ад радыяцыі. I лячэння.

Глеб засмяяўся.

— Ды ну, глупства, мая каралева! Гэтага не можа быць таму, што гэтага не можа быць ніколі! За два гады я вывучыў рэактар. Надзейны, што бабулін чыгунок.

— Вас так пераканалі?

— Каб людзі баяліся, спыніўся б прагрэс. Ніхто не займаўся б фізікай, не рабіў бы на рэактарах. Палюбуйся лепш, які дзянёк. Цуд! Глядзі, як зазелянелі вербы. Вішні цвітуць. Ты казала, што любіш ix, вербы.

— Я усё тут люблю. Але я думаю пра ранішні туман… ён дзёр табе горла.

— Туман як туман, — адмахнуўся ад непрыемнай размовы, аднак адчуў: пачуццё трывогі, што з’явілася пры паведамленні аб пажары i якое адступіла пасля вясёлай братавай тырады, з якой вынікала, што ўсё вырашаепца проста, зноў падступала, як удушша. Падумаў пра Ірыну з ласкавасцю i з асуджэннем: «Яна — што мама мая: усяго баіцца».

— Прашу за сталы, дарагія госці! — гукаў Іван Іванавіч.

А малы Іванка, шасцікласнік, Лізін сын, пратрубіў на горне збор.

Поделиться с друзьями: