Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— Я сказаў? Я прасіў вас пазваніць. Вы ж ведаеце: з нашых гасцініц…

— Тройчы набіраў. Куды вы зніклі?

— Паднімаў начальства з пасцелі. Не скачыце там цераз плот. Супакойце людзей. Аварыя далёка — на Чарнобыльскай.

— Гэта вы называеце — далёка? Для нас Англія — за плотам.

— Гэта так. Для нашых часцін…

— Што ў ix там здарылася?

— Тут таварышы гавораць, што мы, фізікі, панікёры. Не панікуйце, але ў ЦК далажыце. I жонцы маёй пазваніце. Каб не везла ўнукаў на дачу.

Чамусьці размова перапынілася. Карапей паківаў дакорліва галавой.

— Дарэмна вы палохаеце

людзей.

— Дай бог, каб дарэмна. Дзякую вам…

— Няма за што.

Рукі на развітанне не падалі адзін аднаму.

Карапей асудзіў госця, калі той выйшаў:

— Вучоныя! Думаюць, што яны ратуюць чалавецтва. Яны вядуць яго да прорвы. Але, паколькі канец свету не наступіў, пайду я дасплю, — падняўся i пачухаў спіну аб касяк дзвярэй, — вейкі зліпаюцца. Ад дымедролу. Не люблю… I без яго не сплю. Во заразная хвароба.

— Можа, i нашым пазваніць, каб дзяцей не выпускалі? — нясмела спытала жонка.

— Ты што гэта! — начальніцкім голасам загрымеў Антон Пятровіч. — Во як паніка ўзнікае! Не хапае, каб яна ад нас пайшла, — i папярэдзіў своеасабліва, каб не ўздумала званіць: — Спаць я не буду. Заснеш з вамі… хіба вечным сном.

V

На нядзелю прызначылі міжраённае футбольнае спаборніцтва. Адкрыццё сезону. Прыедуць каманды i госці з двух раёнаў, аднаго суседняга, другога дальняга — з палескай глыбінкі.

Уладзімір Паўлавіч успомніў учора i пра спартыўнае свята. I лішнюю гадзіну сядзеў у кабінеце над тэлефонамі. Цягнулася рука да апарата, каб даць адбой. Як даць? Пазваніць калегам, каб не прыязджалі? I што сказаць? Сам жа нічога не ведае. Ніхто не ведае. Паспрабуй праяві ініцыятыву. Глупства — футбол. Але ж усе зацятыя балельшчыкі. Суседзі… Яны будуць высмейваць да пенсіі. А Пятро, таксама балельшчык, пасля такога канфузу i самаўпраўства можа паскорыць яго пераход на «ганаровую пасаду» кіраўніка таварыства цвярозасці. Знарок суне ў такую ці яшчэ горшую бяздзейную i бяспраўную арганізацыю. «Бацьку раёна», так даўно ахрысцілі яго маладыя паплечнікі. Але ж бацька i дзейнічаць павінен, як бацька. А ён… многа ўчора думаў, нямала куды пазваніў. Але з якой мэтай? Прасвятліць. I нічога не прасвятліў. Інтуітыўна адчуваючы небяспеку, памыкаўся нешта зрабіць i… нічога не зрабіў. Не ўзгадніўшы — не лезь з ініцыятывай. Закон.

Пагасла ўся радасць ад вяселля. I была бяссонная ноч.

Пятру званіў у дванаццаць ночы — не вярнуўся. Напэўна, пазваніў бы на досвітку, але ў пакоі, дзе стаяў тэлефон, спал i госці — сястра, пляменніца. У Глебавым пакоі, на ложку, які спецыяльна купілі маладым — вясельны падарунак, спалі нявестка i яе сястра. Вольга Андрэеўна, паслаўшы ім, вельмі расхвалявалася: маладая на другую ноч засталася без мужа. Прыняўшы ўдзень спакойна ад’езд сына на станцыю, ухваліўшы — сам зрабіў бы не інакш, — уначы заразіўся жончынай трывогай, начныя страхі непараўнальныя з дзённымі, яны распалілі мозг да кіпення. Сітуацыя ўскладнялася тым, што i Вольга не спала, i кожны з ix прытвараўся, што спіць, каб не патрывожыць другога.

Сярод ночы пасварыліся.

— Ты заснеш ці не?

— А ты заснеш?

— Да ну цябе!

