Злая зорка
Шрифт:
Уладзімір Паўлавіч здзівіўся, што яго гэта расчуліла i збянтэжыла.
— Ну, дзед Амерыкі не адкрыў. Можа, хіба свой раён закрыць.
— Закрыць? — у дзвярах з’явілася Ірына, трымаючы на выцягнутых руках спавітую ляльку. Бледнасць на твары яе трымалася, пэўна, яшчэ ад родаў. A Уладзіміру Паўлавічу здалося, што яна пабляднела ад яго слоў пра раён. Супакоіў:
— Ды не, ніхто яго не закрые, дачка, — i да жонкі: — Прымай, бабуля, скарб.
Вольга Андрэеўна ўмела ўзяла дзіця, пацалавала ў шапачку, прыціснула лялечку да шчакі сваёй. З вачэй яе капнулі на блакітную коўдрачку буйныя, як боб, слёзы.
— А
— Пабачыць, мама, пабачыць, — упэўнена i бадзёра адказала Ірына, забіраючы малога. Свёкру не перадала, ды ён напэўна i пабаяўся б узяць. Дзіця перахапіла Марыя Пятроўна i панесла ў спальню.
Знаёмства з новым чалавекам скончылася. Наступіла чарга ўручэння падарункаў.
Футра Ірыне паднёс сам Уладзімір Паўлавіч. Распакавалі ў задняй палавіне хаты. Унёс на растапыраных руках, як добры кравец, i артыстычна, быццам усё жыццё апранаў жанчын ў футры, накінуў яе на плечы нявесткі.
Ірына бадай жа спалохалася.
— Мне?
— Табе, табе, Ірачка, — Вольга Андрэеўна заваліла стол падарункамі народжанаму, свацці, Лізіным сіроткам, добра, што дзяцей не было дома, а так напэўна б не абышлося без слёз.
— Мама! Мне! — ужо зусім па-жаночы радавалася Ірына. — Ой, дзякую, мама, Уладзімір Паўлавіч… Такую i не кожная міністэрша мае.
Знікла ў спальні, скінула там халат, надзела спадніцу, кофтачку, абула чаравікі на высокіх абцасах i выйшла хадою манекеншчыцы з салона мод. Тэат ральна абышла вакол стала, як бы пытаючыся: «Ну, як я?» Жанчына ёсць жанчына! A ў Ірыны занадта было трывогі, каб дазволіць сабе радасць хоць на міг.
Марыя Пятроўна пляснула ў далоні.
— Дачушка ты мая!
Зноў праслязілася Вольга Андрэеўна, ажно муж у думках асудзіў яе:
«Здае мая Вольга — плаксай робіцца».
Сам ён па-мужчынску залюбаваўся нявесткай: «Харошанькая маладзічка! А як яшчэ пахарашэе, калі ачуняе пасля родаў». Але адначасова адчуў i трывогу, боль, своеасаблівую рэўнасць — за сына. Ці прынясе прыгажосць, вось такія жаночыя жэсты, што могуць зачараваць любога мужчыну, радасць хвораму Глебу? Узнікае рэўнасць, няхай i беспадстаўная, i атруціць хлопцу жыццё; нукліды падазронасці, рэўнасці страшнейшыя за нукліды ёду i цэзію. I сам на сябе ўзлаваўся, што клюнуў на жаданне жонкі зрабіць такі дарагі падарунак, што ганарыста цешыцца ім i ўвогуле займаецца не мужчынскай справай — разбірае з бабамі анучы.
— Ну, ты, жонка, тут цешся ўнукам. А я паеду Івана знайду. Дзе яго шукаць?
Пустахода знайшоў лёгка — ферма здалёк відаць. На самой ферме ўжо прыйшлося спытаць, дзе загадчык. Паказалі беспамылкова: у аддзяленні племянных кароў «галандак».
Іван, яшчэ больш схудалы, нядобра згорблены, але чыста паголены, у бялюткім халаце — як стары прафесар. Узрадаваўся прыезду свата. Але ж першае пытанне:
— Ірыначку бачыў?
— I ўнука бачыў.
— Як яна перадрыжала, небарака, i мы ўсе разам з ёй. У Томачкі ажно тэмпература падскочыла, калі цётку павезлі ў раддом. Якое яно народзіцца, дзіцятка? У цябе не з’яўлялася жаданне маліцца? А мне захацелася… Мы з Машай ў прыёмным пакоі да поўначы сядзелі. Нас выганялі. I раптам выйшла пажылая сястра. «Пустаходы? Унук у вас. Харошанькі хлопчык. Чатыры дзвесце. Можаце ехаць дадому…» Ты знаеш, колькі сваіх нарадзілася… шасцёра! Ніколі не перажываў такога. Маша плакала ад радасці. Во як яно
бывае, Валодзя!«Радуйся, Іван. Пра словы Волкава я табе не скажу. Пайшоў ён к чорту, генерал. Калі яму паверыць — жыць не трэба…»
Іван Іванавіч вадзіў госця па кароўніку, не без гонару паказваў багацце племяннога саўгаса.
— Мы з Віктарам хацелі цёлак у арэнду ўзяць… гэтых, племянных… Ды Маша паглядзела, замахала рукамі: не, не, не выцягнеце вы без Лізачкі. Так яна i жыве з намі — суддзёй усяму, што робім. Сіроткам сваім прыклад, — i спыніўся, высока ўзняў галаву, глянуў свату ў вочы. — Валодзя! Вернемся мы да… яе магілы?
— Да магілы, Іван, можна вярнуцца. Да жыцця нельга! Дзецям яе! Нельга, Іван!
— Ніколі?
— Ды яны, калі вырастуць, вывучацца, — самі не захочуць.
— Ды я не пра ix. Пра сябе.
— Не спяшайся, Іван. Не спяшайся.
— Ды ты хоць на дзе ю дай.
— Я не бог, Іван. Нават не акадэмік-атамнік.
— Сам ты не тамашні, a нікуды не выязджаеш.
— I не выеду. Мне можна. Трэба. З людзьмі трэба быць. Выедуць людзі — выеду i я. А табе нельга. У цябе — дзеці. Лізіны.
— Бачыў такі халадзільнік? Шведскі,— нечакана крута павярнуў Пустаход размову на гаспадарку.
Перад вячэрай купалі Воўку. Першы раз. Падзея! Купанне, i не першае, заўсёды падзея, цэлы рытуал. Звычайная працэдура ператвараецца ў свяшчэннадзейства. Дзіця голенькае хаваюць ад чужых — баяцца дурнога вока. A сваім можна глядзець. Ды i куды дзенешся ў сялянскай хаце?
Пустаходава хата перагароджана. Аднак ні маці, ні бабулі не выставілі мужчын у заднюю палавіну. Адзін Віктар выйшаў. А так сабралася ўся сям’я.
Стол рассунулі. На адным краі паставілі ванначку, на другім паслалі коўдрачку, пялёнкі, Жанчыны чарадзейнічалі над вадой. Меўся ў Ірыны граду снік. Але яму не верылі. Марыя Пятроўна i Вольга Андрэеўна мацалі ваду даўнім сялянскім спосабам — локцямі, кісці рук у ваду ніколі не апускалі, толькі локці. Гігіена? Ці проста загрубелая ад працы адкрытая рука не мела той адчусальнасці, што закрыты локаць?
Следам за бабулямі гэтак жа памацала ваду Тома i аўтарытэтна сказала:
— Трэба падліць цёплай.
Дзяўчынка ажно расчырванелася ад узбуджанасці. Гэтае капіраванне маленькай жанчынкай дзеянняў дарослых кранала старых мужчын. А Ваня прыкідваўся, што яго, мужчыну, мала цікавіць бабская справа, нібыта ўткнуўся ў тэлевізар, гук якога прыглушылі, аднак кожную хвілінку знаходзіў прычыну азірнуцца. А дзяды, хоць ix упачатку i адціснулі ў куты, глядзелі з радасцю i цікавасцю малой Томы.
Ірына i маці яе паспрачаліся, каму распавіць малога, каму апусціць у ванначку. Але i гэта, бадай, адвечная ігра паміж маці, што вырасціла вунь колькіх, сваіх, унукаў, i дачкой, якая мала што адукаваная, а азбуку догляду дзяцяці толькі пазнае.
Безумоўна, Марыя Пятроўна разгарнула дзіця, узяла на рукі, пад попку i пад галоўку, у пялёначцы, у якой належала апусціць яго ў ваду. Але неяк ссунула пялёначку на спінку i паказала маленькага ружовенькага яшчэ чалавечка ва ўсёй яго чароўнай прыгажосці.
— Паглядзі ж, сваток, на ўнучачка, — заўсёды звярталася на «вы», а тут забылася на ўмоўнасці.— Паглядзі, які ён харошанькі! I усё ў яго на месцы. Ручачкі, ножачкі… Носік, вушкі — бацькавы. A вочкі — маміны. I пупок адваліўся. Таму купаем Вовачку.