Злая зорка
Шрифт:
Спадабалася i віншавальная прамова Пятра Miхайл авіча. Трохі хіба даўгаватая, але без штампаваных блокаў — так, Сінякоў неаднойчы крытыкаваў работнікаў, якія сапраўды заштампаваліся да брыдкасці i не бачаць гэтага, не разумеюць. I сарказм да ix не даходзіць. Ён, Пыльчанка, сам небязгрэшны, зацэментаваліся блокі i ў ім, але ён умее пазнаваць штампы, на хаду вылаўліваць i разбураць ix ці, па магчымасці, разбаўляць вясёлым прыкладам, жартам, анекдотам.
— Што пажадаць вам, маладыя? Спачатку просьба. Да цябе, Глеб. Упікнуць цябе, што ты працуеш у суседняй рэспубліцы, мне не дазволена, я — інтэрнацыяналіст, Ды i станцыя атамная, гонар нашай энергетыкі. I нам дае ток. Але паколькі гэта не
I тут з-за спін гасцей вынырнуў Сяргей Плечка з нечым грувасткім, цяжкім, загорнутым у паперу.
— Дазвольце мне, Пятро Міхайлавіч?
— А можна мітынгаваць у загсе? — звярнуўся сакратар да работніцы.
Тая разгубілася, пачырванела, не ведаючы, што адказаць. Даўно заведзены рытуал i без таго парушаны.
— Усё можна, што не забараняецца законам, — упэўнена адказаў Плечка.
— Ух ты! Які камісар! — іранічна выгукнуў Барыс.
Партыйны сакратар падтрымаў камсамольскага:
— Ну, калi так, то давай. Дзе ж i разгарнуцца камсамолу, як не на вяселлі.
— Не даюць разгарнуцца. Не разумеюць.
— Слаба ты выхоўваў Уладзіміра Паўлавіча, Івана Іванавіча, калі дзеці ix адмаўляюцца ад камсамольскага вяселля.
«Вясёленькі Пятро, усё роўна як паабедаў у Івана, — гэтак жа весела падумаў Уладзімір Паўлавіч, — I спектакль гэты адрэпеціраваны. Без яго згоды Плечка ці вылез бы, хлопчык абачлівы».
Сяргей паставіў на стол пакунак, прыгладзіў непакорлівыя валасы i пачаў пафасна:
— Дарагія Ірына i Глеб! Сёння ў вас знамянальны дзень, які павінен запомніцца вам на ўсё доўгае, доўгае жыццё. Сёння вы стварылі новую савецкую сям’ю — пярвічную ячэйку нашага грамадства, — i пайшоў-пайшоў кідаць гатовыя блокі. Аб ix адказнасці перад дзяржавай, партыяй. I перад камсамолам — каб не адрываліся ад яго i тады, калі…
— Дзеці вашы павяжуць чырвоныя гальштукі… Перадайце ім баявую эстафету!..
Адчуваючы па нервознасці старэйшага сына, што той можа не вытрымаць i пракаменціраваць выступление Плечкі не толькі бяскрыўдным «які камісар!», Уладзімір Паўлавіч строга прашаптаў яму:
— Не псуй абедні, Барыс.
— Што ты, бацька! Я глухі i нямы. Мяне ж выхавала армія.
I, аднак, не выканаў свайго абяцання.
— А цяпер, дарагія нашы маладажоны, прыміце сціплы, але сімвалічны падарунак ад райкома камсамола.
Плечка тэатральным жэстам разарваў на пакунку паперу. Вачам гасцей адкрыўся бюст Карла Маркса, чорны, чыгунны. Добры бюст. Добры падарунак у любой іншай сітуацыі. Але тут…
Уладзімір Паўлавіч сам трохі не ахнуў ад здзіўлення. Але гэта зрабіў Барыс:
— Ух ты! Во гэта барада! Камсамольская.
I што падпаліў бікфордаў шнур смеху. Выбухнуў смех што ў вясельным застоллі пры дасціпным сваце. Але заўсёды дарэчы там, за сталом, тут смех сапсаваў урачыстасць. Нават Плечка разгубіўся. Пятро Міхайлавіч пасміхнуўся, але твар перасмыкнула — незадаволены сакратар.
Малайчына Глеб: сур’ёзна, шчыра дзякаваў — ціснуў даўняму таварышу руку. I ўсміхаліся яны адзін аднаму хораша, прыязна, па-сяброўску.
Глеб падхапіў бюст, падняў яго высока, паказваючы гасцям, перадаў дружку-ўкраінцу. Вярнуў сваёй сур’ёзнасцю сур’ёзнасць іншым.
Кал i госці высыпалі з будынка загса на вуліцу, пад спякотнае i пад вечар сонца, Пыльчанка затрымаўся, каб падзякаваць Сінякову.
— Няма за што. Вы зразумейце, Уладзімір
Паўлавіч, на вяселле, якое ў вас… не таму, што баюся, але… час не той. Аднак застацца ў баку ад сямейнай урачыстасці вашай не мог. Думаю, усё нармальна. Што за вяселле без смеху. Праўда?— Дзякую, Пятро Міхайлавіч.
— Гэта ваш такі востры? Лятун?
Абразіла «лятун», расказваў жа яму пра старэйшага сына неаднойчы, бо першы сам любіў расказваць пра сваіх дзяцей, школьнікаў.
Паправіў:
— Ваенны лётчык. Капітан.
— «Афганец»?
— Ваяваў там.
— Гэтыя хлопцы яшчэ сябе пакажуць. Аднак раю вам папярэдзіць яго: каб неўзнарок сам не накалоўся на свае досціпы.
«Пайшоў ты ca сваім папярэджаннем!» — бадай прымхліва ўзлаваўся Уладзімір Паўлавіч, але тут жа i ўтаймаваў сябе: няўдзячна гэта з яго боку, урэшце, папярэджанне правільнае, бо i ў самога жыве боязь за Барыса. Каб хто ведаў, якой яна была да Афганистана! Якраз Афганістан прытупіў яе — пераканаў сябе: ардэнаносец, капітан, не будзе выкідваць конікаў.
Разышліся з найлепшымі пажаданнямі адзін аднаму: першы ў нядзелю намерваўся з’ездзіць да бацькоў у дальні раён.
Здараецца ж так, што сустрэнуцца двое i з першага позірку пакахаюць адно аднаго ці пасябруюць — вадой не разліць. A іншыя раптам без усялякай прычыны адчуюць узаемную непрыязнь. Ніякая навука не адкрыла закон такога душэўнага прыцягнення ці адштурхоўвання. Закон, важнейшы за Ньютанаў.
Не, Барыс не адчуў непрыязні да Плечкі ў загсе, так, забаўны для яго эпізод, яшчэ адно пацвярджэнне камсамольскага дагматызму, з якога ён даўно здзекаваўся, за што меў добрыя праборкі ад камісараў. Забыўся б ён на сакратара ў вясельным тлуме, хіба ў часці ўспомніў бы i расказаў таварышам, надаўшы эпізоду з падарункам патрэбны для смеху камізм, перш-наперш каб пазлаваць намесніка начальніка палітаддзела па камсамолу, якога не любіў. Але Плечка з’явіўся на вяселле.
Барыс здзівіўся i спытаў у маці:
— А гэта што за сваяк?
— Глеб сябруе з ім.
— Разумны інжынер, а сябруе з дурнямі.
Вольга Андрэеўна насцярожылася, бо ведала сынаў характар: каго не палюбіць — бяда, некалі так было з настаўнікам хіміі, адны двойкі сын прыносіў, прыйшлося ўмешвацца i бацьку i дырэктару.
— Барысок, сыне мой, прашу цябе: не заводзься. Тут жа амаль усе незнаёмыя табе людзі. З нявесцінага боку i я многіх не знаю. Прымай людзей такімі, якія яны ёсць. Табе ж на заданне з імі не ляцець.
— Мама! А чаму ў цябе такі спалоханы выгляд? Ды ты знаеш, які я стаў? Мяне можна на хлеб намазваць, як масла.
— На хлеб не намазвайся, але не задзірайся, калi ласка. Людзі вып’юць…
— I я вып’ю.
— А табе нельга. Пры тваёй прафесіі…
— Мама! Не курыш, не п’еш — здаровенькім памрэш, — пажартаваў, засмяяўся, але тут жа пасур’ёзнеў: — А здаровым паміраць крыўдна. Вельмі крыўдна, мама.
Вольга Андрэеўна ўяўляла яшчэ тады, у бяссонныя ночы, што сын перажывае там, на чужой зямлі… над чужой зямлёй… Успаміны таго часу да вострага болю ўдарылі ў галаву. Як ёй хацелася прылашчыць сына, сагрэць i цела яго i душу. Але вакол людзі. Снуюць жанчыны, нявесціна радня, цяпер памочніц многа i некаторыя трохі нават бестактоўна перарабляюць яе работу, па-свойму сервіруюць сталы. Але гэта яе не крыўдзіць, да гэтага яна абыякавая. Няхай робяць што хочуць, ніхто не жадае зрабіць горш, усе хочуць — лепш, але ў кожнага свой густ. Яе радасць вышэй за гэтыя бытавыя клопаты. Нават адчувала няёмкасць перад маладымі, што найбольшая яе радасць — ад прыезду Барыса, а не ад жаніцьбы Глеба. У нейкія моманты здавалася, што ўсе яе клопаты, уся яе цяжкая праца, ад якой свінцом наліваліся ногі,— у гонар Барыса, а таму i стомленасць здавалася шчасцем.