Згроб па душку, пайшоў на веранду. Накрыўся кажухом, у якім ездзіў на паляванне.

Не

дачакаўся, калі прачнуцца жанчыны. Непаголены, ледзьве прамыўшы вочы, пайшоў у выканком. На плошчы сустрэў Сінякова, той накіроўваўся ў райком. У такую рань? У нядзелю? Значыць, паднялі яго, далі сігнал бедства. Бедства ў такую цудоўную раніцу, калі празрыстае неба i паветра ажно звініць ад начной свежасці. Азонам пахне. Страх з начной сілай ударыў у сэрца. I перад вачамі паўстаў Глеб — як у сне. Сон наяве! Насланнё. З пахмелля? Ад бяссонніцы?

Пятро пачакаў яго, але павітаўся вельмі непрыветліва. Глядзеў, як строгі настаўнік на вучня, што нашкодзіў.

— Ну, вызначыліся вы ca сваім вяселлем. Прагрымелі на ўвесь раён. Яшчэ мяне цягнулі…. Хапіла ў мяне розуму…

— Чым мы прагрымелі?

— Мала? У наш час! Дабіцца, каб пабіць сакратара райкома…

— Камсамола.

— Якая розніца — каго. У доме старшыні. У яго рука ў гіпсе. Жах! Што за норавы! Афіцэр, называв цца. Герой Афганістана!.. Чорт знав што такое! Ганьба на ўвесь раён.

— Гэта ён вам паскардзіўся? Плечка? Па сярод ночы?

— Адказныя людзі далажылі.

— Людзі? Аператыўныя людзі,— i тут жа ліхаманкава закруцілася «вылічальная машына»: «Хто? Няўжо хтось з маіх намеснікаў? Дар’я? Не можа быць! Кацярына? Вясёлая свацця. Іосіф?»

— I ў Пустахода. Выконвалі антыалкагольную пастанову! Даём прыклад! Лічыць ваш сват, што яму ўсё дазволена!

«Значыць, Іосіф. Ён адзін там быў. Правільна разлічыў, намеснічак. Дай старому пад зад, выбі з крэсла — глядзі — сам у яго сядзеш. Але гэты чаму так узвінчаны? Сам, мабыць, учора перапіў — плямы на твары. Ды i ўвогуле — пра што яны ў такі час?»

— Глупства гэта, Пятро Міхайлавіч! Знайшоў праблему!..

— Глупства? — Першы ажно крутануўся, звіўся, як вуж. — Ды калі Плечка напіша ў абком, мы з вамі будзем стаяць на тым коўрыку, пра які анекдоты сачыняем. У часць напіша — i развянчаюць вашага героя.

— Ды пайшоў ён, твой Плечка! — i паслаў яго далёка-далёка. — Гліста! А разам з ім i стукач, які так паспяшаўся данесці табе. A ў цябе што — больш праблем няма? Ты нічога не чуў?

— А што?

— Пра станцыю.

— Пра якую станцыю?

— Дык слухай.

У нервовым узбуджэнні Пыльчанка перайшоў на «ты» — сам не заўважыў. На першага гэта моцна па дзейнічала. Нагадала розніцу ва ўзросце, у вопыце работы. Але галоўнае — ашаламіла, што Пыльчанку не спалохалі яго пагрозы i праборкі i што гэта не гульня, што па ўсім відно, усе гэтыя вясельныя прыгоды, якія для яго, першага чалавека ў раёне, сталі «гваздзём дня» ледзьве не з досвітку, старшыню, віноўніка, мала турбуюць. I Пятру Міхайлавічу стала ніякавата: ці не прынізіў ён сябе, свой аўтарытэт непрадуманым наскокам?

Уважліва i сур’ёзна выслухаў расказ, як прыйшла звестка аб пажары, як пазваніў загадчык райана, што паведаміў Пустаходаў зяць, вярнуўшыся з Пры пяці. I пра яго, Пыльчанкавы, вячэрнія пошукі звестак.

— За паўсотню кіламетраў жывём — а як на іншай лланеце. Тэлефоннай сувязі з суседзямі не маем. Брацкія рэспублікі! Людзі праз акіян проста пера званьваюцца, з вулічнага аўтамата. Пра галоснасць галосім. Якая да чорта галоснасць!

— А што вы хочаце — званіць на ўвесь свет пра такі аб’ект?

Поделиться с друзьями: